Вусце (Аршанскі раён)

аграгарадок у Аршанскім раёне Віцебскай вобласці

Ву́сце[1] (трансліт.: Vuscie, руск.: Устье) — аграгарадок у Аршанскім раёне Віцебскай вобласці. Уваходзіць у склад і з'яўляецца цэнтрам Вусценскага сельсавета.

Аграгарадок
Вусце
Краіна
Вобласць
Раён
Сельсавет
Каардынаты
Насельніцтва
  • 783 чал. (2009)
Часавы пояс
Тэлефонны код
+375 216
Паштовыя індэксы
211003
Аўтамабільны код
2
Вусце на карце Беларусі ±
Вусце (Аршанскі раён) (Беларусь)
Вусце (Аршанскі раён)
Вусце (Аршанскі раён) (Віцебская вобласць)
Вусце (Аршанскі раён)

Знаходзіцца за 18 км у напрамку на поўдзень ад горада Орша, за 98 км ад Віцебска.

Гісторыя

правіць

Археалагічныя звесткі

правіць
 
Вусцянскае гарадзішча

За 1,5 км на поўнач ад сучаснай вёскі Вусце непадалёк ад ракі Дняпро ва ўрочышчы Падгорыца (раней Гарадзец) знаходзіцца Вусцянскае гарадзішча. Яно займае пляцоўку 50×40 метраў. З боку поля мае дугападобны вал вышынёй каля 4 метраў, даўжынёй 18—20 метраў. Гарадзішча выявіў у 1929 годзе С. А. Дубінскі, абследавалі ў 1971 годзе Л. Д. Побаль, у 1981 годзе — М. І. Лашанкоў. У 1990—1991 гадах былі праведзеныя раскопкі. Культурны пласт больш за 1 м, чорнага колеру. Выяўлены наслаенні ІІ стагоддзя і ХІІ стагоддзя, выразна падзеленыя пажарышчам. 

На гарадзішчы выяўлены жыллёва-гаспадарчы комплекс з трох жылых пабудоваў і размешчаных побач з імі гаспадарчых ям і агнішчаў. Жытло № 1 слупавой канструкцыі размяшчалася на паўднёвым участку гарадзішча. Да яго паўночнай сценкі прымыкалі дзве жылыя пабудовы зрубна-слупавой канструкцыі. Усе тры пабудовы з'яўляліся наземнымі прамавугольнымі збудаваннямі. Памеры пабудоў 3-3,6 х 3,8-4 м. У цэнтры жытла размяшчаліся каменныя агнішчы, збудаваныя ў ямах. Такія ж агнішчы размяшчаліся за 0,5 м. на поўнач ад жытлаў № 2, 1, 3. З усходу і захаду да жытлаў прымыкалі гаспадарчыя ямы. Тая ж схема забудовы была, відаць, і на паўночным участку. Сляды пабудоў тут прасачыліся па рэштках агнішчаў аналагічнай вышэйапісанай канструкцыі. Наяўнасць жыллёва-гаспадарчых комплексаў на паўднёвым і паўночным участках гарадзішча дазваляе меркаваць, што яно належала абшчыне з трох-чатырох патрыярхальных сем’яў (да 50 чалавек), якія вялі самастойную гаспадарку.

На тэрыторыі гарадзішча былі знойдзены жалезныя страмяно, наверша мяча і адзін выраб незразумелага прызначэння. У 2007 годзе падчас археалагічнай выведкі В. Арцюховічам было знойдзена жалезнае колца. 

У керамічным комплексе гарадзішча прадстаўлена ляпная гладкасценная кераміка жалезнага веку, сярод якой прасочваецца штрыхаваная кераміка познезарубінецкай прафіліроўкі, а таксама ганчарная кераміка ранняга сярэднявечча.[2]

Вусцянскае гарадзішча знаходзілася непасрэдна на галоўным гандлёвым шляху «з варагаў у грэкі», які праходзіў па Дзвіне і Дняпры, таму можна без сумненняў сцвярджаць, што тут нярэдка бывалі і мірныя гандляры і вікінгі-рабаўнікі, а жыццё было досыць насычаным на падзеі.

Паходжанне назвы вёскі

правіць

Паводле мясцовай легенды, вёску заснавала княгіня Вольга: «па Дняпры калісьці плыла княгіня Вольга і ў гэтай мясцовасці сышла на бераг, каб адпачыць. Некалькі дружыннікаў упадабалі гэта месца і вырашылі тут застацца. Так і ўзнікла вёска.» Назва ж вёскі паводле той жа легенды тлумачыцца так: «Калі княгіня Вольга плыла па Дняпры, ёй падалося, што яна бачыць мора, і яна загадала спыніцца ў вусці Дняпра».[3]

У часы Рэчы Паспалітай

правіць

Згадваецца ў 1644 годзе як вёска ў Аршанскім павеце Вялікага Княства Літоўскага[4]. У пісьмовых крыніцах Вусце згадваецца ў 1670 годзе ў завяшчанні Войцеха Цэханскага: «Власную мною набытую маетность Вустье зовиму у повете Оршанскім лежачу с десятю дымами людьми подаными службу есьмо мне чинючими со всельким будынком земле оромо и не оромо сяножатями лесом бором кгаем реками с целым спрентом домовым коньми быдлом рогатым и нерогатым злотом сребром медью и цыною и со всею принадлежностью их Милости Паном сыном моим милым Янови и Станиславови Цэханским записую».  

З 1671 года маёнткам Вусце супольна валодалі браты Ян і Станіслаў Цэханскія. У 1705 годзе яны падзялілі маёнтак на дзве часткі. Ян атрымаў старую фальваркавую забудову з пяццю дварамі сялян з правага боку маёнтка, з іх пабудовамі і заараным хлебам, а Станіслаў новую фальваркавую забудову па левым баку маёнтка, з пяццю дварамі сялян і левай часткай зааранага хлеба. Рэшта маёмасці (скарб, хатняя жывёла, птушкі, інвентар) падзялялася на дзве роўныя часткі.

У 1735 годзе Цэханскія (Янаў сын Даніла,  і дзеці Станіслава Аляксандр і Гаўрыла) праз Аршанскі павятовы суд падцвердзілі свае правы на маёнтак.

У 1765 годзе новае пакаленне Цэханскіх (а гэта ўжо 10 мужчын) апынулася не ў стане падзяліць між сабой маёнтак Вусце і таму, параіўшыся, прадаюць яго Антонію Бурскаму за 16 800 злотых.

Пад уладай Расійскай імперыі

правіць
 
Панскі дом у Вусці (да нашага часу не захаваўся)

У 1772 годзе, ў сувязі з першым падзелам Рэчы Паспалітай, Вусце трапляе ў катэгорыю дзяржаўных земляў Расійскай Імперыі. У 1782-1785 гадах маёнтак Вусце належаў Марыі Міхайлаўне Ваташнёвай. У той час Вусце ўяўляла сабой сяло з 40 дварамі, у якіх пражывалі 144 мужчыны і 148 жанчын. Таксама меліся панскі двор, млын на адно кола[5]. Агульная плошча маёнтка складала 3781 дзесяціну (1 дзес. = 1,0925 га) у тым ліку 39 дзесяцін пад сялібамі, 3129 дзесяцін пад раллёй, 393 – пад лесам. Па тых часах маёнтак моцна узараны. У 1797-1806 гадах маёнткам валодала Марыя Дзмітрыеўна Стурза. У гэты час у самім Вусці 39 двароў, 139 мужчын і 124 жанчыны.

 
Алея з лістоўніц на цэнтральнай вуліцы аграгарадка

З 1841 года маёнтак з'яўляўся ўласнасцю Іосіфа Адамавіча Курча. У 1895 годзе ў ім было 2 млыны і 4 карчмы. Агульная плошча маёнтка скарацілася да 1640 дзесяцін. З іх 150 дзесяцін паплавоў, 253 дзесяціны ворыва і 1000 дзесяцін лесу. Гаспадарка Курча мела каля 100 кароў і 20 выязных коней, гадаваліся свінні, авечкі, птушка. На двары стала працавалі 17 сем'яў парабкаў. Ворыўныя землі і сенакосныя паплавы Курча апрацоўваліся мясцовымі сялянамі, якіх нялёгкае жыццё вымушала наймацца на падзённую працу з аплатай ад 15 да 50 капеек у дзень ці арандаваць зямлю на ўмовах “трэцяга снапа” – дзве трэці ўраджая забіраў пан. Асноўны прыбытак маёнтку прыносіла каровіна масла і садавіна, якія Курч выпраўляў на продаж у Петраград і па Дняпры ў Кіеў. Масла выпрацоўвалася на месцы, а садавіну даваў вялікі панскі сад.[6] На пачатак ХХ ст. вёска Вусце мела 88 двароў, каля 280 жыхароў і 261 дзесяціну зямлі. Побач з вёскай знаходзіўся фальварак Вусце Курчаў – 8 двароў, 94 жыхары, 587 дзесяцін зямлі, у тым ліку 200 дзесяцін лесу. У 1900 годзе панскім садаводам Д. Я. Лісоўскім закладзена алея з лістоўніц. 

З 1903 года пачынаюцца хваляванні вусцянскіх сялян. 16 верасня 1903 года начальнік магілёўскага губернскага жандарскага праўлення палкоўнік Палякоў даносіў у дэпартамент паліцыі: «По заявлению местных землевладельцев, как, напр., гг. Чачкова, Курча, генерала Рейна и др., усиливаются волнения крестьян, особенно такая перемена в настроении крестьянских умов сказалась в конце истёкшего лета и выразилась более рельефно в убийстве полицейского урядника Якушевича». Вясной 1905 года пачаліся забастоўкі сельскагаспадарчых рабочых маёнтка Вусце, спынілі працу і сяляне-падзёншчыкі. Да Курча было накіравана патрабаванне ўсталяваць 10-гадзінны працоўны дзень, павялічыць заробак падзёншчыкам да 50—75 капеек у дзень і сталым працаўнікам – на 2 рублі ў месяц, завесці разліковыя кніжкі, адмяніць урочную сістэму работ, ветліва абыходзіцца з работнікамі і інш.[7]

Найноўшы час

правіць

У 1918 годзе быў створаны саўгас “Вусце”. У 1919 годзе адчынена працоўная школа 1-й ступені, у якой у 1923 годзе настаўніца Л. Маеўская навучала каля 30 хлопчыкаў і дзяўчынак. У гэты час саўгас узначальвалі Базылёў, Д.Ф. Сабалеўскі, Аршанскі, Шандалесаў.

У 1930 годзе саўгас «Вусце» абвесціў сябе ўдарным. 5 студзеня 1931 году газета «Сельскагаспадарчы рабочы Беларусі» паведамляла: «У сац.абавязацельствах саўгаса “Вусце” разам з высокімі вытворчымі паказчыкамі знаходзіліся пункты, якія накіроўвалі калектывы на поўную ліквідацыю прагулаў і барацьбу з надзвычай неахайным стаўленнем да сельскагаспадарчай маёмасці».[8]

 
Былая кантора, пабудаваная ў 1947 годзе — самы стары на сёння будынак у Вусці

У 1938 годзе на базе саўгаса была створана сельскагаспадарчая доследная станцыя Інстытута сацыялістычнай сельскай гаспадаркі Акадэміі навук БССР. Гэта была першая доследная гаспадарка ў рэспубліцы. Тут праводзіліся доследы па выкарыстанні навуковых распрацовак ў практыцы гаспадарання. У 1938-1941 гадах тут працавалі навукоўцы А.Н. Урсулаў, В. І. Шэмпель, Т. І. Зянкевіч, В. І. Віткоўскі, К. Т. Старавойтаў, А. П. Абрамчук, П. Е. Пракопаў і іншыя. 

Саўгас “Вусце” напярэдадні вайны ўяўляў сабой гаспадарку свінаводчай скіраванасці з параўнальна невялікай зямельнай плошчай – каля 900 га ворыва. Натуральна, кармавых засеваў не было. Ураджайнасць зерневых не перавышала 7-8 цэнтнераў з гектару. У гэты час саўгас узначальвалі Фінкевіч (з 15 кастрычніка 1939 году), Лёшын (з 26 кастрычніка 1939 года), Нясцюк, Місюля.[9]

 
Помнік загінулым землякам

14 ліпеня 1941 года Вусце было занята адной з дывізіяў 47 матарызаванага корпуса 2-й танкавай групы вермахта. Гаспадарка доследнай станцыі амаль цалкам была знішчана, у тым ліку лабараторыя і ўсё абсталяванне, ворыўныя землі занядбаныя, на тэрыторыі вёскі размешчаны склады боепрыпасаў. Арганізаваць у Вусці партызанскую ці падпольную дзейнасць не ўяўлялася магчымым з-за вялікай шчыльнасці нямецкіх войскаў: Ворша моцна ахоўвалася як важны чыгуначны вузел, у Балбасава знаходзіўся нямецкі вайсковы аэрадром. Толькі 7 лістапада 1942 года партызан Павел Кунцэвіч ажыццявіў выбух на складах боепрыпасаў у Вусці, за што быў расстраляны. З 1941 па 1945 год на франтах і ў партызанах загінула 136 жыхароў вёскі.[10][11]

Пасля вайны на цэнтральнай сядзібе засталося толькі некалькі баракаў. Рабочыя і спецыялісты вярталіся з эвакуацыі, з савецкага тылу, з фронту. Яны рамантавалі і прыстасоўвалі пад жыллё старыя баракі, бункеры, гаспадарчыя пабудовы. Часам у адным пакоі жыло па 3-4 сям’і. Уцалела хатка, ў якой да вайны жыў дырэктар саўгаса. У ёй пасяліўся З. І. Баркоўскі – новы дырэктар станцыі. З першых дзён аднаўлення дзейнасці доследнай станцыі пачалося аднаўленне і будаўніцтва жылля. Вяскоўцы сабралі два дзесяткі коней. Працавалі на іх у асноўным жанчыны – А.В. Стафановіч, К.В. Бадзёрка, Е.А. Сачыўка, Х.С. Пуцкалёва. Яны вывозілі будаўнічы лес. Кожны новы дом быў крокам да аднаўлення вёскі. Ужо ў 1944-1945 гадах было пабудавана больш за 10 кватэр. Пад школу прыстасавалі барак, які захаваўся блізу сядзібы. Дзяцей у школе вучыла сталы педагог М. Ф. Крупень.

 
Шматфункцыянальны адміністрацыйны будынак (складаецца з сельскага савета, загса, бібліятэкі і Дома культуры)

Адразу пасля вызвалення раёна на доследнай станцыі “Вусце” пачалі збіраць і аднаўляць трактары і іншую сельскагаспадарчую тэхніку. З вялікім энтузіязмам працавалі механікі В.А. Лызлоў, Н.П. Кабанаў, Н.Т. Сямёнаў. У 1944 годзе яны сабралі першы трактар НАЦІ, а потым другі ХТЗ. Працавалі механізатары ўдзень і ўноч, і ўжо ў 1945 годзе апрацоўвалі ўсе ворыўныя землі. Яны былі зрытыя траншэямі і варонкамі, здаралася, што з зямлі выварочваліся бомбы, снарады. Шмат сілы і энергіі неабходна было, каб выраўняць поле. Праца на ферме таксама была нялёгкай, патрабавала вялізнага працалюбства і добрасумленнасці. У цяжкім 1946 годзе цялятніца К.В. Бадзёрка здолела захаваць усё пагалоў’е цялят і атрымаць добрыя давагі. Па ініцыятыве электрыкаў А. Дземянчонак і Т. Франкова ў Вусці была ўсталявана невялікая электрастанцыя на нафтавым рухавіку магутнасцю 15 кілават. У 1945 годзе пайшоў ток. Насельніцтва вёскі вельмі радавалася гэтаму невялікаму поспеху. 

За 1946—1950 гады была ўведзена ў эксплуатацыю 31 новая кватэра. У 1947 годзе быў пабудаваны двухпавярховы драўляны будынак для канторы з прыбудовай для клуба. У 1948 годзе пачынаецца будаўніцтва дарогі Вусце — Чэрвіна з абсадкай бярозамі. У 1950 годзе каля будынка тагачаснай канторы ўсталяваны бюст Леніна.

Вусцянскія жывёлаводы яшчэ ў 1950-х гадах надойвалі з кожнай каровы амаль па 5000 кілаграмаў малака. Значных вынікаў дасягнулі даяркі А. Палай, З. Галіна, В. Мядзведзева. Н. Мазурава. З вусцянскай пасекі збіралі 700-800 кілаграмаў мёду. У 1950 годзе ў гаспадарцы працавала 5 трактарыстаў, 4 кіроўцы, 1 камбайнёр. Яны апрацоўвалі 500 гектараў зямлі пад вытворчыя пасевы і доследы. 

У 1956 годзе доследная станцыя была пераўтворана ў эксперыментальную базу “Вусце”.

У 1955 годзе пачалося будаўніцтва вадаёмаў і плаціны. У хуткім часе з'явілася тры вадаёмы агульнай ўмяшчальнасцю больш 30 тысяч кубаметраў вады. Пабудаваны воданапорная вежа, вадаправод.

У 1950-х гадах уведзена ў эксплуатацыю 20 новых кватэр.

У 1966 годзе дырэктар эксперыментальнай базы “Вусце” З.І. Баркоўскі ўзнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга, прысвоена званне “Заслужаны аграном БССР”. 

Цягам 1960-х гадоў у Вусці пабудаваны: дзіцячы садок на 50 месцаў, зернесховішча, кузня, майстэрня, сталоўка на 40 месцаў, стадыён на 400 месцаў, кацельня, лазня, 56 кватэр.

 
Вусцянская школа

У 1971 годзе эксперыментальная база “Вусце” налічвала 1468 адзінак пагалоўя, у тым ліку 508 кароў. Валавы надой малака складаў 16 410 літраў. Таксама тут займаліся вытворчасцю элітнага насення. Механізацыя знаходзілася на высокім узроўні: у 1973 годзе “Вусце” мела 41 трактар, 15 зернеўборачных камбайнаў, 4 бульбаўборачных, 9 сіласных касілак. 

8 сакавіка 1971 года дырэктару Баркоўскаму прысвоена званне Героя Сацыялістычнай працы за поспехі ў развіцці сельскагаспадарчай вытворчасці.

У першай палове 1970-х гадоў былі пабудаваны АТС, трохпавярховая лабараторыя, помнік “Землякам, загінуўшым у вайну 1941-1945 гадоў”.[12]

 
Будынак Інстытута ільна Акадэміі навук Беларусі

У 1977 годзе пабудаваны Палац культуры з глядацкім залам на 400 месцаў. Тут таксама знаходзіліся бібліятэка, музычная школа, памяшканне сельскага савета. У адным блоку і трохпавярховы адміністрацыйны будынак з кабінетамі для кіраўнікоў гаспадаркі і спецыялістаў. У 1970-х гадах здадзена ў эксплуатацыю 42 новыя кватэры. 

З 1981 года эксперыментальнай базай «Вусце» кіруе Бельскі. У гэты час скончана будаўніцтва новай школы. Пабудавана 25-метровая воданапорная вежа. Праведзена цеплатраса. Пабудавана 4 кватэры.

З 1982 году пачынае сваю працу мясцовы музей. Яго стваральнік, М. М. Дзятлоўскі, праводзіць вялікую арганізатарскую працу, збірае дакументы, экспанаты, фатаздымкі і іншыя матэрыялы, агулам больш за 3000 экспанатаў. Экспазіцыя ўключала наступныя раздзелы: побыт нашых продкаў, рэвалюцыйныя і ваенныя падзеі, навуковыя і спартыўныя дасягненні, культура, нумізматыка, дары мораў і акіянаў.

У 1984 годзе дырэктарам эксперыментальнай базы «Вусце» прызначаны Іван Антонавіч Голуб. Ён ажыццявіў вялікую арганізатарскую і гаспадарчую працу па развіццю жывёлаводчай галіны. У выніку ў 1987 годзе надоі павялічыліся больш чым на 195 кілаграмаў ад каровы. У гаспадарцы налічвалася больш 3600 галоў буйной рагатай жывёлы. З'явіўся будаўнічы кааператыў.[13]

У 2001 годзе на базе вусцянскага лабараторнага корпуса створаны Інстытут ільна Акадэміі навук Беларусі. Ім кіруе І. А. Голуб. 

Насельніцтва

правіць
  • 1705 год — 10 двароў
  • 1782 год — 40 двароў, 292 жыхары
  • пачатак XX ст. — 96 двароў, 374 жыхары
  • 1996 год — 345 двароў, 942 жыхары
  • 1999 год — 893 жыхары
  • 2010 год — 783 жыхары

Культура

правіць

На базе Вусцянскага Дома Культуры дзейнічае Народны ансамбль народнай музыкі і песні «Гагарынскiя музыкi»

Вядомыя ўраджэнцы і жыхары

правіць
  • Сцяпан Іосіфавіч Курч (1850—1906) — расійскі генерал-маёр беларускага паходжання, ваенны цэнзар Віленскай ваеннай акругі, камандуючы 50-й брыгадай
  • Мікола Садковіч (1907—1968) — беларускі празаік, кінарэжысёр і кінадраматург, міністр кінематаграфіі БССР

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Віцебская вобласць: нарматыўны даведнік / У. М. Генкін, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2009. — 668 с. ISBN 978-985-458-192-7 (DJVU).
  2. Каласоўскі Ю. Археалагічныя помнікі Аршаншчыны жалезнага веку // Памяць: Орша. Аршанскі раён. Т.1., - Мн., 1999
  3. Паданьне пра вёску Вусьце запісаў М.М. Дзятлоўскі паводле апавяданьня В.Г. Папковай, 1888 г.н., жыхаркі вёскі Яромкавічы.
  4. НГАБ у Мінску, ф. 1775, воп. 1, спр. 1, с. 491
  5. Расійскі дзяржаўны архіў старажытных актаў. ф. 1355, воп. 1, спр. 715
  6. Дадзеныя па XVIII-ХІХ стст. прадастаўленыя доктарам гіст. навук Я.К. Анішчанкам, Інстытут гісторыі НАН РБ
  7. Гарбкоў А. Сялянскі рух на Аршаншчыне ў 1905—1907 гадах // Ленінскі прызыў,  23 снежня 1965 году.
  8. "Сельскагаспадарчы рабочы Беларусі", нумар за 5 студзеня 1931 году.
  9. Экспериментальная база «Устье» (сост. П.М. Шкель, Ф.Х. Легченко), Мн., 1973
  10. "Орша в Великой отечественной войне 1941-1945", Орша., 1994
  11. Подзвіг партызана Кунцэвіча // Нац. Архіў РБ, ф. 4855, воп.1, спр.10, арк.19
  12. "Экспериментальная база «Устье»" (сост. П.М. Шкель, Ф.Х. Легченко), Мн., 1973
  13. "Экспериментальная база «Устье»" (под ред. В.Г. Ференца), Мн., 1988

Літаратура

правіць
  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 4: Варанецкі — Гальфстрым / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 1997. — Т. 4. — С. 296. — 480 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0090-0.

Спасылкі

правіць