Валашскае княства

Валашскае княства, Уграўлахія, Мунцянская зямля, Румынская зямля, зямля Басараба, у турэцкіх дакументах — Іфлака, Кара Іфлака, з XV ст. распаўсюдзілася назва Валахія — феадальная дзяржава ў Дунайскім рэгіёне. Разам з Малдаўскім княствам насіла агульную назву Дунайскае княства. Сталіца — першапачаткова Курця-дэ-Арджэш, з 1383 г. Бухарэст.

Гістарычная дзяржава
Валашскае княства
Ца́ра Ромѫнѣ́скъ
Герб Сцяг
Герб Сцяг
 >
1310 — 1861

Сталіца Кымпулунг-Мусчэл
Курця-дэ-Арджэш
Тыргавіштэ
Бухарэст
Мова(ы) Царкоўнаславянская мова, Старарумынская мова
Афіцыйная мова румынская, стараславянская мова і грэчаская мова
Рэлігія праваслаўе
Форма кіравання манархія
Гісторыя
 • 1310 Незалежнае княства
 • 1456 Васал Турцыі
 • 1861 Стварэнне Румыніі
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Утварылася ў пачатку XIV ст. ў выніку аб’яднання некалькіх валашскіх княстваў. Тэрыторыя Валашскага княства была заціснута паміж Дунаем (з поўдня і захаду) і перадгор’ямі Паўднёвых Карпат (з поўначы) і паступова павялічвалася на усход (у раён вусцяў Дуная) і паўднёвы усход (у раён паміж Усходнімі Карпатамі і прытокам Дуная р. Сірэт). З 1344 г. было ў васальнай залежнасці ад венгерскага караля.

Пасля Крэўскай уніі Польскага каралеўства і ВКЛ 1385 г. абазначылася збліжэнне абедзвюх дзяржаў з Валахіяй у сувязі з антывенгерскай накіраванасцю іх палітыкі. У 1380 г. заключаны польска-валашскі дагавор супраць Венгрыі. У 1403 г. валашскі ваявода Мірча Стары зацвердзіў пагадненне са «сваім сябрам Ягайлам». Такое ж пагадненне заключана ў 1411 г. Са з’яўленнем асманскай небяспекі Валахія выявіла зацікаўленасць у збліжэнні з Венгрыяй для сумесных дзеянняў супраць туркаў. Валашскае княства няўдала ўключылася ва ўнутраную барацьбу ў Асманскай імперыі і, каб пазбегнуць нашэсця, у 1413 г. вымушана было пайсці на выплату асманам даніны. Спробы пазбавіцца асманскай залежнасці шляхам прыняцця венгерскага ці польскага сюзерэнітэту заканчваліся няўдачамі. Неаднаразова Валашскае княства вымушана было плаціць даніну 2, а то і 3 бакам.

Трапіўшы ў залежнасць ад турэцкага султана, Валахія захавала свой дзяржаўны лад і мясцовае кіраванне. Аўтаномнай заставалася і царква, падначаленая Канстанцінопальскай патрыярхіі. Порта мела права зацвярджаць на валашскі сталец гаспадароў, якіх прапаноўвала мясцовае баярства. З канца XVI ст. апошняе стала неабавязковым. Валашскія гаспадары былі абавязаны пасылаць у Стамбул у якасці заложнікаў сыноў або бліжэйшых сваякоў. Знешняя палітыка Валашскага княства была поўнасцю падпарадкавана Порце. Якія-небудзь захады ў знешняй палітыцы былі магчымы толькі тады, калі яны не супярэчылі інтарэсам султана. Больш-менш самастойнымі былі сувязі Валахіі з Малдовай, Сяміграддзем (Трансільваніяй) і Крымскім ханствам. Адносіны з Польшчай і ВКЛ знаходзіліся пад поўным кантролем з боку Асманскай імперыі і зводзіліся да ўрэгулявання памежных спрэчак. З апошніх найбольш значнай для Валахіі была кілійская праблема. Як адна з асноўных яна разглядалася на з’ездзе ў Луцку ў 1429 г. Венгерскі і літоўскія бакі нават прапанавалі перадаць Кілію тэўтонскім рыцарам для іх барацьбы з асманамі. Пытанне аб Кіліі было аддадзена на арбітраж Вітаўта. У 1429 г. у Троках сабраліся валашскія і малдаўскія прадстаўнікі, але апошнія адмовіліся падпарадкоўвацца Вітаўту. Перагаворы скончыліся безвынікова. Кілія належала пачаргова Валахіі, Малдове, Венгрыі, але ў 1484 г. была канчаткова захоплена асманамі.

У канцы XVI ст. Валашскае княства стала цэнтрам антыасманскай барацьбы. Але, перацягнуўшы на свой бок Сяміграддзе і Малдову, валашскі гаспадар выклікаў процідзеянне Рэчы Паспалітай. Польска-татарскі рэйд гетмана Я. Замойскага парушыў планы валашскага гаспадара. Малдова і Валахія былі захоплены і сталі на кароткі час васаламі Рэчы Паспалітай. Такім чынам, рукамі Рэчы Паспалітай Турцыя знішчыла свайго галоўнага ворага. Пасля гэтага асманскі ўплыў на Валашскае княства быў хутка адноўлены (1601 г.). У 1634 г. Асманская імперыя і Рэч Паспалітая заключылі пагадненне, паводле якога апошняя абавязвалася не рабіць нічога, каб адарваць Валахію ад асманскіх уладанняў.

У час Хмяльніччыны Валашскае княства заключыла пагадненне з украінскім гетманам, да якога прыхільна ставілася Порта, бо ёй было выгадна аслабленне Рэчы Паспалітай. Султан нават выслаў загад Валахіі дапамагаць украінскаму гетману ў барацьбе супраць Рэчы Паспалітай. Вызваленне Валашскага княства з-пад асманскай няволі і стварэнне Румынскай дзяржавы адбылося толькі ў 1878 г.

Літаратура

правіць