Валянцін Лагунёнак

дзеяч беларускага нацыянальнага супраціву

Валянцін Лагунёнак (1925 — ?) — дзеяч беларускага нацыянальнага супраціву, сябра і адзін з лідараў пастаўскай групы беларускай моладзевай падпольнай паваеннай арганізацыі Саюз беларускіх патрыётаў (СБП).[1]

Валянцін Лагунёнак
Нараджэнне 1925
Смерць невядома
Бацька Віктар

Біяграфія правіць

Нарадзіўся ў 1925 г. у сялянскай сям’і ў в. Вялікае Сяло Дзісенскага павета (Віленскае ваяводства, Польская Рэспубліка). Вучыўся ў Глыбоцкім педагагічным вучылішчы, потым перавёўся ў Пастаўскае педвучылішча. У 1945 г. быў адным са стваральнікаў нелегальнай беларускай арганізацыі «За Беларусь», якая пазней улілася да Саюза беларускіх патрыётаў. Належаў да пастаўскай групы арганізацыі, асабіста прыймаў удзел у перамовах з навучэнцамі Глыбоцкай педнавучальні наконт аб’яднання ў адзіную арганізацыю: узімку 1945 года ён наведаў былых калегаў у Глыбокім і паведаміў, што ў Паставах фактычна стварылася моладзевая патрыятычная суполка «За Беларусь»

У лютым 1947 года савецкая ўлада пачала арышты сябраў СБП: у давер да сябраў пастаўскай групы ўвайшоў афіцэр МДБ Алег Стахоўскі, які выдаваў сябе за ўдзельніка антысавецкай арганізацыі і падштурхоўваў да тэрарызму, а на дадатак канспірацыя арганізацыі была слабай. Сам Валянцін Лагунёнак быў арыштаваны 15 лютага 1947 г. і засуджаны паводле артыкулу 63-I і 76 КК БССР. Як адзін з лідараў, атрымаў смяротную кару, якая потым згодна з указам прэзідыуму Вярхоўнага Савету СССР ад 20 мая 1947 г. была замененая на 25 гадоў пазбаўлення волі з паражэннем праў на пяцігадовы тэрмін.

Далейшы лёс невядомы.

Зноскі

  1. http://slounik.org/154835.html Біяграфія Валянціна Лагунёнка

Літаратура правіць

  • Гарт. З успамінаў пра Саюз Беларускіх Патрыётаў. Мн., 1997. С. 39-41, 48, 115, 161, 165, 167, 251, 252, 340.
  • Антысавецкія рухі ў Беларусі. 1944—1956. Даведнік, — Мінск, 1999. ISBN 985-6374-07-3.

Спасылкі правіць

Гл. таксама правіць