Валожын
Вало́жын[2] (трансліт.: Valožyn, руск.: Воложин) — горад у Мінскай вобласці Беларусі, адміністрацыйны цэнтр Валожынскага раёна, на рацэ Валожынцы. За 75 км ад Мінска, 17 км ад чыгуначнай станцыі Валожын на лініі Маладзечна—Ліда, каля аўтастрады Мінск—Гродна. Насельніцтва 10 276 чал. (2017)[3].
Горад
Валожын
| ||||||||||||||||||||||||||
ГісторыяПравіць
Узнік як паселішча на берагавым плато р. Валожынка, паблізу гандлёвага шляху. У паўднёва-ўсходняй частцы сучаснага горада захавалася гарадзішча, дзе знойдзены фрагменты штрыхаванага посуду.
Упершыню пэўна згадваецца як «двор» Валожын адкуль 16.12.1431 года вял.кн. Свідрыгайла пісаў ліст да лівонскага ландмайстра Тэўтонскага ордэна. У 1440-я гады, паводле Хронікі Быхаўца, належаў неідэнтыфікаваным князям Валожынскім і быў канфіскаваны за іх удзел у змове супраць вял. кн. Казіміра Ягелончыка ў 1445 годзе. Каля 1450 года вял.кн. Казімір даў Валожын віленскаму ваяводу Я. Манівідавічу, а ў 1484 — В. М. Вярэйскаму. У 1492 годзе ўпершыню ўпамінаецца валожынскі касцёл.
У пачатку XVI ст. належаў С. В. Вярэйскай і яе мужу А. Гаштольду; у Валожыне дзейнічалі Спаская і Пятніцкая цэрквы. З 1507 г. Валожын у Навагрудскім ваяводстве, цэнтр староства. З 1549 года ўласнасць вялікага князя Жыгімонта Аўгуста, кіраўваўся дзяржаўцамі. З 1559 г. вядомы як мястэчка, цэнтр маёнтка. Пасля адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформы 1565—1566 г. у Ашмянскім павеце Віленскага ваяводства.
У 1582 годзе маёнтак Валожын — уласнасць вялікага гетмана літоўскага Мікалая Радзівіла Рудога. У 1614 годзе вялікі гетман літоўскі К. Радзівіл прадаў Валожын з маёнткам кашталяну менскаму і жамойцкаму А. Служку. У 1681 г. маршалак надворны Ю. Б. Служка заснаваў у Валожыне касцёл і манастыр бернардзінцаў (скасаваны ў 1864), пры манастыры дзейнічала школа. У 1683 г. заснавана праваслаўнае брацтва. З канца 17 ст. цэнтр староства. У пач. 18 ст. у Валожыне 107 двароў, 5 вуліц, 2 царквы, 2 касцёлы. У 1710 г. узведзена драўляная уніяцкая царква. З 1738 г. Валожын уладанне князёў Чартарыйскіх, з канца 18 ст. — Радзівілаў, Чартарыйскіх і Тышкевічаў. У 1790 г. у мястэчку 186 двароў.
Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 г. у складзе Расійскай імперыі. У 1782—1806 гг. паводле праекта архітэктара А. Касакоўскага пабудаваны мураваны палац, які зараз з’яўляецца помнікам архітэктуры класіцызму. У 1806—1892 г. у Валожыне дзейнічала яўрэйская духоўная акадэмія (Валожынская ешыва), у якой навучалася больш за 400 студэнтаў з Расіі, Англіі, Сірыі і іншых краін.
З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр Валожынскага павета. У Валожыне пачалі дзейнічаць некалькі дрэваапрацоўчых і харчовых прадпрыемстваў, а ў 1926 г. — германская лесараспрацоўчая фірма «Когаліт». У Валожыне стаяў ваенны гарнізон, знаходзілася камендатура павятовай польскай паліцыі. Тут размяшчаўся ў 1927—1939 гадах польскі батальён Корпуса аховы памежжа «Валожын».
З 1939 у БССР, з 15 студзеня 1940 г. цэнтр раёна ў складзе Баранавіцкай вобласці.
25 чэрвеня 1941 г. гітлераўцы занялі Валожын. Па вуліцы «Зялёны план» акупанты спалілі 50 чалавек. Усё яўрэйскае насельніцтва горада было сагнана ў гета, дзе ўтрымлівалася каля 2000 чал. Да канца лета 1943 г. яны былі знішчаны гітлераўцамі і іх памагатымі. 5 ліпеня 1944 г. горад быў вызвалены часцямі 3-га Беларускага фронту пры ўзаемадзеянні з партызанамі.
З 20 верасня 1944 г. — у складзе Маладзечанскай вобласці, з 20 студзеня 1960 г. — у складзе Мінскай вобласці.
НасельніцтваПравіць
- 1803 год — 2446 чал.
- 1861 год — 2828 чал.
- 1897 год — 3197 чал.
- 1921 год — 2630 чал.
- 1931 год — 6361 чал.
- 1939 год — 6800 чал.
- 1959 год — 4800 чал.
- 1969 год — 5800 чал.
- 1979 год — 7906 чал.
- 1989 год — 10 643 чал.
- 1995 год — 11,5 тыс. чал.
- 2004 год — 11,4 тыс. чал.
- 2006 год — 11,3 тыс. чал.
- 2007 год — 11,2 тыс. чал.
- 2015 год — 10 488 чал.
- 2016 год — 10 329 чал.[4]
- 2017 год — 10 276 чал.[3]
- 2018 год — 10 308 чал.
- 2022 год — 9993 чал.
ЭканомікаПравіць
Аснову эканомікі складаюць прадпрыемствы харчовай, лёгкай, дрэваапрацоўчай прамысловасці. Гасцініца «Карона».
КультураПравіць
Валожынскі краязнаўчы музей.
У 2000 і 2007 гадах горад быў месцам правядзення фестывалю «Адна зямля»[5][6].
СлавутасціПравіць
- Палац Тышкевічаў
- Касцёл Святога Іосіфа
- Спаса-Праабражэнская царква (1850)
- Царква Роўнаапостальных Канстанціна і Алены
- Валожынская ешыва (1803)
- Гарадская забудова (пач. 20 ст.)
Вядомыя асобыПравіць
- Дыяна Арбеніна
- Юзаф Беркман
- Валянціна Францаўна Гіруць-Русакевіч (1953—2021) — беларуская паэтка і журналіст.
- Святлана Аляксандраўна Горваль (нар. 1986) — беларускі палітык.
- Таццяна Уладзіміраўна Ліхачова — беларуская актрыса.
- Ізраіль Рагозін (1887—1971) — амерыканскі прадпрымальнік у тэкстыльнай прамысловасці і дабрачынец, бацька рэжысёра Лаянала Рагозіна.
- Хаім Салавейчык — галоўны рабін Брэста, вядомы тлумачальнік Талмуда.
- Стары Улас (У. П. Сівы-Сівіцкі; 1865—1939) — беларускі пісьменнік.
- Алег Ігнатавіч Таўгень — беларускі матэматык.
ЗноскіПравіць
- ↑ Численность населения на 1 января 2022 г. и среднегодовая численность населения за 2021 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, поселков городского типа — Национальный статистический комитет Республики Беларусь, 2022.
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU)
- ↑ 3,0 3,1 Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2017 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2016 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу(руск.) . Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (29 сакавіка 2017). Праверана 3 красавіка 2017.
- ↑ Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2016 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2015 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу(руск.) . Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (30 сакавіка 2016). Праверана 3 красавіка 2017.
- ↑ «Адна зямля» – заўсёды свята//«Рэгіянальная газета», 30 чэрвеня 2000 г., № 26 (271)
- ↑ «Адна зямля» – звонкагалосая песня//«Рэгіянальная газета», 6 ліпеня 2007 г., № 27 (633)
ЛітаратураПравіць
- Воложин // Туристская энциклопедия Беларуси / редкол. Г. П. Пашков [и др.]; под общ. ред. И. И. Пирожника. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 648 с. ISBN 978-985-11-0384-9;
- Города, местечки и замки Великого княжества Литовского: Энциклопедия. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2009. — 312 с. — 3000 экз. — ISBN 978-985-11-0432-7.
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 1996. — Т. 3: Беларусы — Варанец. — 511 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0068-4 (т. 3), ISBN 985-11-0035-8.
СпасылкіПравіць
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Валожын
- Геаграфічныя звесткі па тэме Валожын на OpenStreetMap
- Гісторыя Валожына i Валожынскага раёна
- Надвор’е ў горадзе Валожын