Выключны закон супраць сацыялістаў

Выключны закон супраць сацыялістаў (поўная назва — Закон супраць грамадска-небяспечных імкненняў сацыял-дэмакратыі) - закон, які дзейнічаў у Германскай імперыі з 22 кастрычніка 1878 года па 30 верасня 1890 года.

Закон забараняў дзейнасць усіх сацыялістычных і сацыял-дэмакратычных арганізацый на тэрыторыі Германскай імперыі, а значыць гэтая забарона распаўсюджвалася і на палітычныя партыі адпаведнай скіраванасці. Прыняцце закона прывяло да прыпынення дзейнасці Сацыялістычнай рабочай партыі Германіі і прафсаюзаў, якія супрацоўнічалі з партыяй. Парушэнне закону каралася штрафамі ці пазбаўленнем волі. Пад ціскам закона многія сацыялісты беглі за мяжу, перш за ўсё, у Францыю, Швейцарыю і Англію. Аднак у перыяд дзеяння закона сацыял-дэмакраты маглі вылучаць сваю кандыдатуру на выбарах і быць абранымі ў прадстаўнічыя органы ўлады ў якасці прыватных асоб, што заставалася для іх адзінай законнай магчымасцю для ўдзелу ў палітычным і прававым жыцці краіны[1].

Да 1890 года, калі ўплыў Сацыялістычнай рабочай партыі Германіі ўжо быў досыць вялікім, закон пачаў губляць сваю папулярнасць і актуальнасць. За два гады да гэтага, у 1888 годзе, канцлер Ота фон Бісмарк пацярпеў няўдачу, спрабуючы прасунуць у рэйхстагу дадатак да закона, паводле якога станавілася магчымым прымусова высылаць сацыял-дэмакратаў з краіны. На галасаванні ў рэйхстагу 25 студзеня 1890 года большасць дэпутатаў прагаласавала за спыненне падаўжэння выканання выключнага закона супраць сацыялістаў, у выніку чаго ён быў адменены[2].

Правал законапраекта, які, па задуме Бісмарка, павінен быў дзейнічаць пастаянна, а таксама ўмацаванне пазіцыі сацыял-дэмакратыі на выбарах у рэйхстаг 20 лютага 1890 года адыгралі вырашальную ролю ў адстаўцы Бісмарка.

Зноскі

  1. Albrecht, Willy. Ende der Illegalität – Das Auslaufen des Sozialistengesetzes und die deutsche Sozialdemokratie im Jahre 1890.- S. 11-12
  2. Bismarck, Otto von. Gedanken und Erinnerungen. Band 3. – Stuttgart, 1922. – S. 56