Ваенна-прамысловы комплекс

Ваенна-прамысловы комплекс (ВПК) — сімбіятычны альянс ваеннай прамысловасці, узброеных сіл і звязаных з імі дзяржаўнага апарату, навукі і сродкаў масавай інфармацыі. Пачаў фарміравацца ў Вялікабрытаніі і Францыі ў 1880—1890-х як следства іх ваенна-марскога суперніцтва. Падчас Другой сусветнай вайны адпаведныя комплексы ўзніклі ў Германіі, Японіі, ЗША і СССР.

Тэрмін уведзены амерыканскім прэзідэнтам Дуайтам Эйзенхаўэрам у 1961. Тэрмінамі «ваенная эканоміка» і «ваенны карпаратызм» апісваюцца роднасныя паняцці.

ВПК асабліва актыўна развіваўся пасля Другой сусветнай вайны ў сувязі з нарастаннем супрацьстаяння дзвюх процілеглых сусветных сістэм. У ВПК выкарыстоўваліся найноўшыя дасягненні навукова-тэхнічнага прагрэсу, ён быў асновай мілітарызацыі эканомікі. У канцы 1980-х па ўсім свеце ў ваеннай вытворчасці было занята каля 30 млн. чалавек і амаль столькі ж знаходзілася ва ўзброеных сілах, каля 500 тысяч вучоных займаліся ваенна-навуковымі распрацоўкамі. У сувязі з раззбраеннем, асабліва пасля распаду СССР, сусветнай сацыялістычнай сістэмы і яе ваеннага блока на многіх прадпрыемствах ВПК пачалася канверсія, але ён па-ранейшаму мае магутны патэнцыял, выпускае вялікую колькасць узбраенняў для сваіх краін і ваеннага бізнесу.

Беларускі ВПК

правіць

Агульныя звесткі

правіць

У савецкі час у Беларусі на ВПК працавала больш за 100 прадпрыемстваў — пераважна радыёэлектроннай прамысловасці і прыладабудавання. Беларуская эканоміка была састаўной часткай народнай гаспадаркі СССР, большасць функцыянальна завершаных узораў баявой тэхнікі выраблялася на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі.

Пасля распаду СССР Беларусь здолела захаваць матэрыяльна-тэхнічную базу для падтрымання ўзбраення ў баяздольным стане, а вытворцы абачліва ўстрымаліся ад суцэльнай канверсіі, правялі неабходныя рэформы, дзякуючы якім спад агульнага аб'ёма вытворчасці быў неістотны. Беларускія прадпрыемствы ВПК здолелі адаптавацца да новых эканамічных умоў: да 70% прадукцыі прызначаецца для экспарту і, перш за ўсё, у Расію. У той жа час у мадэрнізацыі беларускага парка ўзбраенняў удзельнічаюць і расійскія прадпрыемствы (каля 200), развіваецца ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва з украінскім бокам.

Найбольшага прагрэсу ВПК Беларусі ўдалося дасягнуць у кірунку распрацоўкі і стварэння перспектыўных аўтаматызаваных сістэм кіравання войскамі, лічбавых картаграфічных сістэм, прыцэльных комплексаў для танкаў і баявых машын пяхоты, базавых шасі пад мантаж разнастайных комплексаў ваеннага прызначэння, разведвальна-дыверсійных машын, навігацыйна-пілатажных сістэм, а таксама сучаснай элементнай базы: інтэгральных мікрасхем і іншых паўправадніковых элементаў.

Паспяхова ідзе мадэрнізацыя ваеннай тэхнікі, што знаходзіцца на ўзбраенні беларускай арміі і армій іншых краін свету. Сярод мадэрнізаваных узораў ваеннай тэхнікі варта адзначыць многафункцыянальныя знішчальнікі МіГ-29БМ і Су-27БМ1, верталёт Мі-8МТКО1, сістэму залпавага агню «Град» на базе шасі МАЗ («БелГрад»), перасоўны пункт кіравання і навядзення знішчальнай авіяцыі, транспартна-зараджальная машына, вылічальныя комплексы спецыяльнага прызначэння, аўтаматызаваная сістэма апрацоўкі палётнай інфармацыі «Дзвіна-М», прыцэльныя прыстасаванні да стралковай зброі, поўнапрывадны аўтамабіль павышанай праходнасці «МАЗ» з калёснай формулай 4х4 грузападымальнасцю 6 т, сродкі радыёэлектроннага процідзеяння, спецыяльная тэхніка Пагранічных войск, трэнажорныя комплексы рознага прызначэння, імітацыйныя сродкі для навучання і падрыхтоўкі разлікаў і спецыялістаў Узброеных сіл.

Практычна ўся наменклатура ўзбраення і тэхнікі сучаснай арміі (больш 4 тысяч найменаванняў) можа быць адрамантавана на беларускіх прадпрыемствах, што робіць Беларусь прывабным партнёрам па ваенна-тэхнічнаму супрацоўніцтву для многіх краін свету.

Дзяржаўнае кіраванне ВПК

правіць

Для правядзення дзяржаўнай палітыкі ў ваенна-прамысловай сферы, каардынацыі дзейнасці рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, іншых дзяржаўных арганізацый, падпарадкаваных Ураду Рэспублікі Беларусь, па пытаннях ВПК у 2004 створаны Дзяржаўны ваенна-прамысловы камітэт Рэспублікі Беларусь. На яго ўскладзены функцыі фарміравання праграм развіцця ВПК, арганізацыі і каардынацыі іх выканання, ліцэнзавання выпуску прадукцыі ваеннага прызначэння. У веданне Дзяржкамваенпрама былі перададзены ўнітарныя прадпрыемствы Міністэрства абароны, а таксама шэраг прадпрыемстваў Міністэрства прамысловасці. У канцы 2004 прынята Канцэпцыя ваенна-тэхнічнай палітыкі Рэспублікі Беларусь на 2005—2015. У 2005 — Дзяржаўная праграма ўзбраення на 2006—2015.

Спасылкі

правіць