Бірута

жонка Кейстута
(Пасля перасылкі з Бірута, жонка Кейстута)

Бірута, Бірутэ (літ.: Birutė; каля 13251382 або 1389) — жонка вялікага князя літоўскага Кейстута і маці вялікіх князёў Вітаўта і Жыгімонта Кейстутавіча.

Бірута
Нараджэнне 1325
Смерць 1382, 1389 ці 1416[1]
Муж Кейстут[1]
Дзеці Вітаўт[2], Данута Кейстутаўна[d], Рымгайла, Жыгімонт Кейстутавіч, Марыя Кейстутаўна[d], Бутаўт, Войдат, Таўцівіл Кейстутавіч і Вайдута[d]
Дзейнасць арыстакратка
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Біяграфічныя звесткі правіць

У часы, калі літоўскае насельніцтва Вялікага Княства Літоўскага ў большасці было язычніцкім, на тэрыторыі Аўкштоты і Жамойці размяшчаліся капішчы. Паводле падання, адно з найвядомейшых знаходзілася ў вялікім лесе на ўзбярэжжы Балтыйскага мора (на месцы цяперашняй Палангі) і прысвячалася багіні Праўрыме. Нязгаснае вогнішча падтрымлівалі жрыцы-вайдэлоткі, што жылі пры капішчы. Абіралі іх з сем’яў літоўскай арыстакратыі, вайдэлоткі вызначаліся прыгажосцю і строгасцю паводзін, давалі зарок нявіннасці. Толькі зрэдку мужчынам дазвалялася бываць на капішчы, калі ўладныя мужы звярталіся да багіні як да аракула.

Пра паходжанне Біруты вядома мала. Імаверна, яна нарадзілася паблізу Палангі ў арыстакратычнай жамойцкай або куршскай сям’і. Каля 1355 года яна стала вайдэлоткай. Неўзабаве пагалоска пра яе набожнасць і незвычайную прыгажосць разнеслася па княстве. Казалі, быццам, праз Біруту часцей за ўсё выказвала сваю волю багіня, і што юная жрыца наогул зямное ўвасабленне Праўрымы.

Паводле падання, пра гэта пачуў і Кейстут, князь троцкі і гарадзенскі, сын вялікага князя Гедыміна. Не знайшоўшы прычыны, каб наведаць свяцілішча, князь пайшоў на хітрасць — сабраўся на паляванне ў тыя мясціны і быццам заблукаў, адстаў ад світы. Падсцярог Біруту, калі яна адна гуляла па беразе мора. Нягледзячы на адмову дзяўчыны, Кейстут узяў яе ў жонкі сілай — той самай ноччу са сваімі людзьмі напаў на жытло вайдэлотак, схапіў Біруту, і, кінуўшы ўпоперак сядла, паскакаў у Трокі. Тады Бірута пагадзілася на шлюб.

Выказвалася думка, што трывалая барацьба з нападамі Тэўтонскага ордэна зрабіла Кейстута аўтарытэтным, а шлюб з Бірутэ яшчэ больш зблізіў яго з насельніцтвам.

Пасля смерці вялікага князя Альгерда, брата Кейстута, у краіне пачалася грамадзянская вайна 1381—1384 гадоў паміж прыхільнікамі Кейстута і сына Альгерда — Ягайлы, які заключыў саюз з тэўтонцамі. У 1381 годзе Кейстут заняў велікакняжацкі сталец. Аднак у 1382 годзе Кейстут і яго сын Вітаўт падманам захоплены ў палон, 15 жніўня 1382 года Ягайла аб’явіў, што Кейстут быў знойдзены мёртвым (на праўдзе, магчыма, быў задушаны); Вітаўту ўдалося збегчы.

Адносна лёсу Біруты меркаванні гісторыкаў разыходзяцца. У адной пісьмовай крыніцы тэўтонскага паходжання паведамляецца, што Бірута ў гэты час знаходзілася ў Берасці, дзе абвінавачана прыхільнікамі Ягайлы ў падрыхтоўцы ўцёкаў і ўтоплена ў рацэ[3]. Паводле іншых звестак[4][5], Бірута вярнулася ў свяцілішча ў Паланзе і была акружаная павагай, пра што сведчаць словы польскай дэлегацыі ў спрэчцы з Тэўтонскім ордэнам[6].

Дзеці правіць

Звычайна называюць 9 дзяцей Біруты і Кейстута.

Пачынаючы з Яна Длугаша, таксама называюць уяўных сыноў Біруты і Кейстута — Войшвіла і Патрыкея (Пацірга), часам іх злучаюць у адну асобу, але звесткі пра іх тычацца іншых сапраўдных дзеячаў таго часу.

Памяць правіць

У Паланзе ёсць пагорак Біруты (у 1506 годзе на ім пабудавана драўляная капліца св. Георгія, перабудаваная з цэглы ў 1869 годзе, архітэктар К. Майер). Каля пагорка ўсталявана бронзавая скульптура «Табе, Бірутэ» (1965, скульптар К. Петрыкайтэ-Тулене). Археалагічныя даследаванні, што праводзяцца з 1989 года, паказалі наяўнасць свяцілішча ў гэтым месцы ў канцы XIV — пачатку XV стагоддзяў. Парк, у якім знаходзіцца пагорак, і алея, якая вядзе да парка, таксама названы імем Бірутэ.

Імем Бірутэ таксама названы вуліцы ў Вільнюсе і многіх іншых гарадах Літвы, а таксама ў Варшаве (з 1921 года, ранейшая Млаўска).

Зноскі

  1. а б Бирута // Энциклопедический словарь / под ред. И. Е. АндреевскийСПб.: Брокгауз — Ефрон, 1891. — Т. IIIа. — С. 913.
  2. А. Э. Витовт // Энциклопедический словарьСПб.: Брокгауз — Ефрон, 1892. — Т. VIа. — С. 574–576.
  3. Гудавічус Э. История Литвы. — М., 2005. Т. 1: С древнейших времен до 1569 года. С. 159.
  4. Prochaska A. Upadek Kejstuta // Kwart. Hist. R. 23. 1909. S. 505;
  5. Krzyżaniakowa J., Ochmański J. Władysław II Jagiełło. Wrocław-Warszawa-Kraków, 2006. S. 73.
  6. Lites ac res gestae inter Polonos Ordinemque Cruciferorum / Spory i sprawy pomiedzy polakami a Zakonem krzyzackim. Poznań, 1865. T.III. S. 179.

Літаратура правіць

  • Масляніцына, І. А., Багадзяж, М. К. Жанчыны, найбольш знакамітыя ў гісторыі Беларусі / Ірына Масляніцына, Мікола Багадзяж; маст. І. Гардзіёнак. — Мінск, Юніпак, 2008. — 124 с. ISBN 978-985-6802-28-0
  • Tęgowski, J. Pierwsze pokolenia Gedyminowiczów. — Poznań-Wrocław, 1999. — S. 196—200. (польск.)