Вальдывія (культура)

Культура Вальды́вія (ісп.: Cultura Valdivia) — старажытная археалагічная культура на захадзе Эквадора, што існавала ў сярэдзіне 4 тысячагоддзя да н. э. — пачатку 2 тысячагоддзя да н. э.

Вальдывія
Перыяд фарміравання ў Андах
Кераміка
Геаграфічны рэгіён Паўднёвая Амерыка
Лакалізацыя Эквадор
Датаванне 3500 да н.э.1800 да н.э.
Носьбіты індзейцы
Тып гаспадаркі рыбалоўства
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Гісторыя правіць

Першаадкрывальнікам культуры Вальдывія лічыцца эквадорскі эканаміст і археолаг-аматар Эмілія Эстрада[1], які падчас палявання на ціхаакіянскім узбярэжжы ў 1956 годзе знайшоў артэфакты дакалумбавай эпохі. Ён звярнуўся спярша да эквадорскіх вучоных, а потым — да амерыканскіх археолагаў Кліфарда Эванса і Бэці Мэгерс. У выніку даследаванняў яны апублікавалі шэраг супольных прац[2], у якіх выклалі гіпотэзу аб узнікненні культуры ў выніку дыфузнага ўплыву выпадкова патрапіўшых прадстаўнікоў японскай культуры дзёмон.

Далейшае вывучэнне археалагічных помнікаў культуры Вальдывія прывяло да пераасэнсавання першых знаходак. У 1970-х гадах амерыканскі антраполаг Дональд Латрэп заявіў аб яе паўднёваамерыканскім паходжанні і выказаў меркаванне, што стваральнікі культуры былі выхадцамі з Амазоніі[3]. З канца XX стагоддзя таксама высоўваецца версія пра тое, што стваральнікі культуры Вальдывія былі нашчадкамі палеаіндзейцаў — мігрантаў у Паўднёвую Амерыку з Паўночнай уздоўж ціхаакіянскага ўзбярэжжа ў каменны перыяд.

Апісанне правіць

 
Жаночая статуэтка, канец 3 тысячагоддзя да н. э.

Культура Вальдывія ўзнікла і развівалася на ціхаакіянскім узбярэжжы Эквадора, хаця некаторыя помнікі культуры месцяцца ў глыбіні мацерыка. У другой палове 3 тысячагоддзя да н. э., калі насельніцтва тэрыторый, што займалі прадстаўнікі культуры, дасягнула дэмаграфічнага максімума, яго колькасць ацэньваецца ў 1500 — 3000 чалавек. Паселішчы арганізоўваліся вакол цэнтральнага пляца, які мог адыгрываць цырыманіяльную ролю.

Эканоміка правіць

Першыя раскопкі населеных пунктаў археалагічнай культуры выявілі рэшткі мноства ракавін малюскаў, у меншай ступені — костак аленяў. Таму археолагі меркавалі, што асноўнымі заняткамі старажытнага насельніцтва былі прыбярэжнае збіральніцтва і паляванне. У 1960-я гады былі знойдзены сведчанні існавання земляробства ў эстуарыях рэк. Яно пачало адыгрываць істотную ролю ў сярэдняй фазе існавання культуры. Найбольш важнымі свойскімі раслінамі былі кукуруза і канавалія. Ураджай кукурузы захоўвалі ў ямінах каля хацін. Былі таксама вядомы такія культурныя расліны, як маніёк, бавоўнік, імбір, спаржавыя, арахіс, перац і інш. Вальдывійцы багата ўжывалі ў ежу ананасы, папаю, авакада, але іх плады хутчэй збіраліся ў суседніх лясах.

Асноўным матэрыялам, з якога выраблялі прылады і начынне, быў камень. Знойдзены шматлікія каменныя артэфакты ў выглядзе скрэблаў, сякер, лёзаў. Для іх вытворчасці выкарыстоўвалі халцэдон, кварцыт, апал і крэмень. Найбольшага майстэрства прадстаўнікі культуры Вальдывія дасягнулі ў вытворчасці каменных ступ, якія выразаліся ў форме звяроў і птушак. Прылады для рыбалоўства і палявання найчасцей выраблялі з костак аленяў або марскіх ракавін.

З самага пачатку існавання культуры Вальдывія яе прадстаўнікі займаліся вырабам керамікі. Яны не ведалі ганчарнага кола. Таму, каб сценкі керамічнага посуду мелі аднолькавую таўшчыню, выкарыстоўвалася тэхніка намоткі пластоў глінянага раствору. Потым пласты выраўноўвалі і абпальвалі на агні. Пасудзіны афарбоўваліся ў чырвоны і шэры колеры. Выяўлены таксама паліраваны цёмны чырвоны посуд. Кераміка стала сапраўды неабходнай з узнікненнем земляробства. У керамічных пасудзінах захоўвалі зерне, варылі ежу, карысталіся для супольных піроў. Даследчыкі мяркуюць, што ў шырокіх місках рабілі алкагольны напой з кукурузы накшталт піва або нават галюцынагенныя напоі. На працягу развіцця культуры вальдывійцы распрацавалі каля 30 розных стыляў керамікі.

У позні перыяд існавання Вальдывіі жыхары ўзбярэжжа Эквадора займаліся менавым гандлем з жыхарамі перуанскага ўзбярэжжа. Для гэтага выкарыстоўвалі простыя марскія судны.

Грамадства правіць

Мяркуецца, што на першым этапе свайго існавання грамадства культуры Вальдывія ўяўляла сабою рода-племянную супольнасць, але яно не было цалкам эгалітарным. Па-першае, магла існаваць гендарная няроўнасць. Для культуры Вальдывія характэрна наяўнасць вялікай колькасці жаночых статуэтак. Першапачаткова іх выраблялі з каменю, пазней — з гліны. Гэта кажа пра асаблівую ролю жанчын, якія выконвалі большую частку ручной працы пры апрацоўцы зямлі. Свае пахаванні носьбіты культуры рабілі пад падлогай жылой хаціны. У адной з такіх магільняў у паселішчы Рэал-Альта былі выяўлены рэшткі жанчыны, у ног якой быў пахаваны мужчына з перарэзаным горлам, што спарадзіла версію пра ахвярапрынашэнне ў гонар «матрыярха». У тым жа месцы асобна каля асноўнай жаночай магільні хавалі дзяцей. Адно з дзіцячых пахаванняў утрымоўвала ахвяры, што вызначае высокі статус дзіцяці, які яно магло набыць з-за малалецтва толькі пры нараджэнні. Спадчынны характар сацыяльнага статуса кажа пра грамадскае распластаванне.

Зноскі

Літаратура правіць

Спасылкі правіць