Свіцязь (возера, Навагрудскі раён)

Свіцязь — возера ў Навагрудскім раёне, каля мяжы з Карэліцкім раёнам, за 22 км на поўдзень ад Навагрудка, у басейне Моўчадзі, на Навагрудскім узвышшы, за 3 км на поўдзень ад вёскі Валеўка.

Свіцязь
Морфаметрыя
Плошча 2,24 км²
Аб’ём 0,00784 км³
Сярэдняя глыбіня 15 м
Басейн
Плошча вадазбору 14 км²
Размяшчэнне
Краіна  Беларусь
Свіцязь (Беларусь)
Свіцязь
Свіцязь
Свіцязь (Гродзенская вобласць)
Свіцязь
Свіцязь
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Назва правіць

Назва Свіцязь — балцка-яцвяжскага паходжання.

Ад літоўскамоўных аўтахтонаў з-пад Зецелы (Дзятлава) запісаны варыянт назвы Svitožis. У такой форме бачны заходнебалцкі (яцвяжскі) моўны ўплыў, бо літоўскі корань быў бы Švit-.

З гэтай назвай параўноўваюць прускі тапонім Switthe. Далей звязана з каранямі švait- : švit- : šviet- (svait- : svit- : sviet-) з семантыкай «свяціць, блішчэць», «светлы, блішчасты»[1][2].

Назва Свіцязь значыць «Блішчастае (возера)».

Такое значэнне назвы Свіцязі выглядае зразумелым з увагі на асаблівую празрыстасць вады ў возеры Свіцязь, якую вызначае высокае змяшчэнне іонаў срэбра ў складзе вады[3].

Іншае возера Свіцязь — каля вярхоў Прыпяці, таксама вызначаецца празрыстасцю вады[4].

У кірунку ад Нёмана з поўначы на поўдзень паўтараюцца не толькі дзве назвы «Свіцязь», але і дзве іншыя яцвяжскія назвы — возера З’ята («Зьято», на левабярэжжы Нёмана, праз яго цякла рака Дзятлаўка) і балота Zyatha (былое возера на поўдзень ад нёманскай ракі Шчара). Абедзве ад *Zeitō «Блішчастае (возера)». Гэта можа сведчыць, што тэрыторыя яцвягаў на поўдні сягала вярхоў Прыпяці. Ва ўсіх гэтых чатырох назвах уласцівы яцвяжскай мове пераход š, ž > s, z.

Да гідранімічнай спадчыны яцвягаў у гэтым рэгіёне далучаюць і назвы Зэльва, Сіпа, а таксама Ясельда, Грыўда, Саколда, Голда, Нёўда, Сёгда, у якіх другі складнік паходзіць ад яцвяжскага *udā «вада, рака»[5].

Гідраграфія правіць

Плошча 2,24 км². Найбольшая глыбіня 15 м. Даўжыня 1,7 км, найбольшая шырыня 1,6 км. Аб’ём вады 7,84 млн м³. Плошча вадазбору 14 км².

Катлавіна возера суфазійнага тыпу[6], у літаратуры часам называецца карставым, утварылася ў выніку прасадкі чацвярцічных адкладаў у падземныя пустоты. Форма возера круглаватая, слаба выцягнутая з поўначы на поўдзень. Вадазбор буйнаўзгорысты, пераважна складзены з лёсападобных суглінкаў.

Схілы катлавіны параслі лісцевым, месцамі хвойным лесам, на поўдні і паўднёвым захадзе забалочаныя, тарфяністыя. Прыбярэжная частка возера да глыбіні 3—5 м выслана пяском, глыбакаводная — ілам. Слаба зарастае.

Выцякае рака Сваротва, аднак каля вытоку яе пабудаваная плаціна, якая амаль не прапускае ваду ў межанны перыяд. Паверхневых вадацёкаў (рэк і ручаёў), якія ўпадаюць у возера, няма.

Флора і фаўна правіць

У возеры растуць лабелія Дортмана (Lobelia dortmanna) і палушнік азёрны (Isoëtes lacustris), занесеныя ў Чырвоную кнігу Беларусі. Сустракаюцца каўлінія гнуткая (Caulinia flexilis) і рэдкі від прыбярэжнік аднакветкавы (Littorella uniflora).

У лясах, якія добра захаваліся вакол возера, шмат чарніц, брусніц, суніц; на тарфяных лугах можна бачыць насякомаедныя расліны — расіца круглалістая (Drosera rotundifolia) і тлушчанка звычайная (Pinguicula vulgaris), а ў лясных гушчарах сярод вялікай разнастайнасці травяністай расліннасці — рэдкія архідэі.

У заапланктоне возера мноства відаў, тыповых цяпер для паўночных азёр, і сярод іх таксама рэлікты эпохі «Вялікай зімы». Прысутная тут вельмі рэдкая раслінная форма Tetradinium javanicum, якая апісана толькі для Явы, пражывае малюск Planorbis stelmachaelius, вядомы толькі для азёр Францыі, Бельгіі і Германіі.

Прыродакарыстанне і ахова правіць

 
Яліна ў Свіцязі

Возера шчыльна акружае лес у кіламетровую шырыню. У 1970 годзе возера Свіцязь і прылеглыя да яго тэрыторыі былі абвешчаныя экалагічным запаведнікам. На беразе возера знаходзіцца пансіянат «Свіцязь», шматлікія зоны адпачынку.

Возера Свіцязь абвешчана заказнікам разам з лясным масівам плошчай 847 гектараў. Тут насаджаныя дуб, елка, граб, ясень, клён, асіна на невялікіх плошчах чаргуюцца з чыстымі хвойнікамі, алешнікамі, утвараючы больш за 25 розных тыпаў лесу.

Свіцязь у культуры правіць

У паданнях правіць

 
Здымак Свіцязі канца XIX стагоддзя

Вядома некалькі народных паданняў звязаных з возерам Свіцязь, у тым ліку пра яго ўзнікненне[7].

У некалькіх з гэтых паданнях фігуруе надзвычайная істота ў дзявочым абліччы, якая з’яўляецца са дна возера[8]. Яна спачатку злуе на людзей, што яе патурбавалі, але потым распавядае ім, што на месцы возера Свіцязь стаяў горад, які пазней быў затоплены.

У астатніх паданнях асобна апісваецца затапленне паселішча і ўзнікненне на яго месцы возера[9].

У трэцім сюжэце (ён скантамінаваны з першым, пра дзяўчыну — «дух» возера) у паданнях фігуруюць старажытныя князі («Міндоўг», «Мендаг», «Туган»), якія змагаюцца з ворагам («рускі цар», «наезны вораг з поўначы», «князь рускі»). Гэты сюжэт пазнейшы — ён выглядае плёнам рамантычных настрояў і, імаверна, пазычаны з паэмы Адама Міцкевіча «Свіцязь».

 
Карціна «Свіцязь» польскага мастака Юліяна Фалата

У паэзіі правіць

 
Казімір Альхімовіч. Свіцязянка, 1898—1900

Паблізу Свіцязі нарадзіліся Ян Чачот і Адам Міцкевіч: Чачот — з Малюшычаў, Міцкевіч — з Завосся.

Чачот і Міцкевіч, а таксама іх сябар па Віленскім універсітэце і «Таварыстве філаматаў» Тамаш Зан — аўтары баладаў, натхнёных возерам Свіцязь і народнымі паданнямі пра яго. Яны напісаныя прыкладна адным часам, у паслястудэнцкія 1819—1821 гады.

У паэме Яна Чачота «Свіцязь» (1819) і ў паэме Тамаша Зана «Свіцязь-возера» (1820) паэты абапіраліся на распаўсюджаныя народныя паданні пра ўзнікненне возера на месцы горада, што праваліўся. Тое ж паданне натхніла Адама Міцкевіча на напісанне паэмы «Свіцязь»[10]. Ягоная ж паэма «Свіцязянка»[11] развівае іншае вядомае паданне — пра дзяўчыну «дух» Свіцязі, у якую закахаўся просты чалавек. Трэцяя балада ў Міцкевіча з цыкла, прысвечанага Свіцязі, — «Рыбка»[12].

Побач з возерам Свіцязь ляжыць камень, на якім (у беларускім перакладзе) выбітая страфа з балады «Свіцязь»:

Ktokolwiek będzisz w nowogródzkiej stronie,
Do Płużyn ciemnego boru
Wjechawszy, pomnij zatrzymać twe konie,
Byś się przypatrzył jezioru.

Міцкевічава паэма «Свіцязянка» натхніла менскую паэтку Гэлену Цыпрынскую напісаць паэму «Свіслачанка» (польск. Świsłoczanka), апублікаваную ў 1909 годзе ў віленскай польскамоўнай літуанафільскай газеце «Litwa»[13]. У абедзвюх паэмах дзейнічае надзвычайная істота ў жаночым абліччы (увасабленне, адпаведна, возера Свіцязь і ракі Свіслач), з якой камунікуе просты чалавек.

У кінематографе правіць

У 2011 годзе на студыях Human Ark і Se-ma-for  (руск.) створаны анімацыйны фільм па матывах балады. Аўтар сцэнарыя і рэжысёр Каміль Поляк.

Зноскі

  1. A. Vanagas. Lietuvių hidronimų etimologinis žodynas. V., 1981. С. 322.
  2. В. Н. Топоров. Балтийский элемент в гидронимии Поочья. III // Балто-славянские исследования. 1988—1996. Москва, 1998. С. 290—291.
  3. https://welcome-belarus.ru/svityaz-zatonuvshij-gorod.html/
  4. Архіўная копія(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 6 красавіка 2023. Праверана 6 красавіка 2023.
  5. K. Būga. Rinktiniai raštai. T. III. Vilnius, 1961. С. 601—602.
  6. ЭПБ. Т. 4. С. 471
  7. Легенды і паданні. Мн., 1983. № 683—691. С. 391—395.
  8. Легенды і паданні. № 683—685.
  9. Легенды і паданні. № 686—688.
  10. Свіцязь
  11. Свіцязянка
  12. Рыбка
  13. Helena Cyprinska. Świsłoczanka // Litwa. Nr. 17 (23). 1909. C. 248—251 [скразная нумарацыя].

Літаратура правіць

Спасылкі правіць