Бітва на Сініх Водах (1362)
Бітва на Сініх Водах (восень 1362) адбылася паміж войскамі ВКЛ і аб'яднаным войскам Крымскай, Перакопскай і Ямбалукскай ордаў на р. Сінія Воды (Сінюха, Снівада; левы прыток Паўднёвага Буга). Бітва была галоўнай падзеяй y наступленні ВКЛ на падпарадкаваныя татарам землі паўднёва-заходняй Русі.
Бітва на Сініх Водах | |||
---|---|---|---|
Асноўны канфлікт: Мангола-татарскія набегі | |||
![]() | |||
Дата | 1362 | ||
Месца | Рака Сінюха (зараз Украіна) | ||
Вынік | Перамога ВКЛ | ||
Праціўнікі | |||
|
|||
Камандуючыя | |||
|
|||
Сілы бакоў | |||
|
|||
Страты | |||
|
|||
Вялікі князь ВКЛ Альгерд хадзіў у карны паход на тых семярых ханаў падольскіх татараў — сваіх саюзнікаў у канфлікце з Польшчай, якія ў 1356 ўзялі бок польскага караля Казіміра. У 1362 ён, выкарыстаўшы паляпшэнне адносін з Польшчай і крыжакамі, выступіў супраць ардынскага панавання ў міжрэччы Дняпра і Дуная. Яго войска было сабрана ў ВКЛ, папоўнена на Валыні і Кіеўшчыне. Восенню Альгерд з войскам рушыў з Кіева на заходняе Падолле.
Войска татар, якое ўзначалілі князі Кутлубуг, Качубей (Качыбей, Хачыбей) і Дзімітр — «отчычы і дзедзічы Падольскай зямлі», падзялялася на 3 часткі. Альгерд свае 6 палкоў паставіў y лінію глыбокай абароны ў некалькі радоў, што не давала магчымасці варожай конніцы зайсці ў тыл. Лёгка адбіўшы націск татар, войскі Альгерда нанеслі ўдары ў цэнтры фронту і па флангах. Пасля нядоўгага бою супраціўленне татар было зламана і яны ратаваліся ўцёкамі. У час пагоні быў захоплены абоз ардынцаў. Асабліва вызначыліся ў бітве ратнікі з Новагародка, якімі камандавалі князі Карыятавічы.
Гэтая перамога аддала Альгерду ўсё Падолле, а ў стратэгічным выніку — і Кіеўшчыну. На Падоллі пасля бітвы былі заснаваныя гарады Смотрыч, Бакота, Камянец-Падольскі, Вінніца, Сакалінцы, Скала.
Бітва адбылася, відаць, над ракой Снівада[1]; існуе прывязка месца бітвы да ракі Сінюхі (Кіраваградчына)[2].
Зноскі
- ↑ Прыток Паўднёвага Бугу, цячэ на паграніччы Валыні, Кіеўшчыны і Падолля. Паводле думкі В. Б. Антановіча і М. С. Грушэўскага.
- ↑ Паводле думкі Ф. М. Шабульдо(укр.) бел..
КрыніцыПравіць
- Мікола Ермаловіч. Старажытная Беларусь: Віленскі перыяд. — Гіст. дасл. — Мн.: Выд. цэнтр "Бацькаўшчына": МП "Бесядзь", 1994. — 91 с. ISBN 985-6026-01-6.
- Уладзімір Цімашэнка, Мікола Ліннік. Дзе была ў 1362 годзе бітва войска Вялікага Княства Літоўскага з татарамі: на Снівадзе ці Сінюсе? // Наша слова, № 41, 17 кастрычніка 2007.
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.3: Беларусы — Варанец / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш — Мн.: БелЭн, 1996. — Т. 3. — 511 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0068-4 (т. 3).