Рэвалюцыйная вуліца (Мінск)

(Пасля перасылкі з Вуліца Рэвалюцыйная, Мінск)

Рэвалюцыйная вуліца (раней Ко́йданаўская) — вуліца ў Цэнтральным раёне Мінска. Вядомая з XVI стагоддзя. Размяшчаецца паміж плошчай Свабоды і вуліцай Леніна з аднаго боку, і вуліцай Гарадскі Вал — з іншай, перасякае вуліцу Камсамольскую. Нумарацыя дамоў — ад плошчы Свабоды. Вуліца ўваходзіць у межы гісторыка-архітэктурнай ахоўнай зоны Верхні Горад, размяшчаецца ў паўночнай яе частцы. Захавалася мураваная забудова сярэдзіны XVIII — пачатку XX стагоддзяў[1]. Паралельна вуліцы, непадалёк месцяцца такія славутасці Мінску, як архікафедральны касцёл Імя Найсвяцейшай Дзевы Марыі (плошча Свабоды, д. 9) і гарадская сядзіба Пшаздзецкіх (плошча Свабоды, д. 13/2 і 15).

Рэвалюцыйная вуліца
Мінск
Фатаграфія
Агульная інфармацыя
Краіна Беларусь
Горад Мінск
Раён Цэнтральны
Працягласць ~450 м
Найбліжэйшыя
станцыі метро
Няміга
Ранейшыя назвы Койданаўская
на Яндэкс.Картах
на Картах Google
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Рух транспарту на працягу ўсёй вуліцы аднабаковы, маршруты грамадскага транспарту на ёй адсутнічаюць, непадалёк размяшчаецца станцыя метро «Няміга».

Гісторыя правіць

Вуліца ўзнікла ў XVI ст., злучала плошчу Высокага Рынку і браму ў абарончым вале, ад якога пачынаўся Койданаўскі тракт.

У 1-й палове XVII ст. двума «пляцамі» каля брамы валодаў менскі бурмістр Лукаш Богушавіч Шышка. Тастаментам ён перадаў пляцы пад шпіталь для бедных. Болей праз 100 гадоў унукі Лукаша заснавалі тут касцёл з кляштарам і шпіталем рохітаў.

У 1650 годзе, перад вайной Расіі з Рэччу Паспалітай, у Менску аселі езуіты па фундацыі смаленскага біскупа Гераніма Сангушкі, які набыў для іх рэзідэнцыі ў мяшчаніна Ягора Гегера абнесеную каменнай агароджай мураваную рэнесансную сядзібу з драўлянай капліцай на рагу вуліцы Койданаўскай і плошчы Высокі Рынак[2]. Комплекс паступова разрастаўся: тут з'явіліся будынкі школы (канец XVII ст.), касцёл (пачатак XVIII ст., захаваўся па сённяшні дзень, Касцёл імя Найсвяцейшай Дзевы Марыі), калегіум (сярэдзіна XVIII ст.). У глыбіні кварталу размяшчаліся гаспадарчыя будынкі. Двухпавярховы калегіум знаходзіўся там, дзе цяпер размяшчаецца жылы будынак (плошча Свабоды, 11). Будынак меў чатырохпавярховую вежу з гадзіннікам. Пазней (у канцы XIX — пачатку XX ст.) тут працавала казённая палата. У 1951 годзе гэты будынак быў знесены, а на яго месцы ўзведзены іншы[3]..

У глыбіні Койданаўскай, на скрыжаванні з Нямігскім завулкам (сучасная вуліца Камсамольская) знаходзіўся манастыр бенедыкцінаў. Участак зямлі для будынкаў яны купілі ў пачатку XVIII стагоддзя. У 1773 годзе тут быў збудаваны драўляны касцёл Святога Міхаіла Арханёла, які выходзіў паўночным фасадам на Койданаўскую. Побач з ім размяшчалася двухпавярховы дом ксяндза і фруктовы сад, абнесены плотам. Па задушэнні вызваленчага паўстання 1830—1831 гадоў расійскія ўлады ліквідавалі кляштар (1833), а яго маёмасць канфіскавалі. Будынак касцёла выкарыстоўваўся пад склад. Прыкладна да сярэдзіны XIX ст. усе будынкі кляштара разбурылі, а колішнюю яго тэрыторыю паступова забудавалі жылымі дамамі[3].

У XIX стагоддзі будынкамі на гэтай вуліцы валодалі заможныя служачыя, купцы, мяшчане. У сярэдзіне 1830-х гадоў вуліца была добраўпарадкавана і пакрытая маставой. У гэты ж час на Койданаўскай заставаліся і драўляныя будынкі, але 21 чэрвеня 1881 года вялікі пажар знішчыў іх[3]. У канцы XIX — пачатку XX стагоддзя Койданаўская адносілася да першага разраду гарадскіх вуліц.

У 1919 годзе Койданаўская вуліца была пераназвана савецкімі ўладамі ў гонар Фердынанда Ласаля, нямецкага сацыяліста і філосафа. Падчас польскай акупацыі 19191920 гадоў вуліцы была вернутая былая назва, а ў 1922 годзе Койданаўская была пераназвана бальшавікамі ў вуліцу Рэвалюцыйную[4].

У 19411944 гадах, у часы нямецкай акупацыі, вуліца насіла назву Кірхенштрасэ (Царкоўная вуліца)[4], пры гэтым у беларускіх колах яна насіла назву вуліца Рагнеды[5]. У пасляваенны час істотных змяненняў, звязаных з вуліцай, не адбылося.

У сакавіку 2010 года Камісія па найменаванні і перайменаванні вуліц пры Мінгарвыканкаме прыняла рашэнне вярнуць вуліцы Рэвалюцыйнай назву Койданаўская, але гэта рашэнне не было зацверджана дэпутатамі Мінгарсавета[6].

Забудова правіць

Вылучаюцца 3 ансамблі: першы — ад пляцу Свабоды да скрыжавання з вуліцай Камсамольскай (дамы № 2—16); другі — ад Камсамольскай да вуліцы Гарадскі Вал (№ 22—32); трэці — на гэтым жа ўчастку (№ 11—17); дом № 3 не ўваходзіць ні ў адзін з гэтых ансамбляў[1].

Дамы № 3, 4, 6, 6а, 6б, 6в, 8, 8а, 9, 10, 12, 13, 14, 15, 15а, 17, 22, 24, 24а, 24б, 26, 26а, 28, 32 уваходзяць у склад гісторыка-культурнай каштоўнасці 1-й катэгорыі «Гістарычны цэнтр г. Мінска»[7].

Па цотным баку правіць

 
Мінскае мужчынскае духоўнае вучылішча, пачатак XX ст.
 
Дом № 2/13
 
Рэвалюцыйная, 4
 
Рэвалюцыйная, 6
 
Рэвалюцыйная, 8
  • № 2/13 — на рагу вул. Рэвалюцыйнай і пл. Свабоды. Пабудаваны ў 2-й палове XVIII ст. з цэглы. Першапачаткова Г-падобны ў плане, двухпавярховы з цокальным паверхам, быў паўднёвым флігелем гарадской сядзібы Пшаздзецкіх. У канцы XIX ст. рэканструяваны: стаў П-падобным у плане, у тарцовых частках надбудаваны 3-і паверх. У XIX — пачатку XX ст. у будынку быў інтэрнат мужчынскай духоўнай вучылішча. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі размяшчаўся Наркамат асветы БССР, у 19221925 гг. першая шматгаліновая навукова-даследчая ўстанова ў рэспубліцы, папярэднік Акадэміі Навук БССР — Інстытут беларускай культуры (Інбелкульт). У 1956 годзе тут размяшчаўся кінатэатр «Навіны дня», які быў разлічаны на 200 месцаў і служыў для паказу паўторных фільмаў[8]. Цяпер у будынку месцяцца дзяржаўныя ўстановы[1].
  • № 4 — пабудаваны ў XIX ст. з цэглы. Двухпавярховая прамавугольная ў плане пабудова накрытая двухсхільным дахам. За савецкім часам у будынку размяшчалася рамонтна-будаўнічая кантора Ленінскага раёна[9]. Цяпер у ім месцяцца грамадскія ўстановы[1].
  • № 6 — пабудаваны ў XIX ст. з цэглы. Двухпавярховы прамавугольны ў плане будынак на глухім высокім цокалі. Ранейшы адрас — Койданаўская, 6, дом Грушкіна. У пачатку XX ст. тут размяшчалася Прыватная лячэбніца па хваробах зроку С. Д. Камінскага. Адчыненая ў студзені 1903 года, была разлічана на 6 ложкаў, вёўся амбулаторны прыём[10]. За савецкім часам у будынку размяшчаўся трэст паказальных рэстаранаў Міністэрства гандлю БССР[9]. Цяпер у ім месцяцца грамадскія ўстановы[1].
  • № 8 — пабудаваны ў XIX ст. з цэглы. Чатырохпавярховы ў плане будынак з прамавугольным арачным праездам у левай частцы. Чацверты паверх надбудаваны ў пачатку XX ст[1]. Ранейшы адрас — Койданаўская, 8, дом Аскельрода. Тут размяшчалася банкірская кантора Г. А. Ліфшыц, вядомая таксама як гандлёвы дом «Г. А. Лішфыц». Заснаваны ў 1895 годзе, меў аддзяленне ў Лібаве, карыстаўся замежнымі сувязямі. Разам з гандлем галава фірмы вяла ўлік вексальных абавязацельстваў. У 1903 годзе грашовыя абароты дасягалі 1 мільёна рублёў[10]. За савецкім часам у будынку размяшчалася рамонтна-будаўнічая кантора Варашылаўскага (цяпер Савецкі) раёна і трэст № 21 беларускага філіялу дзяржаўнага інстытута па праектаванні і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі[9].
  • № 8а — пабудаваны ў XIX ст. як жылы. Двухпавярховы будынак мае план складанай формы, шчыльна прымыкае ў двары да дому № 10[1]. Ад 21 ліпеня 1995 года па 31 жніўня 1996 тут размяшчалася рэдакцыя першай недзяржаўнай бесцэнзурнай беларускамоўнай радыёстанцыі 101,2[11].
 
Рэвалюцыйная, 10
  • № 10 — пабудаваны ў XIX ст. з цэглы. Двухпавярховая пабудова чатырохвугольная ў плане, асноўны аб'ём падоўжаны ў глыбіню двара і накрыты двухсхільным дахам[1]. Цяпер у будынку размяшчаецца Музей гісторыі горада Мінска.
 
Рэвалюцыйная, 14, 12
  • № 12 — пабудаваны ў XIX ст. з цэглы. Двухпавярховая пабудова са складанай выцягнутай у глыбіню двара формай плану, накрытая вальмавым дахам[1]. У наш час будынак рэканструяваны да непазнавальнасці. Ранейшы адрас — Койданаўская, 12. У пачатку XX ст. у будынку размяшчалася Электратэхнічнае бюро і склад электратэхнічных прылад інжынера Ф. Я. Левіна[10]. За савецкім часам у будынку размяшчалася тыпаграфія «Чырвоны друкар» і граверная майстэрня пры тыпаграфіі[9]. Цяпер у будынку месцяцца крамы.
  • № 14 — пабудаваны ў XIX ст. з цэглы. Шчыльна прымыкае да дому № 12. Двухпавярховы прамавугольны ў плане будынак накрыты двухсхільным дахам. Галоўны фасад мае сіметрычную кампазіцыю. У цэнтральнай частцы вялікі прамавугольны арачны праезд, над якім навісае балькон, што аб'ядноўвае 2 дзвярныя праёмы, абрамленыя паўкалонкамі[1]. Цяпер у будынку месцяцца грамадскія ўстановы.
 
Рэвалюцыйная, 22
  • № 22 — пабудаваны ў XIX ст. з цэглы. Двухпавярховая прамавугольная ў плане пабудова накрытая двухсхільным дахам. Галоўны фасад мае сіметрычную кампазіцыю. Ранейшы адрас — Койданаўская, 20, дом Фішэра. У пачатку XX ст. тут размяшчалася гасцініца «Лівадзія» Б. М. Футэра (11 нумароў)[10].
 
Рэвалюцыйная, 24
  • № 24 — пабудаваны ў XIX ст. з цэглы. Трохпавярховы будынак складанай аб'ёмна-прасторавай кампазіцыі, П-падобны ў плане[1]. Ранейшы адрас — Койданаўская, 22, дом Залкінда. 21 чэрвеня 1910 года ў гэтым доме была заснавана Аляксееўская прыватная васьмікласая з правамі ўрадавай жаночая гімназія Е. Д. Рэйман. У 1913 годзе пераведзеная ў іншы будынак. Пасля ў гэты будынак пераехала Другое вышэйшае пачатковае вучылішча, у якім у 1913 годзе налічвалася 207 вучняў[10]. Цяпер у будынку месцяцца грамадскія ўстановы.
  • № 24а — пабудаваны ў XIX ст. з цэглы. Будынак складаецца з двух самастойных аб'ёмаў, якія шчыльна прымыкаюць адзін да аднаго. Адзін з аб'ёмаў двухпавярховы, прамавугольны ў плане, другі аб'ём трохпавярховы, накрыты двухсхільным дахам з трохвугольнымі франтонамі ў тарцах[1].
  • № 24б — пабудаваны ў пачатку XX ст. з цэглы. Двухпавярховы чатырохвугольны ў плане будынак з неатынкаваным 2-м паверхам пакрыты двухсхільным дахам[1].
 
Рэвалюцыйная, 26, 28
  • № 26 — пабудаваны ў XIX ст. з цэглы. Двухпавярховы чатырохвугольны ў плане з вуглавой прыбудовай у дваровай частцы будынак пакрыты двухсхільным дахам[1].
 
Рэвалюцыйная, 32
  • № 28 — пабудаваны ў XIX ст. з цэглы. Двухпавярховы П-падобны ў плане падоўжаны ў глыбіню кварталу будынак накрыты вальмавым дахам[1]. Ранейшы адрас — Койданаўская, 26, дом Ельскіх. У пачатку XX ст. тут размяшчалася гасцініца «Купецкая» А. Я. Ельскага (10 нумароў)[10].
  • № 32 — пабудаваны ў XIX ст. з цэглы. Двухпавярховы Т-падобны ў плане будынак накрыты двухсхільным дахам. Галоўны фасад падзелены карнізам на дзве часткі[1].

Па няцотным баку правіць

 
Рэвалюцыйная, 3
  • № 3 — пабудаваны ў XIX ст. з цэглы. Двухпавярховы будынак з трохпавярховай цэнтральнай часткай, якая завершаная ў выглядзе трохвугольнага шчыта[1]. Будынак быў рэзідэнцыяй віцэ-губернатара гораду[9]. За савецкім часам у будынку размяшчалася выдавецтва «Полымя»[12].
 
Рэвалюцыйная, 9
  • № 9 — ранейшы адрас — Койданаўская, 7. У пачатку XX ст. тут размяшчалася гасцініца Крукоўскага (13 нумароў)[10].
  • № 11 — пабудаваны ў XIX ст. з цэглы. Трохпавярховы ў плане будынак накрыты двухсхільным дахам, які ўтварае ў тарцы трохвугольны шчыт[1]. Ранейшы адрас — Койданаўская, 9, дом Фішэра. У пачатку XX ст. тут размяшчалася гасцініца «Нова-Варшаўская» Ш. Махцея (10 нумароў)[10]. За савецкім часам у будынку размяшчаўся Беларускі прамысловы мэблевы саюз і арцель «Чалюскінец», атэлье мод арцелі «Чырвоны Кастрычнік». Тут жа размяшчаўся цэх арцелі імя Кірава, які вырабляў шыльды, кватэрныя нумары, афішы, рэкламу[9]. На цяперашні час будынак займае адно з аддзяленняў Інстытуту бізнесу і менеджменту тэхналогій БДУ[13].
  • № 13 — пабудаваны ў XIX ст. з цэглы. Трохпавярховая пабудова прымыкае да дому № 15, мае складаную замкнёную аб'ёмна-прасторавую кампазіцыю, накрытая двухсхільным дахам[1]. У будынку размяшчаецца шматпрофільны медыцынскі цэнтр "Тамаграфія"[14]
 
Рэвалюцыйная, 15
 
Рэвалюцыйная, 15а
  • № 15 — пабудаваны ў XIX ст. з цэглы. Трохпавярховы Г-падобны ў плане будынак пад двухсхільным дахам[1]. Стары адрас — Койданаўская, 19, дом Варгафціка. У пачатку XX ст. тут размяшчалася прыватная хірургічная лячэбніца М. Н. Шапіры, якая была заснавана ў 1912 годзе і была разлічана на 6 ложкаў. У 19221928 гадах дом займаў Інбелкульт, з 1929 года — Акадэмія навук[10]. Заходні бок пабудовы на цяперашні час займае пасольства Швецыі ў Мінску[15].
  • № 15а — пабудаваны ў канцы XIX ст. з цэглы.
  • № 17 — пабудаваны ў XIX ст. з цэглы. Двухпавярховы строга прамавугольны ў плане кампактны будынак пакрыты двухсхільным дахам[1]. Ранейшы адрас — Койданаўская, 21, дом Бакштанскага. У пачатку XX ст. у гэтым будынку размяшчалася бясплатная вячэрняя аднакласая школа для навучання яўрэйскіх хлопчыкаў Т. А. Шабад. Таксама тут была Бібліятэка Таварыства прадстаўлення бедным яўрэям Мінска сродкаў для навучання рамёствам[10].

Помнікі правіць

На доме № 2/13 — на рагу вул. Рэвалюцыйнай і пл. Свабоды, дзе ў 1922—1925 гадах размяшчаўся Інбелкульт, знаходзіцца помнік Максіму Гарэцкаму. Максім Гарэцкі — беларускі пісьменнік, дзеяч беларускага нацыянальна-дэмакратычнага адраджэння, правадзейны член Інбелкульта, навуковы сакратар Літаратурнай камісіі (да 10 чэрвеня 1925), вучоны спецыяліст (2 кастрычніка 1928) Інстытута навуковай мовы Інбелкульта.

Транспарт правіць

У наш час па вуліцы арганізаваны аднабаковы аўтамабільны рух. Чакаецца, што пасля завяршэння прац вуліца стане пешаходнай[16]. Грамадскі транспарт па вуліцы не ходзіць, аднак паблізу праходзіць шэраг маршрутаў аўтобусаў і тралейбусаў, а таксама размяшчаецца станцыя метро Няміга.

Зноскі правіць

  1. а б в г д е ё ж з і к л м н о п р с т у ф Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1988. — Мінск. — 333 с.: іл. — ISBN 5-85700-006-8.
  2. Улица Революционная
  3. а б в Рэвалюцыйная вуліца. mensk.by. Праверана 5 чэрвеня 2014.
  4. а б Вуліца Рэвалюцыйная. oldmensk.net. Праверана 6 чэрвеня 2014.
  5. Сацукевіч, Іван. Мемарыялізацыя Кастуся Каліноўскага ва ўрбананіміцы Беларусі. Свіслацкія аркушы. kalinouski.arkushy.by. Праверана 27 жніўня 2014.
  6. Перайменаванне станцыі метро «Плошча Леніна» адкладаецца Архівавана 5 сакавіка 2016.
  7. Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь: [Даведнік] / склад. В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк. — Мн.: БЕЛТА, 2009. — 684 с. — 1 000 экз. — ISBN 978-985-6828-35-8.
  8. Минск. Справочник-путеводитель, 1956 (руск.). minchanin.esmasoft.com. Праверана 4 жніўня 2014.
  9. а б в г д е Архіўная копія (руск.)(недаступная спасылка). Мінск стары і новы. minsk-old-new.com. Архівавана з першакрыніцы 19 мая 2014. Праверана 19 жніўня 2014.
  10. а б в г д е ё ж з і Шыбека З. В. Минскъ сто гадоў таму. — Мінск: Беларусь, 2007. — 304 с. — 3 000 экз. — ISBN 978-985-01-0729-9.
  11. Ракіцкі, Вячаслаў. Мінск, вуліца Рэвалюцыйная, дом 8а. Праграмы / 100 адрасоў Свабоды. Радыё Свабода. Праверана 23 лістапада 2009.
  12. Минск. Краткая адресно-справочная книга. 1974 (руск.). minchanin.esmasoft.com. Праверана 4 жніўня 2014.
  13. Институт бизнеса и менеджмента технологий БГУ. Контакты (руск.). Партал Інстытуту бізнесу і менеджменту тэхналогій БДУ. Праверана 4 жніўня 2014.
  14. Афіцыйны сайт шматпрофільнага медыцынскага цэнтра "Тамаграфія"
  15. Minsk . Партал пасольства Швецыі ў Мінску. Праверана 4 жніўня 2014.
  16. Вуліца Рэвалюцыйная ў Мінску пасля рэканструкцыі будынкаў стане пешаходнай

Спасылкі правіць