Вялікі гістарычны атлас Беларусі
Вялі́кі гістары́чны а́тлас Белару́сі — шматтомны атлас на беларускай мове, які прысвечаны гісторыі мінуўшчыны Рэспублікі Беларусь. Атлас складзены і падрыхтаваны Рэспубліканскім унітарным прадпрыемствам «Белкартаграфія» Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Рэспублікі Беларусь. Навукова-метадычную дапамогу ў распрацоўцы Атласа аказалі Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і Дэпартамент па архівах і справаводству Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь.
БібліяграфіяПравіць
- Вялікі гістарычны атлас Беларусі. У 4 т. Т. 1 / [рэд. Л. У. Шклярэвіч]. — Мінск: Белкартаграфія, 2009. — 244, [3] с., іл. ISBN 978-985-508-060-3.
- Вялікі гістарычны атлас Беларусі. У 4 т. Т. 2 / [рэд. Г. П. Ляхава, Ю. М. Несцяроўская, Т. М. Пракаповіч]. — Мінск: Белкартаграфія, 2013. — 347, [4] с., іл. ISBN 978-985-508-245-4.
- Вялікі гістарычны атлас Беларусі. У 4 т. Т. 3. — Мінск: Белкартаграфія, 2016. — 352 с., іл. ISBN 978-985-508-298-0.
Першы том асвятляе перыяд ад з’яўлення чалавека на беларускіх землях і да 1569 года, калі ў выніку Люблінскай уніі беларускія землі ўвайшлі ў склад Рэчы Паспалітай.
У выданні прадстаўлены 67 гістарычных карт, якія адлюстроўваюць гісторыю не толькі Беларусі, але і ўсяго ўсходнееўрапейскага рэгіёну. Нароўні з гэтым прысутнічаюць карты асобных рэгіёнаў, планы гарадоў, схемы ваенных бітваў, буйнамаштабная Генеральная карта «Беларускія землі ў ХVІ стагоддзі», рэпрадукцыі 22 старажытных карт. Утрыманне дапоўнена 7 тлумачальнымі нарысамі, ілюстрацыямі і гісторыка-геаграфічным паказальнікам да Генеральнай карты.
Плануецца, што другі том выйдзе ў 2012 годзе. Ён будзе ахопліваць больш чым два стагоддзі існавання Вялікага Княства Літоўскага ў складзе Рэчы Паспалітай (1569—1795).
Першапачаткова планаваліся да выдання толькі тры тамы, але падчас працы быў сабраны багаты гістарычны і картаграфічны матэрыял, таму з’явілася неабходнасць падзяліць другі том і адбіць у ім больш падрабязна перыяд да 1795 года. Адпаведна, трэці том гістарычнага атласа будзе ўключаць перыяд да 1917-га, чацвёрты — савецкі перыяд і гісторыю незалежнай Рэспублікі Беларусь[1].
АцэнкіПравіць
У 2010 годзе ў часопісе «ARCHE» (№6, с. 298—322) была змешчана рэцэнзія Алега Латышонка і Генадзя Семянчука на першы том атласа[2]. У ёй звяртаецца ўвага на вялікую колькасць дапушчаных гістарычных памылак. Таксама адзначаецца, што ў выданні недастаткова ўвагі надаецца тэрыторыі Падляшша, Смаленшчыны, Браншчыны, Віленшчыны, колішніх Невельскага, Себежскага і Суражскага паветаў. Гэтыя тэрыторыі часткова ці зусім не адлюстраваныя на генеральнай карце «Беларускія землі ў XVI ст.»[3]
Зноскі
- ↑ Другі том «Вялікага гістарычнага атласа Беларусі» будзе выдадзены ў 2012 годзе. Грамадства. Беларускае тэлеграфнае агенцтва (21 лютага 2012). Праверана 2 чэрвеня 2012.
- ↑ А. Латышонак, Г. Семянчук. Марныя высілкі акадэмічных гісторыкаў
- ↑ Некалькі разважанняў з нагоды рэцэнзіі Алега Латышонка і Генадзя Семянчука
СпасылкіПравіць
- У Мінску прэзентаваны «Вялікі гістарычны атлас Беларусі» // Звязда/Наша Ніва, Таццяна Кавалёва