Вайна Маскоўскай дзяржавы з Вялікім Княствам Літоўскім (1512—1522)

1512—1522

Вайна Маскоўскай дзяржавы з Вялікім Княствам Літоўскім 1512—1522 гадоў — чацвёртая вайна паміж Маскоўскай дзяржавай і Вялікім Княствам Літоўскім за ўсходнеславянскія землі. «Вечны мір» 1508 года, якім скончылася вайна Маскоўскай дзяржавы з Вялікім Княствам Літоўскім 1507—1508 гадоў, маскоўскі ўрад разглядаў як часовую перадышку. З 1510 года Васіль III займаўся непасрэднай падрыхтоўкай смаленскай кампаніі. Яго дыпламаты заручыліся падтрымкай Лівонскага і Тэўтонскага ордэнаў.

Літоўска-маскоўская вайна 1512—1522 гадоў
Асноўны канфлікт: Літоўска-маскоўскія войны
Сяргей Іваноў. «Паход масквіцянаў» (1903)
Сяргей Іваноў. «Паход масквіцянаў» (1903)
Дата 1512—1522
Месца Вялікае Княства Літоўскае
Прычына Жаданне «аб’яднання рускіх земляў» пад уладай Масквы, саюз Вялікага Княства Літоўскага з Крымскім ханствам, наезды крымчакоў на Вялікае княства Маскоўскае
Вынік Пяцігадовае перамір’е на ўмовах Масквы
Змены смаленскія землі (23 тыс. км²) адышлі да Маскоўскага княства
Праціўнікі
POL COA Pogoń Litewska Książęca.svg Вялікае Княства Літоўскае

Coat of Arms of the Polish Crown.svg Каралеўства Польскае

Coat of Arms of Russia 1577.png Вялікае княства Маскоўскае
Камандуючыя
Жыгімонт I Васіль III

Вайна пачалася першым паходам на Смаленск, прымеркаваным на зіму 1512—1513 гадоў. У лістападзе 1512 года выйшла войска князя Івана Рапніна-Абаленскага і канюшага Iвана Чалядніна, якое, спаліўшы пасады Смаленска, павінна было накіравацца да Оршы і Друцка, а на злучэнне з ім з Вялікіх Лук рухалася войска князя В. С. Адоеўскага. У снежні 1512 года на Смаленск рушылі галоўныя сілы з Масквы на чале з Васілём III. Пасля шасцітыднёвай аблогі маскоўскае войска, якое пацярпела значныя страты, вярнулася дадому. У чэрвені 1513 года пачаўся 2-і паход на Смаленск. Да восені пад горадам была сканцэнтравана 80-тысячная маскоўская армія з вялікай колькасцю гармат і 2 тыс. пішчаляў. Каля 24 тыс. ратнікаў ваявалі на Полаччыне, 8 тыс. чалавек — пад Віцебскам, а 14-тысячная групоўка аблажыла Оршу. Жыхары Смаленска зноў адбілі напад маскоўскіх войск, і Васіль III у лістападзе 1513 года адвёў свае палкі назад.

У лютым 1514 года прынята рашэнне аб 3-м паходзе на Смаленск. Тады ж у выніку перагавораў паміж Маскоўскай дзяржавай і Свяшчэннай Рымскай імперыяй утварылася ваенная кааліцыя супраць Вялікага Княства Літоўскага і Кароны Польскай, у якую ўвайшлі яшчэ 5 еўрапейскіх краін. Паводле пагаднення ў выпадку перамогі членаў кааліцыі аўстрыйскі эрцгерцаг Максімілян I прызнаваў права Масквы на беларускія і ўкраінскія землі, а Васіль III — права Вены на некаторыя польскія тэрыторыі. У канцы мая 1514 года пачаўся 3-і паход на Смаленск, у якім удзельнічала каля 80 тыс. маскоўскіх ратнікаў. 31 ліпеня пасля няспыннага абстрэлу з 300 гармат Смаленск капітуляваў. Імкнучыся выкарыстаць гэты поспех, ваяводы Васіля III хутка рухаліся ў глыб Беларусі. Яны захапілі Мсціслаў, Крычаў, Дуброўну, перайшлі Дняпро і Друць і толыкі каля Бярэзіны сутыкнуліся з перадавымі атрадамі 35-тысячнай арміяй вялікага князя літоўскага Жыгімонта I Старога. 8 верасня 1514 года падчас генеральнай бітвы пад Оршай гетман найвышэйшы Канстанцін Астрожскі дашчэнту разбіў 80-тысячнае маскоўскае войска. Усходняя Беларусь была вызвалена ад непрыяцеля. Астрожскі аблажыў Смаленск, але авалодаць горадам у яго не хапіла сіл. Перамога пад Оршай была ўдала выкарыстана ў дыпламатычных колах. Максімілян I адмовіўся ад блоку з Масквой, у выніку чаго кааліцыя распалася. На Венскім кангрэсе 1515 года Ягайлавічы і Габсбургі прыйшлі да поўнага паразумення. Максімілян I заняў прыхільныя да Жыгімонта I Старога пазіцыі і абяцаў дапамагаць яму ў прымірэнні з Васілём III.

На працягу 3 гадоў пасля перамогі пад Оршай ваенныя дзеянні вяліся стрымана. Гэта былі асобныя рэйды ў глыб чужой тэрыторыі. Вясной 1515 года маскоўскае войска з Пскова хадзіла на Рослаў, спаліла Браслаў і Друю, а літоўскія харугвы на чале з Астафіем Дашкевічам і Андрэем Неміровічам пры падтрымцы крымскіх татар напалі на Северскую зямлю. У тым жа годзе маскоўскія ваяводы хадзілі на Полацк, Віцебск і Мсціслаў, а літоўскае войска — на Вялікія Лукі. У 1516 годзе абодва бакі абмежаваліся дробнымі парубежнымі рэйдамі. У 1517 годзе войска Астрожскага з Полацка рушыла на Пскоўшчыну і аблажыла Апочку, асобныя харугвы хадзілі да Варонеча, Краснага, Веллі і Пскова, аднак у цэлым кампанія скончылася няўдала. Летам 1517 года ў Маскву прыбыло пасольства Жыгімонта I Старога, якое пры пасрэдніцтве імператарскага ўпаўнаважанага Сігізмунда Герберштэйна спрабавала дамовіцца пра спыненне вайны, але пазіцыі абодвух бакоў былі ўзаемна непрымальныя, і ваенныя дзеянні актывізаваліся. Летам 1518 года Васіль III накіраваў на Беларусь свае войскі з Вялікіх Лук — на Полацк, з Белай — на Віцебск, са Смаленска і Старадуба — ў Падняпроўе. Пад Полацкам маскоўскае войска было разгромлена і адступіла, у іншых месцах яно даходзіла да Слуцка, Менска, Наваградка. У 1519 годзе вайну на баку Маскоўскай дзяржавы ўступіў Тэўтонскі ордэн. У ліпені 1519 года на Кіеўшчыну і Валынь уварвалася 40-тысячнае крымскае войска і разбіла конніцу Астрожскага пад Сокалам. Выкарыстаўшы цяжкі для Вялікага Княства Літоўскага момант, Васіль III зноў ударыў па Беларусі з Вялікіх Лук, Смаленска і Старадуба. Накіроўваючыся да Вільні, яго войска па дарозе паліла гарады і вёскі, бралі ў палон жыхароў і дайшлі да Крэва, Ашмян, Меднікаў, а праз месяц вярнуліся дадому. Апошняй акцыяй Васіля III у гэтай вайне стаў рэйд ваяводы В. Гадунова ў лютым 1520 пад Полацк і Віцебск. Перамогі над тэўтонцамі і пагадненне, падпісанае Жыгімонтам I Старым з Крымскім ханствам, схілілі Васіля III да перагавораў. Летам 1520 года пасольства Вялікага Княства Літоўскага дамовілася ў Маскве пра спыненне ваенных дзеянняў. Для падпісання мірнага пагаднення «вялікае пасольства» на чале з полацкім ваяводам Пятром Кішкам прыбыло ў Маскву толькі ў 1522 годзе. 18 лютага 1523 года ў перамірнай грамаце паміж каралём Польскім і вялікім князем Літоўскім Жыгімонтам І і вялікім князем Маскоўскім Васілём ІІІ Жыгімонт І звярнуўся да свайго ўсходняга суседа:

" …И ты, брат наш, великий господарь Василей, Божьею милостью государь всея Руси и великий князь, перемирье с нами взял на пять лет…[1] "

Пагадненне мела кампрамісны характар і прадугледжвала перамір’е тэрмінам на 5 гадоў (пасля чаго меркавалася падпісаць «вечны мір»). Смаленск застаўся ў Маскоўскай дзяржаве, шматлікі «маскоўскі палон» — у Вялікім Княстве Літоўскім. У 1526 годзе пры пасрэдніцтве паслоў імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі Карла V перамір’е было прадоўжана яшчэ на 6 гадоў[2].

Аднак гады перамір’я не былі ціхія. Гэта адзначалі як магілёўскі намеснік-дзяржаўца вялікага князя Жыгімонта І Васіль Саламярэцкі, так і маскоўскія ваяводы памежных тэрыторый[3].

Зноскі

  1. Акты, относящиеся к истории Южной и Западной России, собранные и изданные Археографической комиссией. Т. 2: 1599—1637 / [редактор Н. И. Костомаров]. — СПб.: в Типографии Э. Праца, 1865. — [6], 15, 288 с. — С. 148.
  2. Герберштейн, С. Записки о Московии: [Пер. с латин. и нем.] / [Вступ. ст. А. Л. Хорошкевич, с. 7―45; Примеч. С. В. Думина и др.]. — М.: Изд-во МГУ, 1988. — 429, [1] с. — С. 276—281. — ISBN 5-211-00183-4; Сборник Императорского Русского исторического общества. Т. 35. — СПб.: Типография Императорской академии наук, 1882. — С. 643—645.
  3. Сборник Императорского Русского исторического общества. Т. 35. — СПб.: Типография Императорской академии наук, 1882. — С. 567.

ЛітаратураПравіць

  • Акты, относящиеся к истории Западной России, собранные и изданные Археографическою комиссиею. Т. 1. Спб., 1846;
  • Карамзин Н. М. История государства Российского. Кн. 3, т. 9. М., 1989;
  • Соловьев С. М. История России с древнейших времен. Кн. 3, т. 5—6. М., 1960;
  • Зимин А. А. Россия на пороге нового времени: (Очерки полит. истории России первой трети XVI в.). М., 1972;
  • Natanson-Leski J. Dzieje granicy wschodniej Rzeczypospolitej. Cz. 1. Lwow., Warszawa, 1922.
  • 1100 Jahre Österreichische und Europäische Geschichte in Ukrunden und Dokumenten des Haus-, Hof- und Staatsarchivs.