Васіль Нарымонтавіч

князь пінскі

Васіль Нарымонтавіч (? — 1390) — князь пінскі (1348—1390)

Васіль Нарымонтавіч
Род дзейнасці арыстакрат
Дата смерці 1390
Месца смерці
Бацька Нарымонт
Жонка Юліянія[d]

Сын пінскага кн. Нарымонта Гедзімінавіча. Упершыню згаданы пад 1355 годам, але ў дакуменце 1586 года з «выпісам» ранейшай фундацыйнай граматы царквы Раства Божай Маці ў Куранцы ад «пана Василия Михаловича Нарымунта, князя пинского, пана мстиславского, подъ литомъ нароженья Сына Божого тысеча триста петьдесятъ пятого, индикта девятого»[1]. Праз такую згадку Ю. Вольф падаў у сваёй працы кн. Васіля Нарымонтавіча сынам кн. Міхаіла Нарымонтавіча і ўнукам кн. Нарымонта. Такой думкі трымаўся і Ю. Пузына. Пры гэтым кн. Міхаіл Нарымонтавіч з крыніц не вядомы. Пазней, А. Белы, у рэчышчы гіпотэзы паходжання друцкіх князёў з Гедзімінавічаў, выказаў думку тоеснасці пінскага кн. Васіля Нарымонтавіча і друцкага кн. Васіля Міхайлавіча, адпаведна, і кн. Міхаіла Нарымонтавіча з друцкім кн. Міхаілам, згаданым пад 1330 годам[2].

Пазней Ю. Вольфу пярэчыў Я. Тэнгоўскі, ён адзначыў неадпаведнасць індыкта году, трапленне Мсціслава пад уладу Літвы толькі ў 1359 годзе, анахранічнасць тэрміналогіі, т.б. на яго думку кн. Васіль Нарымонтавіч у 1355 годзе не мог звацца ні «панам», ні «мсціслаўскім». Наогул Я. Тэнгоўскі лічыў «выпіс» з 1355 года фальсіфікатам, фундатарам куранецкай царквы мсціслаўскага кн. Васіля Міхайлавіча Заслаўскага, а кн. Васіля Нарымонтавіча сынам кн. Нарымонта, а не ўнукам, але пры гэтым не тоесным пінскаму кн. Васілю[3]. Аднак, В. Варонін заўважыў, калі адлічваць індыкты не па студзеньскай сістэме, прынятай у каталіцкім свеце, а па вераснёўскай, прынятай на праваслаўных землях, то 9 індыкт і праўда прыпадае на 1.9.1355-31.8.1356 гадоў, але і ён лічыць «выпіс» у цэлым падазроным, у т.л. праз тэрміналогію, спрабуючы тлумачыць гэта шматкротным перапісваннем тэксту сярэдзіны XIV ст., што сказіла яго, а таксама паказаць трапленне Мсціслава пад уладу Гедзімінавічаў раней за 1359 год[1]. А. Груша лічыць, што калі «выпіс» і не фальсіфікат, то яўна скажоны і, магчыма, там змяшаны у адно імёны некалькіх фундатараў, праз што кн. Васіль Нарымонтавіч і атрымаў дадатковае імя па бацьку — Міхайлавіч, а кн. Міхаіл Нарымонтавіч, такім чынам, асоба створаная разважаннямі Ю. Вольфа[4]. З меркаваннем Я. Тэнгоўскага, што кн. Васіль Нарымонтавіч не ўнук, а сын кн. Нарымонта, згодны і Я. Нікодэм[5]. Наконт тоеснасці пінскага кн. Васіля Нарымонтавіча з друцкім кн. Васілём Міхайлавічам, В. Варонін заўважыў, што нават калі кн. Васіль Нарымонтавіч і быў Міхайлавічам, і жыў тым самым часам, і быў таксама прыхільны культу Багародзіцы, але займаў іншыя пазіцыі — быў прыхільнікам вял.кн. і кар. Ягайлы, а друцкі кн. Васіль Міхайлавіч быў прыхільнікам полацкага кн. Андрэя Альгердавіча[1].

Наступным разам «Васіль князь Пінскі» (Wassily dux Penen) згаданы 27 кастрычніка 1386 года, калі ў Луцку прысягнуў на вернасць польскім кар. Уладзіславу Ягайлу і кар. Ядвізе. Паводле М. Стрыйкоўскага, «Нарымонт Васіль Пінскі» браў удзел у вясельных урачыстасцях у Кракаве ў 1386 годзе. Князь «Васіль з Пінска» (Wassilio de Pinsko) 11 жніўня 1387 года разам з кн. Вітаўтам і іншымі даў галіцкаму ваяводу Бенедыкту грамату пра добразызлівасць і дапамогу.[6]

Праз меркаванне Ю. Вольфа, з пінскім кн. Васілём Нарымонтавічам атаясняюць нейкага кн. Васіля Міхайлавіча, другога сярод паручыцеляў за Грыдку Канстанцінавіча перад вял.кн. Скіргайлам у грамаце 1390—1392 гадоў. Цяпер, з-за сумненеўнасці такога атаяснення, прапануюць іншыя варыянты, яшчэ Я. Тэнгоўскі не выключаў, калі выбіраць толькі сярод Гедзімінавічаў, што гэта мог быць сын кн. Міхаіла Яўнутавіча або кн. Міхаіла Карыята[7]. Пазней А. В. Кузьмін прапанаваў атаясненне з друцкім кн. Васілём Міхайлавічам[8].

Таксама захавалася недатаваная менавая грамата, якую «князь Васіль Нарымонтавіч», не тытулаваны пінскім, але відавочна як уладарны князь, даў Паўлу Катовічу на землі ў Пінскім княстве. На думку А. Грушы, менавую грамату трэба датаваць 1390 годам, самым канцом жыцця кн. Васіля Нарымонтавіча, па-першае, бо грамата выданая ад імя кн. Васіля зацверджана ўжо яго сынам, кн. Фядушкам, па-другое, бо планаваны «двор» на абменяных землях напэўна так і не быў пабудаваны. У свой час Я. Тэнгоўскі ведаў пра гэтую грамату, але толькі ў «выпісе» з «Рэвізіі пушч і пераходаў звярыных» ад 1559 года ў выданні XIX ст., напэўна, лічыў яе такім самым фальсіфікатам як «выпіс» 1586 года з фундацыі куранецкай царкве і за крыніцу не разглядаў, таму яна не згадана ў яго працы, а кн. Фядушка не пададзены сярод нашчадкаў кн. Нарымонта. Аднак, грамата захавалася ў арыгінале, які быў даследаваны і апублікаваны ў 2010 годзе А. Грушам. Гэта адзіная крыніца, дзе пінскі князь Васіль называецца з імем па бацьку — Нарымонтавічам, прытым выданая ім самім, і, такім чынам, пацвярджае рацыю Я. Тэнгоўскага.[9]

На думку Ю. Вольфа, кн. Васіль Нарымонтавіч памёр у канцы XIV ст. Пазней Ю. Пузына, уда­кладніў дату — 1390 год, ён прыйшоў да высновы, што забіты на загад кн. Вітаўта, паводле Я. Длугаша і М. Стрыйкоўскага, «князь Нарымунд» тоесны кн. Васілю Нарымонтавічу. Паводле Я. Длугаша, «князь Нарымунд» кіраваў абаронай віленскіх замкаў ад кн. Вітаўта з немцамі і трапіў у палон, тады Вітаўт раззлаваны нейкай «падступнасцю» кн. «Нарымунда» загадаў павесіць яго за ногі на возе і расстраляць з лукаў.[10]

Паводле Я. Длугаша, жонкай кн. «Васіля Нарымота» была кн. Ульяна — родная сястра Ганны, жонкі кн. Вітаўта, т.б. таксама дачка смаленскага кн. Святаслава Іванавіча. Напэўна, шлюб з Ульянай быў не першым, сама яна перад тым была жонкай баярына Бутрымам (пам. 1382), сваяка вял.кн. Біруты, а пасля яго казні выйшла за кн. Васіля Нарымонтавіча, пасля і яго казні, трэцім шлюбам — за ўплывовага баярына Манівіда Кайлікінавіча[11].

Меў прынамсі аднаго сына -- кн. Фядушку, пэўна, ад папярэдняга шлюбу, бо да 1390 года быў поўнагадовым і меў уласную пячатку.[12]

Зноскі

  1. 1,0 1,1 1,2 Варонін В. Друцкія князі XIV стагоддзя… С. 14-16.
  2. Белы А. Нарымонтавічы // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. — Т. 5. — Мінск, 1999. — С. 297—298.
  3. Tęgowski J. Pierwsze pokolenia Giedyminowiczów. — Poznań—Wrocław, 1999. — S. 26.
  4. Груша А. І. Мяноўная грамата… С. 6-7; С. 7, заўв. 1.
  5. Nikodem J. Narymunt Giedyminowicz i jego uposazenie // Scriptura custos memoriae. Prace historyczne. — Poznań, 2001. — S. 622.
  6. Груша А. І. Мяноўная грамата… С. 7-8.
  7. Груша А. І. Мяноўная грамата… С. 8, заўв. 1.
  8. Кузьмин А. В. Опыт комментария… (окончание). — С. 58.
  9. Груша А. І. Мяноўная грамата… С. 24.
  10. Груша А. І. Мяноўная грамата… С. 20.
  11. Ліцкевіч А. У. Комплекс звестак «Летапісца вялікіх княёў літоўскіх» пра нобіля Вайдылу: да праблемы верагоднасці і кантэксту // Studia Historica Europae Orientalis = Исследования по истории И87 Восточной Европы : науч. сб. Вып. 6. — Минск : РИВШ, 2013. — 314 с. — С. 155.
  12. Груша А. І. Мяноўная грамата… С. 25.

ЛітаратураПравіць

  • Варонін В. Друцкія князі XIV стагоддзя // БГА. — Том 9, Сшытак 1-2 (16-17), снежань 2002.
  • Груша А. І. Мяноўная грамата князя Васіля Нарымонтавіча і фарміраванне пісьмовай культуры ў прававой сферы Вялікага княства Літоўскага ў апошняй трэці XIV — першай трэці XV ст. — Мінск, 2010. — 96 с.
  • Кузьмин А. В. Опыт комментария к актам Полоцкой земли второй половины XIII-начала XV в. (окончание) // Древняя Русь. Вопросы медиевистики. 4/2007(40). — С. 50-68.