Вестфалія (правінцыя)
Вестфа́лія (ням.: Westfalen) — правінцыя Прусіі (з 1871 года — частка адзінай Германіі). Была створана ў 1815 годзе, галоўным чынам, на тэрыторыях, атрыманых каралеўствам Прусія па выніках Венскага кангрэса, хоць некаторыя ўключаныя ў правінцыю ўладанні, напрыклад, графствы Марк і Равенсберг, належалі Гогенцолернам ужо раней. Сталіца — горад Мюнстэр. Скасавана ў 1946 годзе. Сёння гэта тэрыторыя з’яўляецца часткай ФРГ і ўваходзіць у зямлю Паўночны Рэйн-Вестфалія.
Вестфалія | |||||
---|---|---|---|---|---|
ням.: Westfalen | |||||
|
|||||
Краіна | |||||
Статус | Гістарычная правінцыя Прусіі | ||||
Уваходзіць у | |||||
Адміністрацыйны цэнтр | Мюнстэр | ||||
Дата ўтварэння | 30 красавіка 1815 | ||||
Дата скасавання | 23 жніўня 1946 | ||||
Насельніцтва |
|
||||
Плошча |
|
||||
Заўвагі: карта ў граніцах 1871 года | |||||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Гісторыя
правіцьСтварэнне правінцыі
правіцьУ 1815 годзе па выніках Венскага кангрэса пасля заканчэння вызваленчых войнаў тэрыторыя каралеўства Прусія (сіні колер на карце адпавядае граніцам да 1815 года) была значна павялічана (зялёным колерам адзначаны набытыя тэрыторыі). У прыватнасці, Прусіі была перададзена тэрыторыя створанага ў 1807 годзе Напалеонам марыянетачнага Каралеўства Вестфалія (нумар 16 на карце), у якое ўваходзілі ў тым ліку і землі, што раней ужо належалі Прусіі, але былі ёю страчаны па выніках Тыльзіцкага мірнага дагавора 1807 года. У прыватнасці, брандэнбургскім Гогенцолернам, з якіх паходзілі прускія каралі, належалі княства Міндэн , графства Марк, графства Равенсберг, графства Тэкленбург, Мюнстэрскае княства-біскупства, Падэрборнскае княства-біскупства, графства Лімбург і іншыя дробныя ўладанні. Акрамя іх у час Венскага кангрэса да Прусіі адышлі княства Зальм і паўднёвая частка герцагства Арэнберг. Такім чынам, тэрыторыя ўяўляла сабой сукупнасць гістарычна разрозненых зямель з рознымі эканамічнымі асновамі і традыцыямі.
У 1815/1816 гадах для лепшай арганізацыі шматлікіх нованабытых зямель у Прусіі быў уведзена правінцыйны падзел. Правінцыя Вестфалія стала адной з дзесяці створаных правінцый. Сталіцай быў выбраны горад Мюнстэр. У 1816 годзе да тэрыторыі правінцыі былі таксама далучаны землі герцагства Вестфалія, у 1817 годзе — княствы Сайн-Вітгенштэйн і Насау-Зіген.
У 1816 годзе ў правінцыі былі створаны тры адміністрацыйныя акругі:
- Адміністрацыйная акруга Мюнстэр, цэнтр — Мюнстэр
- Адміністрацыйная акруга Міндэн, цэнтр — Міндэн
- Адміністрацыйная акруга Арнсберг, цэнтр — Арнсберг
Пасля 1945 года
правіцьПасля 1945 года тэрыторыя правінцыі ўваходзіла ў брытанскую зону акупацыі. У жніўні 1946 года па рашэнні брытанскай ваеннай адміністрацыі правінцыя Вестфалія была ліквідавана. Адначасова на яе тэрыторыі разам з часткай Рэйнскай правінцыі (Паўночны Рэйн ) была створана зямля Паўночны Рэйн-Вестфалія. У 1947 годзе ў склад Паўночнага Рэйна-Вестфаліі была ўключана раней самастойная зямля Ліпэ, у выніку чаго адміністрацыйная акруга Міндэн была пашырана і ператворана ў акругу Дэтмальд. У такім выглядзе зямля Паўночны Рэйн-Вестфалія ў 1949 годзе стала часткай Федэратыўнай Рэспублікі Германія.
Геаграфія і эканоміка
правіцьТэрыторыя правінцыі была пакрыта горнымі ланцугамі, горамі, узгоркамі, і толькі акруга Мюнстэр ляжала на раўніне. Галоўнае багацце Вестфаліі — каменны вугаль і жалеза. Самыя магутныя паклады каменнага вуглю ляжалі па Руры ў Ардэйскіх горах, таксама ў вобласці Брылона, Ольпе і ў графстве Марк. У Вестфаліі здабываліся медная і жалезная руда, серны калчадан, цынк, волава, нікель, сурма, вапняк, гіпс, мармур. Значнае месца займалі чыгунаплавільныя і машынабудаўнічыя заводы і льняная прамысловасць, якая з XIV стагоддзя засяродзілася паміж Ліпэ і Везерам. Горад Білефельд здаўна славіўся сваімі тонкімі палотнамі. Таксама ў Вестфаліі была размешчана вялікая колькасць суконных, баваўняных і шарсцяных фабрыкаў. У акрузе Арнсберг, у графстве Марк і ў Зігене была сканцэнтравана вытворчасць розных сартоў жалеза. Таксама была развіта вытворчасць чыгунных, стальных і медных вырабаў, цынкавых пласцінак і палос, ртуці, сернай кіслаты, меднага і жалезнага купарваса. Акрамя розных фабрыкатаў, з Вестфаліі вывозілі вядомую вестфальскую вяндліну і каўбасы. З гандлёвых гарадоў першае месца займалі Білефельд, Ізерлон і Дортмунд. Галоўным рынкам шэрсці лічыўся Падэрборн. Суднаходныя рэкі і густая сетка чыгунак значна садзейнічалі развіццю гандлю. Насельніцтва правінцыі па перавазе было прамысловым: у 1882 годзе 42,73 % займаліся прамысловасцю, 32,77 % — земляробствам і жывёлагадоўляй, 6,63 % — гандлем і 9,73 % знаходзіліся на асабістай службе ў прыватных асоб[1].
Насельніцтва
правіцьСтатыстычныя даныя
правіцьТэрыторыя правінцыі ў канцы XIX стагоддзя складала 20.195,5 км². Да 1 снежня 1885 года ў Вестфаліі пражывала 2.202.796 чалавек, сярод якіх пераважную большасць складалі немцы, якія размаўлялі на ніжненямецкай гаворцы. У 1885 годзе ў правінцыі налічвалася 1.035.895 пратэстантаў, 1.145.605 каталікоў, 4.049 прадстаўнікоў іншых хрысціянскіх канфесій і 18.931 яўрэяў. Каталікі пераважалі ў акрузе Мюнстэр, а акруга Міндэн была заселена большай часткай пратэстантамі[1].
Тэрыторыя і насельніцтва правінцыі Вестфалія ў 1900 годзе:[2]
Адміністрацыйная акруга | Плошча, км² | Насельніцтва, чал. | Колькасць раёнаў | |
---|---|---|---|---|
сельскіх | гарадскіх | |||
Акруга Мюнстэр | 7.253,39 | 699.583 | 10 | 1 |
Акруга Міндэн | 5.260,56 | 636.875 | 10 | 1 |
Акруга Арнсберг | 7.696,66 | 1.851.319 | 18 | 5 |
Усяго па правінцыі | 20.210,61 | 3.187.777 | 38 | 7 |
Тэрыторыя і насельніцтва правінцыі Вестфалія ў 1925 годзе:[3]
Адміністрацыйная акруга | Плошча, км² | Насельніцтва, чал. | Колькасць раёнаў | |
---|---|---|---|---|
сельскіх | гарадскіх | |||
Акруга Мюнстэр | 7.257 | 1.283.281 | 10 | 6 |
Акруга Міндэн | 5.266 | 806.571 | 10 | 2 |
Акруга Арнсберг | 7.686 | 2.721.367 | 12 | 13 |
Усяго па правінцыі | 20.217 | 4.811.219 | 32 | 21 |
Рэлігійны склад насельніцтва ў 1925 годзе: 49,8 % — каталікі; 47,3 % — пратэстанты; 0,1 % — іншыя хрысціянскія канфесіі; 0,4 % — яўрэі; 2,3 % — іншыя канфесіі[3].
Плошча і колькасць насельніцтва правінцыі і асобных яе адміністрацыйных акруг станам на 17 мая 1939 года ў граніцах на 1 студзеня 1941 года і колькасць раёнаў на 1 студзеня 1941 года:[4]
Адміністрацыйная акруга | Плошча, км² | Насельніцтва, чал. | Колькасць раёнаў | |
---|---|---|---|---|
сельскіх | гарадскіх | |||
Акруга Мюнстэр | 7.291,85 | 1.602.720 | 10 | 6 |
Акруга Міндэн | 5.267,84 | 928.655 | 10 | 2 |
Акруга Арнсберг | 7.655,15 | 2.678.026 | 12 | 13 |
Усяго па правінцыі | 20.214,84 | 5.209.401 | 32 | 21 |
Гарадское і сельскае насельніцтва
правіцьРазмеркаванне насельніцтва па розных тыпах населеных пунктаў у залежнасці ад іх велічыні па агульнай колькасці жыхароў, паводле даных перапісу насельніцтва 1925 года[3] і станам на 17 мая 1939 года[4]:
Год | Доля насельніцтва паводле катэгорый населеных пунктаў па колькасці жыхароў | ||
---|---|---|---|
менш за 2.000 жыхароў | 2.000 — 100.000 жыхароў | больш за 100.000 жыхароў | |
1925 | 16,5 % | 65,9 % | 17,6 % |
1939 | 14,3 % | 55,2 % | 30,5 % |
Найбуйнейшымі гарадамі правінцыі Вестфалія з’яўляліся (паводле даных 1925 года):[3]
- Дортмунд — 321.743 чал.
- Бохум — 211.249 чал.
- Гельзенкірхен — 208.512 чал.
- Мюнстэр — 106.418 чал.
- Гаген — 99.736 чал.
- Бур — 99.058 чал.
- Ванэ-Айкель — 91.024 чал.
- Білефельд — 86.062 чал.
- Рэклінггаўзен — 84.518 чал.
- Ботрап — 77.315 чал.
Горад Бур у 1928 годзе быў уключаны ў межы горада Гельзенкірхен.
Обер-прэзідэнты
правіцьПасада обер-прэзідэнта ўведзена ў Прусіі паводле ўказу ад 30 красавіка 1815 года аб паляпшэнні арганізацыі правінцыйнага кіравання (ням.: Verordnung wegen verbesserter Einrichtung der Provinzial-Behörden).
Гады | Обер-прэзідэнт | Партыя |
---|---|---|
1816—1844 | Людвіг фон Вінке | |
1845—1846 | Эдуард фон Шапер | |
1846—1850 | Эдуард фон Флотвел | |
1850—1871 | Франц фон Дзюсберг | |
1871—1882 | Фрыдрых фон Кюльветэр | |
1883—1889 | Роберт Эдуард фон Гагемайстер | |
1889—1899 | Конрад фон Штут | |
1899—1911 | Эберхард фон дэр Рэке фон дэр Горст | |
1911—1919 | Карл Прынц фон Рацібор і Корвей | |
1919—1919 | Фелікс фон Мервельт | НННП |
1919—1922 | Бернхард Вюрмелінг | Цэнтрум |
1922—1922 | Фелікс фон Мервельт | НННП |
1922—1933 | Яганес Граноўскі | Цэнтрум |
1933—1938 | Фердынанд фон Люнінк | НСАДП |
1938—1945 | Альфрэд Маер | НСАДП |
1945—1946 | Рудальф Амелюнксен | Цэнтрум |
Зноскі
- ↑ а б Вестфалия, провинция Прусского королевства // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.) (руск.). — СПб., 1890—1907.
- ↑ Provinz Westfalen Архівавана 4 сакавіка 2016. // Gemeindeverzeichnis Deutschland 1900 (ням.)
- ↑ а б в г Die Provinz Westfalen im Überblick Архівавана 23 верасня 2017. (ням.)
- ↑ а б Fläche und Bevölkerung der größeren Verwaltungsbezirke (S. 8), Zahl der Gemeinden und Kreise (S. 21), Bevölkerung nach Gemeindegrößenklassen (S. 22) (ням.). Statistisches Jahrbuch für das Deutsche Reich 1939/40 (Digitalisat). Архівавана з першакрыніцы 8 мая 2019. Праверана 24 жніўня 2017.
Спасылкі
правіць- Westfälische Geschichte: Preußische Provinz Westfalen(недаступная спасылка) (ням.)
- Deutsche Verwaltungsgeschichte: Preußische Provinz Westfalen (ням.)
- Territoriale Veränderungen in Deutschland: Provinz Westfalen (ням.)
- Provinz Westfalen (ням.)