Конрад Валенрод (паэма)

(Пасля перасылкі з Валенрадызм)

Ко́нрад Валенро́д — раман-паэма Адама Міцкевіча, якая апісвае падзеі літоўскай і прускай гісторыі[1], напісаная ім у Пецярбургу паміж 1824 і 1828 гадамі. Выдадзеная ў лютым 1828 года паэма лічыцца адным з найбольш знакамітых літаратурных твораў польскага рамантызму.

Конрад Валенрод, малюнак Уладзіслава Маяраноўскага (1844)

Сюжэт правіць

Пры нападзе на літоўскую вёску немцы сярод іншых выкрадаюць хлопчыка Альфа. Хлопца прымае да сабе і выхоўвае як роднага сына сам Вялікі магістар Вінрых. Нягледзячы на добрае абыходжанне з боку немцаў хлопец, знешне скарыўшыся, употай трымае нянавісць да Ордэна захоўваючы гарачую любоў да знявечанай Радзімы, якую падаграе палонны літоўскі пясняр, які нагадвае яму, што Альф павінен спачатку даведацца ад немцаў усё, а затым выкарыстаць веды супраць іх, бо, як кажа стары пясняр «адзінай зброяй нявольнікаў ёсць здрада». У першай жа сутычцы з літоўцамі, у якой Альф бярэ ўдзел, ён пераходзіць на бок літоўцаў і дапамагае ім перамагчы. За ўдзел у бітве і яго адвагу і здольнасць камандаваць у баі літоўскі князь Кейстут аддае Альфу сваю дачку Альдону.

Тым не менш, вайна працягваецца, Літва пакутуе ўсё больш і больш. Альф наведвае Іерусалім, пазней выдае сабе за загінуўшага ў Святой Зямлі пры невядомых абставінах графа Конрада Валенрода. Стары пясняр падарожнічае з ім у вобразе старога манаха Гальбана. Альф-Валенрод у сутычках з маўрамі і на рыцарскіх турнірах здабывае сабе вялікую славу. Па прыбыцці ў ордэнскія ўладанні, рэзідэнцыю Вялікіх магістраў крэпасць Марыенбург Альф удзельнічае ў выбарах новага Вялікага магістра, дзе яго абіраюць пад імем слыннага і шляхетнага Конрада Валенрода.

 
«Смерць Конрада Валенрода», Міхал Эльвіра Андрыёлі (1895)

Між тым, Альдона ўвесь гэты час праводзіла ў манастыры ў вежы недалёк ад Марыенбургу. Пасля вяртання і абрання Альф-Валенрод часта наведвае яе ноччу і гаворыць з ёй пад вокнамі вежы. Між тым, пад ціскам з боку братоў-рыцараў Ордэна распачынаецца новая вайна з Літвой. Падчас галоўнай бітвы Валенрод першым уцякае з поля бою, падстаўляючы нямецкае войска, якое прайграе бітву. Ацалелыя войскі церпяць ад голаду, бо іх запасы знішчаны літоўцамі. Нарэшце, наступае холад. Валенрод не клапоціцца аб захаванні рэшткаў сваёй арміі, шмат рыцараў гіне ад голаду і маразоў.

Валенрода падазраюць у здрадзе, але і ён больш не хоча помсціць. Лічачы што ён поўнасцю выканаў сваю клятву, Валенрод-Альф вырашае бегчы разам з Альдонай, але састарэлая Альдона не хоча варушыць былыя адносіны і адмаўляе Альфу, жадаючы пакінуць усё так як ёсць. Уначы да Валенрода прыходзяць змоўшчыкі, каб забіць яго, але той перш паспявае выпіць келіх з атрутаю. Даведаўшыся пра смерць Альфа, памірае і Альдона ў сваёй вежы, не вытрымаўшы гора.

Пераклады на беларускую мову правіць

Першы поўны пераклад паэмы на беларускую мову выканаў Арцём Вярыга-Дарэўскі[2], аднак пераклад не быў апублікаваны, а рукапіс згубіўся. Урыўкі з паэмы на беларускую мову перакладалі Адам Гурыновіч (песня «Вілія»)[3], Янка Купала (уступ і частка І), Кастусь Цвірка[4]. Сучасны поўны пераклад зрабіў Пятро Бітэль.

Цікавыя факты правіць

  • Прататыпам галоўнага героя быў Генрых Монтэ.
  • Пры выданні паэмы ў Расійскай Імперыі з тэксту рамана былі адцэнзараваныя радкі «Ты нявольнік, адзінай зброяй нявольнікаў ёсць здрада» (Tyś niewolnik, jedyna broń niewolników jest zdrada)[5]
  • Сярод некаторых прыхільнікаў тэорыі замаскаванага гістарызму рамана, паэма ўспрымаецца як алегорыя на праблемы польскіх патрыятычных колаў XIX стагоддзя.
  • Ва ўмовах гвалтоўнага насаджэння чужой культуры і прымусовай русіфікацыі, па аналогіі з гэтай вядомай паэмай Адама Міцкевіча, у колах патрыятычна настроенай шляхты XIX ст. былі папулярны палажэнні «Валенрадызму», — палітычна-грамадскага кірунку які прадугледжваў карыстанне выгодамі прыгнятальнікаў, якія потым будуць павернутыя супраць іх саміх; тыя этычна-маральныя палажэнні, якія мелі за аснову дактрыну Нікало Макіявелі[6][7].
  • «Конрад Валенрод» двойчы быў адаптаваны для оперы. У першы раз у 1874 годзе італьянскім кампазітарам Амількарэ Паньк'елі, другі раз у 1885 годзе палякам Уладзіславам Жэленьскім. Пад уражаннем ад паэмы Міцкевіча Фрэдэрык Шапен натхніўся на напісанне сваёй ​​«Балады №1 соль мінор»[1].

Зноскі

  1. а б Jonathan Bellman (2009). Chopin's Polish Ballade Op. 38 as Narrative of National Martyrdom. Oxford University Press US. p. 72. ISBN 978-0-19-533886-7.
  2. Вярыга-Дарэўскі Арцём, Леанід Маракоў.
  3. Нацыянальнае канструяванне Міцкевіча Архівавана 13 красавіка 2012., Андрэй Катлярчук.
  4. Філаматы і філарэты Архівавана 8 кастрычніка 2013., Зборнік.
  5. Ludwik Bazylow, Polacy w Petersburgu, 1984, s. 138—139.
  6. Christopher John Murray (2004). Encyclopedia of the Romantic Era, 1760-1850, volume 2. Taylor & Francis. p. 740. ISBN 978-1-57958-422-1
  7. Czeslaw Milosz (1984). History of Polish Literature. University of California Press. p. 220. ISBN 978-0-520-04477-7

Спасылкі правіць