Валянці́н Рыго́равіч Вячо́рка, вядомы таксама як Вінцу́к Вячо́рка (нар. 7 ліпеня 1961, Брэст) — беларускі мовазнаўца, палітык, выкладчык, журналіст. Старшыня Партыі БНФ (1999—2007).

Вінцук Вячорка
1-ы Старшыня Партыі БНФ
1999 — 2007
Папярэднік пасада заснавана
Пераемнік Лявон Баршчэўскі
Намеснік старшыні БНФ
1995 — 1999
Нараджэнне 7 ліпеня 1961(1961-07-07) (63 гады)
Імя пры нараджэнні Валянцін Рыгоравіч Вячорка
Дзеці Радаслава, Ружана, Франак
Партыя
Член у
Адукацыя
Дзейнасць філалогія[1], палітыка[1] і журналістыка[1]
Узнагароды
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Біяграфія

правіць

Нарадзіўся 7 ліпеня 1961 года ў Брэсце.[2][3] Бацька быў памочнікам Першага сакратара Камуністычнай партыі Беларусі Пятра Машэрава, затым — намеснікам старшыні Дзяржплана БССР.

З 1975 года жыве ў Мінску. Яшчэ падчас вучобы ў школе ў яго заўважылі праявы вальнадумства. У 1983 годзе скончыў філалагічны факультэт БДУ па спецыяльнасці беларуская і руская мова і літаратура, у 1986 годзе аспірантуру Інстытута мовазнаўства Акадэміі навук БССР. Працаваў выкладчыкам у Мінскім дзяржаўным педагагічным інстытуце, з 1988 года — журналіст, з 1990 года — выкладчык Беларускага гуманітарнага ліцэя, з 1 студзеня 1991 года — супрацоўнік, потым намеснік галоўнага рэдактара часопіса «Спадчына». Няўдала балатаваўся ў Вярхоўны Савет XII і XIII скліканняў.

Адзін з стваральнікаў і кіраўнікоў моладзевых груп і арганізацый «Майстроўня» (1979—1984), «Талака» (1986—1989), Канфедэрацыі беларускіх маладзёжных аб’яднанняў (1988—1989). У 1979—1985 гг. браў удзел у дзейнасці самвыдавецкай суполкі «Беларуская Талеранцыйная Грамада». У 1985 г. быў адным з заснавальнікаў Клуба імя Уладзіміра Караткевіча. У 1986—1990 гг. уваходзіў у групу «Незалежнасць». У 1986—1987 гадах разам з Сяргеем Дубаўцом і Алесем Бяляцкім выдаваў самвыдавецкі часопіс «Бурачок», які выклікаў пільную ўвагу КДБ. З 1990 па 1993 уваходзіў у склад рэдакцыі «Навін БНФ „Адраджэньне“».

З 1979 года актыўна ўдзельнічае ў нацыянальна-дэмакратычным руху Беларусі, неаднаразова арыштоўваўся і штрафаваўся за ўдзел у масавых грамадскіх акцыях. 13 чэрвеня 1984 года ён быў затрыманы за ўдзел у мітынгу пратэсту супраць зносу будынка тэатра 19 стагоддзя ў Мінску ў раёне кансерваторыі[4]. Супраць Вінцука Вячоркі была распачата крымінальная справа ў сувязі з падзеямі 25 сакавіка 1996 г., калі было разагнана святочнае шэсце ў гонар Дня Волі. В. Вячорка быў абвінавачаны ў ціску на супрацоўніка Цэнтральнага райаддзела міліцыі Мінска. Акрамя таго, раніцай 27 красавіка 1996 года, пасля разагнанага напярэдадні «Чарнобыльскага Шляху», Вінцука Вячорку затрымала міліцыя ў двары дома, дзе ён жыў. Чацвёра сутак палітык правёў пад арыштам і быў вызвалены толькі таму, што адразу ж пачаў галадоўку пратэсту. Крымінальная справа супраць В. Вячоркі была спынена толькі праз паўтара года.

Адзін з заснавальнікаў БНФ (член Аргкамітэта, 1988), узначальваў Камісію праграмных дакументаў, член Сойма. Намеснік старшыні БНФ (1995—1999), старшыня БНФ «Адраджэнне» і партыі БНФ (1999—2007). Адзін з аўтараў тэксту праграмы БНФ. Стваральнік і кіраўнік няўрадавай грамадскай арганізацыі асветніцкай скіраванасці — Цэнтра «Супольнасць» (з 1995). Старшыня працоўнай групы Асамблеі няўрадавых арганізацый Беларусі (1999—2000). Падчас кампаніі па выбарах Прэзідэнта Беларусі 2006 года быў даверанай асобай адзінага кандыдата ў прэзідэнты ад дэмакратычных сіл Аляксандра Мілінкевіча. 8 сакавіка 2006 года В. Вячорка, як давераная асоба А. Мілінкевіча, у адным з раёнаў Мінска ўдзельнічаў у сустрэчы апазіцыйнага кандыдата ў прэзідэнты з выбаршчыкамі. Праваахоўныя органы расцанілі гэтую сустрэчу як несанкцыянаваны мітынг. В. Вячорка быў прызнаны адным з арганізатараў і актыўных удзельнікаў несанкцыянаванага мітынгу і асуджаны да 15 сутак адміністрацыйнага арышту[5].

17 снежня 2005 перавыбраны старшынёй Партыі БНФ і грамадскага аб’яднання «Беларускі народныя фронт „Адраджэнне“». Намеснікамі кіраўніка партыі абраныя Аляксей Янукевіч, Юрый Хадыка, Віктар Івашкевіч, Алесь Міхалевіч. У снежні 2007 на 9 з’ездзе Партыі БНФ кіраўніком партыі абраны Лявон Баршчэўскі. На з’ездзе Партыі БНФ 9 снежня 2007 года абраныя намеснікі старшыні партыі. Першым намеснікам, кіраўніком камісіі па міжнароднай дзейнасці абраны Вінцук Вячорка. За яго кандыдатуру прагаласавалі 173 дэлегаты з’езда з 237.

З мая 2007 года — сустаршыня Палітычнага савета аб’яднаных дэмакратычных сіл, адказвае за інфармацыйна-мабілізацыйную працу і міжнародныя адносіны.

В. Вячорка спрабаваў зарэгістравацца кандыдатам у дэпутаты на выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у 2008 г. Але выбаркам адмовіў яму ў рэгістрацыі[6].

Выступае ў беларускім і замежным перыядычным друку па грамадска-палітычных пытаннях.

Кандыдат у дэпутаты Мінскага гарадскога савета па 43-й Мірашнічэнкаўскай акрузе на выбарах дэпутатаў Мінскага гарсавета 26-га склікання у 2010 годзе[7]. З 9 чэрвеня 2020 года — сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў[8].

Сям’я

правіць

Удавец, трое дзяцей — Радаслава, Ружана і Францішак.

У мовазнаўстве

правіць

Як мовазнаўца вывучаў мову выданняў Заходняй Беларусі міжваеннага часу, ініцыяваў сучаснае ўпарадкаванне беларускага класічнага правапісу (тарашкевіцы), укладаў беларускія праграмы і чытанкі для дашкольных устаноў. Аўтар і ўкладальнік навукова-папулярных тэкстаў і кніг, у тым ліку пра нацыянальную сімволіку.[9][10][11]

У 2016 г. Вінцук Вячорка выпусціў кнігу навукова-папулярных нарысаў пра адметнасці беларускай мовы. Прэзентацыя выдання «Па-беларуску з Вінцуком Вячоркам» адбылася 19 мая 2016 года ў мінскай галерэі «Ў»[12]. У кнізе сабраны нарысы пра беларускую мову, пісаныя для Радыё Свабода у 2014—2016 гг[13].

7 жніўня 2017 Вінцук Вячорка прэзэнтаваў у Баранавічах кнігу «Не смяшыце мае прыназоўнікі»[14]. Аўтар расказвае, як пісьменна гаварыць па-беларуску[13].

Узнагароды

правіць

Узнагароджаны медалём 100 гадоў БНР Рады Беларускай Народнай Рэспублікі[15].

Артыкулы

правіць
  • Вінцук Вячорка Асноўныя графіка-арфаграфічныя асаблівасці мовы перыёдыкі Заходняй Беларусі (1920—1939) // Беларуская лінгвістыка. — 1986. — № 29. — С. 32—39. — ISSN 0320-7552.
  • Вінцук Вячорка Асаблівасці лексічнай сістэмы беларускай літаратурнай мовы Заходняй Беларусі // Беларуская лінгвістыка. — 1986. — № 30. — С. 50—54. — ISSN 0320-7552.
  • Вінцук Вячорка «Кроў лягла чырвонай паласой» // З гісторыяй на «Вы» : Публіцыстычныя артыкулы. — Мінск: Беларусь, 1991. — С. 369.
  • Вінцук Вячорка Правапіс — люстэрка гісторыі // Спадчына. — 1991. — № 4. — С. 2—10. — ISSN 0236-1019.
  • Вінцук Вячорка Правапіс. Спроба сучаснае нармалізацыі // Спадчына. — 1995. — № 5. — С. 247—288. — ISSN 0236-1019.

Зноскі

  1. а б в Czech National Authority Database Праверана 7 лістапада 2022.
  2. Вечерко Винцук — Электронная Энцыкляпэдыя slounik.org Архівавана 31 сакавіка 2022.
  3. Вячорка Вінцук. Архівавана з першакрыніцы 13 мая 2021. Праверана 5 лютага 2022. — Грамадскі вэб-архіў Вытокі
  4. Вінцук Вячорка — palitviazni.info. Архівавана з першакрыніцы 15 чэрвеня 2015. Праверана 10 кастрычніка 2017.
  5. Доверенное лицо единого кандидата в президенты Белоруссии получил 15 суток ареста за встречу с избирателями. Архівавана з першакрыніцы 26 мая 2022. Праверана 10 кастрычніка 2017.
  6. Апазіцыя лічыць адмову ў рэгістрацыі кандыдатаў палітычным рашэннем Архівавана 20 ліпеня 2021.
  7. Вінцук Вячорка будзе абскарджваць вынікі галасавання па выбарах дэпутатаў Мінгарсавета Архівавана 17 мая 2021.
  8. Прынятыя ў сябры Саюза беларускіх пісьменнікаў. СПБ (11 чэрвеня 2020). Архівавана з першакрыніцы 11 чэрвеня 2020. Праверана 11 чэрвеня 2020.
  9. Вінцук Вячорка - Пра аўтара РС - Радыё Свабода || Радио Свобода . www.svaboda.org. Праверана 5 студзеня 2024.
  10. Вінцук Вячорка | Беларуская Палічка . knihi.com. Праверана 5 студзеня 2024.
  11. Вінцук Вячорка — биография, книги, отзывы, цитаты. www.livelib.ru. Праверана 5 студзеня 2024.
  12. Вінцук Вячорка прэзентаваў кнігу нарысаў пра адметнасці беларускай мовы. Архівавана з першакрыніцы 9 жніўня 2020. Праверана 26 мая 2022.
  13. а б Усе кнігі Бібліятэкі Свабоды Архівавана 20 мая 2022.
  14. Вінцук Вячорка прэзэнтаваў у Баранавічах кнігу «Не смяшыце мае прыназоўнікі» Архівавана 26 мая 2022.
  15. Алексіевіч, Пазьняк, Вольскі, Эрыксан, Белавус. Хто яшчэ ўзнагароджаны мэдалём у гонар БНР-100 Архівавана 19 красавіка 2022.

Літаратура

правіць
  • Вячорка Винцук // Кто есть кто в Республике Беларусь: Электронный справочник; БДГ on-line. — Эл. ресурс bdg.by
  • Вечёрка Винцук // Кто есть кто в Беларуси. Хто ёсць хто ў Беларусі. Who’s who in Belarus / Складальнікі В. Голубеў, А. Кіжэ, А. Смольскі, В. Трыгубовіч, Г. Ахметава, В. Чуйко. — М.: Кніжны дом «Университет», 1999. — 176 с. ISBN 5-8013-0068-6
  • Дубавец, С. Майстроўня. Гісторыя аднаго цуду / Сяргей Дубавец; фота А. Канцавога. — [Б. м.] : Радыё СвабоднаяЕўропа / Радыё Свабода, 2012, — 457 с.