Янушкевіч (выдавецтва)

беларускае выдавецтва
(Пасля перасылкі з Выдавецтва «Янушкевіч»)

Выдавецтва «Янушкевіч» — беларускае выдавецтва. Заснавана ў сакавіку 2014 года гісторыкам Андрэем Янушкевічам і яго аднадумцамі[1]. Выдавецтва спецыялізуецца пераважна на беларускамоўнай літаратуры, сярод якой выданні беларускай, замежнай перакладной і гістарычнай літаратуры. З 2022 года дзейнічае ў Польшчы.

Янушкевіч
Выява лагатыпа
Краіна
Заснавана 2014
Адрас

ul. Podleśna, 8/10, m. 28

05-091 Ząbki
Дырэктар Андрэй Янушкевіч
Вэб-сайт januskevic.by
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Гісторыя

правіць
 
Стэнд выдавецтва «Янушкевіч» на XXVII Мінскім міжнародным кніжным кірмашы, 2020 год.

Выдавецтва зарэгістравана Міністэрствам інфармацыі Беларусі ў сакавіку 2014 года.

Першая кніга, якая выйшла ў выдавецтве — «Бітва пад Воршай 1514 года» польскага гісторыка Пятра Друджа. Пасля яе выйшла кніга Анатоля Трафімчыка «1939 год і Беларусь. Забытая вайна»[1].

У снежні 2016 года адкрыўся сайт інтэрнэт-кнігарні, які таксама ёсць візітнай старонкай выдавецтва[2].

Пасля палітычнага крызісу 2020 года

правіць

15 верасня 2020 года на беларускай мытні быў затрыманы наклад кнігі беларускага перакладу «Гары Потэр і Таемная зала», надрукаваны ў Літве. Мытнікі запатрабавалі ад выдавецтва дакумент, які пацвярджае, што ў кнізе няма «заклікаў да звяржэння дзеючай улады Рэспублікі Беларусь». Выдавецтвам была падрыхтаваная пісьмовая даведка, неўзабаве перададзеная ў мытныя органы. Пазней наклад кнігі быў прапушчаны ў Беларусь[3].

У студзені 2021 года Дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю забраў тэхніку і заблакаваў рахунак выдавецтва, але ў чэрвені выдавецтва атрымала паведамленне пра магчымасць ізноў карыстацца банкаўскім рахункам[4].

У красавіку 2021 года Мінская рэгіянальная мытня адабрала ў выдавецтва «Янушкевіч» на экспертызу наклад кнігі «Сабакі Эўропы» Альгерда Бахарэвіча. Эксперты Мінскай абласной экспертнай камісіі па ацэнцы інфармацыйнай прадукцыі месяц вывучалі раман на прадмет экстрэмізму, пасля чаго працягнулі вывучэнне на 20 дзён «з прычыны складанасці даследавання». Па заканчэнні ўсіх тэрмінаў ацэнка не была аб’яўленая[3].

У сакавіку 2022 года арэндадаўца офіса па вуліцы Мар’еўскай папрасіў выдавецтва пакінуць офіс на працягу трох дзён нібыта ў сувязі з «вострай неабходнасцю»[5]. Перад высяленнем выдавецтва зладзіла распродаж, сабраўшы вялікія чэргі пакупнікоў[6].

Адкрыццё і пагром кнігарні

правіць

16 траўня 2022 года выдавецтва «Янушкевіч» адкрыла ўласную кнігарню «Кнігаўка» ў Мінску па вуліцы Змітрака Бядулі, 6. У гэты ж дзень у кнігарню прыйшлі прапагандысты рэжыму Лукашэнкі Рыгор Азаронак і Людміла Гладкая, якія спрабавалі правакаваць Андрэя Янушкевіча абсурднымі пытаннямі пра змест кніг, а таксама скардзіліся на пераважную беларускамоўнасць асартыменту[7]. Сярод іншых правакацый, Азаронак назваў савецкага і літоўскага генерал-лейтэнанта Вінцаса Віткаўскаса, выяўленага ў адной з кніг выдавецтва, ветэранам СС[8]. Увечары таго ж дня ў кнігарню прыйшлі з ператрусам сілавікі рэжыму Лукашэнкі, былі затрыманыя дырэктар Андрэй Янушкевіч і супрацоўніца кнігарні, кніжная блогерка Настасся Карнацкая[3]. 17 траўня стала вядома, што сілавікамі былі канфіскаваныя 200 кніг, 15 выданняў нібыта «будуць аддадзеныя на экспертызу»[9]. Андрэй Янушкевіч быў асуджаны на 10 сутак адміністрацыйнага арышту[10], Настасся Карнацкая была асуджаная на 13 сутак за нібыта «дробнае хуліганства»[11]. Пазней стала вядома, што 17 траўня, адразу пасля пагрому кнігарні, раман «Сабакі Эўропы» Альгерда Бахарэвіча, другое выданне якога было выдадзенае выдавецтвам «Янушкевіч», быў унесены ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў паводле рашэння суда Мінскага раёна[12][13]. 18 траўня ў СМІ з’явілася інфармацыя пра дзяржаўны загад аб зняцці з продажу ўсіх варыянтаў раману «1984» Джорджа Оруэла, беларускае перавыданне якога было зробленае ў выдавецтве «Янушкевіч»[14]. Выданне «Наша Ніва» выказала здагадку, што забарона «1984» Джорджа Оруэла звязаная з тым, што затрыманая Наста Карнацкая калекцыянавала гэты раман на розных мовах, праз што сілавыя структуры палічылі яго небяспечным[15]. З 25 траўня ў тэлеграм-канале выдавецтва і ўласным тэлеграм-канале Насты Карнацкай «Белліт» пачалі з’яўляцца матэрыялы прапагандысцкіх каналаў рэжыму Лукашэнкі[16].

Па заканчэнні сваіх адміністрацыйных тэрмінаў Андрэй Янушкевіч і Настасся Карнацкая не выйшлі з ізалятара на Акрэсціна, і былі ізноў затрыманыя ды асуджаныя на новыя адміністрацыйныя тэрміны[17]. 30 траўня стала вядома, што кнігі выдавецтва «Янушкевіч» былі прыбраныя з паліц буйной дзяржаўнай мінскай кнігарні «Акадэмкніга»[18]. Па заканчэнні другога 10-дзённага адміністрацыйнага арышту Андрэй Янушкевіч быў ізноў затрыманы, асуджаны на 8 сутак[19]. 7 чэрвеня юрысты праваабарончага цэнтра «Вясна» сумесна з Беларускім ПЭН-цэнтрам накіравалі зварот да Адмысловых дакладчыкаў і ў Працоўныя групы ААН у сувязі з пераследам выдаўца[20]. Па заканчэнні 8-суткавага арышту Андрэй Янушкевіч быў адпушчаны і з’ехаў у Польшчу.

Пасля пагрому

правіць

У кастрычніку 2022 года ўлады рэжыму Лукашэнкі ўнеслі ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў кнігу «Аграрная палітыка нацыстаў у Заходняй Беларусі: Планаванне. Забеспячэнне. Ажыццяўленне», выдадзеную Янушкевічам, якая ёсць навуковай манаграфіяй гісторыка Святланы Казловай[21]. У тым жа месяцы да спісу экстрэмісцкіх матэрыялаў была дададзеная кніга Іосіфа Бродскага «Балада пра маленькі буксір»[22]. Выдавец Андрэй Янушкевіч мяркуе, што прызнанне «Балады пра маленькі буксір» экстрэмісцкай звязанае з выявай буксіра бела-аранжавага колеру, які нагадаў спецслужбам Лукашэнкі беларускі нацыянальны бела-чырвона-белы сцяг, які сістэматычна пераследуецца рэжымам[23].

5 лістапада 2022 года быў затрыманы Сяргей Макарэвіч, супрацоўнік дабрачыннага фонду «Вяртанне» і выдавецтва «Янушкевіч» да яго пагрому[24].

Эміграцыя

правіць

Пасля ад’езду Андрэя Янушкевіча ў Польшчу, выдавецкая дзейнасць разгарнулася там. У 2022 годзе ў Польшчы выдавецтвам было выдадзена 7 кніг. 4 студзеня 2023 года выдавецтва «Янушкевіч» было пазбаўлена ліцэнзіі ў Беларусі[25].

Узнагароды

правіць
  • 2020 год — Дыплом за найлепшыя продажы кнігі «Гары Потэр і філасофскі камень» у сетцы кнігарняў «Белкніга». На беларускую мову пераклад твора зрабіла Алена Пятровіч. У рэйтынгу ТОП-10 самых папулярных і найбольш прадаваных кніг ў сетцы «Белкніга» ў 2019-м годзе беларускі пераклад «Гары Потэр і філасофскі камень» заняў другое месца[26]

Крыніцы

правіць
  1. а б Скобла М.. Андрэй Янушкевіч: Мой дэвіз — набліжаць гісторыю да людзей. Радыё Свабода (19 снежня 2014). Праверана 1 лютага 2020.
  2. Запрацавала інтэрнэт-кнігарня незалежнага выдавецтва «Янушкевіч». Наша Ніва (29 снежня 2018). Праверана 10 лютага 2020.
  3. а б в Анна Колмач. Гарри Поттер и «фашистская клоака». Как власти ищут экстремизм на книжных полках (руск.)(недаступная спасылка). mediazona.by (17 мая 2022).
  4. З сённяшняга дня.... Telegram-канал Выдавецтва Янушкевіч (8 чэрвеня 2021). Праверана 18 снежня 2021.
  5. «У сувязі з вострай неабходнасцю»: арэндадаўца высяляе з офіса выдавецтва «Янушкевіч». reform.by (22 сакавіка 2022).
  6. Сяргей Будкін. Як наблізіць наш Дзень Волі?. novychas.online (25 сакавіка 2022).
  7. У першы ж дзень працы «Кнігаўкі» ў Мінску прыйшлі прапагандысты і сілавікі(недаступная спасылка). budzma.org (17 мая 2022). Архівавана з першакрыніцы 17 мая 2022.
  8. Михаил Полозняков. «Вы еще не читали эту книгу, а уже делаете оценки». Перед обыском в книжном магазине туда пришли Азаренок и Гладкая (руск.)(недаступная спасылка). mediazona.by (16 мая 2022).
  9. Пасля ператрусу сілавікі затрымалі выдаўца Янушкевіча і супрацоўніцу кнігарні «Кнігаўка», забралі 200 кніг. nashaniva.com (17 мая 2022).
  10. Выдаўцу Андрэю Янушкевічу далі 10 сутак. nashaniva.com (17 мая 2022).
  11. Прадавачку кнігарні «Кнігаўка» асудзілі за «дробнае хуліганства». nashaniva.com (18 мая 2022).
  12. Роман Бахаревича «Собаки Европы» внесли в список экстремистских материалов (руск.). zerkalo.io (23 мая 2022).
  13. Художественную книгу белорусского писателя впервые назвали экстремистской. Рассказываем, о чем она и где ее купить (руск.). zerkalo.io (24 мая 2022).
  14. У Беларусі забаронены продаж рамана Оруэла «1984». /nashaniva.com (18 траўня 2022).
  15. Чаму ў Беларусі забаранілі антыўтопію «1984»? Вы не паверыце ў самую імаверную версію. nashaniva.com (19 траўня 2022).
  16. Тэлеграм-каналы выдавецтва «Янушкевіч» і Насты Карнацкай захопленыя староннімі асобамі. nashaniva.com (25 траўня 2022).
  17. Супрацоўніца «Кнігаўкі» Наста Карнацкая не выйшла на волю пасля 13 сутак арышту. budzma.org (30 траўня 2022).(недаступная спасылка)
  18. Нашы чытачы паведамляюць, што з паліц мінскай «Акадэмкнігі» прыбралі выданні «Янушкевіча». Беларуская Рада культуры (30 траўня 2022).
  19. Беларуская Рада Культуры. Беларуская Рада Культуры. Telegram (6 чэрвеня 2022).
  20. Спецдакладчыкаў ААН праінфармавалі пра адвольнае затрыманне выдаўца Янушкевіча. spring96.org (7 чэрвеня 2022).
  21. У спіс экстрэмісцкай літаратуры дадалі гістарычную кнігу пра аграрную палітыку нацыстаў у Заходняй Беларусі. budzma.org (17 кастрычніка 2022).
  22. У Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі» дзіцячую кнігу Іосіфа Бродскага і выданне «Айчына. Маляўнічая гісторыя». nashaniva.com (25 кастрычніка 2022).
  23. Выдавец Бродскага патлумачыў, чаму «Баладу пра маленькі буксір» прызналі экстрэмісцкай. nashaniva.com (30 кастрычніка 2022).
  24. Затрыманы супрацоўнік дабрачыннага фонду «Вяртанне» Сяргей Макарэвіч. novychas.online (5 лістапада 2022).
  25. Выдавецтва «Янушкевіч» пазбавілі ліцэнзіі ў Беларусі (бел. (тар.)). svaboda.org (10 студзеня 2023).
  26. Грушэцкі А.. «Гары Потэр» па-беларуску атрымаў дыплом за найлепшыя продажы. Новы Час (9 лютага 2020). Праверана 10 лютага 2020.

Спасылкі

правіць