Васіль Станіслававіч Мацюшэўскі

Васіль Станіслававіч Мацюшэўскі (руск.: Василий Станиславович Матюшевский, 26 сакавіка 1969, Орша, Віцебская вобласць, БССР, СССР) — беларускі фінансіст, банкір і дзяржаўны дзеяч. Кандыдат эканамічных навук (1995). Першы намеснік Прэм’ер-міністра Беларусі (2014—2018).

Васіль Мацюшэўскі
Першы намеснік прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь
27 снежня 2014 — 18 жніўня 2018
Прэзідэнт Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка
Кіраўнік урада Андрэй Уладзіміравіч Кабякоў
Папярэднік Уладзімір Ільіч Сямашка
Пераемнік Аляксандр Генрыхавіч Турчын
Нараджэнне 26 сакавіка 1969(1969-03-26) (55 гадоў)
Жонка Алена Леанідаўна Давыдзенка
Партыя беспартыйны
Адукацыя
Навуковая ступень кандыдат эканамічных навук

Сям’я

правіць

Нарадзіўся 26 сакавіка 1969 года ў Оршы ў сям’і Станіслава Мацюшэўскага і яго жонкі Марыі Дзмітрыеўны. Сям’я жыла на ўскраіне Оршы ў прыватным доме і трымала ў сваёй падсобнай гаспадарцы кур і свіней.

Бацька — Станіслаў Мацюшэўскі — узначальваў транспартную спецбазу. Дзед Васіля Мацюшэўскага па мужчынскай лініі паходзіў з Круглянскага раёна і насіў прозвішча не «Мацюшэўскі», а «Бяззубік», і пасля шлюбу ўзяў прозвішча сваёй жонкі «Мацюшэўскі»[1].

Маці — Марыя Дзмітрыеўна Мацюшэўская — паходзіць з Аршанскага раёна і да пенсіі працавала на заводзе сілікатных вырабаў[1].

У Васіля Мацюшэўскага ёсць сястра, якая па прафесіі медык і жыве ў Петрапаўлаўску-Камчацкім (Расійская Федэрацыя)[1].

Падчас вучобы ў Мінску ва ўніверсітэце Васіль Мацюшэўскі ажаніўся з Аленай Леанідаўнай Давыдзенка, якая была дачкой доктара эканамічных навук Леаніда Давыдзенкі і вучылася на курс маладзей. Леанід Давыдзенка пачынаў працаваць выкладчыкам эканамічнай тэорыі ў БДУ, пазней стаў прарэктарам БДУ, а ў канцы 1990-х гадоў быў галоўным саветнікам у прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Сяргея Лінга. Цяпер Леанід Давыдзенка працуе загадчыкам кафедрай эканомікі ў БДПУ імя Максіма Танка[1].

У першыя гады пасля вяселля Алена Леанідаўна ўказвалася ў дакументах як «Мацюшэўская», але пасля зноў пачала пісацца як «Давыдзенка» і ў цяперашні момант працуе выкладчыкам на факультэце міждародных адносін БДУ. Кандыдацкая дысертацыя Алены была прысвечана эфектыўнасці знешнеэканамічнай дзейнасці Беларусі на прыкладзе сувязей з Расіяй. Некалькі год таму Алена Давыдзенка стала доктарам эканамічных навук, абараніўшы дысертацыю на тэму «Знешнегандлёвая палітыка краін з малой адкрытай эканомікай ва ўмовах лібералізацыі міжнароднай гандлёвай сістэмы»[1].

Ад Алены Давыдзенкі ў Васіля Мацюшэўскага ёсць сын Ян Васілевіч Мацюшэўскі, які ў 2015 годзе скончыў навучанне ў БДУ і плануе стаць фінансістам[1].

Адукацыя

правіць

У 1986 годзе скончыў срэднюю школу № 3 г. Орша з «залатым медалём». Хацеў пасля школы ісці вучыцца на ваеннага афіцэра, але вырашыў ісці вучыцца на эканаміста ў Мінск, дзе яму як медалісту трэба было толькі прайсці іспыты па дысцыпліне «грамадазнаўства».

У 1991 годзе скончыў эканамічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Палітычная эканомія»[2]. У студэнцкія гады кожны год ездзіў летам у студэнцкія будаўнічыя атрады, каб зарабіць грошы.

У 1994 годзе скончыў аспірантуру Інстытута эканомікі Акадэміі навук Беларусі, у 1995 годзе абаранініў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Канцэптуальныя асновы фарміравання знешнеэканамічнай палітыкі Беларусі» і атрымаў навуковую ступень кандыдата эканамічных навук[2].

У 2012 годзе скончыў Лонданскую школу бізнесу, навучанне ў якой аплаціў банк «БПС-Сбербанк», главой якога ў тыя гады Мацюшэўскі і з’яўляўся. На высокім узроўні валодае англійскай мовай[1].

Працоўная дзейнасць

правіць

Пасля сканчэння ўніверсітэта некалькі месяцаў працаваў у 1991—1992 гг. начальнікам аддзела навукова-вытворчага прадпрыемства «Фенікс» (г. Мінск), а пасля — некалькі месяцаў — навуковым супрацоўнікам Навукова-даследчага эканамічнага інстытута Дзяржэканомплана БССР.

З 1992 года працаваў у аддзеле міжнародных эканамічных адносін Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь і адначасова вучыўся ў аспірантуры Інстытута эканомікі Акадэміі навук Беларусі. З 1992 да 1994 г. — аташэ, трэці сакратар Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь.

З 1994 да 1997 г. — галоўны эканаміст, начальнік аддзела, намеснік начальніка ўпраўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь.

З 1997 да 1998 г. — эканамічны саветнік Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь.

З 1998 да 2010 г. — дырэктар дэпартамента, намеснік Старшыні Праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь: курыраваў пытанні кіравання золатавалютнымі рэзервамі, прыцягнення замежных інвестыцый у банкаўскую сістэму Беларусі, аператыўнага кіравання курсам беларускай нацыянальнай валюты, аперацыі Нацбанка на адкрытым рынку; адказваў за міжнародную дзейнасць, у тым ліку супрацоўніцтва з Міжнародным валютным фондам.

Пасля дэвальвацыі беларускага рубля ў 2009 г., перайшоў у 2010 г. з дзяржаўнай службы на працу ў камерцыйны банк. З 2010 да 2011 г. з’яўляўся генеральным дырэктарам, старшынёй праўлення ААТ «БПС-Банк». З 2011 да 2014 г. — старшыня праўлення ААТ «БПБ-Ашчадбанк» (таго ж банка, але з новай назвай з 2011 г.).

27 снежня 2014 года прызначаны Першым намеснікам Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь.

16 кастрычніка 2015 г. пастановай Савета Міністраў № 870 у складзе Урада склаў свае паўнамоцтвы перад нававыбраным Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь[3].

18 жніўня 2018 г. вызвалены ад пасады Намесніка Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь[4].

З 22 кастрычніка 2018 г. узначаліў ААТ «Белзнешэканомбанк»[5].

Васіль Мацюшэўскі з’яўляецца ганаровым консулам Амана ў Рэспубліцы Беларусь[6].

Маёмасць

правіць

Пасля прызначэння на пасаду першага намесніка старшыні Нацыянальнага банка Беларусі Васіль Мацюшэўскі (як да таго часу і іншыя намеснікі старшыні Нацыянальнага Банку Беларусі Пятра Пракаповіча) атрымаў у Мінску пляц зямлі ў 0,11 га паблізу вадасховішча Дразды ў т. зв. «пасёлку банкіраў», дзе пабудаваў катэдж[2].

Узнагароды

правіць
  • медаль «За ўклад у стварэнне Еўразійскага эканамічнага саюза» I ступені (2015)[7].

Зноскі

  1. а б в г д е ё Топ-менеджар з еўрапейскай адукацыяй: гісторыя жыцця першага віцэ-прэм'ера Васіля Мацюшэўскага. Наша Ніва.
  2. а б в Першы віцэ-прэм'ер Васіль Мацюшэўскі цяпер і 15 гадоў таму ФОТАФАКТ. Наша Ніва.
  3. Пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 870 «Аб складанні паўнамоцтваў Урада Рэспублікі Беларусь» (руск.)(недаступная спасылка) (16 кастрычніка 2015). Архівавана з першакрыніцы 4 сакавіка 2016. Праверана 17 кастрычніка 2015.
  4. Прэзідэнт змяніў кіраўніцтва ўрада
  5. Мацюшэўскі зацверджаны кіраўніком Банка БелВЭБ. Наша Ніва (17 кастрычніка 2018).
  6. Дыпламатычны даведнік. Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь (3 лютага 2024).
  7. Решение Высшего Евразийского Экономического Совета от 8 мая 2015 года № 4 «О награждении медалью „За вклад в создание Евразийского экономического союза“» Архівавана 25 лютага 2021.

Спасылкі

правіць