Валерый Рыгоравіч Слюнчанка
Валерый Рыгоравіч Слюнчанка (25 жніўня 1945, Старадуб, Бранская вобласць — 21 чэрвеня 1992, Мінск) — беларускі архітэктар, рэстаўратар, мастак.
Валерый Слюнчанка | |
---|---|
Імя пры нараджэнні | руск.: Валерий Григорьевич Слюнченко |
Дата нараджэння | 25 жніўня 1945 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 21 чэрвеня 1992 (46 гадоў) |
Месца смерці | |
Грамадзянства | |
Род дзейнасці | архітэктар, рэстаўратар, пісьменнік, паэт, музыкант |
Месца працы | |
Вучоба |
|
Вядомыя працы | кіраўніцтва рэстаўрацыяй Сафійскага сабора (Полацк), Богаяўленскага сабора (Полацк), Крыжаўзвіжанскай і Ефрасіннеўскай (цёплай) царквы Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра (Полацк), Барысаглебскай (Каложскай) царквы (Гродна), кармеліцкага касцёла (Мсціслаў), сядзібы Францішка Багушэвіча (Кушляны). |
Уплыў | Алег Хадыка |
Біяграфія
правіцьНарадзіўся на Браншчыне ў сям’і рускага і беларускі, ураджэнкі Плешчаніц. Неўзабаве бацькі пераехалі жыць у Плешчаніцы, дзе дзяцінствам і жыў Валерый.
У 1964 годзе скончыў сярэднюю школу і паступіў вучыцца на архітэктурны факультэт Беларускага політэхнічнага інстытута. Адным з выкладчыкаў, якія аказалі вялікі ўплыў на фарміраванне творчай асобы будучага архітэктара, быў Алег Хадыка, выдатны беларускі мастацтвазнаўца і рэстаўратар. Ад бацькі Валерыю таксама перадалася сувязь з рускай культурнай традыцыяй. У 1968 годзе два студэнцкія праекты Слюнчанкі — «Павуцінне» і «Эскімос» — былі паказаны на семінары маладых работнікаў мастацтва на возеры Свіцязь. Зацікаўленасць яго праектамі выказаў нават пісьменнік Уладзімір Караткевіч.
У 1971 годзе Валерый Слюнчанка паспяхова абараніў дыпломны праект. Фрагменты гэтай працы былі апублікаваны ў часопісе «Строительство и архитектура Белоруссии» (№ 4, 1971), у артыкуле «Новый отряд зодчих Белоруссии». У 1972 годзе на Усесаюзным аглядзе дыпломных работ выпускнікоў архітэктурных ВНУ гэты праект Слюнчанкі быў узнагароджаны дыпломам 1-й ступені Саюза архітэктараў СССР.
У жніўні 1971 года атрымаў пасаду архітэктара ў Спецыяльных навукова-рэстаўрацыйных вытворчых майстэрнях Міністэрства культуры БССР.
Сям’я
правіцьУ 1974 годзе Валерый Слюнчанка ўзяў шлюб з Валянцінай — таксама архітэктарам, з якой разам працаваў. У 1974 годзе ў іх нарадзіўся сын Антон, які таксама стаў мастаком[1].
Творчасць
правіцьЗ 1974 года Валерый займаў пасаду начальніка архітэктурна-рэстаўрацыйнага аддзела Навукова-даследчага праектнага бюро вытворчага аб’яднання «Белрэстаўрацыя». У гэты перыяд былі створаны яго асноўныя работы ў галіне рэстаўрацыі культурнай спадчыны Беларусі. Сярод архітэктурных помнікаў, якія былі адрэстаўраваны пад кіраўніцтвам Валерыя Слюнчанкі:
- Сафійскі сабор, Полацк[2]
- Богаяўленскі сабор, Полацк
- Крыжаўзвіжанская і Спаса-Праабражэнская царква, Полацк
- Барысаглебская (Каложская) царква, Гродна
- Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі і кляштар кармелітаў, Мсціслаў
- Сядзібна-паркавы комплекс Багушэвічаў, Кушляны
-
Сафійскі сабор, Полацк
-
Богаяўленскі сабор, Полацк
-
Спаса-Праабражэнская царква, Полацк
-
Барысаглебская (Каложская) царква, Гродна
-
Касцёл кармелітаў, Мсціслаў
-
Сядзіба Ф. Багушэвіча, Кушляны
Валерый Слюнчанка выдатна працаваў і з матэрыялам традыцыйнага народнага дойлідства. З’яўляўся аўтарам адметных праектаў прыдарожных знакаў у Вязынцы і Мікалаеўшчыне, зробленых у 1982 годзе да 100-годдзя Янкі Купалы і Якуба Коласа.
У канцы 1980-х гадоў Слюнчанка спраектаваў будынак хрысцільні на Вайсковых могілках у Мінску.
У 1979 годзе Валерый Слюнчанка быў прыняты ў Саюз архітэктараў СССР.
Актыўна прымаў удзел у дзейнасці Таварыства аховы помнікаў, займаўся папулярызацыяй культурнай спадчыны, выступаў з публічнымі лекцыямі, друкаваўся ў рэспубліканскіх перыядычных выданнях. У 1980-х напісаў некалькі выдатных гістарычна-архітэктурных нарысаў, прысвечаных помнікам беларускай архітэктуры — полацкім Сафійскаму сабору і Спасаўскай царкве, гарадзенскай Каложскай царкве, барокавым фрэскам Мсціслава.
Адначасова з архітэктурна-рэстаўратарскай дзейнасцю займаўся жывапісам і графікай. Пад уплывам мастака Вячаслава Дубінкі захапіўся традыцыйным беларускім мастацтвам выцінанкі. Калекцыя выцінанак Валерыя Слюнчанкі захоўваецца ў гарадзенскім Музеі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
Быў адораным літаратарам і музычным выканаўцам. Спяваў народныя песні і гарадскія рамансы на шасці мовах. Бліскуча ведаў паэтычную творчасць Буніна, Блока, Мандэльштама, музычную Булата Акуджавы. Пры жыцці Валерыя быў апублікаваны толькі адзін зборнік яго паэзіі.
У другой палове 1980-х гадоў з-за стану здароўя Валерый Слюнчанка быў вымушаны перайсці на пасаду галоўнага спецыяліста тэхнічнага аддзела Беларускага рэстаўрацыйна-праектнага інстытута. У лютым 1987 года перанёс аперацыю на сэрцы ў Літве. Пайшоў з жыцця 21 чэрвеня 1992 года. Пахаваны на могілках у вёсцы Слабада Плешчаніцкага раёна, побач з бацькам.
Узнагароды
правіць- 1972 — дыплом 1-й ступені Саюза архітэктараў СССР на Усесаюзным аглядзе дыпломных работ выпускнікоў архітэктурных ВНУ
- 1989 — прэмія Беларускага савета прафсаюзаў у галіне архітэктуры за праект рэстаўрацыі полацкага Сафійскага сабора і навуковае кіраўніцтва рэалізацыяй праекта
Спіс асноўных праектаў
правіць- Праект рэстаўрацыі і прыстасавання Сафійскага сабора ў Полацку
- Праект рэстаўрацыі і прыстасавання Богаяўленскага сабора ў Полацку
- Праект рэстаўрацыі і прыстасавання Крыжаўзвіжанскай царквы ў Полацку
- Праект рэстаўрацыі і прыстасавання Еўфрасіннеўскай (цёплай) царквы ў Полацку
- Праект рэстаўрацыі і прыстасавання кармеліцкага касцёла ў Мсціславе
- Праект рэгенерацыі гістарычнага цэнтра Полацка
- Праект рэстаўрацыі касцёла святога Станіслава ў Магілёве
- Праект рэстаўрацыі мемарыяльнай капліцы ў вёсцы Лясная Слаўгарадскага раёна
- Праект рэстаўрацыі сядзібы Францішка Багушэвіча ў вёсцы Кушляны Смаргонскага раёна
- Праект рэстаўрацыі і прыстасавання Барысаглебскай (Каложскай) царквы ў Гродна
- Праект хрысцільні для царквы святога Аляксандра Неўскага ў Мінску
- Праект рэстаўрацыі і прыстасавання гандлёвых радоў у Магілёве
- Праект кансервацыі Ніжняй царквы ў гродзенскім Старым замку
- Праект аднаўлення Магілёўскай ратушы
- Праект рэстаўрацыі і прыстасавання дома № 4 па вуліцы Свярдлова ў Менску пад Музей гісторыі беларускага кіно
- Праекты прыдарожных знакаў да 100-годдзя Янкі Купалы і Якуба Коласа ў Вязынцы і Мікалаеўшчыне
Спіс асноўных публікацый
правіць- Народны пясняр у Ляўках // ЛіМ. 1980. 2 мая
- Храм-птушка // ЛіМ. 1981. 18 верасня
- Роднае для нас імя // Маладосць. 1981. № 9
- Регенерация исторического центра Могилева (в соавт. с М. Федоровой) // Строительство и архитектура Белоруссии. 1982. № 3
- Дзве Сафіі (у суаўтарстве з А. Трусавым) // ЛіМ. 1982. 28 мая
- Новая жизнь архитектурных памятников Полоцка // Строительство и архитектура Белоруссии. 1984. № 2
- Полоцкий Софийский собор. Минск, 1987. Архитектурные памятники Полоцка. Минск, 1988
- Главная площадь Полоцка //Строительство и архитектура Белоруссии. 1990. № 1
- Барысаглебская (Каложская) царква ў Гродне. Мінск, 1992
Памяць
правіцьДа 70-годдзя з дня нараджэння Валерыя Слюнчанкі яго сябры і калегі: Уладзімір Арлоў, Вадзім Гліннік, Аляксандр Канаваленка, Вольга Кукуня, Юрась Маліноўскі, Алена Мартынава, Уладзімір Ракіцкі, Ігар Раханскі, Валянціна Слюнчанка, Сяргей Тарасаў, Маргарыта Цёрушкіна, Яўгенія Ханіна падрыхтавалі і выдалі кнігу «Валерый Слюнчанка. Ляцеў з аблокамі я побач». Укладанне Валянціны Слюнчанка, Уладзіміра Арлова і Вадзіма Глінніка. Прадмова Вадзіма Глінніка. У кнізе ўпершыню змешчаны артыкул Валерыя Слюнчанкі «Фрэскі Мсціслава»[3].
Зноскі
- ↑ Идеи реставратора Валерия Слюнченко актуальны по сей день
- ↑ Народная воля. Дзікунства Пятра I у Сафійскім саборы.(недаступная спасылка)
- ↑ Да 70-годдзя Валерыя Слюнчанкі // Наша Слова № 33 (1236).
Літаратура
правіць- Слюнчанка, Валерый Рыгоравіч. Барысаглебская (Каложская) царква ў Гродне: Гісторыкаархітэктурны нарыс. Мн.: Полымя, 1992. 63 с. (Помнікі беларускага дойлідства).
- Слюнченко Валерий Григорьевич // Архитекторы Советской Белоруссии: Биогр. справочник / Союз архитекторов БССР; Сост. В. И. Аникин и др. — Мн.: Беларусь, 1991. — 262 с. — ISBN 5-338-00611-1. (руск.)
Спасылкі
правіць- Плешчаніцы.by. Пра Валерыя Слюнчанка ў раённай газэце «Родны край». Архівавана 5 сакавіка 2016.
- Плешчаніцы.by. Валерый Слюнчанка. Малюнкі, эскізы, выцінанкі. Архівавана 5 сакавіка 2016.
- Плешчаніцы.by. Валерый Слюнчанка. Сустрэча-успамін. Архівавана 5 сакавіка 2016.
- Плешчаніцы.by. Галіна Полсычава, Валянціна Слюнчанка. Матэрыялы аб Валерыі Слюнчанке. Архівавана 5 сакавіка 2016.
- Музей гісторыі архітэктуры Сафійскага сабора. Архівавана 4 сакавіка 2016.