Вуліца Вільняўс
Вуліца Ві́льняўс, або Ві́льнюская вуліца[1] (традыцыйная беларуская назва — Ві́ленская[2]; літ.: Vilniaus gatvė, польск.: ulica Wileńska) — вуліца ў цэнтральнай частцы Вільні, у Старым Горадзе. Звязвае Зялёны мост са скрыжаваннем вуліц Дамініканскай, Троцкай і Нямецкай.
Вільняўс Вільнюс | |
---|---|
літ.: Vilniaus gatvė | |
Агульная інфармацыя | |
Краіна | |
Горад | |
Раён |
Сянюнія Сянаміесціс (увесь цотны бок і няцотны бок ад № 15 да № 47) Наўяміесціс (няцотны бок №№ 1—13) |
Працягласць | 1,2 км м |
Ранейшыя назвы | Віленская, Wileńska, L. Giros |
Назва ў гонар | Вільнюс |
Паштовы індэкс | LT-01102, LT-01119, LT-01402, LT-01506 |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Архітэктурныя дамінанты вуліцы — комплекс кляштара бенедыкцінак з касцёлам Святой Кацярыны ў стылі віленскага барока, палац Радзівілаў у стылі рэнесансу і Малы палац Радзівілаў, помнікі архітэктуры XVII—XVIII стагоддзяў. Сярод мясцовых славутасцей вылучаўся палац Аскеркаў.
Гісторыя
правіцьВуліца атрымала назву ад ракі Віліі, куды яна вяла ад гістарычнага Рынка. У 1536 годзе цераз раку Вілію перакінулі першы мураваны мост, які пазней атрымаў назву Зялёнага.
У доме № 20 на рагу з Новай вуліцай (не захаваўся) у 1908—1910 гадах знаходзілася рэдакцыя газеты «Наша Ніва». Менавіта сюды прыйшоў у верасні 1908 года Іван Луцэвіч (Янка Купала), які стаў супрацоўнікам газеты на грамадскіх пачатках (з 1914 года заняў пасаду рэдактара)[3].
Пасля Другой сусветнай вайне савецкія ўлады перайменавалі вуліцу ў імя літоўскага паэта Людаса Гіры. У наш час вуліцы вярнулі традыцыйную гістарычную назву.
Агульныя звесткі
правіцьДаўжыня каля 1,2 км. Нумарацыя дамоў пачынаецца ад скрыжавання з Жыгімонцкай вуліцай. З правага заходняга боку вуліцы дамы з няцотнымі нумарамі, з левага ўсходняга боку — цотная нумарацыя.
Перасякаецца вуліцамі Альберта Гаштольда (налева) і Маставой (направа), праспектам Гедзіміна. З правага боку адыходзяць гістарычная Пясковая (цяпер Вінцэнта Кудзіркі), Дабрачынная, Людвісарская і Бенедыкцінская, з левага — Яўхіма Лялевеля, Ісландская, Паланская і Клайпедская вуліцы.
Паміж Зялёным мостам і праспектам Гедзіміна мае асфальтавую праезную частку, паміж праспектам Гедзіміна і вуліцамі Троцкай і Дамініканскай — брукаваную.
Будынкі
правіцьНяцотны бок
правіць- № 21 — дом Янушэўскага, таксама вядомы як рэдакцыя газеты «Наша Доля». Дом збудавалі ў 1898 годзе паводле праекту архітэктара Юльяна Янушэўскага. З 14 верасня да 14 снежня 1906 года тут размяшчалася рэдакцыя газеты «Наша Доля»[4] (у гэты час дом меў адрас Віленская вуліца, 32[3]). У 1913 годзе яго набыў граф Сяргей Лапацінскі.
- № 39 — у гэтым доме ў 1923—1926 гадах у кватэры № 7 жыў Браніслаў Тарашкевіч — лідар беларускага рэвалюцыйна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі, аўтар Беларускага класічнага правапісу. Мемарыяльная дошка на фасадзе будынка паведамляе пра гэты факт. У левым крыле дома ў розны час размяшчаліся рэдакцыі радыкальных часопісаў, бюро Таварыства беларускай школы, Школьнай рады, Беларускі студэнцкі саюз. У некалькіх пакоях тут жылі дзеячы беларускага адраджэння: кампазітар Антон Грыневіч і мастак Язэп Драздовіч.
- № 41 — Малы палац Радзівілаў, таксама вядомы як Беларускі банк. З XVII ст. тут знаходзілася галоўная віленская рэзідэнцыя роду Радзівілаў. У канцы XVIII — першай палове XIX стагоддзяў палац выконваў функцыю гарадскага тэатра. У XX ст. у будынку працавалі некалькі беларускіх устаноў і арганізацый: Беларускі кааператыўны банк, якім кіраваў праваслаўны святар Аляксандр Коўш, Студэнцкі саюз, Беларускае кааператыўнае таварыства «Пчала», рэдакцыі дзіцячага часопіса «Заранка» і сельска-гаспадарчага «Саха». У другой палове 1920-х гадоў тут жыў ідэолаг беларускага адраджэння Антон Луцкевіч. У наш час тут размяшчаецца Літоўскі музей тэатру і кіно.
Цотны бок
правіць- № 14 — дом, у якім у 1907—1908 гадах жыў беларускі паэт Янка Купала. У 1914—1915 гадах у гэты будынку размяшчалася рэдакцыя «Нашай Нівы» (тады дом меў адрас Віленская вуліца, 14). Пра гэта напамінае памятная дошка, усталяваная на фасадзе будынка ў 1980-х гг. Дошка была мела надпіс на дзвюх мовах, літоўскай і беларускай. 27 лютага 2013 года дошка была ўрачыста заменена на новую (скульптары Сяргей Аганаў і Вольга Нячай)[5]. Да другой паловы 1910-х гадоў у гэтым доме таксама размяшчаўся Беларускі клуб[3].
- № 22 (таксама Гарбарская вуліца, 3 і Людвісарская вуліца, 2) — палац Радзівілаў, збудаваны ў XVII ст. ваяводам віленскім Янушам Радзівілам паводле праекту архітэктара Яна Ульрыха. У XIX ст. Радзівілы перадалі палац Віленскаму філантрапічнаму таварыству, якое валодала ім да 1940 года. З прычыны войнаў і пажараў на пачатак XX ст. будынак быў практычна разбураным. Па Першай сусветнай вайне ацалела толькі паўночнае крыло палаца. У 1967 годзе пачалася рэканструкцыя палаца, якая не завяршылася да нашага часу. З 1990 года ў будынку размяшчаецца філіял Літоўскага мастацкага музея[6].
- № 30 — касцёл Святой Кацярыны і кляштар бенедыкцінак. У 1620 годзе з Нясвіжа ў Вільню прыбылі сёстры-бенедыкцінкі. У 1632 годзе яны збудавалі тут драўляны касцёл, у 1650 годзе — мураваны. У 1741—1773 гадах паводле праекту архітэктара Яна Глаўбіца праводзілася рэканструкцыя святыні ў стылі віленскага барока.
- № 39 — Дом настаўніка. У 1913 годзе ў будынку адбылася прэм’ера спектакля «Паўлінка», на якой прысутнічаў і сам аўтар — Янка Купала. Гэта стала магчымым дзякуючы высілкам віленскага беларускага музычна-драматычнага гуртка, у які ўваходзіў шэраг вядомых беларускіх дзеячаў культуры. Акрамя гэтага, з беларускім музычна-драматычным гуртком стала супрацоўнічаў «патрыярх літоўскай незалежнасці» Ёнас Басанавічус[7].
Сквер Станіслава Манюшкі
правіцьЗ усходняга боку вуліцы, каля касцёла Святой Кацярыны знаходзіцца сквер, названы ў гонар кампазітара Станіслава Манюшкі. У скверы перад касцёлам стаць помнік С. Манюшку, створаны скульптарам Баляславам Балзукевічам ў 1922 годзе на пастаменце, які застаўся ад былога помніка Аляксандру Пушкіну[8].
Галерэя
правіць-
Касцёл Святой Кацярыны. М. Янушэвіч, 1835
-
Касцёл Святой Кацярыны. Н. Орда, 1875
-
Касцёл Святой Кацярыны, 1918
Зноскі
- ↑ Напісанне ў адпаведнасці з ТКП 187-2009 (03150) «Спосабы і правілы перадачы геаграфічных назваў і тэрмінаў Літоўскай Рэспублікі на беларускую мову». Патэнцыянальна ў беларускай мове адтапанімічныя прыметнікі можна ўтварыць ад розных літоўскіх геаграфічных назваў, выражаных словазлучэннямі з наменклатурным тэрмінам у сваім складзе. Напрактыцы, за выключэннем назваў адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак, пераважна прымяняецца спосаб частковай транслітарацыі, пры якім анамастычная частка назвы транслітаруецца, а наменклатурны тэрмін перакладаецца.
- ↑ Наша Ніва. №1, 1994. С. 7.
- ↑ а б в Корбут В. Па віленскім бруку. Беларускія вуліцы літоўскай сталіцы [1] Архівавана 5 сакавіка 2016. // «Туризм и Отдых». №29 (664). 24 ліпеня 2008.
- ↑ Лашкевіч К. Страчаная сталіца. Дапаможнік-гід па беларускай Вільні Архівавана 1 лютага 2017., TUT.BY, 6.08.2009.
- ↑ У Вільні зьявілася новая мэмарыяльная дошка Купалу. 29 студзень 2013
- ↑ Лашкевіч К. «Страчаная сталіца». 10 палацаў Вільні, якія варта пабачыць беларусу Архівавана 5 сакавіка 2016., TUT.BY, 29.03.2011.
- ↑ Беларускія старонкі Вільні. Ля вытокаў незалежнай Беларусі (сярэдзіна XIX — першая палова XX ст.)(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 31 жніўня 2021. Праверана 16 сакавіка 2019.
- ↑ Лашкевіч К. Помнікі беларускім героям на вуліцах Вільні Архівавана 6 лістапада 2014., TUT.BY, 16.08.2010.
Літаратура
правіць- Луцкевіч Л. Вандроўкі па Вільні. — Вільня: Рунь, 1998.— 160 с.: іл. ISBN ISBN 9986-9228-2-8.
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Вуліца Вільняўс