Вацлаў Іваноўскі
Вацлаў Леанардавіч Іваноўскі (7 чэрвеня (25 мая) 1880, фальв. Лябёдка, цяпер у межах в. Галавічполе, Шчучынскі раён — 7 снежня 1943, Менск; Псеўданімы: Вацюк Тройца, Браты Далецкія) — беларускі палітычны і грамадскі дзеяч, доктар тэхнічных навук.
Вацлаў Іваноўскі | |||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|
| |||||||
|
|||||||
|
|||||||
Папярэднік | Вітаўт Тумаш | ||||||
Пераемнік | Анатоль Комар | ||||||
Нараджэнне |
25 мая 1880 |
||||||
Смерць |
7 снежня 1943 (63 гады) |
||||||
Месца пахавання | |||||||
Род | Іваноўскія | ||||||
Імя пры нараджэнні | польск.: Wacław Iwanowski | ||||||
Бацька | Леанард Іваноўскі | ||||||
Маці | Ядвіга з Райхеляў[d] | ||||||
Жонка | Сабіна Іваноўская | ||||||
Дзеці | Стэфан Іваноўскі[d], Вацлаў Іваноўскі[d] і Ганна Іваноўская-Карнэцкая[d] | ||||||
Нацыянальнасць | беларус | ||||||
Партыя | |||||||
Член у |
|
||||||
Адукацыя | |||||||
Навуковая ступень | доктар тэхнічных навук | ||||||
Месца працы | |||||||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Біяграфія
правіцьВацлаў Іваноўскі нарадзіўся ў 1880 годзе ў сям’і Леанарда Іваноўскага, уладальніка фальварку Лябёдка Лідскага павета Віленскай губерні, і Ядвігі з Райхеляў. Меў братоў Юры, Тадэвуша, Станіслава і сястру Алену.
Скончыў у 1904 годзе Санкт-Пецярбургскі тэхналагічны інстытут. З 1904 па 1913 займаўся навуковай і выкладчыцкай работай у Санкт-Пецярбургу. Заснавальнік Беларускай рэвалюцыйнай партыі (1902). Пасля яе расколу ў 1903 годзе ўзначаліў Круг беларускай народнай прасветы і культуры. Займаўся выдавецкай дзейнасцю, зрабіў апрацоўку першага буквара сучаснай беларускай мовы.
У пачатку 1905 года пасля заканчэння практыкі ён атрымлівае працу ў лабараторыі харчовых прадуктаў Пецярбургскага тэхналагічнага інстытута і пачынае доследы над вырошчваннем цукровых буракоў у Віленскай губерні. Тады ж бярэ шлюб з Сабінай Ячыноўскай, урачыстасць спраўлялі 10 студзеня 1905 года ў рымска-каталіцкім касцёле ў Шаўлях, дзе нарадзілася нявеста.
У 1904-05 член ЦК Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ). Адыграў важную ролю ў арганізацыі прапагандысцкай работы БСГ, заснаванні партыйнай друкарні ў Мінску і выдавецтва «Грамада» ў Пецярбургу. На пачатку 1906 ўзначаліў створанае ім у Пецярбургу першае беларускае выдавецтва — суполку «Загляне сонца і ў наша аконца». Адначасова супрацоўнічаў з газетай «Наша доля» і «Наша ніва» (псеўданім Вацюк Тройца).
У 1913—1915 Вацлаў Іваноўскі жыў у Вільні, працаваў у Віленскім таварыстве сельскай гаспадаркі, кіраваў Беларускім выдавецкім таварыствам, садзейнічаў заснаванню беларускай кнігарні В.Ластоўскага. Уваходзіў у кола тых дзеячоў беларускага нацыянальна-дэмакратычнага руху, якія ўключыліся ў склад ліберальна-дэмакратычнай плыні руху краёўцаў[1]. У сакавіку-верасні 1915 старшыня Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны.
У канцы 1915 адышоў ад палітычнай дзейнасці і жыў у Расіі. У акупаванай немцамі Вільні ён пакінуў сям’ю: жонку Сабіну з трыма дзецьмі — Сцяпанам, Вацлавам і малюткай Ганнай, якой тады было толькі пару месяцаў. Неўзабаве яны пераехалі ў сямейны маёнтак Лябёдку.
Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі ўключыўся ў палітычную дзейнасць, удзельнічаў ва Усебеларускім з’ездзе (1917) у Мінску. Вырашэнне пытання беларускай дзяржаўнасці звязваў з нацыянальнай праграмай бальшавікоў. У Беларускі нацыянальны камітэт пад старшынствам Р. Скірмунта абраны завочна.
У 1918 В. Іваноўскі стаў міністрам асветы ва ўрадзе Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР), які ўзначальваў А.Луцкевіч. У снежні 1918, пасля адступлення нямецкіх войск, застаўся ў Мінску разам з Я.Лёсікам, А.Уласавым і некаторымі іншымі членамі Рады БНР, спадзеючыся на стварэнне кааліцыйнага ўрада БССР з удзелам камуністаў і сацыял-дэмакратаў. У траўні 1919 арыштаваны савецкімі ўладамі і інтэрніраваны ў горад Смаленск.
Пасля вызвалення В.Іваноўскі адмовіўся выехаць у Польшчу, вярнуўся ў Мінск, дзе працаваў загадчыкам літаратурна-выдавецкага аддзела Мінскага губернскага камісарыята асветы Літоўска-Беларускай ССР.
Восенню 1919, пераканаўшыся ў памылковасці арыентацыі на Савецкую Расію, В.Іваноўскі пачаў супрацоўнічаць з польскай адміністрацыяй, увайшоў у Часовы беларускі нацыянальны камітэт у Мінску. У лютым-сакавіку 1920 як упаўнаважаны Найвышэйшай рады БНР удзельнічаў у беларуска-польскіх перагаворах, імкнуўся прадухіліць падзел Беларусі, выступаў за стварэнне федэрацыі Польшчы і Беларусі. Адначасова займаўся пашырэннем сеткі беларускіх школ на Міншчыне, кіраваў Мінскім беларускім педагагічным інстытутам, арганізаваў выпуск літаратурнага штотыднёвіка «Рунь».
У кастрычніку 1920 стаў дырэктарам дэпартамента гандлю ва ўрадзе Сярэдняй Літвы. У гэтым годзе Вацлаў Іваноўскі ўзяў шлюб з вільнянкай Лігіяй Федаровіч. Цырымонія адбылася ў мясцовай евангелічнай царкве. Сабіна з дзецьмі, тым часам, знаходзілася ў Вільні і працавала настаўніцай у гімназіі.
Падзел Беларусі ў выніку Рыжскага мірнага дагавора пазбавіў В. Іваноўскага надзеі на ажыццяўленне ідэі беларускай дзяржаўнасці. Ён адмовіўся ад палітычнай дзейнасці і вярнуўся да навуковай працы.
Увосені 1922 года Вацлаў Іваноўскі распачаў рэгулярную працу ў Варшаўскай політэхніцы як кіраўнік кафедры тэхналогіі ферментацыі харчовых прадуктаў. На гэтай пасадзе ён працаваў да верасня 1939 года, спачатку як выкладчык па кантракце, 4 ліпеня 1924 ён атрымаў званне надзвычайнага прафесара, а 1 верасня 1935 — звычайнага прафесара.
Пасля заваявання Польшчы нацысцкай Германіяй, восенню 1939 Вацлаў Іваноўскі ізноў апынуўся ў Вільні. З Лябёдкі прыбыла Сабіна з дзецьмі ды з сястрой Аленай Скіндэр. Яны баяліся, што як «эксплуататараў» іх рэпрэсуюць савецкія ўлады, і таму схаваліся за новай літоўскай мяжой. У студзені 1940 Тадэвуш Іваноўскі атрымаў кафедру заалогіі ў літоўскім Віленскім універсітэце і дапамог Вацлаву атрымаць кафедру хімічнай тэхналогіі, дзе той працаваў да чэрвеня 1941, г. зн. да германа-савецкай вайны; выкладаў ён па-літоўску.
У першыя месяцы нямецкай акупацыі Беларусі Вацлаў Іваноўскі кіраваў адноўленым Беларускім нацыянальным камітэтам у Вільні. У 1942 быў прызначаны нямецкімі акупацыйнымі ўладамі на пасаду бургамістра Менска. Перш чым выехаць з Вільні, даручыў сваёй дачцэ Ганне вывезці з Вільні ў Лябёдку дзвюх жанчын яўрэйскага паходжання — Эму Альтберг (1889—1983) і яе сястру Марыю Арнольд (1893—1995)[2]. У 1943 з’яўляўся старшынём Беларускай рады даверу пры генеральным камісары Беларусі Вільгельме Кубэ, адначасова быў намеснікам старшыні Беларускага навуковага таварыства, з 30.6.1943 ўзначальваў Беларускую народную самапомач. Падтрымліваў сувязь з прадстаўнікамі Арміі Краёвай.
Загінуў 7 снежня 1943 года ў выніку тэрарыстычнага замаху. Пахаваны на мінскіх Кальварыйскіх могілках.
Гібель
правіць6 снежня 1943 Вацлава Іваноўскага цяжка паранілі невядомыя на вуліцы. Ён быў прывезены ў шпіталь, але там пакінуты без лекарскай дапамогі[3] назаўтра памёр.
Раней замах на яго прыпісвалі шэфу мінскага СД Штраўху, або савецкім ці польскім партызанам, а выканаўцаў лічылі невядомымі. Гісторык Юры Туронак лічыць, што забойства было арганізавана — з ведама і згоды в.а. генеральнага камісара Беларусі Курта фон Готберга — Радаславам Астроўскім, які супернічаў за ўплыў з Іваноўскім[4]. Называюцца і прозвішчы выканаўцаў[3]. У некаторых крыніцах выканаўцам забойства названы М. Васьковіч, працаўнік Менскай гарадской управы і сябра Беларускага навуковага таварыства, які пасля ўцёк да савецкіх партызанаў[5].
Распаўсюджаная версія пра здзяйсненне замаху савецкімі партызанамі была прынятая, з розных прычын, як у пасляваеннай савецкай гістарыяграфіі, так і ў беларускім эмігранцкім асяродку, але, відаць, была створаная і пушчаная ў абарот Готбергам[4].
Навукова-даследчыцкая дзейнасць
правіцьЗ 1922 года Вацлаў Іваноўскі распачаў рэгулярную працу ў Варшаўскай політэхніцы як кіраўнік кафедры тэхналогіі ферментацыі харчовых прадуктаў. На гэтай пасадзе ён працаваў да верасня 1939, спачатку як выкладчык па кантракце, у 1924 ён атрымаў званне надзвычайнага прафесара, а ў 1935 — звычайнага прафесара. Тэматыка навуковых доследаў, якія ён праводзіў і якімі кіраваў, супадала з найважнейшымі патрэбамі тагачаснай польскай гаспадаркі, сярод іх на першым месцы стаялі разнастайныя тэхналагічныя аспекты харчовай прамысловасці.
Праблемны аспект тэхналогіі харчовай прамысловасці адлюстроўваюць працы Вацлава Іваноўскага, выкананыя часткова супольна з іншымі навуковымі супрацоўнікамі Політэхнікі, прысвечаныя перапрацоўка садавіны і гародніны, дражджам, пякарству і інш. З прафесарам Юзафам Турскім даследаваў спіртовыя і паліўныя сумесі як замяняльнікі традыцыйнага маторнага паліва. Займаўся пытаннем насычэння драўніны, што было звязана з яго працай на чыгунцы ў якасці эксперта. Вывучаў праблему ачышчэння і выкарыстання фабрычных постцэлюлозных сцёкаў.
Вынікі даследчых прац прафесара В. Іваноўскага публікаваліся ў польскай хімічнай перыёдыцы і ў замежных выданнях. Як эксперт у галіне тэхналогіі, ён прадстаўляў Польшчу на міжнароднай канферэнцыі па праблемах стандартызацыі харчовых аналізаў у Парыжы (1929), на міжнародным кангрэсе тэхнікі для малочнай вытворчасці ў Капенгагене (1931) і інтэрнацыянальным хімічным кангрэсе ў Будапешце (1939).
Сям’я
правіцьПершы шлюб
- жонка Сабіна з Ячыноўскіх (1877—1954)
- сын Стэфан (1907—1944), выпускнік Варшаўскай політэхнікі, інжынер-электрык, лётчык, паручнік Арміі Краёвай, загінуў у Варшаўскім паўстанні
- сын Вацлаў (1910—1944), выпускнік Варшаўскай політэхнікі, інжынер-гідратэхнік, сержант падхарунжы Арміі Краёвай, удзельнік Варшаўскага паўстання, смяротна паранены
- дачка Ганна (1915—2017), выпускніца Галоўнай школы сельскай гаспадаркі ў Варшаве, інжынер-агратэхнік
Другі шлюб
- жонка Лігія Федаровіч
- сын Пётр-Леанард (1922—1944), навучэнец інжынернай школы ў Варшаве, удзельнік Варшаўскага паўстання, загінуў
Ацэнкі
правіцьЯўген Хлябцэвіч і Браніслаў Тарашкевіч вызначылі Вацлава Іваноўскага як цэнтральную фігуру беларускага жыцця ў Пецярбургу, а Максім Гарэцкі — як правадыра нацыянальнага адраджэнскага руху перад Першай сусветнай вайной. Затым гэта постаць на многія гады была выкрасленая з гісторыі беларускай культуры і нацыянальнага руху. Згодна з дырэктывамі камуністычных уладаў Беларусі, яго прадстаўлялі ворагам народа. Асуджэнне В. Іваноўскага савецкімі ўладамі было выкліканае не толькі яго пазіцыяй часоў нямецкай акупацыі, яно датычылася ўсёй яго дзейнасці ўвогуле.[4] З 1990-х г. у паглядзе на гэтую супярэчлівую фігуру пазначыліся прыкметныя карэктывы — у тым ліку дзякуючы працам польскага гісторыка Юры Туронка.
Ушанаванне памяці
правіць16 снежня 2006 адбылося ўрачыстае адкрыццё надмагільнага помніка Вацлаву Іваноўскаму.[6] Сіламі грамадскіх актывістаў на магіле праводзяць талокі, прыносяць кветкі.
Зноскі
- ↑ Смалянчук, А. Ф. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй… С. 283.
- ↑ 20 нечаканых фактаў пра Вацлава Іваноўскага
- ↑ а б Туронак, Нямецкая акупацыя…
- ↑ а б в Туронак Ю. В. Іваноўскі…
- ↑ Язэп Найдзюк, Іван Касяк. Беларусь учора і сяньня. — Менск: Навука і тэхніка, 1993. — 416 с. ISBN 5-343-01458-5.С. 303
- ↑ На Кальварыі адкрыты помнік Вацлаву Іваноўскаму
Літаратура
правіць- Вацлаў Іваноўскі, 1880—1943. Мн., 1990.
- Смалянчук, А. Ф. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй. Польскі рух на беларускіх і літоўскіх землях. 1864 — люты 1917 г. / А. Ф. Смалянчук. — СПб. : Неўскі прасцяг, 2004. — 406 с.
- Туронак Ю. Вацлаў Іваноўскі і адраджэнне Беларусі. — Мн., 2006. ISBN 985-6530-40-7 (бел.)
- Савук А. Вацлаў Іваноўскі // Лідскі летапісец № 11
- ІВАНОЎСКІ Вацлаў Леанардавіч
- Лаўрэш Л. Лябёдка Іваноўскіх. Дакументальная аповесць. Ridero, 2024. 196 с.
- Юрэвіч, Л. Шматгалосы эпісталярыум : гісторыя людзей і ідэй на эміграцыі ў ліставанні / Прадм. і рэд. Н. Гардзіенка. — Мінск: Кнігазбор, 2012. — 660 с. — (Бібліятэка Бацькаўшчыны ; кн. 20). — ISBN 978-985-7007-43-1.