Вайна Маскоўскай дзяржавы з Вялікім Княствам Літоўскім (1534—1537)

1534—1537

Вайна Маскоўскай дзяржавы з Вялікім Княствам Літоўскім 1534—1537 гадоў — сёмая вайна паміж Маскоўскай дзяржавай і ВКЛ за ўсходнеславянскія землі.

План Старадуба

Пачатак вайны правіць

Вестка пра смерць вялікага князя маскоўскага Васіля III (1533) абудзіла у ВКЛ надзеі на рэванш і на вяртанне страчаных раней тэрыторый у выніку войнаў Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ канца XV — пачатку XVI ст. Падчас вайны 1500—1503 і 1512—1522, паводле ацэнак розных даследчыкаў, ВКЛ страціла ад 25% да 30% сваёй дзяржаўнай тэрыторыі, у т.л. Гомель і Смаленск. Для вяртання гэтых зямель склалася спрыяльная сітуацыя: з канца 1533 Крым займаў антымаскоўскую пазіцыю, у самой Маскве выспяваў унутраны разлад (праўда, чуткі пра гэта даходзілі да Вільні занадта перабольшаныя). Калі пасольства малалетняга Івана IV выказала надзею на працяг міру, вялікі князь ВКЛ Жыгімонт I Стары адказаў, што мір можна падпісаць на ўмовах вяртання на межы, якія мелі дзяржавы ў часы княжання Івана III (14621505). Нежаданне Масквы прыняць гэту прапанову азначала непазбежнасць новай вайны. У 1526 было прадоўжана 5-гадовае перамір'е 1523 яшчэ на 6 гадоў. Аднак гады перамір'я не былі ціхія. Гэта адзначалі як магілёўскі намеснік-дзяржаўца вялікага князя Жыгімонта І Васіль Саламярэцкі, так і маскоўскія ваяводы памежных тэрыторый[1]. У 1527 становішча на мяжы, асабліва ў раёне ОршаДуброўна, значна ускладнілася ў сувязі з намерамі служылых марыйцаў перайсці на тэрыторыю ВКЛ. Маскоўскія ўладвы звярнуліся да аршанскага намесніка вялікага князя з просьбай, «чтобы ту черемису не пропустили, да их бы изымали, да к нашему государю отослали»[2]. У выніку ўзмацнення аховы мяжы з абодвух бакоў марыйцы не адважыліся на пераход, і інцыдэнт, які мог стаць прычынай вайны, быў вычарпаны.

Рашэнне пачаць вайну прыняў віленскі вальны сойм, які ўхваліў ваенны падатак на 3 гады. Паводле вял. князя ВКЛ паспалітае рушэнне (каля 24 тыс. чал.) мусіла сабрацца ў пачатку красавіка 1534 пад Менскам. Вялікія спадзяванні ўскладаліся на дапамогу крымскіх татар і на бунты ў самой Маскве. Аднак антымаскоўскую акцыю татар сарвала ўнутраная барацьба ў Крыме, а маскоўскі ўрад здолеў перамагчы апазіцыю і добра падрыхтавацца да вайны. У пачатку жніўня 1534 вялікі гетман літоўскі Юрый Радзівіл прывёў 20-тысячнае войска пад Магілёў, адтуль корпус на чале з I. Вішнявецкім быў накіраваны на Смаленск, а корпус кн. А. Неміровіча — у Северскую зямлю, але першы не змог авалодаць смаленскай фартэцыяй, а другі захапіў толью Радагошч, хоць трымаў у аблозе Почап, Старадуб, Чарнігаў. Вярнуўшыся, войска раз'ехалася. 3імой на Беларусь ад Старадуба, Смаленска і Пскова раптоўна ўварваліся маскоўскія ваяводы, якія амаль не сустрэлі адпору, папалілі і зруйнавалі неўмацаваныя гарады, дайшлі да Браслава і Наваградка і да вясны вярнуліся ў свае межы. Да наступнай ваеннай кампаніі ВКЛ, акрамя ўласнай земскай службы, наняло за свае грошы 5 тыс. жаўнераў у Польшчы і адтуль жа атрымала дапамогу — 1 тыс. конніцы і 500 чалавек пяхоты. Кароннае войска злучылася з паспалітым рушэннем ВКЛ у канцы мая 1535 пад Рэчыцай. У ліпені ўсе сілы рушылі ў Северскую зямлю, 16 ліпеня яны занялі Гомель, жыхары якога самі адкрылі вароты, пазней — Почап і Радагошч, 29 жніўня пасля месячнай аблогі быў узяты адзін з галоўных гарадоў Северскай зямлі — Старадуб. У чэрвені 1535 маскоўскія войскі зноў уварваліся на Беларусь. Адна іх групоўка вяла ваенныя дзеянні на Полаччыне, другая — на Мсціслаўшчыне, дзе спаліла Крычаў, Дуброўну, Оршу. Каб звесці на нішто дапамогу з Польшчы, пасля падбухторвання маскоўскіх паслоў з поўдня Карону атакаваў валошскі гаспадар. Неўзабаве войска ВКЛ пакінула тэрыторыю Северскай зямлі і вярнулася у свае межы, захаваўшы за сабой толькі Гомель. Так безвынікова скончыўся чарговы год вайны. На полацкай зямлі маскоўскія ваяводы збудавалі новыя замкі — Завалач і Себеж, на сваёй — Веліж. У канцы зімы 1536 невялікія сілы ВКЛ няўдала спрабавалі захапіць Себеж. Летам гэтага ж года маскоўскія войскі вялі ваенныя дзеянні ў Бел. Падняпроўі, але былі разгромлены пад Крычавам. На гэтым ваенныя дзеянні спыніліся.

Перамір'е правіць

Масква, занятая барацьбой з татарамі, хацела замірэння. Вільня, ад якой вайна патрабавала вялікіх гасп.-фінансавых намаганняў,— таксама. Пасля спрэчак аб месцы перагавораў Жыгімонт I Стары згадзіўся прыслаць да шасцігадовага Івана IV сваё «вялікае пасольства», якое і з'явілася ў Маскве 12.1.1537. Праз 2 дні пачаліся цяжкія і доўгія перагаворы. Абодва бакі спачатку высвятлялі, хто распачаў вайну, выстаўлялі тэрытарыяльныя дамаганні (Масква патрабавала Кіеў і Полацк, Вільня — Ноўгарад і Пскоў). Паслы ВКЛ дамагаліся вяртання ўсёй Северскай зямлі і разбурэння нанава збудаваных замкаў — Себежа, Завалочча і Веліжа, а маскоўскі бок настойваў на даваенныя межы і прасіў абмяняць усіх палонных. Вільня згаджалася аддаць усіх палонных за адзін г. Чарнігаў, аднак Масква не прыняла прапановы. Толькі ў лютым 1537 на кампрамісных умовах было дасягнута пагадненне: Гомель з усёй зямлёй заставауся ў складзе ВКЛ, Себеж і Завалочча перадаваліся Маскоўскай дзяржаве, астатнюю мяжу пакідалі нязменнай. Падпісаны трактат прадугледжваў пяцігадовае перамір'е (да 25.3.1542), мір на межах і свабоду гандлю.

Гл. таксама правіць

Зноскі

  1. Сборник Императорского Русского исторического общества. Т. 35. — СПб.: Типография Императорской академии наук, 1882. — С. 567.
  2. Сборник Императорского Русского исторического общества. Т. 35. — СПб.: Типография Императорской академии наук, 1882. — С. 753—754.

Літаратура правіць

  • Акты, относящиеся к истории Западной России, собранные и изданные Археографическою комиссиею. Т. 2. Спб., 1848;
  • Карамзин Н. М. История государства Российского. Кн. 2, т. 1. М., 1989;
  • Соловьев С. М. История России с древнейших времен. Кн. 3, т. 5—6. М., 1960;
  • Natanson-Leski J. Dzieje granicy wschodniej Rzeczypospolitej. Cz. 1. Lwow., Warszawa, 1922.