Кінг (востраў, Тасманія)

(Пасля перасылкі з Востраў Кінг, Тасманія)

Востраў Кінг (англ.: King Island) — востраў на захадзе Басава праліва. Разам з суседнімі астравамі Навагоднім і Калядаў складае групу так званых Навагодніх астравоў. Уваходзіць у склад аўстралійскага штата Тасманія. Тэрыторыя — 1100 км². Насельніцтва (2013 г.) — 1 800 чал.

Кінг
англ. King
Заліў на захадзе вострава
Заліў на захадзе вострава
Характарыстыкі
Плошча1 100 км²
Найвышэйшы пункт162 м
Насельніцтва1 800 чал. (2013)
Шчыльнасць насельніцтва1,64 чал./км²
Размяшчэнне
39°49′15,20″ пд. ш. 144°01′36,40″ у. д.HGЯO
АкваторыяБасаў праліў
Краіна
РэгіёнТасманія
Кінг (востраў, Тасманія) (Аўстралія)
Кінг
Кінг
Кінг (востраў, Тасманія) (Тасманія)
Кінг
Кінг
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Геаграфія правіць

 
Карта

Востраў Кінг месціцца на захадзе Басава праліва за 85 км на паўночны захад ад вострава Тасманія. Даўжыня з поўдня на поўнач — 65,37 км. Найбольшая шырыня — 25,68 км.

Востраў пачаў фарміравацца ў крыагеніі на разломе тэктанічных пліт. Сведчаннем вывяржэння старажытных вулканаў з'яўляюцца выхады базальтаў у цэнтральнай частцы. Канчаткова свае абрысы Кінг набыў толькі пасля заканчэння апошняй ледавіковай эпохі. Рэльеф вострава ўяўляе плоскую паверхню з вялікай колькасцю выдм на заходнім і паўночным берагах, рэдкімі выхадамі вапнякоў і базальтаў, а таксама гранітнымі скаламі на захадзе. Карысныя выкапні: вальфрам, шэеліт, цыркон.

Клімат мяккі вільготны. У студзені сярэдняя тэмпература паветра трымаецца каля 12,5°C - 20,3°C. У ліпені — каля 7,8°C - 12,9°C. Для надвор'я характэрны частыя моцныя вятры і штормы.

Прырода правіць

Да з'яўлення еўрапейцаў на востраве Кінг жылі эндэмічныя эму і марскія сланы, але ў выніку драпежнага палявання яны зніклі да сярэдзіны XIX ст. Захаваліся шматлікія птушкі, у тым ліку рэдкія віды кулікоў і папугаяў. Частка вострава Кінг абвешчана запаведнай.

Гісторыя правіць

У прамежку паміж 14,5 тысячагоддзем да н.э. і канцом 1 тысячагоддзя н.э. востраў Кінг быў населены абарыгенамі. Аднак да пачатку XIX ст., калі на востраве з'явіліся еўрапейцы, карэннае насельніцтва знікла. Лічыцца, што востраў быў адкрыты ў 1797 г. або ў 1799 г. брытанскімі маракамі. Названы ў гонар Філіпа Кінга, губернатара Новага Паўднёвага Уэльса. У 1802 г. на ўзбярэжжы высадзілася навуковая французская экспедыцыя, якая заставіла першае апісанне прыроды. Каб пазбегнуць анексіі вострава Кінг Францыяй, брытанская ваенная экспедыцыя першай сышла на бераг і абвясціла яго сваім валоданнем.

Прырода вострава Кінг моцна пацярпела ад паляўнічых на цюленяў і кенгуру, што наведвалі яго да сярэдзіны XIX ст. У 1845 г. каля вострава падчас шторму пацярпеў крушэнне карабель "Катаракі", загінула 400 чалавек.

У 1855 г. узнікла першае сталае паселішча авечкагадоўцаў. У 1888 г. было заснавана паселішча на заходнім беразе, пераўтворанае ў 1907 г. у адміністрацыйны цэнтр Кэры. Землі Кінга былі падзелены паміж аўстралійскімі фермерамі. Развіццю фермерскіх гаспадарак доўгі час замінаў недахоп карысных рэчываў у глебе, з-за чаго яны патрабавалі шмат угнаенняў. Пасля I Сусветнай вайны была распрацавана спецыяльная праграма развіцця вострава, сюды былі пераселены 50 былых аўстралійскіх салдат. 3 1933 г. здзяйсняюцца рэгулярныя авіярэйсы паміж Кінгам і Мельбурнам.

У пасляваенны час да 1990 г. каля паселішча Грасі вялася здабыча шэеліту. Пасля закрыцця рудні на месцы здабычы створана штучнае возера.

28 лістапада 2004 года на бераг вострава Кінг выкінулася больш за 70 кітоў і 30 дэльфінаў. 97 жывёл загінулі.

Асаблівасці жыцця правіць

Востраў Кінг складае муніцыпалітэт у штаце Тасманія. У 2017 г. яго жыхары звярнуліся з петыцыяй аб перадачы муніцыпалітэта ў склад штата Вікторыя. Фактычны адміністрацыйны цэнтр знаходзіцца ў паселішчы Кэры на захадзе вострава. У ім працуюць адзіная астраўная сярэдняя школа, малочны завод, аэрапорт.

Традыцыйны занятак астравіцян — малочная жывёлагадоўля, вырошчванне гародніны. Пасля 1990 г., калі была зачынена рудня, дзе здабываўся шэеліт, мясцовыя ўлады імкнуцца развіваць рыбалоўства і турызм. Меліся планы будаўніцтва буйной ветраной электрастанцыі, спыненыя пасля пратэстаў аматараў дзікіх птушак.

Сярэдні прыбытак мясцовых жыхароў вышэйшы, чым у астатняй Тасманіі, але кошт жыцця таксама вышэйшы за асноўную тэрыторыю штата.

Спасылкі правіць