Бітва пад Манцыкертам (1071)

(Пасля перасылкі з Бітва пры Манцыкерце, 1071)

Бітва пад Манцыкертам (1071) — бітва між войскамі Візантыйскай імперыі і сельджукскіх туркаў 19 жніўня 1071 каля г. Манзікерт (Арменія). Скончылася поўнай перамогай сельджукскіх туркаў і мела вялікія і трывалыя геапалітычныя наступствы.

Бітва пры пад Манцыкертам
Асноўны канфлікт: Візантыйска-сельджукскія войны
Французская мініяцюра, якая адлюстроўвае бітву пад Манцыкертам
Французская мініяцюра, якая адлюстроўвае бітву пад Манцыкертам
Дата 18 жніўня - 19 жніўня 1071 года
Месца Манцыкерт (суч. Турцыя; гістарычная Арменія)
Вынік Перамога сельджукаў
Праціўнікі
Візантыйская імперыя Сельджукі
Камандуючыя
Раман IV Дыяген (патрапіў у палон),
Нікіфар Врыеній,
Руселю дэ Баялю,
Фёдар Алят,
Андронік Дука
Алп-Арслан
Сулейман ібн Кутулмыш
Сілы бакоў
першапачаткова 300 000 ~ 150,000
Страты
каля 85 000 каля 30 000
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Перад падзеямі правіць

У 1050-х сельджукскія туркі падпарадкавалі сабе Персію, у канцы 1060-х пачалі экспансію ў візантыйскую правінцыю Анатолія і пагражалі Арменіі. У 1068 і 1069 візантыйскі імператар Раман IV, кампетэнтны генерал, правёў ваенныя кампаніі супраць сельджукаў і меў пэўны поспех (ачысціў Заходнюю Кападокію, перамога пры Себастыі, параза пры Хілаце). У пач. 1071 сельджукскі султан Алп-Арслан напаў на некалькі пагранічных візантыйскіх гарадоў, захапіў крэпасці Манцыкерт і Аргіс.

Імператар Раман сабраў войска ў Эрзеруме, каля 130 км ад Манцыкерту, з намерам захапіць яго і суседні Хілат, каб выкарыстаць іх як базы для дзеянняў супраць Персіі. Султан Алп-Арслан адразу ж павярнуў сваё войска з Алепа (Сірыя) ў Арменію.

У сярэдзіне жніўня 1071 года перадавыя атрады сельджукаў сустрэліся і ўступілі ў сутычкі з галоўнай візантыйскай арміяй. Тымчасам, імператар Раман забраў Манзікерт у туркаў і, даведаўшыся, што з'явіліся перадавыя атрады султана Алп-Арслана, скіраваў ім напярэймы куманскую цяжкую кавалерыю. Туркі, апынуўшыся ў меншасці, адступілі (незразумела, ці наўмысна, ці сапраўды), візантыйскія войскі кінуліся ў пагоню, але турэцкія лёгкія конныя лучнікі раптоўна контратакавалі, захапілі ў палон камандзіра візантыйскай конніцы, рэшткі візантыйскіх войскаў адступілі ў бязладдзі.

Калі з'явіліся галоўныя візантыйскія сілы (18.8.1071), турэцкія войскі зніклі. Візантыйскія войскі вярнуліся ў табар, тымчасам і турэцкае войска ўначы вярнулася і расклала свой табар у 5 км адтуль. Раніцаю султан Алп-Арслан убачыў, што візантыйскае войска значна большае за яго, і паслаў мірнае пасольства да імператара Рамана. Але Раман наадрэз адмовіў, лічачы неабходным ушчэнт разбіць войска туркаў і адразу развязаць, такім чынам, праблему турэцкай экспансіі.

Сілы бакоў правіць

У Эрзеруме было сабрана каля 30 тыс. чал. візантыйскага войска. Не ўсё яно было прыведзена да Манцыкерту. Лічбы ў 200 — 400 тыс. чал., якія падаюцца ў крыніцах мусульманскага паходжання, відавочна перабольшаныя.

Бітва правіць

Апоўдні імператар Раман рушыў сваё войска на туркаў шырокім фронтам, з моцным ар'ергардам. У першай лініі стаялі цяжкая кавалерыя, сабраная з розных фемаў, Раман сам камандаваў першай лініяй з яе цэнтру. Другая лінія складалася з найманай кавалерыі з Германіі, нарманаў з Італіі, розных войскаў з усходніх межаў. Другой лініяй камандаваў Андронік Дука. Лёгкай пяхоты ў візантыйскай арміі амаль не было, бо яна была пакінута на аблогах. Немень лучнікаў, якія падтрымлівалі б кавалерыю, парушала адзін з галоўных візантыйскіх канонаў вайны супраць стэпавых конных войскаў.

Перад лічэбнай перавагай цяжкой кавалерыі, турэцкі цэнтр адсутпіў, лёгка захоўваючы дыстанцыю. У сваю чаргу, турэцкія флангі густа абстрэльвалі візантыйскія флангі з лукаў, прычыняючы малую шкоду коннікам у засцерагальным узбраенні, але значную шкоду іх коням. Візантыйскі наступ працягваўся некалькі гадзін, быў заняты пакінуты турэцкі табар. Набліжаўся вечар, і імператар Раман загадаў стомленаму войску павярнуцца і рухацца ў свой табар. Крылы візантыйскага войска не атрымалі гэтага загаду ў час, а атрымаўшы, не здолелі захаваць цеснага шыхту, у лініі ўтварыліся праломы, на якія хутка скіравалі свае атакі турэцкія конныя лучнікі. Тады імператар Раман загадаў войску павярнуцца ізноў, адагнаць лучнікаў. Але другая лінія не паслухалася загаду, не спынілася. Андронік Дука нават кінуў чутку, што імператар Раман забіты і павёў другую лінію назад у табар, пакідаючы каля паловы візантыйскага войска і імператара Рамана ў полі.

Пасля наступлення цемры, туркі скарысталі знікненне візантыйскага рэзерву і атачылі візантыйскае войска, якое заставалася на полі. Аточанае правае крыло візантыйскага войска спрабавала біцца на два бакі і было пастраляна. Левае крыло, адрэзанае ад цэнтру, білася добра, але ўрэшце было зломлена. Тады турэцкае войска засяродзіла свой ціск на візантыйскім цэнтры, які, урэшце, таксама быў зможаны. Тут быў палонены імператар Раман, якога бараніла яго варажская гвардыя. Рэшта візантыйскіх сіл уцякла з поля, а туркі гналіся і выбівалі ўцекачоў на працягу ўсёй ночы. Да раніцы 20.8.1071, аснова прафесійных войскаў Візантыі была знішчана.

Пасля бітвы правіць

 
Алп-Арслан зневажае Рамана IV Дыягена

Параза візантыйскага войска ў значнай ступені была выклікана ўнутранымі звадамі візантыйскай арыстакратыі і агульным на той час паніжэннем якасці ваеннай падрыхтоўкі ў візантыйскім войску. Адсутнасць падтрымкі лёгкай пяхоты не дазволіла рэалізаваць перавагу ўзбраення візантыйскай цяжкой кавалерыі над турэцкай лёгкай. Моцнае жаданне імператара Рамана абавязкова ўцягнуць туркаў у вальную бітву, у той час, як тыя цвёрда трымаліся карыснага сабе тактычнага рысунку зменных наступаў і адступленняў, паспрыяла разладу шыхтоў і дэзарганізацыі кіравання ў візантыйскіх войсках, што і дазволіла турэцкаму войску, урэшце, атачыць візантыйскае.

Пасля падзей правіць

Параза пад Манцыкертам азначыла канец традыцыйнай візантыйскай арганізацыі войска. Амаль палова ўсяго войска Візантыі была знішчана. Досыць хутка ў заняпад пайшлі ўсходнія фемы і тагматы, прымусіўшы наступных імператараў усё болей палягаць на сілах наймітаў.

Палітычна, параза пад Манцыкертам адкрыла шлях усё новым хвалям экспансіі сельджуцкіх туркаў у Анатолію — традыцыйную крыніцу жывой сілы для войска Візантыі. Большая частка Анатоліі і Леванту былі захоплены, разам з гарадамі Антыёхам, Дамаскам, Іерусалімам. Шмат гарадоў былі разбураны, насельніцтва павернута ў нявольніцтва або этнічна «вычышчана». Візантыйская імперыя засталася практычна безабароннай. Імператар Аляксей I Камнін звярнуўся да папы Урбана II па дапамогу з Захаду. Гэты заклік наўпрост прывёў да збору Першага крыжовага паходу.

Гл. таксама правіць

Літаратура правіць

Спасылкі правіць