Валадар Расціславіч
Валадар Расціславіч (да 1069 — 19 сакавіка 1124) — князь перамышльскі (1092—1124).
Валадар Расціславіч | |
---|---|
Смерць | 1124 |
Род | Рурыкавічы |
Бацька | Расціслаў Уладзіміравіч |
Дзеці | Уладзімір Валадаравіч, Расціслаў Валадаравіч[d] і Ірына Валадараўна[d] |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Маладосць, атрыманне ўдзелу
правіцьСярэдні сын Расціслава Уладзіміравіча, пасля смерці бацькі, вядома, не магло і весціся пра перадачу Расціславічам Тмутаракані. Верагодна, дзеці Расціслава спачатку трапілі да двара вялікага князя Ізяслава Яраславіча, а затым маглі атрымаць воласці-кармленні. Магчыма, як і старэйшы брат Рурык, яшчэ ў 1070-я гады Валадар трымаў воласць на заходніх межах Русі, але пра гэта пэўна невядома.
Захоп Тмутаракані
правіцьУ 1081 годзе (18 мая) разам стрыечным дзядзькам Давыдам Ігаравічам, князем дарагабужскім, Валадар бяжыць ў Тмутаракань, дзе яны схапілі Рацібора, пасадніка Усевалада Яраславіча, і селі на стальцы. Не ясна, што прымусіла Давыда і Валадара бегчы на поўдзень са сваіх гарадоў. А. Рапаў мяркуе, што, магчыма, па смерці бацькі Расціславічы атрымалі на кармленне Перамышльскую воласць, але лічылі яе недастатковай і імкнуліся да пашырэння ўладанняў. Княжанне Давыда Ігаравіча і Валадара Расціславіча ў Тмутаракані трывала не доўга, у 1083 годзе іх сагнаў са стальца Алег Святаславіч, які вярнуўся з родаскай ссылкі. Давыд пасля гэтага захапіў Алешша, а Валадар, верагодна, мусіў вярнуцца ў сваю воласць.[1]
Захоп Уладзімір-Валынскага
правіцьПад 1084 годам у «Аповесці мінулых гадоў» запісана, што «выбеглі Расціславічы два ад Яраполка, і прыйшлі прагналі Яраполка» — сэнс не зусім зразумелы. На меркаванне А. Рапава, магчыма, воласці-кармленні Расціславічаў уваходзілі ў склад Уладзімір-Валынскага княства, якім валодаў Яраполк Ізяславіч, таму летапісец і ўжыў фармулёўку «выбеглі Расціславіча два ад Яраполка». Такім чынам, Валадар і Васілька Расціславічы ў 1084 годзе выгналі Яраполка з Уладзімір-Валынскага і занялі сталец. Аднак, вялікі князь Усевалад Яраславіч паслаў супраць Расціславічаў свайго сына Уладзіміра, які выгнаў іх з Уладзімір-Валынскага і вярнуў сталец Яраполку. У 1086 годзе ўжо Яраполк Ізяславіч пайшоў супраць Расціславічаў, але пад Звянігарадам быў забіты ўласным дружыннікам. Забойца — Нярадзец — збег да валадарова брата Рурыка ў Перамышль, таму супраць Расціславічаў узнікла падазрэнне. На меркаванне А. Рапава, магчыма, падазрэнне было слушным і Расціславічы разлічвалі па смерці Яраполка атрымаць Уладзімір-Валынскі.[2] Аднак, Уладзімір-Валынскі атрымаў іх колішні саюзнік Давыд Ігаравіч, што змяніла адносіны паміж імі.
Атрыманне Перамышля
правіцьУ «Аповесці мінулых гадоў» пад 1097 годам паведамляецца, што вялікі князь Усевалад Яраславіч даў Валадару Перамышльскую воласць. Гэта, аднак, адбылося ў 1092—1093 гадах, бо Усевалад бы вялікім князем з 1.1.1077 г. да 15.7.1077 г. і другі раз — з 3.10.1078 г. да 13.4.1093 г., а ў 1086 годзе ўладаром Перамышля называецца старэйшы брата Валадара — Рурык Расціславіч[3]. Такім чынам, Валадар атрымаў Перамышль па смерці брата і дакладна невядома якую воласць ён трымаў раней. Тым жа часам, у 1092—1093 гадах, атрымаў ад Усевалада Яраславіча ва ўдзел Церабоўль і малодшы брат Валадара — Васілька Расціславіч. У 1097 годзе Любецкі з’езд замацаваў за братамі гэтыя ўладанні. Такім чынам, Валадар на канец XI ст. валодаў усёй тэрыторыяй паміж вярхоўямі Сана і Заходняга Буга.[4]
Барацьба за ўдзел
правіцьАсляпленне і палон Васількі
правіцьВаладар не ўдзельнічаў у Любецкім з’ездзе, а яго брат Васілька, вяртаючыся са з’езду, загадам вялікага князя Святаполка Ізяславіча, па нагаворы Давыда Ігаравіча, быў схоплены ў Кіеве і наступным днём аслеплены, а затым зняволены Давыдам Ігаравічам ва Уладзіміры-Валынскім. Астатнія ўдзельнікі з’езду былі абураны злачынствам і пайшлі супраць Святаполка, але памірыліся з ім на ўмове, што пойдзе супраць Давыда Ігаравіча і прагоніць яго (напэўна, з Русі наогул), Святаполк аднак з паходам не спяшаўся. Тым часам, вясною 1098 года Давыд Ігаравіч пайшоў здабываць Церабоўль, удзел свайго вязня Васількі, Валадар выйшаў супраць і сустрэў Давыда каля Буска. Давыд пабаяўся біцца і зачыніўся ў горадзе, Валадар паслаў сказаць яму: «Чаму, зрабіўшы зло, не павінішся ў тым? Успомні, колькі ты ўжо зла нарабіў!», — Давыд стаў вінаваціць Святаполка: «Хіба я гэта зрабіў? Хіба ў маім гэта было горадзе? Я сам баяўся, што мяне схопяць і зробяць са мною тое самае; нехаця прыйшлося мне далучыцца да змовы і дзейнічаць заадно са Святаполкам», — Валадар адказаў на гэта: «Бог сведка таму, а цяпер адпусці брата майго і я з табой паміруся». Давыд ўзрадаваўся прапанове, выдаў Валадару яго брата і паміж імі быў заключаны мір. Такім чынам, Васілька вярнуўся ў Церабоўль, а Давыд ва Уладзімір-Валынскі.
Помста за Васільку
правіцьВаладар і Васілька міру не трымалі, адразу пайшлі супраць Давыда Ігаравіча. Па дарозе узялі штурмам («кап’ём») Усевалаж, горад падпалілі, а жыхароў, якія выбягалі Васілька загадаў забіваць без літасці. Затым падышлі да Уладзімір-Валынскага, Давыд зачыніўся ў горадзе, а браты паслалі да ўладзімірлян сказаць: «Мы прыйшлі не на горад ваш і не на вас, а на ворагаў сваіх: на Турака, на Лазара і на Васіля, бо гэта яны падгаварылі Давыда і схілілі яго да злачынства». Гараджане сабралі веча і сказалі Давыду: «Выдай мужоў гэтых, не будзем біцца за іх, а за цябе біцца можам. Калі не аддасі іх, то адчынім брамы, а ты сам пра сябе падбай». Давыд Ігаравіч вымушаны быў выдаць сваіх баяр Васіля і Лазара, толькі Турака не мог выдаць, бо той збег у Кіеў. Па гэтым Валадар і Васілька заключылі новы мір з Давыдам, а на наступны дзень павесілі Васіля і Лазара, а сыны Васількі расстралялі іх целы.
Разгром Святаполка і венграў
правіцьУ 1099 годзе ўрэшце Святаполк Ізяславіч пайшоў абяцанай вайною, каб выгнаць Давыда Ігаравіча, а Расціславічам цалаваў крыж, што хоча з імі міру і любові. Пасля даволі працяглай барацьбы, толькі аблога Уладзімір-Валынскага трывала 7 тыдняў, Давыд Ігаравіч, паводле пагаднення са Святаполкам і цалавання крыжа (22.4.1099), выйшаў з Уладзімір-Валынскага ў Чэрвень, мусіць, гэты горад даў яму Святаполк ва ўдзел. Святаполк пасадзіў ва Уладзімір-Валынскім свайго сына Мсціслава. Па гэтым Святаполк сабраўся ваяваць і з Расціславічамі, напэўна таму, што яны трымалі частку колішняй воласці яго бацькі і брата, таму паслаў іншага сына — Яраслава, па дапамогу да венгерскага караля Каламана. Агульная небяспека аб’яднала даўніх саюзнікаў, а нядаўніх ворагаў — Расціславічаў і Давыда Ігаравіча — Давыд, пакінуўшы сваёй жонку ў Валадара, адправіўся шукаць дапамогі ў полаўцаў.
Пайшоў Святаполк на Валадара і Васілька, даведаўшыся пра гэта, яны ўзялі крыж, які Святаполк цалаваў ім на мір і любоў, і выйшлі супраць. Сышліся Святаполк і Расціславічы ў лютым баі на Рожным полі, убачыўшы як Расціславічы адольваюць Святаполк уцёк ва Уладзімір-Валынскі, а адтуль у Кіеў, Расціславічы ж не гналіся[4]. Неўзабаве сын Святаполка — Яраслаў, прывёў венграў пад Перамышль. Валадар зачыніўся ў горадзе, а венгры сталі вакол, паабапал ракі Вагр. Тым часам, Давыд Ігаравіч, які сустрэў хана Баняка, прыйшоў з полаўцамі пад Перамышль супраць венграў. У жорсткім баі на Вагры полаўцы разграмілі венграў, ва ўцёках шмат іх патанула ў Вагры і Сане. Такім чынам, Валадар і Васілька адстаялі свае ўладанні — Перамышль і Церабоўль, а Давыд Ігаравіч на кароткі час вярнуў сабе Уладзімір-Валынскі.
Зацвярджэнне на ўдзеле
правіцьУ 1100 годзе старэйшыя князі двойчы збіраліся ва Увецічах, каб устанавіць мір, у выніку Давыд Ігаравіч быў асуджаны і атрымаў толькі Буск. Да Валадара старэйшыя князі паслалі, каб забраў сляпога Васілька да сябе ў Перамышль, а Церабоўль аддаў, або прыслаў Васільку да старэйшых князёў і яны будуць яго «карміць»[3]. Таксама ад Валадара патрабавалі вярнуць смердаў і халопаў, т. б. палон, які яны з братам узялі ў вайну. Валадар, аднак, не паслухаліся і невядома на якіх умовах быў устаноўлены мір, але і далей Валадар трымаў Перамышль адзін, а Васілька застаўся ў Церабоўлі[4].
Валадарства ў 1100-1120-я
правіцьВойны і саюзы
правіцьУ 1104 годзе дачка Валадара — Ірына выйшла замуж (20 чэрвеня) за сына імператара Аляксея I Камніна — севастакратара Ісака. Гэта першы выпадак дынастычнай сувязі візантыйскіх імператараў з удзельнымі рускімі князямі, улічваючы строгую візантыйскую дынастычную практыку, ён заслугоўвае асаблівай увагі. Такім чынам, Валадар быў дзедам будучага імператара Андроніка Камніна.[5]
Працяглы час Валадар з Васількам трымаліся саюзу з Уладзімірам Усеваладавічам, саюз гэты, магчыма, меў месца яшчэ ў 1090-х і ўзмацніўся дзякуючы цвёрдай пазіцыі Уладзіміра на Любецкім і Увеціцкіх з’ездах на карысць Расціславічаў. Пагатоў, саюз гэты мусіў узмацніцца пасля 1113 года, калі Уладзімір заняў вялікакняскі сталец у Кіеве. У 1114 годзе Валадар выдаў (11 верасня) сваю дачку, імя якой не вядома, за сына Уладзіміра — Рамана. Летам 1117 года Валадар і Васілька прынялі ўдзел у паходзе вялікага князя на Уладзімір-Валынскі супраць Яраслава Святаполчыча. Яраслаў уцёк у Польшчу, а Уладзімір пасадзіў ва Уладзімір-Валынскім свайго сына Рамана, а пасля яго смерці (1119) яшчэ аднаго — Андрэя.
Перамышльскае княства, як пішуць летапісы «горная краіна Перамышльская», межавала з Польшчай і канфлікты Валадара з палякамі былі справай звыклай. Пагаршалася гэта тым, што польскі князь (1102—1138) Баляслаў III Крывавусты быў зяцем вялікага князя кіеўскага (1093—1113) Святаполка Ізяславіча і князя ўладзімір-валынскага (1100—1118) Яраслава Святаполчыча. Апошнія былі сапернікамі, і нават ворагамі, Расціславічаў, а таксама іх саюзніка Уладзіміра Усевалдавіча. Пра войны Валадара з палякамі паведамляюць польскія сярэднявечныя крыніцы — Хроніка Вінцэнція Кадлубека, «Велікапольская хроніка» і пазнейшыя (XV ст.) Аналы Яна Длугоша — Валадар неаднакроць нападаў на Польшчу, таксама і палякі неаднакроць ваявалі яго Перамышльская княства.
Польскі палон Валадара
правіцьПасля 1118 года ў Перамышль перабег значны польскі арыстакрат Пётр Властовіч, ён заняў пры двары Валадара высокае месца і быў у блізкіх адносінах з князем, нават стаў хросным яго сына. У 1122 годзе Пётр Властовіч, відаць, вырашыў вярнуцца ў Польшчы і выдаў Валадара палякам. Крыніцы разыходзяцца ў тым, якім менавіта чынам Властовіч выдаў князя, адны пішуць, што схапіў на піру, другія, што на паляванні, трэція — пад час паходу на Польшчу навёў на засаду або здрадзіў у баі. У кожным разе, Валадар трапіў у палон да Баляслава Крывавустага ў Кракаў і некаторы час правёў у вязніцы. Брат Валадара — Васілька Расціслававіч пачаў перамовы і заплаціў за яго вялізны выкуп — паводле Я. Длугаша, 12 000 грыўняў срэбра — што прычынілася працягламу гаспадарчаму крызісу ў Перамышльскім і Церабоўльскім княствах. Выкуп выплочваўся часткамі і пакуль не быў выплачаны ў закданіках заставаўся адзін з сыноў Валадара, Я. Длугаш называе яго Яраславам. На меркаванне П. Стэфановіча, гэты Яраслаў — хрэснік Пятра Властовіча, т.б. нарадзіўся ў 1118—1122 гадах і з іншых крыніц не вядомы. Грыўняў (грашовых зліткаў) на выкуп не хапіла і частка сумы выплочвалася каштоўным посудам, вопраткай і інш. Валадар вярнуўся ў Перамышль, паводле Я. Длугаша, 22 ліпеня 1122 года.[6]
Апошнія гады
правіцьМагчыма, адной з умоў выкупу Валадара была дапамога братоў Яраславу Святаполчычу, які хацеў вярнуць сабе Уладзімір-Валынскі адабраны Уладзімірам Усевалдавічам. Прынамсі, у 1123 годзе да Уладзімір-Валынскага, дзе сядзеў ужо Андрэй Уладзіміравіч, Яраслаў Святаполчыч падступіў з саюзным войскам з палякаў, венграў, чэхаў і дружын Валадара і Васількі. Аднак, Яраслаў загінуў пад горадам і саюз распаўся, кожны вяртаўся дадому. Тады Расціславічы паслалі з «маленнем» і дарамі да Уладзіміра Усевалдавіча, які ішоў ужо вайною, і ён дараваў ім.
Такім чынам, саюз з Баляславам быў разарваны і Валадар пачаў новую вайну з Польшчай, адправіў туды свайго сына Уладзімірку. Паводле польскіх крыніц, Уладзімірка «варожа лютаваў, спусташаў палі і паліў жытло, ажно да Беча, не сустрэў ніякага супраціву, і, захапіў і сагнаў як здабычу мноства быдла, вывеў яго на Русь». У адказ Баляслаў уварваўся ў Перамышльская княства і разбіў Валадара каля Віліхава (месца не ідэнтыфікавана).
Памёр Валадар 19 сакавіка 1125 г. (сакавіцкага году), князем перамышльскім.[4] Пахаваны ў царкве св. Іаана ў Перамышлі, якую сам і пабудаваў. Парэшткі Валадара чакаў прыкры лёс, праз 300 гадоў — у 1412 годзе праз Перамышль праязджаў кароль польскі Уладзіслаў Ягайла, які загадаў выкінуць з грабніц парэшткі старых перамышльскіх князёў і епіскапаў, а кафедральны сабор св. Іаана перадаць каталікам[7].
Нашчадкі
правіцьВаладар меў трох сыноў — Расціслава, Уладзімірку і Яраслава. Малодшы сын — Яраслаў, хрэснік Пятра Властовіча, відаць, памёр дзіцём. Паміж двума старэйшымі сынамі Валадар падзяліў сваё княства, Расціслаў атрымаў Перамышль, а Уладзімірка — Звянігарад.
Зноскі
правіцьЗноскі
Літаратура
правіць- «Великая хроника» о Польше, Руси и их соседях XI—XIII вв. / Перев. Л. М. Поповой. — М., 1987;
- Войтович Л. Галицкая земля и Византия в XI—XIV вв. // Кондаковские чтения. — Т.3. — Белгород, 2010. — С. 255—280;
- Рапов О. Княжеские владения на Руси в X — первой половине XIII в. — М.: Изд-во МГУ, 1977. — 268 с.;
- Стефанович П. С. Володарь Перемышльский в плену у поляков (1122 г.): источник, факт, легенда вымысел // Древняя Русь. Вопросы медиевистики. 2006. № 3 (25). С. 56-74; № 4 (26). С. 78-89;
- Щавелева Н. И. Древняя Русь в «Польской истории» Яна Длугоша (Книги I—VI): Текст, перевод, комментарий. — М., 2004;
- Щавелева Н. И. Польские латиноязычные средневековые источники: Тексты, перевод, комментарий. — М., 1990.