Венецыянская рэспубліка

Венецыянская рэспубліка – сярэдневяковая дзяржава, якая размяшчалася на астравах і пабярэжжы паўночнай часткі Адрыятычнага мора, заселеных у 5 ст., у часы спусташальных набегаў варварскіх плямёнаў на Паўночную Італію.

Рэспубліка
Найяснейшая Рэспубліка Венецыя
італ.: Serenissima Repubblica di Venezia
Сцяг Герб
Сцяг Герб
Гімн: Гімн Венецыі
Republic of Venice 1796.png
Венецыянская рэспубліка ў 1796 годзе
< Simple Labarum.svg
Flag of France.svg >
Flag of the Repubblica Cisalpina.svg >
Flag of Austria.svg >
697 — 1797

Сталіца Венецыя
Найбуйнейшыя гарады Венецыя
Мова(ы) венецыянская мова,
лацінская мова
Афіцыйная мова Venetian[d] і лацінская мова
Рэлігія Рымска-каталіцкая царква
Грашовая адзінка Венецыянская ліра
Насельніцтва
  • 1 500 000 чал.[1]
Форма кіравання Алігархічная рэспубліка
Commons-logo.svg Венецыянская рэспубліка на Вікісховішчы

ГісторыяПравіць

Пасля падзення Заходняй Рымскай імперыі Венецыянскія астравы разам з астатняй Італіяй падпалі пад уладу караля Адаакра, потым остготаў і, нарэшце, Усходняй Рымскай імперыі; нават пасля ўварвання лангабардаў яны заставаліся яшчэ пад уладай Візантыі. У 697 насельніцтва гэтай астраўной групы ўпершыню абрала пажыццёвую вышэйшую службовую асобу, названую дожам (ад лацінскага – dux). Трэці венецыянскі дож па просьбе рымскага папы абвясціў вайну лангабардам, аблажыў іх у Равене і, завалодаўшы гэтым горадам, перадаў яго пад уладу візантыйскага імператара. Аднак неўзабаве, гэты дож быў забіты суграмадзянамі ў сваім палацы, і пасада дожа была скасавана на пяць гадоў, але затым ізноў адноўлена ў сувязі з неабходнасцю мець ваеннага кіраўніка для абароны горада. Аднак галоўным органам выканаўчай улады ў Венецыі засталася гарадская Рада сарака. У часы бурнага палітычнага жыцця рэспублікі, у 1172 была заснаваная Вялікая рада, якая складалася з выбарных натабляў, і з тых часоў зрабілася вышэйшаю ўладай і значна абмяжоўвала магутнасць дожаў і сіньёрыі (урадавай калегіі з шасці радных). Агульны народны сход стаў склікацца толькі ў выключных выпадках, а ў 1423 быў адменены.

Крыжовыя паходы забяспечылі Венецыянскай рэспубліцы каласальны прырост багацця і магутнасці. Геаграфічнае становішча і палітычная беспрынцыповасць дазволілі венецыянцам атрымліваць выгаду з чужых войн і нажывацца за кошт пасрэдніцкага гандлю з варагуючымі адзін з другім бакамі. Венецыя стварыла моцны флот і яе гандлёвыя факторыі размяшчаліся па ўсім Міжземнамор'і. Венецыянскі дож Энрыка Дандала ў пач. 13 ст. з выгадай для Венецыі выкарыстаў крыжакоў Чацвёртага крыжовага паходу, накіраваўшы іх супраць ворагаў і гандлёвых супернікаў венецыянцаў, у абмен на правіянт і транспартныя паслугі. У выніку рыцары і венецыянскія маракі разграмілі важны венгерскі гандлёвы горад Задар, а затым штурмам узялі Канстанцінопаль, захапіўшы велізарную здабычу ў сталіцы Візантыі. Пры падзеле скоранай імперыі, венецыянцы атрымалі чвэрць яе тэрыторый і багаццяў, а таксама палову Канстанцінопаля. У валоданні венецыянцаў апынулася мноства грэчаскіх астравоў, правінцый і княстваў, якія распасціраліся ад Адрыятычнага да Чорнага мораў, што дазволіла ім прыбраць да рук амаль увесь гандаль Еўропы з Азіяй. Тым не менш, Венецыя не змагла перашкодзіць падзенню Лацінскай імперыі ў 1261, пасля чаго візантыйскія імператары далі шырокія гандлёвыя прывілеі генуэзцам – асноўным супернікам Венецыі ў той перыяд.

З 1256 Венецыянская рэспубліка вяла з Генуэзскай рэспублікай працяглую вайну з пераменным поспехам, аднак пасля 130-летняга змагання Венецыя здолела дамагчыся перамогі ў 1381. Венецыянскія валоданні ў Еўропе працягвалі пашырацца. Да сяр. 15 ст., калі магутнасць Венецыянскай рэспублікі дасягнула сваёй вяршыні, яе тэрыторыя складалася з трох складовых частак: герцагства, якое ахоплівала горад Венецыю і найбліжэйшыя гарады ў Венецыянскай лагуне; кантынентальнай часткі, якая складалася з некалькіх абласцей Верхняй Італіі; марской часткі, якая ўключала Істрыю, Далмацыю, часткова Албанію, Марэю і Македонію, а таксама Кандыю (Крыт), Неграпонт (Эўбею) і іншыя астравы грэчаскага архіпелага. Нарэшце, удава апошняга кіпрскага караля Катарына Карнара ў 1489 прадала Венецыянскай рэспубліцы востраў Кіпр. З такой раздробненай тэрыторыяй і невялікім насельніцтвам, Венецыянская рэспубліка заставалася, тым не менш, першай марской і гандлёвай дзяржавай Міжземнамор'я да канца сярэднявечча.

Гл. таксамаПравіць

СпасылкіПравіць

Шаблон:Венецыя ў тэмах

  1. http://annales.info/evrope/samarkin/istgeogr.htm#54