Бітва пад Нікопалем (1396)
Бітва пад Нікопалем (25 верасня 1396) — бітва каля балгарскага горада Нікопаля (Nicopolis), у якой войска атаманскага султана Баязіда I (каля 15 тыс. чалавек) разграміла войска крыжакоў пад агульным камандаваннем бургундскага герцага Іаана Бясстрашнага (каля 12 тыс. чалавек); вялікая колькасць палонных была забітая на месцы. Гл. таксама: Сілы бакоў
Бітва пры Нікопале | |||
---|---|---|---|
Асноўны канфлікт: Асманскія войны ў Еўропе | |||
| |||
Дата | 25 верасня 1396 | ||
Месца | Балгарыя, Нікопал | ||
Вынік |
Пераканаўчая перамога турак, разгром крыжакоў |
||
Праціўнікі | |||
|
|||
Камандуючыя | |||
|
|||
Сілы бакоў | |||
|
|||
Страты | |||
|
|||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Гэта была першая бітва, у якой сутыкнуліся сілы Атаманскай Турцыі і Заходняй і Цэнтральнай Еўропы, і не чаканы ў Еўропе разгром еўрапейскіх сіл (як і масавае забойства палонных) паўплываў на тое, што да сярэдзіны XVI ст. не адбылося аніводнага буйнамаштабнага супольнага выступлення заходнееўрапейскіх войскаў супраць Турцыі; такі стан рэчаў змянілі толькі параза Венгрыі пад Мохачам (1526) і аблога Вены (1529)[1]. Для Турцыі гэта была перамога, якая прынесла вялікі прэстыж, адхіліла пагрозу межам імперыі і дазволіла асманам скансалідаваць свае заваёвы на Балканах[2].
Масавае забойства палонных, якога не бывала ў колішніх войнах еўрапейцаў з арабамі, распачало трывалую еўрапейскую традыцыю лічыць туркаў жорсткімі варварамі.
Сілы бакоў
правіцьВойска Баязіда I уключала кантынгенты як з Малой Азіі, так і з заваяваных туркамі земляў Сербіі, Балгарыі, Босніі, Албаніі; меўся янычарскі кантынгент. Тагачасныя храністы падавалі лік турэцкага войска як «100 тысяч». Гэта, відаць, перабольшанне, і рэальная колькасць была бліжэйшай да 15 тыс.
«Крыжовае войска» складалася з кантынгентаў Венгрыі, Валахіі, Трансільваніі, Германіі, Бургундыі, Францыі, Англіі; быў атрад гаспітальераў. Відаць, і ў гэтым выпадку тагачасныя храністы запісалі перабольшаны лік «100 тысяч», і еўрапейцаў было ненашмат меней за туркаў, верагодна, каля 12 тыс. Лепшым кантынгентам у крыжовым войску лічыліся франка-бургундскія атрады цяжкой кавалерыі, а верх агульнага камандавання трымалі іх военачальнікі — канетабль Францыі Філіп Артуа, маршал Францыі Жан II ле Менгрэ дзі Бусіко, адмірал Францыі Жан дэ В’ен, маршал Бургундыі Гіём дэ ла Трэмуй, сэр Ангеран дэ Кусі VII; над усімі стаяў 23-гадовы герцаг бургундскі Іаан Бясстрашны.
Перад падзеямі
правіцьЗаклікі да крыжовага паходу супраць туркаў і вызвалення забраных імі хрысціянскіх земляў чуліся яшчэ з сярэдзіны XIV ст., асабліва яскрава — у зваротах да французскага і англійскага каралёў з боку папаў рымскіх Клімента VI (1345) і Урбана V (1370), а пазней — з боку французскага прапаведніка і пісьменніка Філіпа дэ Мез’е (1390-я гг.). Але толькі ў 1390-я гг., калі паменеў напал Стагадовай вайны, гэтыя звароты знайшлі спрыяльны водгук у французскага караля Карла V і англійскага Рычарда II. У Парыжы было аформлена 28-гадовае перамір’е (1396), якое залежала ў тым ліку ад супольнага паходу Францыі і Англіі на туркаў. Каралі, якія, як меркавалася, павінны былі ачоліць войска, перадалі паўнамоцтвы сваім высакародным сваякам, а тыя — іншым арыстакратам. У выніку галоўнакамандаванне было дадзена герцагу Бургундскаму Іаану Бясстрашнаму.
Крыжакі сабраліся ў Дыжоне 20 красавіка 1396 і хуткім паходам прайшлі да Буды ў Венгрыі. Там быў зроблены збор войска, а камандаванне раілася з каралём Венгрыі Сігізмундам I. Крыжакі стаялі за марш на поўдзень за Дунай, а венгерскі кароль раіў стаць у абарону супраць агульнага турэцкага наступлення, якое чакалася неўзабаве. Аднак думка крыжацкіх военачальнікаў перамагла, і іх войска выйшла да ўмацаванняў Відзіна і Раховы (сёння Ара́хавіца) і хутка ўзяло іх. Весткі пра гэта прымусілі Баязіда адмовіцца ад вайны ў Візантыі і рушыць у контрнаступленне супраць крыжакоў — і гэта яму ўдалося зрабіць у поўнай таямніцы ад тых. Крыжакі тым часам узялі ў аблогу Нікопаль, але раптоўнае з’яўленне войска Баязіда прымусіла іх аблогу зняць і рыхтавацца да бітвы.
На ваеннай радзе крыжакоў кароль Сігізмунд I раіў стаць у абарону пяхотай, а франка-бургундскую конніцу трымаць у рэзерве, што, як ён лічыў, дазволіла б спачатку зламаць наступ турэцкай пяхоты, а потым дабіць войска туркаў конніцай; з ім згаджаўся дэ Кусі. Аднак іншыя французы і бургундцы палічылі, што Сігізмунд хоча забраць сабе ўсю славу, і перамагла іх думка — разбіць войска туркаў некалькімі ўдарамі цяжкой конніцы, хоць такая тактыка ў тыя часы ўжо лічылася няпэўнай, а за XIV ст. не раз выявілася і небяспечнай для таго, хто нападае.
Бітва
правіцьТурэцкае войска стаяла ў абароне за тынам. Першая конная атака крыжакоў прайшла тын, саштурхнула з пазіцый турэцкую нерэгулярную пяхоту, але не здолела яе разбіць. За час падрыхтоўкі да другой атакі турэцкія лініі былі адноўлены, а другая атака крыжакоў таксама скончылася беспаспяхова. Гэтым разам рэгулярныя войскі Баязіда — конніца, пяхота, лучнікі — выйшлі ў контратаку, і нават з дапамогай венгерскай і нямецкай пяхоты франка-бургундская конніца была разбітая і павернутая ў бегства. Спробы арганізаванага адступлення не ўдаліся, бо шлях закрываў Дунай; пачалася разня беглых туркамі. Валахі і трансільванцы, якія спачатку не ўдзельнічалі ў бітве, не спрабавалі дапамагчы саюзнікам у паваротны момант бітвы, а збеглі з поля бою. Кароль Сігізмунд са сваёю світай здолеў адступіць да ракі і адплыць чоўнам. Тым часам на полі бою туркі высякалі пераможаных, і толькі пасля паланення самога Іаана Бясстрашнага пачалі браць палонных дзеля выкупу, але і так у выніку засталося каля 300 жывых еўрапейцаў[3] з агульнага ліку 6 тыс., якія непасрэдна ўдзельнічалі ў бітве. Уся бітва заняла каля 1 гадзіны. Страты туркаў былі вялікімі, але меншымі за крыжацкія.
Зноскі
- ↑ DeVries 2003.
- ↑ Antoche 2000.
- ↑ Праз 9 месяцаў іх адпусцілі за выкуп 200 тыс. дукатаў.
Літаратура
правіць- DeVries, Kelly (2003). "The Battle of Nicopolis" (PDF). Medieval History Magazine. 2: 22–25.
- Antoche, Emanuel Constantin (2000). "Les expeditions de Nicopolis (1396) et de Varna (1444): une comparaison". Medievalia Transilvanica. IV, no. 1-2: 28–74. Архівавана з арыгінала 13 мая 2008.