Васіль Іванавіч Захарка

беларускі палітык, дзеяч БНР (1877—1943)
(Пасля перасылкі з Васіль Захарка)

Васіль Іванавіч Захарка (1 красавіка 1877, в. Дабрасельцы, цяпер Зэльвенскі раён, Гродзенская вобласць — 14 сакавіка 1943, Прага) — беларускі палітычны дзеяч, публіцыст. Удзельнік Усебеларускага з’езда 1917 года, дзеяч Беларускай Народнай Рэспублікі, сябра Рады БНР. Народны сакратар фінансаў БНР, пазней адказны за фінансы ў Радзе Народных Міністраў. 4-ы Старшыня (Прэзідэнт) Рады Беларускай Народнай Рэспублікі (у эміграцыі, 1928—1943).

Васіль Іванавіч Захарка
Васіль Захарка, 1930-я(?) гг.
Васіль Захарка, 1930-я(?) гг.
Сцяг 4-ы Старшыня (Прэзідэнт) Рады БНР
8 сакавіка 1928 — 6 сакавіка 1943
Папярэднік Пётр Крачэўскі
Пераемнік Мікола Абрамчык
Нараджэнне 1 красавіка 1877(1877-04-01)
Смерць 14 сакавіка 1943(1943-03-14) (65 гадоў)
Месца пахавання
Веравызнанне праваслаўе
Партыя
Член у
Бітвы
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Біяграфія

правіць

Раннія гады

правіць

Нарадзіўся ў сялянскай сям’і, з ранніх гадоў працаваў пастушком. У 16 гадоў асірацеў, апекаваўся малодшай сястрой і 2 малодшымі братамі[2]. Атрымаў хатнюю пачатковую адукацыю. Скончыў Лыскаўскую настаўніцкую семінарыю. З 1895 года настаўнік царкоўнапрыходскай школы. Перад прызывам у войска працаваў пісарам.

У 1898 годзе прызваны ў расійскае войска, служыў да 1902 года. У час службы вытрымаў экзамен па праграме юнкерскага вучылішча і расійскай гімназіі. Звольніўшыся ў запас у афіцэрскім чыне, працаваў сакратаром губернскага праўлення, а пазней сакратаром бурмістра горада Пултуска (Мазовія, Польшча). У пачатку расійска-японскай вайны (1904) зноў мабілізаваны. На службе заставаўся да 1917 года і даслужыўся да рангу штабс-капітана, што давала яму права на асабістае дваранства[2].

Беларуская Народная Рэспубліка

правіць
 
Дзеячы Беларускай Народнай Рэспублікі, 1918 г. Злева направа, сядзяць: Алесь Бурбіс, Янка Серада, Язэп Варонка, Васіль Захарка; стаяць: Аркадзь Смоліч, Пётра Крачэўскі, Кастусь Езавітаў, Антон Аўсянік, Лявон Заяц
 
Народны Сакратарыят Беларусі. На фота злева направа: Аркадзь Смоліч, Іван Серада, Язэп Лёсік, Аляксандр Цвікевіч, Антон Аўсянік, Язэп Варонка, Васіль Захарка, Пётра Крачэўскі. Здымак зроблены 17 чэрвеня 1918 года з нагоды прыезду старшыні беларускай дэлегацыі ў Кіеве Аляксандра Цвікевіча ў час яго справаздачы пра дзейнасць дэлегацыі. Сход адбыўся ў кабінеце старшыні ў будынку па Захар’еўскай, 43 у Менску.

Лютаўскую рэвалюцыю 1917 года заспеў у Барысаве. Адзін з арганізатараў З’езда беларусаў-вайскоўцаў Заходняга фронту (18—21 кастрычніка 1917, Менск), быў дэлегаваны ў склад Цэнтральнай беларускай вайсковай рады. Уступіў у Беларускую сацыялістычную грамаду. На 2-й сесіі Цэнтральнай рады беларускіх арганізацый (15(28) кастрычніка — 24 кастрычніка (6 лістапада, Менск) абраны сябрам выканаўчага камітэта Вялікай беларускай рады. У снежні абраны сакратаром Цэнтральнай беларускай вайсковай рады[2].

Актыўны ўдзельнік Усебеларускага з’езда ў Менску (снежань 1917), абраны членам Рады з’езда. Па разгоне Цэнтральнай беларускай вайсковай рады 31 студзеня 1918 года арыштаваны бальшавікамі. Разам з Кастусём Езавітавым, у сувязі з наступленнем нямецкіх войскаў на Менск, змог збегчы з гаўптвахты ў ноч з 18 на 19 лютага. Удзельнік падзей у Менску 19—21 лютага 1918 года. 18 сакавіка 1918 года на пленарным пасяджэнні Рада Усебеларускага з’езда была перайменавана ў Раду БНР, Захарка стаў сябрам Рады БНР. 23 сакавіка 1918 года быў упаўнаважаны Народным сакратарыятам атрымаць грошы, асігнаваныя Менскай гарадской думай. Вёў перамовы з нямецкімі ваеннымі ўладамі па справе грошай, канфіскаваных 25 лютага 1918 года. Да 29 сакавіка 1918 года Захарка заняў пасаду скарбніка (казначэя) рэспублікі. Як скарбнік, у часе адсутнасці народнага сакратара фінансаў падпісваў за яго дакументы[2]. 1 мая 1918 года абраны сябрам фінансавай камісіі Рады БНР.

З мая 1918 года кіраўнік друкарні Народнага сакратарыята. У красавіку разам з Макарам Касцевічам быў абраны Менскай думай сябрам міравога суддзі. Сябра камісіі па пераходзе Беларускага тэатра пад загад Народнага сакратарыята і Надзвычайнай бежанскай калегіі. 23 ліпеня 1918 года ўвайшоў у склад кабінета Івана Серады, заняўшы пасаду народнага сакратара фінансаў. 28 жніўня 1918 года быў дэлегаваны ў Кіеў атрымаць рэшту грошай з украінскай дзяржаўнай пазыкі ўраду БНР. У выніку расколу Беларускай сацыялістычнай грамады ўвайшоў у Беларускую партыю сацыялістаў-федэралістаў, сябра яе ЦК. 22 лістапада зацверджаны як міністр без партфеля ва ўрадзе Антона Луцкевіча (Рада Народных Міністраў БНР), выконваў абавязкі кіраўніка фінансамі[3][4], пазней стаў намеснікам старшыні[5].

У снежні 1918 года праз наступ бальшавікоў на Менск разам з урадам БНР пераязджае ў Вільню. Прыехаў у Гродна ў сярэдзіне снежня 1918 года. 15—16 снежня 1918 года ў якасці ганаровага госця прысутнічаў на Гродзенскім беларускім сялянскім з’ездзе. Выконваў абавязкі кіраўніка канцылярыі Міністэрства беларускіх спраў Літвы. Сябра Гродзенскага Беларускага нацыянальнага камітэта (БНК) і клуба «Беларуская хатка». У снежні 1918 года ўдзельнічаў у перамовах БНК з Гродзенскай управай. 30 снежня 1918 года разам з Пятром Крэчэўскім сустракаўся з камандаваннем нямецкай 10 арміі па пытанні аб перадачы зброі беларускай міліцыі. Будучы ў Гродне падаў разам з Антонам Луцкевічам некалькі нот пратэсту ад імя ўраду БНР супраць захопу беларускіх зямель Польшчай.

 
Кіраўнікі беларускіх прадстаўніцтваў і місій у еўрапейскіх краінах. Сядзяць (злева направа): Яўген Ладноў, Васіль Захарка, Пётра Крачэўскі, Леанард Заяц; стаяць: Лявон Вітан-Дубейкаўскі, Янка Чарапук, Яўхім Бялевіч. Кастрычнік 1919 г. (БДАМЛіМ).

29 студзеня 1919 года выехаў ва Украіну, куды паехаў да Аркадзя Смоліча ў справе атрымання крэдыту ад ураду УНР[2]. Разам з Смолічам і Аляксандрам Цвікевічам выехаў у Германію, у сакавіку быў у Берліне. Зноў прыехаў у Гродна 17 сакавіка 1919 года з Берліна разам з Ю.Камарынцам. У гэты ж дзень удзельнічаў у святочнай вячэры ў беларускім клубе. Прысутнічаў на пасяджаннях ураду БНР у Гродне 18 і 21 сакавіка. Выступіў 25 сакавіка 1919 года на развітальнай вячэры, прысвечанай ад’езду Язэпа Варонкі з Гродна. Як прадстаўнік ураду БНР удзельнічаў у адкрыцці І-га беларускага настаўніцкага з’езда Гродзеншчыны 26 сакавіка. 5 красавіка Васіль Захарка ад імя Рады міністраў БНР апратэставаў заяву Кастуся Цвіркі-Гадыцкага аб далучэнні Беларусі да Польшчы. 7 красавіка Захарка звярнуўся да нямецкага крэйзгаўптмана Гродна з заявай лічыць справу арыштаванага напярэдадні ў горадзе Цвіркі-Гадыцкага беларускай «унутранай дзяржаўнай справай». Выехаў з Гродна ў Берлін у пачатку красавіка 1919 года. 22 траўня 1919 года звярнуўся да ўраду БНР з просьбай «звольніць яго ад абавязкаў кіравання грашовымі справамі з прычыны нездароўя», 25 траўня быў вызвалены ад загадвання міністэрствам фінансаў, але з таго часу, калі гэту пасаду прыме новая асоба[2], у той жа дзень атрымаў прызначэнне на пасаду часовага намесніка старшыні Рады міністраў БНР. У чэрвені 1919 года — у Коўне. З канца таго ж месяца быў зноў у Берліне, дзе фактычна выконваў абавязкі кіраўніка беларускага ўраду праз паездку Антона Луцкевіча на Парыжскую мірную канферэнцыю[2]. У канцы лета 1919 года ў Берлін прыехаў Язэп Варонка, на той час Міністр беларускіх спраў Літвы, у час прыезду Захарка азнаёміў яго з таемнай дыпламатычнай перапіскай БНР. 3 кастрычніка Антон Луцкевіч звольніў Захарку з пасады часовага намесніка старшыні ўраду. Захарка заставаўся загадчыкам фінансаў (скарбнікам) БНР і в. а. міністра фінансаў.

 
Сустрэча прадстаўнікоў замежных прадстаўніцтваў БНР у Берліне, напярэдадні выезду беларускіх прадстаўнікоў у Парыж на Мірную канферэнцыю. Лістапад 1919 г. Злева направа — Прадстаўнік БНР у Варшаве Л. Дубейкаўскі, прадстаўнік БНР у ковенскай Літве і адначасова сакратар Рады БНР П. Крэчэўскі, выконваючы абавязкі міністра фінансаў БНР В.Захарка, шэф Берлінскай місіі ў Берліне і адначасова дзяржаўны кантралёр БНР Л.Заяц, міністр абароны і выконваючы абавязкі старшыні Беларускай місіі ў Парыжы Я.Ладноў, сябра Парыжскай місіі БНР і адначасова сябра Рады БНР Я. Бялевіч, сябра Рады БНР і адначасова прызначаны прадстаўніком БНР у Латвіі Я.Чарапук.

1 снежня 1919 года Васіль Захарка з Пятром Крачэўскім і Яфімам Бялевічам прыехалі ў Менск, на той час заняты палякамі. Захарка браў удзел у пасяджэннях Рады Міністраў БНР. 13 снежня 1919 года адбыўся раскол Рады БНР у пытанні стаўлення да палякаў, утварылася Найвышэйшая рада БНР (пацвердзіла паўнамоцтвы Антона Луцкевіча. Васіль Захарка разам з Палутай Бадуновай быў абраны намеснікам старшыні Народнай рады БНР (неафіцыйная назва, працягвала называцца проста Рада БНР) на чале з Пятром Крачэўскім. На пасяджэнні ўраду Антона Луцкевіча 15 лістапада 1919 года быў адхілены ад пасады міністра, сам Захарка заявіў што не лічыць урад Луцкевіча правамоцным і што «грошы, кнігі і рахунковасць, якія знаходзяцца ў яго руках, ён кабінету Луцкевіча не выдасць». Аркадзю Смолічу было даручана распачаць супраць яго судовы працэс.

Эміграцыя

правіць

У канцы 1919 года ў Менску хаваўся ад арышту польскімі ўладамі. На пачатак 1920 года — зноў у Берліне, у лютым 1920 года — у Празе. У канцы траўня 1920 года ў Рызе браў удзел у працы арганізацыйнага бюро дзеля склікання Дзяржаўнай нарады ў Рызе і ў нарадах 30—31 траўня Прэзідыума Рады і Рады Народных Міністраў БНР Вацлава Ластоўскага.

З 24 чэрвеня па 12 верасня 1920 года быў у Маскве як старшыня Надзвычайнай дыпламатычнай місіі БНР[6]. У канцы 1920 — пачатку 1921 гадоў — у Рызе, з 1921 года з урадам БНР — у Коўне. Намеснік старшыні 1-й Усебеларускай канферэнцыі ў Празе ў верасні 1921 года. Калі на Генуэзскай канфэрэнцыі ў траўні 1922 года Ластоўскі і Цвікевіч прызналі права Літвы на Вільню, Захарка, як і Крачэўскі, выказаўся за адстаўку Ластоўскага з пасады прэм’ера. Як адзначае гісторык Анатоль Сідарэвіч, да лета 1923 года Крачэўскі і Захарка ўдвох па сутнасці ўзялі на сябе паўнамоцтвы Прэзідыума Рады БНР[2].

З 23 жніўня 1923 года — міністр фінансаў ва ўрадзе Аляксандра Цвікевіча. 1 лістапада 1923 года выехаў у Прагу (Чэхаславакія), пасля таго як у верасні пастанавіў перанесці туды дзяржаўна-нацыянальны цэнтр. 12 — 16 кастрычніка 1925 года ў Берліне прайшла 2-я Усебеларуская канферэнцыя, на якой Захарка падпісаў пастанову Урада БНР, які абвяшчаў сябе «зліквідаваным і спыніўшым сваю дзейнасць»[2]. Другую пастанову, «спыніць існаванне Ўраду БНР і прызнаць Менск адзіным цэнтрам нацыянальна-дзяржаўнага адраджэння Беларусі» Захарка не падпісаў. Застаўся ў Празе разам з Пятром Крачэўскім, захоўваў традыцыі БНР.

12 снежня 1925 года абраны старшынём таварыства «Беларуская рада» ў Празе. Намеснік старшыні Рады БНР. Па смерці Пятра Крачэўскага, з 8 сакавіка 1928 і да 6 сакавіка 1943 года старышня (прэзідэнт) Рады БНР.

 
Магіла Васіля Захаркі на Альшанскіх могілках у Празе

Збіраў архіў БНР, далучыў да гэтай справы Ларысу Геніюш. Супрацоўнічаў з расійскай і ўкраінскай эміграцыяй. Праводзіў актыўную кампанію зваротаў і петыцыяў у Лігу Нацый і іншыя міжнародныя органы ад імя БНР. Аўтар прац «Галоўныя моманты беларускага руху» (1926)[7], «Беларусь — роль і значэнне на ўсходзе Еўропы» (не апублікавана)[8]. Перад сваёй смерцю, 6 сакавіка 1943 года, сваім тастаментам перадаў часовыя паўнамоцтвы старшыні Рады БНР Міколу Абрамчыку, архіў перадаў Абрамчыку і Ларысе Геніюш.

Памёр ад працяглай хваробы на туберкулёз. Пахаваны ў Празе на Ольшанскіх могілках.

Сям’я

правіць

Быў жанаты з Пелагеяй (Палінай) Іванаўнай Захарка (1890—1937).

  • Memorandum des Finanzministers der Weißruthenischen Volksrepublik. — Berlin, 1919. — 20 с.
  • Краткий исторический очерк Белоруссии. — [б.д.]. — 5 с. [9]
  • Памятная записка: Великое княжество Белорусско-Литовское. — Прага, 8 снежаня 1932. — 5 с. [10]
  • Галоўныя мамэнты Беларускага Руху. — [Прага, 1926]. — 91 с.[11]
  • Памяти П. Е. Кречевского // Белорусская трибуна [Чикаго]. — 1928. — № 2. — 20 октября. — С.
  • Дзве культуры і дзве экспансіі // Іскры Скарыны. — 1934. — № 4. — С.
  • На шляху беларускіх старадаўнасцяў // Іскры Скарыны. — 1935. — № 5. — С. 65—68.
  • Прамова Васіля Захаркі, праізнесеная на Акадэміі, у памяць 10 угодкаў сьмерці Петры Антонавіча Крэчэускага. — 14 с.[12]

Крыніцы

правіць
  1. BillionGraves — 2011.
  2. а б в г д е ё ж з Анатоль Сідарэвіч. Яны былі першыя. Васіль Захарка . Радыё Свабода (22 кастрычніка 2017). Праверана 21 верасня 2023.
  3. Архівы БНР 1998, с. 302.
  4. Архівы БНР 1998, с. 303.
  5. Міхалюк Д. 2015, с. 290.
  6. Дыпляматычная місія БНР у Маскву ўлетку 1920 г. – Рада Беларускай Народнай Рэспублікі  (24 чэрвеня 2017). Праверана 22 верасня 2023.
  7. Часткова апублікавана ў кнізе: Byelorussian statehood: Reader and bibliography. New York, 1988., цалкам ў Запісах БІНІМ, № 24 (1999). С. 1-37.
  8. ЭГБ 1996, с. 417.
  9. Аўтарызаваны машынапіс, захоўваецца ў Дзяржаўным архіве Расійскай Федэрацыі, Ф. Р5910, воп. 1, спр. 447, арк. 1—5; дублікат без подпісу: там жа, Ф. Р5875, воп. 1, спр. 19, арк. 91—95.
  10. Аўтарызаваны машынапіс, захоўваецца ў Дзяржаўным архіве Расійскай Федэрацыі, Ф. Р5875, воп. 1, спр. 19, арк. 7—10 аб.
  11. Манускрыпт. Захоўваецца ў Беларускай бібліятэкі імя Ф. Скарыны ў Лондане (Вялікабрытанія).
  12. Два машынапісы, захоўваюцца ў Дзяржаўным архіве Расійскай Федэрацыі, Ф. Р5875, воп. 1, спр. 17, арк. 20—34; там жа, арк. 43—57 (дублікат з аўтарскай праўкай).

Літаратура

правіць
  • Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі. Том 1. Кніга 1 / Сяргей Шупа. — Беларускі інстытут навукі й мастацтва. Таварыства беларускага пісьменства. Наша Ніва, 1998. — ISBN 9986-9219-2-9.
  • Геніюш, Л. Споведзь. — Мн., 1993.
  • Глагоўская, Г. Васіль Захарка — другі Прэзідэнт БНР // Спадчына. — 1994. — № 1. — С.
  • Лена Глагоўская. Захарка Васіль Іванавіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1996. — С. 416—417. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2.
  • Захарка Васіль. Галоўныя момэнты беларускага руху (урывак) // на pawet.net
  • Езавітаў, К. Васіль Захарка — змагар за беларускую дзяржаўнасьць.. Успаміны // Раніца. — 1943. — № 38 (150). — С.
  • Маракоў, Л. У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік: У 10 т. Т. 1. — Мн., 2003. — ISBN 985-6374-04-9
  • Міхалюк Д. Беларуская Народная Рэспубліка 1918 — 1920 гг.: ля вытокаў беларускай дзяржаўнасці / навук. рэд. Станіслаў Рудовіч; пераклад з польскай мовы Алесь Пілецкі. — Смаленск: Інбелкульт, 2015. — 496 с. — 1 000 экз. — ISBN 978-5-00076-016-1.