Вуліца Карла Маркса (Мінск)
Ву́ліца Ка́рла Ма́ркса — вуліца ў Ленінскім раёне Мінска, адна з цэнтральных вуліц горада. Названа ў імя Карла Генрыха Маркса (1818—1883), нямецкага філосафа, эканаміста, палітычнага журналіста. Да 1922 года называлася вуліцай Свярдлова, раней таксама звалася Падгорнай і вуліцай Новы Рынак[2].
Вуліца Карла Маркса Мінск | |
---|---|
Агульная інфармацыя | |
Краіна | Беларусь |
Горад | Мінск |
Раён | Ленінскі |
Працягласць | ~1330 м |
Найбліжэйшыя станцыі метро |
Плошча Леніна, Купалаўская, Кастрычніцкая |
Ранейшыя назвы | Свярдлова, Падгорная, Новы Рынак |
Назва ў гонар | Карл Маркс |
Код вуліцы | 476[1] |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Уся забудова вылучаецца высокім архітэктурна-мастацкім узроўнем, а 25 будынкаў з размешчаных на вуліцы ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь[3].
Гісторыя
правіцьСучасная вуліца ўзнікла ў канцы XVIII стагоддзя, больш выразна сфарміравалася паводле праектнага плану 1797—1800 гадоў. Ішла ад Новага рынка да гарадской заставы (раён скрыжавання з вул. Валадарскага) і звалася Лошыцкай. З 1840-х гадоў — Базарнай, бо за гарадской заставай на вуліцы быў рынак. З сярэдзіны XIX стагоддзя ранейшая драўляная забудова стала паступова замяняцца каменнай. З другой паловы XIX стагоддзя і да 1922 года звалася Падгорнай. Тым часам вуліцу працягнулі да скрыжавання з Серпухаўскай (Свярдлова). Функцыянальны характар вуліцы змяніўся на адміністрацыйны ў пачатку XIX стагоддзя — на ёй размясціліся аддзяленне банка, паліцэйскае кіраванне, таварыства Чырвонага крыжа, Мінскі гарадскі тэатр, Марыінская жаночая гімназія, архірэйскі падворак і іншыя грамадскія аб’екты[3]. Да 1913 года забудова Падгорнай пераважна была каменнай, але на некаторых участках вуліцы сустракаліся і драўляныя хаты.
Да 1922 года вуліца называвалася ў імя Свярдлова[4], у 1922 годзе перайменавана ў імя Карла Маркса. У 1920-1930-я гады да старых будынкаў падчас рэканструкцыі дабудавалі адзін-два паверхі[5].
У гады нямецкай акупацыі вуліца называлася Kommandantur straße. Забудова вуліцы моцна пацярпелая падчас Вялікай Айчыннай вайны. У паваенны перыяд часткова адноўлена, часткова нанова забудавана 4—5-павярховымі жылымі і адміністрацыйнымі будынкамі[3].
Размяшчэнне
правіцьПраходзіць у Ленінскім раёне Мінска ад мяжы з Маскоўскім і Кастрычніцкім раёнамі да мяжы з Партызанскім раёнам.
Праходзіць ад вуліцы Свярдлова да вуліцы Янкі Купалы. Перасякае вуліцы:
Праходзіць паміж праспектам Незалежнасці і вуліцай Кірава практычна паралельна ім.
Побач з вуліцай Карла Маркса размешчаны станцыі метрапалітэна Плошча Леніна, Купалаўская і Кастрычніцкая.
Рух транспарту
правіцьРух транспарту на значнай частцы вуліцы аднабаковы. Грамадскі транспарт па вуліцы не ходзіць.
Па рашэнні Мінгарвыканкама вуліца Карла Маркса стане першай пешаходнай вуліцай Мінска. У 2012 пачнецца першы этап рэканструкцыі ад вуліцы Валадарскага да Камсамольскай. Вуліца стане пешаходнай сувяззю паміж Мінскім чыгуначным вакзалам, бульварам па вуліцы Леніна і гістарычным цэнтрам[3].
Характэрныя будынкі і збудаванні
правіцьНумарацыя дамоў — ад вуліцы Свярдлова. Большасць будынкаў 4-х і 5-павярховыя і пабудаваны ў першае пасляваеннае дзесяцігоддзе.
Уся забудова адрозніваецца высокім архітэктурна-мастацкім узроўнем, а 25 будынкаў з ліку размешчаных на вуліцы ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь[3].
На вуліцы Карла Маркса размяшчаецца шэраг вышэйшых дзяржаўных устаноў Беларусі (Адміністрацыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўны сакратарыят Савета Бяспекі Рэспублікі Беларусь, Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь, Камітэт дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь), корпус № 2 Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, пасольствы, разнастайныя грамадскія аб’екты.
На скрыжаванні з вуліцай Энгельса знаходзіцца Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы, на скрыжаванні з вуліцай Чырвонаармейскай — Цэнтральны Дом афіцэраў. Паміж імі на вуліцу Карла Маркса выходзіць Александраўскі сквер.
Па няцотным баку
правіцьАд Свярдлова да Валадарскага
правіцьДа рэвалюцыі на рагу з вул. Каломенскай (Свярдлова) знаходзіліся тры двухпавярховыя каменныя будынкі, у якіх размяшчаліся жаночая лячэбніца, пральня, бляхарня, пякарня і булачная, жылыя памяшканні. Далей два каменныя аднапавярховыя будынкі займала Мінская абшчына сясцёр міласэрнасці Чырвонага Крыжа (вул. Падгорная № 3)[6].
Напачатку 50-х гг. XX ст. старая забудова знесена, пачатак участку адышоў пад праезную частку вуліцы Свярдлова[6].
- № 1 (Свярдлова № 5) — будынак (1953 год, арх. Р. Гегарт[6]), гісторыка-культурная каштоўнасць рэгіянальнага значэння[7]. Раней на гэтым месцы размяшчалася Мінская абшчына сясцёр міласэрнасці Чырвонага Крыжа, заснаваная губернатарам А. А. Трубяцкім. Пачала працаваць з 1903 года. У склад абшчыны ўваходзілі старэйшая і 14 штатных сясцёр міласэрнасці, якія даглядалі за хворымі ў бальніцах, ваенным лазарэце і на прыватных кватэрах. У 1904 годзе на існуючых пры абшчыне курсах адбыўся першы выпуск сясцёр міласэрнасці. У тым жа годзе выпускніцы адправіліся на Далёкі Усход і ў Самару, куды прыбывалі параненыя з руска-японскага фронту. Атрад мінскіх сясцёр міласэрнасці ў 1908 годзе ўдзельнічаў у барацьбе з халерай у Мазырскім павеце, у 1910 годзе змагаўся з тыфам, шкарлятынай і воспай у Мінскай губерні, у 1911 годзе выехаў на дапамогу якія галадалі ў Акмалінскую, Табольскую і Закаспійскую губерні. Мінская абшчына сясцёр міласэрнасці Чырвонага Крыжа ў 1911 годзе арганізавала ў горадзе хуткую дапамогу, у 1914 годзе пабудавала для лякарні новы двухпавярховы каменны будынак на 40 месцаў. З пачаткам першай сусветнай вайны сфарміравала і адправіла на фронт шпіталь на дзвесце коек, пазней пашырыла яго да васьмісот[6].
- Пасля Вялікай Айчыннай вайны на месцы абшчыны сясцёр міласэрнасці па праекце архітэктара Р. Гегарта ўзведзены чатырохпавярховы будынак. у якім цяпер знаходзяцца Мінскі абласны суд і прыёмная Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь[6].
- № 3 — чатырохпавярховы будынак (пачатак XX ст.), гісторыка-культурная каштоўнасць рэгіянальнага значэння[7]. У 1930-я гг. трохпавярховы жылы дом з бакалейнай крамай быў надбудаваны[6]. Цяпер тут размяшчаецца Камітэт дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь.
- № 5 (Валадарскага № 20) — будынак, у якім размяшчалася народная міліцыя ці Чырвоны дом[6] (пачатак XX ст.), гісторыка-культурная каштоўнасць рэгіянальнага значэння[7]. Раней тут размяшчаліся гарадская паліцэйская ўправа, вышукное аддзяленне, павятовая земская ўправа, адрасны стол, камітэт апякунства аб народнай цвярозасці і павятовы з’езд земскіх начальнікаў. Сёння ў гэтым будынку размяшчаецца Упраўленне дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь[6].
Ад Валадарскага да Камсамольскай
правіцьДа рэвалюцыі гэты квартал быў падзелены напалам Захар’еўскім завулкам, якія злучаў вуліцы Захар’еўскую (пр. Незалежнасці) і Падгорную (Карла Маркса). Захар’еўскі завулак цяпер не існуе. Праходзіў ён прыкладна ад пешаходнага праходу пад аркай каля крамы «Падпісныя выданні», што на пр. Незалежнасці, і ўздоўж левага фасада дома № 17 па вуліцы К. Маркса. Ад Серпухаўскай (Валадарскага) да Захар’еўскага завулка на вуліцу Падгорную (К. Маркса) выходзілі два каменныя двухпавярховыя будынкі з жылымі памяшканнямі, яткай, каўбаснай крамай і складам каўбасы[8].
Таксама на гэтым участку размяшчаліся жылыя драўляныя і каменныя хаты, гаспадарчыя пабудовы, сад. Частка дарэвалюцыйнай забудовы пры паваеннай рэканструкцыі вуліцы Камсамольскай (Багадзельнай) адышла пад праезную частку[8].
- № 7 (Валадарскага № 19) — трохпавярховы будынак (канец XIX ст.), гісторыка-культурная каштоўнасць рэгіянальнага значэння[7].
- № 9 — трохпавярховы будынак (пачатак XX ст.; 1950-я), гісторыка-культурная каштоўнасць рэгіянальнага значэння[7]. У 1950-я гады будынак быў надбудаваны да трох паверхаў.
- № 11 — будынак (пачатак XX ст.), гісторыка-культурная каштоўнасць рэгіянальнага значэння[7].
- № 13а —
- № 17 — дом Ленскага[9], будынак былога Мінскага таварыства аматараў прыгожых мастацтваў (пачатак XX ст.), гісторыка-культурная каштоўнасць рэгіянальнага значэння[7]. Раней у гэтым будынку размяшчаліся: Рускі грамадскі сход, тэатральная зала, більярд, малочная крама, жылыя памяшканні[8]. Мінскае таварыства аматараў вытанчаных мастацтваў размясцілася тут у 1899 годзе. З 1917 года ў гэтым будынку дзейнічала друкарня Земскага саюза[9]. Падчас Вялікай Айчыннай вайны частка будынка была страчана. У 1948 годзе ў інстытуце «Белдзяржпраект» у майстэрні У. Вараксіна архітэктарам Нікоравым выкананы праект аднаўлення будынка, у адпаведнасці з якім быў надбудаваны трэці паверх[8].
- № 19 — дом Мунвеза[8] (канец XIX ст.), гісторыка-культурная каштоўнасць рэгіянальнага значэння[7]. У будынку знаходзілася кіраванне электратэхнічнай канторы «Інжынер» (сама кантора размяшчалася на рагу вуліц Захар’еўскай (пр. Незалежнасці) і Петрапаўлаўскай (Энгельса), 88/26). Кантора была заснавана Першай паўночна-заходняй арцеллю тэхнікаў, інжынераў, каморнікаў, ляснічых, аграномаў. Абслугоўвала памешчыцкія гаспадаркі — узводзіла для іх жалезабетонныя пабудовы[8].
- № 21 — дом Кругера[8] (1930-я гады; 1950-я гады), гісторыка-культурная каштоўнасць рэгіянальнага значэння[7]. У гэтым будынку размяшчалася крама Ф. М. Барсука, дзе гандлявалі машынамі для цэментава-пясочнай вытворчасці, шалямі, пажарнымі інструментамі, помпамі, маторамі — нафтавымі і лакамабілямі, млынавымі машынамі і інш. Ф. М. Барсук узначаліў таксама галоўную кантору па продажы медыка-механічнага зубалячэбнага абсталявання і металічных ложкаў варшаўскіх фабрык[8].
- № 21а —
- № 23 (Камсамольская № 34) — будынак (першая палова XX ст.; 1940—1950-я гады), гісторыка-культурная каштоўнасць рэгіянальнага значэння[7].
Ад Камсамольскай да Леніна
правіць- № 25 (Камсамольская № 29) — будынак (пачатак XX ст.; 1946[10]), гісторыка-культурная каштоўнасць рэгіянальнага значэння[7].
- № 27 — будынак (канец XIX ст.; 1930-я гады; 1956[11]), гісторыка-культурная каштоўнасць рэгіянальнага значэння[7].
- № 29 — будынак былой жаночай Марыінскай гімназіі (1879 год), гісторыка-культурная каштоўнасць рэгіянальнага значэння[7]. Сямікласная Марыінская жаночая гімназія адкрыта ў 1899 годзе. Марыінскай яна звалася таму, што адносілася да ведамства ўстаноў імператрыцы Марыі Фёдараўны. У 1912 годзе ў каменным двухпавярховым будынку займалася 560 вучаніц. Выпускніцы атрымлівалі права працаваць хатнімі настаўніцамі і адкрываўся доступ да Вышэйшых жаночых курсаў без іспытаў[12]. Сярод вучаніц жаночай гімназіі народная артыстка СССР Лідзія Ржэцкая, народная артыстка БССР Вера Пола, камерная спявачка Ірма Яўнзем. У 1920-х — пачатку 1930-х гадоў будынак належаў палітэхнікуму, з сярэдзіны 30-х — Дзяржаўнай карціннай галерэі. Пасля Вялікай Айчыннай вайны быў дабудаваны трэці паверх. Цяпер у будынку — паштовая служба і Музей сувязі[9].
- № 31 — эканамічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, будынак былой Мінскай вышэйшай партыйнай школы (1937 год), гісторыка-культурная каштоўнасць рэгіянальнага значэння[7]. Мінская вышэйшая партыйная школа, створаная ў 1956 годзе на базе Рэспубліканскай партыйнай школы пры ЦК КПБ, займалася падрыхтоўкай і перападрыхтоўкай партыйных, савецкіх і камсамольскіх працаўнікоў, працаўнікоў друку, радыё і тэлебачанні. У сувязі з забаронай Вярхоўным Саветам БССР дзейнасці КПСС-КПБ на тэрыторыі Беларусі ў 1991 годзе спыніла сваю дзейнасць[13].
- № 33 (Леніна № 16) — будынак Белкамунбанка (1932[удакладніць], арх. Максімаў, Бранштэйн[14]; 1950-я гады), гісторыка-культурная каштоўнасць рэгіянальнага значэння[7]. Адна з першых савецкіх новабудоўляў. Газета «Звязда» 7 чэрвеня 1927 года пісала пра яго ў нататцы «Пабудова вялікага дому ў Мінску»[15]:
Акцыянернае таварыства (Белкамунбанк, акрвыканкам і Мінскі гарсавет) будуе на рагу Ленінскай і вул. К.Маркса 4-павярховы каменны з 5-м паверхам у цэнтры дом. Кубатура дома - 18.000 куб. метраў. 3-й і 4-й паверхі прызначаны для кватэр з 2- і 3-х пакояў (усяго 26 кватэр) |
А 1 верасня 1928 года газета «Рабочий» (цяпер «Советская Белоруссия») паведаміла[15]:
На Ленінскай вуліцы выбудаваны 4-павярховы дом Белкамунбанка |
Дом меў дробавы нумар 43/36, на першым паверсе размяшчаўся магазін «Масла, малако, сыр»[15]. 1 чэрвеня 1935 года ў доме пачала дзейнічаць узорная гастранамічная крама Мінхарчгандлю з аддзеламі: булачным, малочным, кандытарскім, рыбным. У краме быў вялікі выбар він і тытунёвых вырабаў. Пры магазіне было адчынена кафэ, якое працавала з 9 гадзін раніцы да 2 гадзін ночы[16].
- № 35 (Леніна № 11) — будынак (канец XIX ст.; 1930-я гады; 1950-я гады), архітэктар М. Драздоў[17], гісторыка-культурная каштоўнасць рэгіянальнага значэння[7].
- № 37 — будынак (канец XIX ст.; 1930-я гады; 1950-я гады), гісторыка-культурная каштоўнасць рэгіянальнага значэння[7]. Падчас вайны быў пашкоджаны і ў 1950-х перабудаваны, набыўшы сучасны выгляд. Зараз у будынку размяшчаецца пасольства Злучанага Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі. На фасадзе дома ўстаноўлена пасольствам Італіі ў знак сяброўства копія дошкі, падараванай Беларуссю Падуанскаму ўніверсітэту ў 1992 годзе. На дошцы выяўлены беларускі першадрукар Францішак Скарына, а ніжэй адліты тэкст на беларускай (тарашкевіца) і італьянскай мовах[18]:
У мурох Падуанскага ўнівэрсытэту 9 лістападу 1512 году набыў годнасьць доктара мэдыцыны першы друкар Беларусі, вялікі асьветнік, перакладчык Бібліі Францішак Скарына |
- № 37а —
- № 39 (Энгельса № 14) — жылы будынак (канец XIX ст.; 1930-я гады; 1950-я гады), гісторыка-культурная каштоўнасць рэгіянальнага значэння[7]. У 1860-я гады на гэтым месцы быў пабудаваны будынак Мінскага дваранскага дэпутацкага сходу, галоўным прызначэннем якого было вядзенне радаводных кніг і выдача пасведчанняў аб дваранстве. З 1864 года ў канцэртнай зале дваранскага сходу праходзілі тэатральныя прадстаўленні, а ў 1894 годзе — выстаўка садоўніцтва, агародніцтва і кветкаводства.
У 1917 годзе з-за таго, што Першы Усебеларускі з’езд, які праходзіў у гарадскім тэатры, зацягнуўся, узніклі праблемы з гараджанамі, якія адстойвалі сваё права на вольны час. Была прынята пастанова:
Усебеларускі з'езд пастанавіў дом былога Мінскага Дваранскага Дэпутацкага сходу з усімі надворнымі пабудовамі, прыбудовамі, рухомым і нерухомым інвентаром з гэтага часу абвясціць нацыянальнай уласнасцю Беларускага народа. Прэзідыуму даручана прыняць меры да вызвалення дома для займання таго з'ездам. |
У 1920—30-я гады тут размяшчаўся Дом камуністычнага выхавання імя К. Маркса. На літаратурных вечарах, які праходзілі ў ім бывалі Янка Купала, Якуб Колас, Цішка Гартны і інш. Падчас вайны будынак быў зруйнаваны. У сучасным будынку ў 1960—90-х на першым паверсе размяшчаўся магазін «Саюздрук». У 1990 годзе ўладкаваны ўваход у метро на станцыю «Купалаўская»[19][20].
- № 43 — Крытыя тэнісныя корты.
- № 45 (Янкі Купалы № 15) — будынак (канец XIX ст.; 1930-я гады; 1950-я гады), гісторыка-культурная каштоўнасць рэгіянальнага значэння[7].
Па цотным баку
правіць- № 2 (Свярдлова № 7) — будынак (1930-я) — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 713Г000243
- № 4 — будынак (пачатак XX ст.; 1950-я), гісторыка-культурная каштоўнасць рэгіянальнага значэння[7].
- № 6 (Валадарскага № 22) — будынак (першая палова XX ст.; 1940—1950-я гады), гісторыка-культурная каштоўнасць рэгіянальнага значэння[7].
Да рэвалюцыі квартал ад вуліцы Валадарскага да вуліцы Камсамольскай меў № 132. На вул. Падгорную выходзілі ўчасткі № 11-17.
На ўчастку № 11 стаялі драўляныя і адзін каменны аднапавярховы дамы з жылымі памяшканнямі, крамай бляхара, тытунёвай крамай, а за ім размяшчаўся сад. На ўчастку № 12 размяшчаліся драўляны і каменны жылыя дамы, драўляная фруктовая крама, сад займаў таксама значную частку ўчастку. На ўчастку № 13 на вуліцу выходзіў аднапавярховы драўляны дом, за якім знаходзіліся каменны двухпавярховы і драўляны аднапавярховы жылыя хаты і сад. На ўчастку № 14 комплекс будынкаў (1903—1907), якія належалі аддзяленню Дзяржаўнага банка: будынак банка, жылы флігель, гаспадарчыя пабудовы, плот з брамай. На ўчастку да рэвалюцыі № 15 знаходзіліся жылы драўляны аднапавярховы дом і драўляная павець. На ўчастку № 16 — драўляны аднапавярховы яўрэйскі малітоўны дом і драўляная павець. На ўчастку № 17 быў размешчаны змяшаны двухпавярховы дом з боку вул. Падгорнай і каменны двухпавярховы дом з боку Багадзельнай, унутры ўчастку знаходзіліся драўляны аднапавярховы дом і дзве драўляныя павеці[21].
- № 8 (Валадарскага № 21) — будынак (першая палова XX ст.; 1940—1950-я гады, У. М. Вараксін), гісторыка-культурная каштоўнасць рэгіянальнага значэння[7]. У 1930-я гады на гэтым месцы быў пабудавана аўтаматычная тэлефонная станцыя ў стылі канструктывізму (архітэктар Г. Якушка[22]), якая распачала працу ў лістападзе 1932 года і зруйнавана падчас вайны. У сучасным будынку размешчаны аддзяленне Беларусбанка, мастацкая галерэя «БелАрт», Беларускі саюз мастакоў і Дзіцячая мастацкая школа № 1 імя В. К. Цвіркі. На фасадзе ўстаноўлена шыльда з выявай В. К. Цвіркі[23]:
Школа носіць імя народнага мастака Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР ВІТАЛЯ КАНСТАНЦІНАВІЧА ЦВІРКІ |
- № 8а —
- № 10 — Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі па шахматах і шашках (архітэктары А. Суслаў, С. Неўмывакін). Дзякуючы старанням чэмпіёна свету А. Я. Карпава і ініцыятыве старшыні шахматнай федэрацыі БССР акадэміка М. С. Місюка, было прынята рашэнне аб будаўніцтве ў Мінску «Палаца шахмат і шашак». Шахматыстам быў перададзены двухпавярховы будынак па вул. К. Маркса, 10, дзе да гэтага быў інстытут тэхнічнай інфармацыі. Рэканструкцыя затрымалася ў сувязі з правядзеннем у горадзе турніру футбалістаў Алімпійскіх гульняў 1980 года. У будынку часова размясціўся Алімпійскі камітэт БССР. Працы былі завершаны ў 1985 годзе[24].
У тым жа годзе ў палацы прайшоў чэмпіянат СССР па шахматах (1-я ліга), у 1986 годзе адбыўся міжнародны шахматны турнір і паўфінальны матч прэтэндэнтаў на званне чэмпіёна свету паміж Р. Ваганянам і А. Сакаловым. У 1987 годзе прайшоў фінал чэмпіянату СССР і міжнародны жаночы турнір, у 1988 годзе кубак СССР па шахматах. Акрамя таго, тут праходзілі ўсе чэмпіянаты Беларусі, чэмпіянаты спартыўных таварыстваў, горада Мінска, матчавыя сустрэчы. Праводзіцца мноства спаборніцтваў па шашках. Так у лістападзе 1986 года тут адбыўся фінальны матч на званне чэмпіёнкі свету па міжнародных шашках сярод жанчын паміж А. Альтшуль і З. Садоўскай. У 1987 годзе Палац прыняў удзельніц чэмпіянату свету па міжнародных шашках[24].
- № 12 — будынак Нацыянальнага музея гісторыі і культуры Рэспублікі Беларусь (1903—1907)[21], гісторыка-культурная каштоўнасць рэгіянальнага значэння[7]. На 1-м паверсе раней размяшчаліся вартавое памяшканне, кватэры кіраўніка і служачых банка, а на другім — Мінскае аддзяленне Дзяржаўнага банка[9]. Пасля рэвалюцыі ў будынку знаходзіўся Цэнтральны Камітэт Камуністычнай партыі Беларусі (1920—1930-я) і ЛКСМБ, народны камісарыят фінансаў БССР, рэдакцыя часопіса «Работніца і сялянка», выканкам гарсавета (з 1933) і іншыя дзяржаўныя ўстановы. У ходзе рэканструкцыі 1934 года быў надбудаваны 3-ці паверх. З у будынку размяшчаўся Дзяржаўны музей БССР[21][25].
- № 12а — будынак (другая палова XIX ст.), гісторыка-культурная каштоўнасць рэгіянальнага значэння[7].
- № 14 — будынак «Белэнерга» (1950—1952 гады, арх. Р. Гегарт, Я. Шапіра), гісторыка-культурная каштоўнасць рэгіянальнага значэння[7].
Ад Камсамольскай да Леніна
правіць- № 16 (Камсамольская № 31) — будынак (канец XIX ст.; 1936—38 гады, арх. А. Дзянісаў; 1950-я гады), гісторыка-культурная каштоўнасць рэгіянальнага значэння[7]. У будынку размяшчаўся Наркамлес БССР. У адпаведнасці з праектам 1945 года ў першапачатковае архітэктурнае рашэнне былі ўнесены значныя змены[26].
- № 18 — будынак (1950-я гады), гісторыка-культурная каштоўнасць[27]. У 1904 годзе ў гэтым будынку пачалі працаваць хіміка-бактэрыялагічны кабінет і лабараторыя доктара В. М. Камоцкага. У лабараторыі неаднаразова рабіліся аналізы рачной і вадаправоднай вады[26].
- № 18а —
- № 20 — дом Стравінскага[9] (другая палова XIX ст.; 1950-я гады), гісторыка-культурная каштоўнасць рэгіянальнага значэння[7]. У 1886 годзе тут заснавана народніцкая арцель металістаў, якая дзейнічала па прынцыпе камуны. Вяла рэвалюцыйную дзейнасць, завошта падвяргалася пастаянным пераследам паліцыі і, праіснаваўшы каля паўгода, закрылася[26].
- № 22 — будынак (першая палова XX ст.; 1940—1950-я гады, арх. А. Брэгман[26]), гісторыка-культурная каштоўнасць рэгіянальнага значэння[7]. Збудавана як інтэрнат партшколы пры ЦК ВКП(б)Б[26].
- № 22а — інтэрнат Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь (1980, архітэктар А. Канстанціновіч)[28].
- № 24 — будынак (пачатак XX ст.; 1950-я гады), гісторыка-культурная каштоўнасць рэгіянальнага значэння[7].
- № 26 — будынак (другая палова ХІХ ст. або 1902[26]; 1932[26]; 1950-я гады), гісторыка-культурная каштоўнасць рэгіянальнага значэння[7].
- № 28 (Леніна № 18) — будынак (канец XIX ст.; 1930-я гады; 1949—1951, арх. А. Брэгман[26]), гісторыка-культурная каштоўнасць рэгіянальнага значэння[7]. Пасля вайны выкарыстоўваўся як жылы дом з авіяцыйнымі касамі і міжгародным тэлефонам на першым паверсе[29].
Ад Леніна да Энгельса
правіць- № 30 (Леніна № 13) — дом Свянціцкага (канец ХІХ — пачатак XX стагоддзя, арх. Генрых Гай), помнік архітэктуры ў стылі мадэрн, гісторыка-культурная каштоўнасць рэгіянальнага значэння[7]. Пабудаваны як даходны дом. Належаў доктару Сігізмунду Карлавічу Свянціцкаму[30]. У гэтым доме таксама размяшчаліся магазін Чырвонага Крыжа і жылыя памяшканні[21]. У 1930-я гады дом зваўся Першым Домам Саветаў і быў свой час аблюбаваны творчай, навуковай і партыйнай эліта, пра што сведчаць шматлікія мемарыяльныя дошкі на фасадзе будынка[31].
- У жніўні-верасні 1920 года тут спыняўся Фелікс Дзяржынскі, які займаўся ўмацаваннем працы Мінскага губчака і асобага аддзела Чырвонай Арміі. Тут таксама жылі вядомыя дзяржаўныя дзеячы А. Чарвякоў, М. Галадзед, П. Панамарэнка, К. Мазураў, вучоныя М. Нікольскі, М. Мацэпура, пісьменнік Цішка Гартны. У гэтым доме знаходзіцца Дзяржаўны літаратурны музей Петруся Броўкі, дзе народны паэт Беларусі, акадэмік, ганаровы грамадзянін Мінска жыў i працаваў з 1951 па 1980 год[32][33].
- № 32 —
- № 34 — будынак (1930-я гады, арх. С. Гайдукевіч[21]; 1950-я гады), гісторыка-культурная каштоўнасць рэгіянальнага значэння[7].
- № 34а — будынак (1930, арх. С. Гайдукевіч[21]), гісторыка-культурная каштоўнасць рэгіянальнага значэння[7].
- № 36 (Энгельса № 16) — Дом пісьменнікаў (1950—1953 гады, архітэктар А. Брэгман[21]). З канца XIX ст. на гэтым месцы стаяў дом Юхновіча, разбураны падчас Другой сусветнай вайны.
Ад Энгельса да Чырвонаармейскай
правіць- № 38 — Рэзідэнцыя Прэзідэнта Беларусі, да 1994 года — будынак Цэнтральнага Камітэта камуністычнай партыі Беларусі (ЦК КПБ) (1940—47, арх. У. Араксін, А. Воінаў). Будаўніцтва шасціпавярховага будынака ЦК КПБ пачалося ў 1939—1941 гады і было завершана пасля Вялікай Айчыннай вайны ў 1947 годзе[7]. Падчас акупацыі да чэрвеня 1943 будынак быў дабудаваны і адрамантаваны, сюды пераехаў генкамісарыят з плошчы Свабоды. На 2 паверсе ў вуглавым пакоі генкамісарыята размяшчаўся працоўны кабінет Кубэ, вокны якога выходзілі на драмтэатр у Аляксандраўскам скверы, таксама добра была бачна алея сквера з павешанымі падпольшчыкамі Мінска[34].
- У 1980-я гады поруч яго былі ўсталяваны бюсты К. Маркса і Леніна працы вядомага беларускага скульпатара З. Азгура, якія раптоўна зніклі напачатку 90-х. Пасля атрымання Беларуссю незалежнасці ў будынку размяшчаецца Рэзідэнцыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь[35].
- Падгорная № 44 — дом Чапскага. У будынку з 1895 года дзейнічала Мінскае гарадское крэдытнае таварыства, маючы 50 тысяч рублёў статутнага капіталу, вылучанага таварыству гарадской думай. Выдавала доўгатэрміновыя пазыкі пад заклад гарадскіх будынкаў і земляў на тэрмін ад 20 гадоў 11 месяцаў да 37 гадоў 6 месяцаў, што ў пэўнай ступені стымулявала гарадское будаўніцтва[35].
- Падгорная № 46 (Скобелеўская № 2) — палац Чапскага (былы дом Гаўсмана; 1857, арх. К. Хршчановіч). У будынку размяшчаўся Гарадскі клуб з бібліятэкай і залай для канцэртаў і баляў. У самым вялікім з зал праводзіліся канцэрты, ставіліся спектаклі, прыбіраліся гарадскія навагоднія елкі. Тутака ж размяшчаўся Грамадскі збор. З’яўляючыся органам губернскага дваранства, яно абараняла інтарэсы і прывілеі нашчадкавых дваран. Мела права абіраць губернскага маршалка дваранства, членаў дваранскага дэпутацкага сходу, засядацеляў у дваранскую апеку, ганаровых апекуноў гімназій і прагімназій і г.д. У зале грамадскага сходу ладзіліся канцэрты, тэатральныя пастаноўкі. Тут пачынала сваю працу Мінскае таварыства прыгожых мастацтваў (1898—1899)[35].
- Палац был зруйнаваны, відавочна, у канцы 30-х для ўзвядзення будынка Цэнтральнага Камітэта КПБ, будаўніцтва якога распачалося ў 1939 годзе[35].
Ад Чырвонаармейскай да Я. Купалы
правіцьПершапачаткова ўся забудова квартала была драўлянай і выконвала жылую функцыю, толькі ў 1920-я гады пачалося новае капітальнае будаўніцтва[36].
- № 40 — чатырохпавярховы будынак (1953, Г. У. Заборскі), гісторыка-культурная каштоўнасць рэгіянальнага значэння[7]. У 1920-я гг. на яго месцы быў узведзены Дом селяніна (арх. С. Гайдукевіч). У ім размяшчаліся інтэрнат, сталовая, сельскагаспадарчы музей, бібліятэка, зала на 400 чалавек, меліся ленінскі, санітарны, ваенны і атэістычны куткі для наведвальнікаў. У будынку таксама пачатку размяшчалася экспазіцыя Беларускага дзяржаўнага музея, які складаўся з сямі аддзелаў: археалогіі, зброі, старога Мінска, этнаграфіі, нумізматыкі, мастацтваў і яўрэйскага аддзела. У той жа час, у 1930-я гады, памяшканні Дома селяніна былі перададзены ЦК КП(б)Б. У 1944 годзе будынак быў узарваны нацыстамі. Пасля вайны ў 1953 годзе на гэтым месцы быў пабудаваны будынак ЦК ЛКСМБ па праекце архітэктара Заборскага[36]. Цяпер у ім сярод іншых арганізацый размяшчаецца Цэнтральны камітэт «Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі».
- № 42 — 120-кватэрны жылы будынак, г.зв. «Цэкаўскі дом»[36] (1965—67, Ю. Шпіт)[37]. Складаны рэльеф заахвоціў архітэктара стварыць ступеньчатую кампазіцыю будынка[36]. Мемарыяльныя дошкі сведчаць аб тым, што ў ім у 1967—2001 гадах жыў вядомы беларускі пісьменнік, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, заслужаны дзеяч культуры Беларусі Іван Рыгоравіч Новікаў[38], а таксама Іларыён Мяфодзьевіч Ігнаценка, які ўзначальваў Інстытут гісторыі Акадэміі навук БССР[39].
- № 50 — шасціпавярховы жылы будынак (1958).
Паркі і скверы
правіцьМіхайлаўскі сквер
правіцьБульвар на вуліцы Камсамольскай
правіцьБульвар на вуліцы Камсамольскай быў прадугледжаны генпланам Мінска, прынятым у 1946 годзе. У далейшым у распрацоўцы праектаў «Рэканструкцыя і аднаўленне Савецкай вуліцы», «Добраўпарадкаванне вуліцы Камсамольскай», «Рэканструкцыя і аднаўленне Камсамольскай вуліцы», «Праект прывязкі тыпавой агароджы пры вуліцы Камсамольскай» прымалі ўдзел архітэктары Н. Трахтэнберг, Г. Парсаданаў, В. Талмачоў, Р. Абразцова, А. Косціч, Н. Нікора[7]. Сам бульвар быў створаны ў 1948—49 гадах. Даўжыня бульвара была ўстаноўлена ў 250—300 м, шырыня ў 15-18 м. Па абодва бакі бульвара ўладкованы праезды з асфальтавым пакрыццём і тратуары 6-метровай шырыні. Зроблены пасадкі акультываваных ліп ва ўзросце ад 30 да 40 гадоў.
Ад праезнай часткі бульвар быў аддзелены гранітным бортам і мастацкай металічнай рашоткай. Паміж дрэвамі і рашоткай праходзіць паласа хмызняка, у цэнтры ідзе 3-метровая дарожка, па абодва бакі якой размешчаны палосы кветнікаў. Лаўкі і ўрны размешчаны з невялікімі інтэрваламі ў «кішэнях» кветнікавых палос[40].
Бульвар на вуліцы Леніна
правіцьПадчас Вялікай Айчыннай вайны забудова ў гэтай частцы горада моцна пацярпела. На фотаздымку, зробленым у 1944 г., відаць, што на вуліцы Леніна ад праспекта да плошчы Свабоды ад многіх будынкаў засталіся толькі руіны.
Бульвар на вуліцы Леніна ад вул. Інтэрнацыянальнай да вул. К. Маркса быў зроблены на аснове Генеральнага плана горада Мінска 1946 года. Аўтарамі агульнага вырашэння былі арх. Н. Трахтэнберг і Г. Парсаданаў, аўтар праекта азелянення вуліцы Леніна арх. М. Андросаў; аўтар рашоткі агароджы бульвара — арх. Шміт; у 1949 г. архітэктарам Р. Абразцовай быў зроблены праект добраўпарадкавання бульвара. Да 1952 года рэканструкцыя вуліцы Леніна скончана, вуліца была пашырана амаль у два разы адносна першапачатковай шырыні, быў зроблены бульвар[7]. У 2002 годзе ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь[41]. 3 ліпеня 2003 была скончана рэканструкцыя бульвара (А. Сардараў). Былі створаны два невялікіх фантана са скульптурамі, заменены старыя і хворыя дрэвы ліпавай алея, а таксама асфальт на ўзорыстую плітку[42].
Аляксандраўскі сквер
правіцьСквер быў закладзены ў 1836 годзе на месцы Новага рынку па ініцыятыве гарадскога галавы Леапольда Дельпаца. Сваю назву сквер атрымаў у гонар Аляксандра Неўскага (аднайменная капліца з 1869 года да 1930-х знаходзілася на месцы сучаснага ўваходу ў сквер каля перасячэння вуліцы Энгельса і праспекта Незалежнасці). Фантан «Хлопчык з лебедзем» быў пабудаваны ў 1874 годзе. У 1890 годзе ў паўднёвай частцы сквера адкрыўся тэатр (сёння — Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы).
Цэнтральны дзіцячы парк імя Максіма Горкага
правіцьПарк заснаваны ў 1805 г. першым губернатарам Мінска Карнеевым З. А. і першапачаткова зваўся як Губернатарскі сад[43], у гонар заснавальніка парку. Парк з’яўляўся першым грамадскім месцам адпачынку ў Беларусі.
У канцы XIX стагоддзя ў парку з’явіўся першы стадыён з велатрэкам, пляцоўкі для лаўн-тэніса, кракета, кегельбана.
Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года і ўтварэння БССР парк атрымлівае назву ў духу таго часу — «Прафінтэрн». І з 1936 г. за паркам замацоўваецца назва — «парк імя Максіма Горкага», як даніна новай традыцыі назваць паркі культуры і адпачынку ў найбуйнейшых гарадах СССР імем гэтага вялікага пралетарскага пісьменніка.
Падчас Вялікай Айчыннай вайны, жылыя кварталы, якія знаходзіліся каля Свіслачы, былі разбураны, і з’явілася магчымасць пашырыць тэрыторыю парку. Паваенная рэканструкцыя парку ажыцяўлялася па праекце архітэктара І. Рудэнка.
У 1960 парк цалкам становіцца дзіцячым і за ім замацоўваецца яго сённяшняя назва: «Цэнтральны дзіцячы парк імя Максіма Горкага». Распрацаваны новы генеральны план парку архітэктарамі: Л. Усава, У. Вараксін, В. Герашчанка.
Помнікі, мемарыяльныя дошкі і памятныя знакі
правіцьПомнікі
правіць- Помнік Анры Дзюнану (на скрыжаванні з вул. Леніна).
- Танк-вызваліцель (на скрыжаванні з вул. Чырвонаармейскай).
Мемарыяльныя дошкі
правіць- В. К. Цвірка — на фасадзе дома № 8
- Я. Маўру — на фасадзе дома № 36
- П. Ф. Глебкі — на фасадзе дома № 36
- І. Я. Навуменка — на фасадзе дома № 36
- У. С. Караткевічу — на фасадзе дома № 36
- І. Р. Новікаву — на фасадзе дома № 42
- І. М. Ігнаценка — на фасадзе дома № 42
Нефармальная тапаніміка вуліцы
правіцьУ сталінскія часы вуліца ўваходзіла ў нефармальны "Квартал чатырох святых": чатырохвугольнік, які стваралі вуліцы Маркса, Энгельса і Леніна і праспект Сталіна (Незалежнасці). Пасля распаду СССР вуліца мела нефармальную назву "Карла-Марла", а блогерка Оh_valeriee1 назвала яе ў сваім відэа "мінскімі патрыкамі" (па аналогіі з Патрыяршымі прудамі Масквы).
Крыніцы
правіць- ↑ Даведнік вуліц па г.Мінску на 28.03.2012.
- ↑ Переименования улиц Минска(недаступная спасылка)
- ↑ а б в г д В МИНСКЕ БУДЕТ СВОЙ АРБАТ «Вечерний Минск»
- ↑ Улица Карла Маркса
- ↑ В поисках утраченного(недаступная спасылка) «СБ-Беларусь Сегодня»
- ↑ а б в г д е ё ж Карла Маркса (Подгорная) от Свердлова (Коломенской) до Володарского (Серпуховской) Архівавана 5 сакавіка 2016.
- ↑ а б в г д е ё ж з і к л м н о п р с т у ф х ц ч ш э ю я аа аб ав аг ад ае аё аж аз аі ак склад. В.Я. Абламскі, І.М. Чарняўскі, Ю.А. Барысюк. Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. — Мн.: БЕЛТА, 2009. — 684 с. — ISBN 978-985-6828-35-8.
- ↑ а б в г д е ё ж Карла Маркса (Подгорная) от Володарского (Серпуховской) до Комсомольской (Богадельной) Архівавана 5 сакавіка 2016.
- ↑ а б в г д Мінск // Глобус Беларусі
- ↑ Пашпарт дома(недаступная спасылка)
- ↑ Пашпарт дома(недаступная спасылка)
- ↑ В поисках утраченного(недаступная спасылка)
- ↑ Минская Высшая партийная школа Архівавана 4 сакавіка 2016. ЭКОНОМИКА.BY
- ↑ А.С. Шамрук. Архітэктура Беларусі XX-пачатку ХXI ст.: эвалюцыя стыляў і мастацкіх канцэпцый = Архитектура Беларуси XX-начала ХXI в.: эволюция стилей и художественных концепций. — Мн.: Белорус. Наука, 2007. — 335 с. — 2 000 экз. — ISBN 978-985-08-0868-4.
- ↑ а б в Война и мир в нашем доме(недаступная спасылка)
- ↑ Мінск незнаемы 1920—1940 Архівавана 4 Сакавік 2016. Ілья Куркоў
- ↑ Сорочкин Владимир Львович // Архитекторы Советской Белоруссии: Биогр. справочник / Союз архитекторов БССР; Сост. В. И. Аникин и др. — Мн.: Беларусь, 1991. — 262 с. — ISBN 5-338-00611-1. (руск.)
- ↑ Фотаздымак дошкі(недаступная спасылка)
- ↑ 7 фактов о Всебеларуском съезде(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 4 сакавіка 2016. Праверана 26 лістапада 2011.
- ↑ Улица Энгельса Архівавана 23 студзеня 2013. (руск.)
- ↑ а б в г д е ё Улица Лошицкая — Базарная — Подгорная — Карла Маркса Архитектура и строительство
- ↑ Застывшая музыка зодчего Якушко(недаступная спасылка) (руск.)
- ↑ Дошка на доме № 8
- ↑ а б Учреждение «Республиканский центр олимпийской подготовки по шахматам и шашкам» Архівавана 27 Кастрычнік 2013.
- ↑ Гісторыя музея(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 8 лістапада 2011. Праверана 21 лістапада 2011.
- ↑ а б в г д е ё ж Карла Маркса (Подгорная) от Комсомольской (Богадельной) до Ленина (Губернаторской) Архівавана 5 сакавіка 2016.
- ↑ Новыя «каштоўнасці» ў Менску
- ↑ Архитекторы Советской Белоруссии: Биогр. справочник / Союз архитекторов БССР; Сост. В. И. Аникин и др. — Мн.: Беларусь, 1991. — 262 с. — ISBN 5-338-00611-1. (руск.)
- ↑ Минск архитектора Брегмана
- ↑ Прогулки по старому городу. Шопинг в Минске сто лет назад. Пиво, кондитерские изделия и музыка Архівавана 4 лютага 2014.
- ↑ Улица Ленина Архівавана 23 студзеня 2013.
- ↑ Построили Гай и Гайдукевич
- ↑ Літаратурны музей Петруся Броўкі(недаступная спасылка) Museum.by
- ↑ Особняк Виктора Янчевского Архівавана 24 лістапада 2012.
- ↑ а б в г Карла Маркса (Подгорная) от Энгельса (Петропавловской) до Красноармейской (Скобелевской) Архівавана 4 Сакавік 2016.
- ↑ а б в г Ад Чырвонаармейскай (Скобелеўскай) да Я. Купалы (Паліцэйскай). Цотны бок Архівавана 4 сакавіка 2016.
- ↑ Юрий Шпит — зодчий, ученый, педагог
- ↑ Фотаздымак дошкі І. Р. Новікаву(недаступная спасылка)
- ↑ Память академика Игнатенко увековечили в столице Архівавана 5 сакавіка 2016.
- ↑ ПРАКТИКА СОВЕТСКОГО ГРАДОСТРОИТЕЛЬСТВА МИНСК
- ↑ До 1930 в Минске не было ни одного городского бульвара Архівавана 14 Чэрвень 2010.
- ↑ Бульвар на улице Ленина в Минске будет реконструирован Архівавана 5 Сакавік 2016.
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Вуліца Карла Маркса (Мінск)
- Улица Карла Маркса Твоя столица — Минск
- Улица Лошицкая — Базарная — Подгорная — Карла Маркса Архитектура и строительство
- В поисках утраченного(недаступная спасылка) «СБ-Беларусь Сегодня»
- Вуліца Карла Маркса (Мінск) на сайце «Архіварта»
Гэты артыкул уваходзіць у лік добрых артыкулаў беларускамоўнага раздзела Вікіпедыі. |