Валянціна Францаўна Гіруць-Русакевіч
Валянціна Францаўна Гіруць-Русакевіч (18 кастрычніка 1953, Міхайлоўшчына, Ашмянскі раён, Гродзенская вобласць — 22 студзеня 2021, Валожын, Мінская вобласть, Беларусь) — беларуская паэтка, журналістка, грамадскі дзеяч. Член Беларускага саюза журналістаў (1985), Саюза беларускіх пісьменнікаў (1998), Саюза пісьменнікаў Беларусі (2005), Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы (2009).
Валянціна Францаўна Гіруць-Русакевіч | |
---|---|
![]() Валянціна Гіруць-Русакевіч у 2016 годзе. | |
Асабістыя звесткі | |
Дата нараджэння | 18 кастрычніка 1953 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 22 студзеня 2021 (67 гадоў) |
Месца смерці | |
Пахаванне | |
Грамадзянства | |
Муж | Рыгор Мікалаевіч Русакевіч |
Альма-матар | |
Месца працы | |
Прафесійная дзейнасць | |
Род дзейнасці | журналістка, пісьменніца, паэтка |
Гады творчасці | 1968 — 2021 |
Мова твораў | беларуская |
Грамадская дзейнасць | |
Член у |
БіяграфіяПравіць
Скончыла Міхайлоўшчынскую сярэднюю школу (1970), Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (факультэт журналістыкі).
У 1975—1997 гадах працавала ў валожынскай раённай газеце «Працоўная слава». У 1997—2002 гадах узначальвала аддзел інфармацыі і работы з насельніцтвам Валожынскага райвыканкама. У 2004—2021 гадах працавала ў Валожынскім раённым цэнтры культуры кіраўніком народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання «Рунь».
З маладосці хварэла на бранхіяльную астму. З узростам хваробаў стала болей, але паэтка шмат працавала. У пачатку студзеня 2021 года захварэла на COVID-19 і гаспіталізавана, праз ускладненні хваробы пераведзена ў рэанімацыю на ШВЛ. Памерла 22 студзеня 2021 года.
Пахавана на Валожынскіх могілках.
ТворчасцьПравіць
Першыя вершы, а іх Валянціна пачала пісаць з васьмігадовага ўзросту, былі надрукаваны ў 1969 годзе ў ашмянскай раённай газеце «Красное знамя». На абласным злёце маладых паэтаў Гродзеншчыны, дзе выступала на 130-годдзі з дня нараджэння Францішка Багушэвіча, пазнаёмілася з паэтам Алегам Лойкам. Падчас вучобы ва ўніверсітэце адзін з вершаў В. Гіруць надрукаваны ў калектыўным зборніку «Універсітэт паэтычны», дзе былі прадстаўлены творы ўсіх паэтаў, хто вучыўся ў гэтай навучальнай установе.
Першая кніга В. Гіруць-Русакевіч «Я адкрываю вам душу» выйшла пад канец 1996 годзе ў серыі «Бібліятэка часопіса „Маладосць“». Да гэтага былі публікацыі ў часопісе «Полымя», газетах «Рэспубліка», «Народная газета», «Мінская праўда». Працуючы ў рэдакцыі валожынскай раённай газеты, Валянціна Францаўна вяла «Літаратурную старонку», займалася з юнымі паэтамі ў літаратурным аб’яднанні «Рунь», якому ў 1997 годзе было прысвоена званне народнага. Пазней выйшлі зборнікі вершаў «Пад зоркаю лёсу» (1999), «Мовай сэрца» (2008), «На нітцы часу» (2018); кнігі для дзяцей «Каляровыя вятры» (2011), «А ці ведаеце вы?» (2013).
Тэматыка вершаў В. Гіруць-Русакевіч розная, але галоўная — любоў да сваёй Радзімы, людзей, якія жывуць побач, сяброў, блізкіх. Яна часта сустракалася з чытацкай аўдыторыяй у бібліятэках, школах, іншых установах. У 2009 годзе аўтабіяграфія В. Гіруць-Русакевіч увайшла ў кнігу аўтабіяграфій пісьменнікаў Беларусі «З росных сцяжын» (Мінск, «Мастацкая літаратура»).
Народнае літаратаратурна-мастацкае аб’яднанне «Рунь»Правіць
Літаратурна-мастацкае аб’яднанне «Рунь» створана ў 1978 годзе, адным з заснавальнікаў была Валянціна Гіруць-Русакевіч. У 1997 годзе аб’яднанню прысвоена званне «народнага». З 2004 па 2021 гады Гіруць-Русакевіч з’яўлялася кіраўніком аб’яднання. У яго склад уваходзяць паэты і празаікі ўсіх узростаў. Сярод традыцыйных форм работы аб’яднання: вечары-партрэты, вечары-ўшанаванні, літаратурныя сустрэчы, прэзентацыі кніг, літаратурныя святы, экскурсіі і г. д. Пад кіраўніцтвам В. Гіруць-Русакевіч удзельнікі аб’яднання выдавалі ўласныя кнігі і калектыўныя зборнікі кніг. На 2022 год у аб’яднанні налічваецца 35 чалавек, сярод іх як члены Саюза пісьменнікаў Беларусі, так і пачынаючыя аўтары. Пасля смерці паэткі намаганнямі кіраўніка «Руні» Н. Жылевіч была выдадзена кніга «Час задумацца», у якую ўвайшлі многія ненадрукаваныя вершы Валянціны Гіруць-Русакевіч.
УзнагародыПравіць
- Нагрудны знак-медаль Саюза пісьменнікаў Беларусі «За вялікі ўклад у літаратуру».
ПамяцьПравіць
Алея памяці Валянціны Гіруць-Русакевіч — 8 кастрычніка 2021 года ў Міхайлоўшчыне высаджана алея імя В. Гіруць-Русакевіч. Да пасадкі алеі далучыўся муж паэткі Рыгор Мікалаевіч Русакевіч, старшыня сельскага Савета Аляксандр Саванец, кіраўнік справамі Жанна Садоўская, кіраўнік і ўдзельніцы народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання «Рунь» Наталля Жылевіч, Зінаіда Гасціловіч, Людміла Садоўская і Марыя Мучынская.
ТворыПравіць
- Гіруць-Русакевіч, В. Ф. А ці ведаеце вы?: вершы: для дзяцей мал. шк. узросту / Валянціна Гіруць-Русакевіч; маст. Дана Рунова. — Мінск:. Выдавецкі дом «Звязда», 2013. — 32 с.: іл.
- Гіруць-Русакевіч, В. Ф. Мовай сэрца: кніга паэзіі / Валянціна Гіруць-Русакевіч. — Мінск: Маст.літ., 2008. — 158 с.
- Гіруць-Русакевіч, В. Ф. На нітцы часу: выбранае / Валянціна Гіруць-Русакевіч. — Мінск: Чатыры чвэрці, 2018. — 200 с. — (Бібліятэка Саюза пісьменнікаў Беларусі).
- Гіруць-Русакевіч, В. Ф. Пад зоркаю лёсу: вершы / Валянціна Гіруць-Русакевіч. — Мн.:Беларускі кнігазбор, 1999. — 128 с.
- Гіруць-Русакевіч, В. Ф. Я адкрываю вам душу: вершы/ Валянціна Гіруць-Русакевіч. — Мінск: Дзяржаўнае прадпрыемства «Дом прэсы», 1996. — 32 с. — (Бібліятэка часопіса «Маладосць»).
- Гіруць-Русакевіч, В. Ф. Час задумацца: выбранае / Валянціна Гіруць-Русакевіч. — Мінск: ІП Наўмовіч М. І., 2022. — 92 с. (ДУ «Мінскі абласны цэнтр народнай творчасці»).
ЛітаратураПравіць
- Гіруць-Русакевіч Валянціна Францаўна // Краязнаўчы каляндар Ашмяншчыны на 2018 год / склад. Г. У. Палубінская.-Ашмяны, 2017. — С. 32-33.
- Гіруць-Русакевіч Валянціна Францаўна // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Ашмянскага раёна/ рэдкал.: Г. К. Кісялёў [і інш.]. — Мн.: БЕЛТА, 2003. — С.569. (Нарадзіліся на Ашмяншчыне. Творцы).
- Рыбік, Л. Для мяне вы ўсе — сваякі: аб сустрэчы з беларускай паэткай В.Гіруць-Русакевіч у Ашмянскай раённай бібліятэцы/ Людміла Рыбік// Ашмянскі веснік. — 2018 — 10 лістапада (№ 87). — С.5.
- Сцяжыны майго жыцця: з успамінаў Валянціны Гіруць-Русакевіч // Памяць: гіст.-дакум. хроніка Ашмянскага раёна/ рэдкал.: Г. К. Кісялёў [і інш.]. — Мн.: БЕЛТА, 2003. — С. 569—571. (Нарадзіліся на Ашмяншчыне. Творцы)
СпасылкіПравіць
- http://oshmraibibl.bibdetoshm.by/2019/10/16/%D0%B3%D1%96%D1%80%D1%83%D1%86%D1%8C-%D1%80%D1%83%D1%81%D0%B0%D0%BA%D0%B5%D0%B2%D1%96%D1%87-%D0%B2%D0%B0%D0%BB%D1%8F%D0%BD%D1%86%D1%96%D0%BD%D0%B0-%D1%84%D1%80%D0%B0%D0%BD%D1%86%D0%B0%D1%9E%D0%BD/
- https://oshmyany.fpb.1prof.by/publications/news/u-mixajlo%D1%9Eshchyne-adznachyli-svyata-radasc-sustrechy-pad-axovaj-svyatoga-ili/