Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь 13-га склікання

Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь 13-га склікання — першы парламент Рэспублікі Беларусь, які быў абраны пасля атрымання Беларуссю незалежнасці ў 1991 годзе. Лічыцца апошнім дэмакратычна абраным беларускім парламентам[1]. Парламент пачаў працу 9 студзеня 1996 года. Паўнамоцтвы Вярхоўнага Савета 13 склікання былі спынены 27 лістапада 1996 года пасля таго, як Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў Закон «Аб спыненні паўнамоцтваў Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь 13 склікання»[2][3].

Выбары правіць

Выбары ў Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь 13-га склікання прайшлі 14 мая 1995 года адначасова з рэспубліканскім рэферэндумам у Беларусі 1995 года. Другі тур выбараў адбыўся 28 мая 1995 года. Выбары праводзіліся ў адпаведнасці з новым законам, прынятым у лістападзе 1994 года[4]. Закон надаваў палітычным партыям, калі яны мелі першасныя арганізацыі ў адпаведных акругах, права вылучаць кандыдатаў.

З-за нізкай яўкі выбаршчыкаў за два туры атрымалася выбраць 119 дэпутатаў, калі для фарміравання Вярхоўнага Савета патрабавалася не менш за 174 дэпутаты (ня менш за дзве траціны ад поўнага складу ў 260 чалавек)[4]. Разам з тым з-за адсутнасці кворуму не атрымалася працягнуць дзейнасць папярэдняга складу дэпутацкага корпуса. Назіральнікі канстатавалі ў гэты перыяд абвастрэнне барацьбы паміж прэзідэнцкай і заканадаўчай галінамі ўлады[4]. Суддзя Канстытуцыйнага суда Рэспублікі Беларусь Міхаіл Пастухоў адзначае, што выбары былі фактычна сарваныя выканаўчай уладай, і тлумачыць такую пазіцыю тым, што Аляксандр Лукашэнка не хацеў выбрання моцнага органа прадстаўнічай улады, які мог бы кантраляваць законнасць яго дзеянняў і рашэнняў і пры наяўнасці падстаў пачаць працэдуру імпічменту[5]. Пасля выбараў выканаўчая ўлада адкрыта перашкаджала працы Вярхоўнага Савета 12 склікання, які паводле закону захоўваў свае паўнамоцтвы: Вярхоўны Савет пазбавілі службовых аўтамабіляў, дэпутам, якія працавалі на прафесійнай аснове, перасталі выплочваць заробак і пазбавілі матэрыяльна-тэхнічных умоў дзейнасці[5].

11 кастрычніка 1995 года Канстытуцыйны суд Рэспублікі Беларусь вынес рашэнне, у якім ён прызнаў, што ў адпаведнасці з Канстытуцыяй і законамі Рэспублікі Беларусь Вярхоўны Савет 12 склікання захоўвае свае паўнамоцтвы ў поўным аб'ёме да першага пасяджэння Вярхоўнага савета 13 склікання, выбранага ў правамоцным складзе[5]. У знак пратэсту з рашэннем суду адзін з суддзяў Канстытуцыйнага суда Рыгор Васілевіч напісаў асобае меркаванне.

У выніку рашэння Канстытуцыйнага суда было неабходна правесці паўторныя парламенцкія выбары ў акругах, дзе яны не адбыліся[5].

Паўторныя выбары дэпутатаў Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь 13-га склікання прайшлі 29 лістапада 1995 года, другі тур адбыўся 10 снежня. У выніку паўторных выбараў колькасць выбраных дэпутатаў дасягнула 198 чалавек, чаго было дастаткова для правамоцнасці новага складу Вярхоўнага Савета[4].

Дэпутацкі склад правіць

У новы склад Вярхоўнага Савета былі выбраны толькі 18 асоб з ліку дэпутатаў Вярхоўнага Савета 12 склікання. 170 дэпутатаў (85,9 %) сталі парламентарамі ўпершыню. У сферы прамысловасці, транспарту і будаўніцтва працавалі каля 20 % выбраных дэпутатаў; 22,2 % дэпутатаў працавалі ў сельскай гаспадарцы; былі выбраны 21 кіраўнік прадпрыемстваў і фірмаў, 27 старшыняў калгасаў, 10 дырэктараў саўгасаў, 11 медыцынскіх работнікаў. Прадстаўнікі сацыяльнай сферы (настаўнікі, лекары, працаўнікі ўстаноў культуры) былі прадстаўлены ў парламенце дастаткова шырока. Сярод дэпутатаў былі 9 жанчын (4,5 %); колькасць асоб, маладзейшых за 30 гадоў, складала 3 чалавекі. Абсалютная большасць дэпутатаў мела вышэйшую адукацыю, тры чалавекі — сярэдне-спецыяльную. 25 дэпутатаў (12,6 %) мелі навуковыя ступені і званні. 105 дэпутатаў з'яўляліся сябрамі 16 палітычных партый, 93 былі беспартыйнымі[4].

Разам з тым у парламент новага складу не атрымалася патрапіць ніводнаму прадстаўніку Беларускага Народнага Фронту, які меў моцную апазіцыйную фракцыю ў Вярхоўным Савеце 12-га склікання[4].

Фракцыі правіць

Пасля выбараў у парламенце былі сфарміраваны 5 дэпутацкіх фракцый. Найбольш шматлікай была фракцыя «Згода», якая аб'ядноўвала, як правіла, беспартыйных дэпутатаў. Наступнай па колькасці членаў была фракцыя аграрыяў, у якую ўвайшлі найперш члены Аграрнай партыі. Сваю фракцыю ў парламенце мела Партыя камуністаў Беларуская, якая не прымала беспартыйных дэпутатаў. Апошнія дзве фракцыі складалі: ліберальнае «Грамадзянскае дзеянне» і фракцыя сацыял-дэмакратаў[4].

Старшыня правіць

З 10 студзеня 1996 года да 27 лістапада 1996 года абавязкі Старшыні Вярхоўнага Савета 13-га склікання выконваў старшыня Аграрнай партыі Сямён Шарэцкі, які адразу заявіў, што выступае за рыначныя рэформы, захаванне суверэнітэту і недатыкальнасць дэмакратычнай Канстытуцыі, а беларускае грамадства мусіць кансалідавацца вакол нацыянальнай ідэі. Пры выбары Старшыні Вярхоўнага Савета акрэсліліся разыходжанні паміж Вярхоўным Саветам і прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам, які прапаноўваў прызначыць Старшынёй Вярхоўнага Савета былога прэм'ер-міністра Вячаслава Кебіча, хоць вага апазіцыі ў складзе Вярхоўнага Савета 13-га склікання была меншай, чым у папярэднім складзе[6].

Дзейнасць правіць

Пасяджэнне першай сесіі Вярхоўнага Савета 13 склікання адбылося 9 студзеня 1996 года. Была выказана прапанова правесці ў сакавіку 1996 года паўторныя выбары ў 62 акругах, па якіх дэпутаты не былі выбраны, але яна не была падтрымана дэпутатамі[4].

Паколькі пад уплывам «прэзідэнцкай вертыкалі» ў складзе Вярхоўнага Савета 13 склікання аказалася шмат прадстаўнікоў структур кіравання, кіраўнікоў калгасаў і саўгасаў і мала прафесійных палітыкаў і юрыстаў, новы парламент стаў праводзіць палітыку падтрымання рашэнняў Аляксандра Лукашэнкі[5]. Без тлумачэння прычын з Канстытуцыйнага суда былі адкліканы ўсе прапановы, якія паступілі ад папярэдняга старшыні Вярхоўнага Савета Мечыслава Грыба наконт канстытуцыйнасці ўказаў прэзідэнта[5].

Аднак дэмакратычна настроеныя дэпутаты аб'ядналіся ў адзіную фракцыю і пачалі аказваць заўважны ўплыў на рашэнні парламенту. Яны патрабавалі справаздачы прэзідэнта і ўраду пра выкарыстанне бюджэтных і пазабюджэтных сродкаў, узнімалі пытанні да міністраў, выступалі за строгае выкананне Канстытуцыі і законаў[5].

Улетку 1996 года Аляксандр Лукашэнка выступіў з ініцыятывай правядзення рэспубліканскага рэферэндуму і прыняцця новай рэдакцыі Канстытуцыі, дзе ўсе ўладныя паўнамоцтвы пераходзілі да прэзідэнта. Пад ціскам выканаўчай улады Вярхоўны Савет 6 верасня 1996 года прызначыў рэспубліканскі рэферэндум па чатырох пытаннях, аднак гэта рашэнне парламенту па прапанове спікера Сямёна Шарэцкага было разгледжана Канстытуцыйным судом на прадмет адпаведнасці Канстытуцыі. У выніку суд 4 лістапада 1996 года вынес рашэнне, што на абавязковы рэферэндум не можа выносіцца пытанне пра ўнясенне змен і дапаўненняў у Канстытуцыю[5].

У выніку рашэння Канстытуцыйнага суда Вярхоўны Савет змяніў сваю пастанову і прызнаў, што на абавязковы рэферэндум выносяцца толькі пытанні пра перанос Дня незалежнасці Рэспублікі Беларусь і пра выбарнасць кіраўнікоў мясцовых органаў улады[5]. Не згаджаючыся з рашэннем Канстытуцыйнага суда і Вярхоўнага Савета, Аляксандр Лукашэнка выдаў два ўказы, дзе насуперак Канстытуцыі і Закону «Аб народным галасаванні (рэферэндуме) у Рэспубліцы Беларусь» вызначыў парадак уступлення ў сілу рашэнняў рэспубліканскіх рэферэндумаў аб зменах і дапаўненнях Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, а таксама пра несапраўднасць рашэння Канстытуцыйнага суда[5].

73 дэпутаты Вярхоўнага Савета звярнуліся 19 лістапада 1996 года ў Канстытуцыйны суд з прапановай пра адхіленне Аляксандра Лукашэнкі ад пасады ў сувязі з шматлікімі выпадкамі парушэння ім Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь[5], якіх налічвалася 18 актаў[7]. 19 лістапада 1996 года Канстытуцыйны суд распачаў справу «Аб парушэнні Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь А. Лукашэнкам Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь»[7], якую ён павінен быў разглядаць 22 лістапада. 21 лістапада ў Мінск прыехалі прэм'ер-міністр Расіі Віктар Чарнамырдзін і яго намеснік Валерый Сяроў, старшыня Дзяржаўнай думы Расіі Генадзь Селязнёў і старшыня Савету Федэрацыі Расіі Ягор Строеў[8]. У ноч з 21 на 22 лістапада яны правялі перамовы з кіраўніцтвам Беларусі, у выніку чаго было падпісана «Пагадненне аб грамадска-палітычнай сітуацыі і канстытуцыйнай рэформе ў Рэспубліцы Беларусь». Пагадненне падпісалі прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка, які абавязаўся скасаваць свае ўказы пра абавязковы рэферэндум у пытаннях змены і дапаўненняў Канстытуцыі; Старшыня Вярхоўнага Савета Сямён Шарэцкі, які мусіў забяспечыць адкліканне з Канстытуцыйнага суда звароту дэпутатаў; а таксама Старшыня Канстытуцыйнага суда Валерый Ціхіня, які абавязваўся спыніць справу аб парушэнні прэзідэнтам Лукашэнкам Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь[7].

Падпісанне пагаднення не дазволіла Канстытуцыйнаму суду пачаць 22 лістапада 1996 года разгляд справы, выніковае пасяджэнне суду было прызначана на 26 лістапада 1996 года. Разам з тым раніцай 26 лістапада былі абвешчаны вынікі рэспубліканскага рэферэндума, які пазбаўляў Вярхоўны Савет сваіх паўнамоцтваў, а Канстытуцыйны суд у новых умовах спыніў справу аб парушэнні Канстытуцыі Аляксандрам Лукашэнкам[7] пасля прыняцця пастановы Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пра адкліканне звароту дэпутатаў Вярхоўнага Савета з Канстытуцыйнага суда[6].

Спыненне паўнамоцтваў правіць

26 лістапада 1996 года пасля абвяшчэння вынікаў рэспубліканскага рэферэндума група дэпутатаў Вярхоўнага Савета, лаяльных да палітыкі кіраўніка дзяржавы, пад кіраўніцтвам намесніка Старшыні Вярхоўнага Савета Ю. Малумава прыняла закон «Аб спыненні паўнамоцтваў Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь трынаццатага склікання». Суддзя Канстытуцыйнага суда Рэспублікі Беларусь адзначае, што для прыняцця рашэння пра датэрміновае спыненне паўнамоцтваў Вярхоўнага Савета патрабуецца прынамсі дзве траціны галасоў ад ліку выбраных дэпутатаў, гэта значыць не менш за 134 галасы «за»[5]. Нягледзячы на гэта, 27 лістапада была сфарміравана Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, пасля чаго Аляксандр Лукашэнка падпісаў Закон «Аб спыненні паўнамоцтваў Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь 13 склікання»[2].

Ляяльныя да прэзідэнта дэпутаты Вярхоўнага Савета 13-га склікання былі запрошаны ў Адміністрацыю Прэзідэнта, дзе 62 з 84 дэпутатаў у дзень абвяшчэння вынікаў рэферэндуму напісалі заяву з просьбай аб залічэнні ў Палату Прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу[6].

Дзейнасць пасля спынення паўнамоцтваў правіць

50 дэпутатаў Вярхоўнага Савета 13-га склікання праігнаравалі прапанову напісаць заяву аб уключэнні іх у склад Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу, каля 70 дэпутатаў працягвалі пасяджэнне Вярхоўнага Савета адначасова са стварэннем новага парламента. Ад імя прэзідыума Вярхоўнага Савета дэпутатамі была прынятая заява аб непрызнанні вынікаў рэферэндуму 1996 года. На наступны дзень, 28 лістапада, калі дэпутатамі былі прызначаны эканамічныя слуханні з удзелам найбуйнейшых партый, будынак Вярхоўнага Савета быў зачынены «на рамонт», і сход дэпутатаў Вярхоўнага Савета 13-га склікання канчаткова згубіў прыкметы парламенцкай сесіі[6].

Вярхоўны Савет страціў магчымасць выконваць заканадаўчыя і прадстаўнічыя функцыі, але быў прызнаны міжнароднай супольнасцю[6]. З лютага 1997 года дэпутаты Вярхоўнага Савета працягвалі сваю дзейнасць у якасці палітычных эспертаў і пачалі пераважна называць свае пасяджэнні «дэпутацкімі сходамі» замест былой назвы — «дэпутацкія сесіі». У гэты час максімальная колькасць дэпутатаў Вярхоўнага Савета не перавышала 50 чалавек[6].

Разам з тым, Вярхоўным Саветам была створана Камісія па прававой ацэнцы дзеянняў прэзідэнта, старшынёй якой быў абраны Віктар Ганчар. 14 кастрычніка 1997 года дэпутатамі была падтрымана справаздача камісіі і падпісаная заява аб немагчымасці выканання Аляксандрам Лукашэнкам прэзідэнцкіх паўнамоцтваў. Пастанова была прызначана стаць першым крокам ва ўзнаўленні працэдуры імпічменту прэзэдэнта, таму наданне дэпутацкім сходам статусу паўнамоцтваў пасяджэнняў Вярхоўнага Савета мела прынцыповае значэнне. Група дэпутатаў на чале з Віктарам Ганчаром распрацавала пакет матэрыялаў для падрыхтоўкі і правядзення паўнамоцных пасяджэнняў Вярхоўнага Савета, сярод дэпутатаў пачаўся другі збор подпісаў за імпічмент, але пастанова аб пазбаўленні дэпутацкіх мандатаў членаў Палаты прадстаўнікоў была заблакавана камуністамі, аграрамі і часткай сацыял-дэмакратаў, у выніку чаго Вярхоўны Савет не змог прызнаць за сабой права збіраць парламенцкія сесіі[6].

Як адзначае суддзя Канстытуцыйнага суда Рэспублікі Беларусь Міхаіл Пастухоў, у Беларусі існуюць два парламенты: Вярхоўны Савет, які быў незаконна распушчаны выканаўчай уладай, не дзейнічае і мае пратэрмінаваны мандат, але легітымны; і Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь, які быў утвораны на незаконных падставах, не прызнаецца міжнароднай супольнасцю, безуладны, але фактычна дзейны[5].

Рэакцыя міжнароднай супольнасці правіць

Палата Прадстаўнікоў, створаная па выніках правядзення рэферэндуму 1996 года не была прызнана міжнароднай супольнасцю ў якасці беларускага парламента. Да 2000 года — тэрміну, калі скончыліся паўнамоцтвы Вярхоўнага савета 13-га склікання, менавіта ён быў прадстаўлены ў Парламенцкай асамблеі АБСЕ[1].

Гл. таксама правіць

Зноскі

  1. а б 10 гадоў таму адбылося першае пасяджэнне Вярхоўнага Савета 13 склікання // Радыё Свабода, 09 студзеня 2006 г.
  2. а б ЗАКОН РЕСПУБЛИКИ БЕЛАРУСЬ 27 ноября 1996 г. № 821-XIII «О прекращении полномочий Верховного Совета Республики Беларусь тринадцатого созыва»(недаступная спасылка) (руск.)
  3. http://naviny.by/rubrics/elections/1996/11/29/ic_news_623_349963/ Архівавана 16 лістапада 2016. // Naviny.by. Белорусские новости, 29 лістапада 1996 г. (руск.)
  4. а б в г д е ё ж КАМПАНИЯ ПРОШЛА ПОД ЗНАКОМ КОНФРОНТАЦИИ ВЕТВЕЙ ВЛАСТИ Архівавана 2 красавіка 2015. // Naviny.by. Белорусские новости, 14 мая 1995 г.
  5. а б в г д е ё ж з і к л м М. И. Пастухов. Какой парламент в Беларуси «правильный»? // Журнал «ПРАВО И ПОЛИТИКА» № 5, 2001 [1]
  6. а б в г д е ё Ірына ЕКАДУМАВА, Палітычная сістэма Беларусі з 1996 па 2000 год. Працэс раздваення органаў улады ў выніку канстытуцыйнага крызісу лістапада 1996
  7. а б в г Аляксандр ВАШКЕВІЧ, Міхаіл ПАСТУХОЎ, Палітычная сістэма Беларусі з 1996 па 2000 год. Канстытуцыйны суд і канстытуцыйны крызіс 1996 г.
  8. «Ноч здрадніцтва» 14 гадоў таму // Радыё Свабода, 22 лістапада 2010 г.

Спасылкі правіць