Востраўскае пагадненне

Востраўскае пагадненне (4 жніўня 1392) — палітычная дамова, якую падпісалі, з аднаго боку, кароль польскі Уладзіслаў II, ён жа Вялікі князь літоўскі, рускі і жамойцкі Ягайла, і яго жонка польская каралева Ядвіга, а з другога боку — Вітаўт Кейстутавіч, тагачасны князь гарадзенскі, і яго жонка Ганна. Яны дамовіліся пра спыненне міжусобнай вайны і пра падзел улады ў Вялікім княстве Літоўскім у складзе саюзнай польска-літоўскай дзяржавы. Пагадненне было падпісана ў маёнтку Востраў (цяпер не існуе) пад Лідай.

Паводле тагачаснага звычаю, удзельнікі пагаднення ўзаемна прабачылі крыўды і пакляліся ў вечным сяброўстве. Вітаўт прызнаваў вярхоўную ўладу польскай кароны і прызначаўся намеснікам караля ў княстве; ён не толькі вяртаў свае вотчыны, але і атрымліваў ад караля новыя землі, і ў выніку атрымаў у валоданне гарады Трокі, Гродна, Ліду, воласці Берасцейскую, Суражскую, Драгічынскую, Мельніцкую, Камянецкую, Ваўкавыскую і Лідскую. Такім чынам, Вітаўт стаў фактычным уладаром Вялікага княства Літоўскага, а з 1395 пачаў афіцыйна ўжываць тытул Вялікага Князя Літоўскага. Пасля смерці Вітаўта, усе яго землі і тытулы мусілі вярнуцца пад уладу польскай кароны, з выняткам спадчыны для брата Жыгімонта і пасагу жонкі Ганны. Жонка Вітаўта атрымлівала ад Кароны гарантыі бяспекі і пратэкцыі пасля яго магчымай смерці.

Пагадненне паклала канец міжусобнай вайне, стабілізавала палітычную сітуацыю ў ВКЛ, а ў далейшай перспектыве спрычынілася да канчатковага спынення крыжацкай экспансіі ў Прыбалтыцы (Вялікая вайна, 1409-1411).

Перадгісторыя

правіць

Ініцыятарамі пагаднення былі члены Кракаўскай каралеўскай рады. Актыўнай прыхільніцай выступіла каралева Ядвіга Анжуйская. Патаемныя перамовы з Вітаўтам правёў князь мазавецкі Генрык — муж Рынгалы, сястры Вітаўта. Перад падпісаннем, у канцы ліпеня 1392 года, у Вільні адбыўся з’езд малодшых Альгердавічаў з удзелам Ядвігі, дзе было прынята канчатковае рашэнне аб перадачы ўлады ў княстве Вітаўту.

Літаратура

правіць