Валодша
Валодша (ст.-рус.: Володьша; пачатак XII ст. — да 1180) — напэўна, князь ізяслаўльскі (2-я палова XII ст.).
Валодша | |
Нараджэнне | невядома |
---|---|
Смерць | не пазней за 1180 |
Бацька | Давыд Усяславіч |
Дзеці | Андрэй Валодшыч[d] і Брачыслаў Валодшыч[d] |
На думку Ф. Успенскага, імя Валодша магло быць як самастойным, так і памяншальнай формай імёнаў з пачаткам на аснову Валод-/Улад- (Волод-)[1]. Самастойнае, напэўна, было б выпадкам вар’іравання асновы «-волод-» родавых імёнаў, як у сучаснай мове Слава→Слаўка ёсць формай ад кожнага імя з асновай -слав-/-слаў-[2]. За памяншальную форму сведчыць гіпакарыстычны суфікс, вядомы, напрыклад, і ў выпадку Святаслаў→Святоша[3]. Утварэнне імя па бацьку ад памяншальнай формы (Володьша→Володьшичь) не супярэчыць тагачаснай практыцы[4].
Упершыню згадваецца Іпацьеўскім летапісам пад 1159 годам[5], калі разам з братам кн. Брачыславам быў у Ізяслаўлі[5], названым іх «отчынай», т.б. бацькоўскім уладаннем. Паводле Васкрасенскага летапісу, у 1159 годзе менскія князі Глебавічы напалі на Ізяслаўль, Валодша трапіў у палон, а Брачыслаў закаваны ў жалеза[5]. У 1160 годзе, падчас паходу полацкага князя Рагвалода-Васіля на Менск, братоў вызвалілі[5].
У 1180 годзе у паходзе на Друцк браў удзел кн. Андрэй Валодшыч (ст.-рус.: Андрѣи Володьшичь), напэўна, сын кн. Валодшы. У тым жа паходзе бралі ўдзел і пляменнікі кн. Андрэя Валодшыча — Ізяслаў і Васілька Брачыславічы. Такім чынам, кн. Валодша меў прынамсі яшчэ аднаго сына — Брачыслава Валодшыча, які асобна крыніцамі не згадваецца.
На думку М. М. Карамзіна, М. П. Пагодзіна, П. М. Строева, А. М. Рапава[5], С. М. Салаўёва[6], М. Баўмгартэна[7] і іншых, кн. Валодша быў сынам полацкага кн. Васількі Святаславіча. Такая генеалогія не адпавядае простаму сведчанню летапіса пра Ізяслаўль як «отчыну» кн. Брачыслава і Валодшы, бо валоданне гэтым ўдзелам кн. Васількам Святаславічам, ці прынамсі кн. Святаславам Усяславічам, супярэчыць крыніцам. Гэта неадпаведнасць у асноўным усведамляецца вышэйназванымі даследчыкамі. Ёсць і іншыя думкі, так М. І. Ермаловіч атаясняе кн. Валодшу з полацкім кн. Вальдэмарам, згаданым у «Хроніцы Лівоніі» Генрыха Латвійскага. Атаясненне М. Ермаловіча, аднак, храналагічна праблемнае, бо кн. Вальдэмар вядомы з 1186 года, калі кн. Валодшы ўжо не было сярод жывых.
Зноскі
ЛітаратураПравіць
- Рапов О. Княжеские владения на Руси в X — первой половине XIII в.. — М.: Изд-во МГУ, 1977. — 268 с.