Бітва пад Палонкай
Бітва пад Палонкай, Палонкаўская бітва (28 чэрвеня 1660) — адна з пераломных бітваў Трынаццацігадовай вайны (1654—1667). Адбылася каля мястэчка Палонка на Наваградчыне. Скончылася перамогай аб'яднаных сіл Вялікага Княства Літоўскага і Каралеўства Польскага над войскам Маскоўскай дзяржавы.
Бітва пад Палонкай | |||
---|---|---|---|
Асноўны канфлікт: Трынаццацігадовая вайна | |||
Дата | 28 чэрвеня 1660 | ||
Месца | ваколіцы мястэчка Палонка, Наваградскі павет | ||
Вынік | рашучая перамога войска Рэчы Паспалітай | ||
Праціўнікі | |||
|
|||
Камандуючыя | |||
|
|||
Сілы бакоў | |||
|
|||
Страты | |||
|
|||
Палонкаўская бітва — першая буйная перамога Рэчы Паспалітай на канцавым этапе вайны, якая спыніла маскоўскую аблогу Ляхавіцкага замка і прывяла да вызвалення зямель Вялікага Княства Літоўскага па Дняпро на ўсходзе і Дзвіну на поўначы.
Перадумовы
правіцьПа паразе абаронцаў Вялікага Княства Літоўскага ў бітве пад Шапялевічамі (1654) войска Маскоўскай дзяржавы, не сустракаючы супраціву, на працягу 1654—1655 заняло амаль усе землі дзяржавы. Захопнікі ўзялі нават сталіцу Вільню. Далейшы наступ спыніла ў 1655 годзе войска Швецыі, якая склала Кейданскую унію з Літвой і распачала вайну з Польшчай. 3 лістапада 1656 у Нямежы пад Вільняй Рэчы Паспалітая склала перамір'е з Маскоўскай дзяржавай. За царом прызнаваўся тытул вялікага князя літоўскага, а польская шляхта пагаджалася з яго ўладай над украінскімі і беларускімі землямі і забавязвалася абраць цара на найбліжэйшым сойме каралём польскім. Маскоўскае войска распачала вайну са шведамі.
У 1658 годзе, аднак, казакі перайшлі на бок Рэчы Паспалітай. Вайна паміж РП і Масквою аднавілася, аднак польска-літоўскае войска атрымала шэраг паразаў. Да таго ж цар пад канец 1658 года падпісаў перамір'е са Швецыяй і накіраваў войскі на землі Рэчы Паспалітай, якая працягвала з ёй ваяваць.
Пад канец 1659 РП распачала новыя перамовы з царом. Кароль спрабаваў адцягнуць час, каб таксама паспець замірыцца са шведамі. Гэта разумелі і рускія, якія ў часе перамоў распачалі з Полацку новы наступ на ВКЛ. На чале маскоўскага войска быў князь Іван Хаванскі.
Праз Вільню, узяўшы Гродна, захапіўшы Падляшша і выразаўшы абаронцаў Брэста, Хаванскі збіраўся рушыць на Варшаву. Але аб'яднанне харугваў ВКЛ на чале з гетманам вялікім Паўлам Янам Сапегам і войскаў Кароны на чале з ваяводам рускім Стэфанам Чарнецкім прымусілі захопнікаў у лютым 1660 адыйсці да Навагрудку. Маскоўскае войска распачало амаль паўгадавую аблогу Ляхавіцкага замка.
3 Брэста праз Слонім сілы Рэчы Паспалітай рушылі на дапамогу абаронцам Ляхавічаў. Па атрыманні адпаведных звестак Хаванскі з большай часткай свайго войска (8 тыс. чал.) выступіў ім насустрач.
Пачатак
правіцьВойскі сустрэліся пад Палонкай. Хаванскі з конніцай стаў на правым флангу, на левым — князь В. Шчарбаты, пасярэдзіне — рэйтары і пяхота. У цэнтры баявога шыхту войска Рэчы Паспалітай размясцілася дывізія С. Чарнецкага (4 тыс. чал.), а на флангах — харугвы П. Я. Сапегі, А. Г. Палубінскага і С. Кміціча (6 тыс. чал.).
Ход бітвы
правіцьГусары Рэчы Паспалітай распачалі імклівую атаку, у выніку якой змялі, пасеклі і патапілі маскоўскую пяхоту. Непрыяцель, што стаяў перад пераправай, змог зрабіць толькі адзіны залп.
Паспяховай была атака гусараў і панцырных, якія прымусілі маскоўскую конніцу ўцякаць. Гэта дазволіла арміі Рэчы Паспалітай нанеслі супольны ўдар па астатняй пяхоце захопнікаў.
Вынікі
правіцьБітва скончылася поўным разгромам войскаў Хаванскага: загінула каля 2 тыс. чал. пяхоты, яшчэ больш коннікаў. Мноства ратнікаў, у тым ліку Шчарбаты, трапіла ў палон. Хаванскі з рэшткамі войска адступіў да Ляхавічаў, зняў аблогу замка і пачаў імклівы адыход на Полацк. Абаронцы Рэчы Паспалітай здабылі шматлікія трафеі, мноства пораху, гармат, харчу.
Бітва засведчыла пераход да Рэчы Паспалітай стратэгічнай ініцыятывы ў вайне[1].
Памяць
правіць2 лістапада 1994 на месцы бітвы каля ўскрайку дарогі ля вёскі Палонка быў урачыста ўсталяваны памятны камень. Праваслаўны і каталіцкі святары асвяцілі гэты памятны знак. Праз нейкі час памятны знак зруйнавалі невядомыя[4].
У 2000 годзе сябры Баранавіцкай Рады ТБМ аднавілі драўляную шыльду ў гонар Палонкаўскай бітвы. Аднак яна прастаяла нядоўга і таксама была знішчана невядомымі.
На 350-я ўгодкі 28 чэрвеня 2010 на месцы бітвы быў зладжаны невялікі фестываль з удзелам прадстаўнікоў рыцарскага клубаў[5].
Зноскі
- ↑ а б в ЭнцВКЛ 2005.
- ↑ Арлоў У., Герасімовіч З. КРАІНА БЕЛАРУСЬ. ВялікАЕ КняствА ЛітоўскАЕ. ІЛЮСТРАВАНАЯ ГІСТОРЫЯ. — Martin, Slovakia, 2012.— 320 с, іл.
- ↑ Kurbatow O. A. Połonka 1660 — spojrzrnie z Moskwy // Mowią wieki. Magazyn historiczny. № 10/00 (490). 2000. S. 27—36.
- ↑ Віктар Сірыца. Сталінград XVII стагоддзя // «Наша Ніва», 26 чэрвеня 2010.
- ↑ Віктар Сірыца. Адсвяткавалі ўгодкі Палонкаўскай бітвы Архівавана 27 ліпеня 2013. // Intex-Press, 30 чэрвеня 2010.
Літаратура
правіць- Кшыштаф Касажэцкі. Бітва пад Палонкай 28 чэрвеня 1660 г. // «Беларускі гістарычны агляд». Т. 11. Сш. 1—2. 2004.
- Сагановіч Г. Невядомая вайна: 1654—1667 / Генадзь Сагановіч. — Мн.: Навука і тэхніка, 1995.— 143, [2] с.: іл. — ISBN 5-343-01637-5.
- Чарняўскі М. Дзесяць бітваў. — Вільня: «Наша Будучыня», 2004. — 64 с.
- Бітва пад Палонкай // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — С. 392. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 12: Палікрат — Праметэй / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн., 2001. — 576 с.: іл. ISBN 985-11-0198-2 (т. 12), ISBN 985-11-0035-8.