Абольцы (Талачынскі раён)

аграгарадок ў Талачынскім раёне Віцебскай вобласці Беларусі
(Пасля перасылкі з Вёска Абольцы)

Або́льцы[1] (трансліт.: Aboĺcy, руск.: Обольцы) — аграгарадок у Талачынскім раёне Віцебскай вобласці Беларусі, на рацэ Абалянка. Адміністрацыйны цэнтр Аболецкага сельсавета. За 36 км ад Талачына, 9 км ад чыгуначнай станцыі Лемніца, за 116 км ад Віцебска. Цэнтр калгаса імя Дзяржынскага. У вёсцы 150 двароў, 337 жыхароў (1992).

Вёска
Абольцы
Краіна
Вобласць
Раён
Сельсавет
Каардынаты
Насельніцтва
  • 327 чал. (2009)
Часавы пояс
Тэлефонны код
+375 2136
Аўтамабільны код
2
Абольцы на карце Беларусі ±
Абольцы (Талачынскі раён) (Беларусь)
Абольцы (Талачынскі раён)
Абольцы (Талачынскі раён) (Віцебская вобласць)
Абольцы (Талачынскі раён)

Назва правіць

Назва Абольцаў паходзіць ад назвы ракі Абалянкі, якая, у сваю чаргу, звязаная з літ. obuolys, лат. abols «яблык»[2].

Гісторыя правіць

На тэрыторыі в. Клябань (гістарычная назва — Старыя Абольцы), што мяжуе з Абольцамі, падчас экспедыцыі 2006 г. было адкрытае гарадзішча на мысе левага прытока ракі Абалянкі, на месцы якога цяпер адны з двух аболецкіх могілак. З увагі на словы мясцовых жыхароў, якія хаваюць там аднавяскоўцаў, магутнасць культурнага слою дасягае 0,5-1 м. Паводле знешняга выгляду і аналогій гарадзішча папярэдне аднесенае да 3-й чвэрці І тыс. н.э.[3]

Першая згадка Абольцаў адносіцца да канца XIV ст. У «Спісе рускіх гарадоў дальніх і бліжніх», які датуецца гэтым часам, пад загалоўкам «се Литовьскыи [гроди]» згадваюцца «Оболчи» (варыянт: Оболче)[4].

Да таго ж часу адносіцца і першая дакладна датаваная згадка Абольцаў (Obolcza) у 1387 годзе, калі вялікі князь літоўскі і кароль польскі Ягайла ў пачатку хрысціянізацыі Літвы ўфундаваў сем касцёлаў, у тым ліку ў даволі аддаленых на ўсход Абольцах і лагойскай Гайне. Згодна з гісторыкам Е. Ахманьскім, Гайна на той час была на самым усходнім краі літоўскамоўнага арэала, а ў аддаленых яшчэ на 200 км на ўсход Абольцах на той час захоўваўся рэшткавы анклаў балцкамоўных жыхароў, які паводле моўнай прыкметы ідэнтыфікаваўся як «літоўцы». Пазней у адпісаннях земляў у Абольцах, здзейсненых у перыяд 1440—1444 гг. вялікім князем літоўскім Казімірам, як атрымоўца земляў фігуруе і «Савірым Абальчанін». Згадваецца і яго дзед на імя Куркуць (адпавядае літ. Kurkutis), які, як відаць з тэксту адпісання, валодаў землямі ў Абольцах ужо ў часы Ягайлы. Згодна з Е. Ахманьскім, у Абольцах існавала група мясцовых балцкамоўных баяраў, вакол якой у сярэдзіне XV ст. з’явіліся баяры з Літвы, якія на час умацавалі мясцовую ідэнтычнасць. На думку Г. Лаўмянскага, гэта маглі быць перасяленцы з Літвы ў часы Альгерда, калі ён умацоўваў свае тэрыторыі на ўсходзе.[5] Сучасныя даследчыкі Ю. Гурская і В. Вайткявічус падтрымліваюць меркаванне Е. Ахманскага, з увагі на высокую канцэнтрацыю ў ваколіцах Абольцаў балцкай гідраніміі і тапаніміі[6].

Горадам Абольцы названыя і пры ўзвядзенні на прастол Свідрыгайлы (1430). Тагачасны замак знаходзіўся ў Старых Абольцах, за 1 км ад цэнтра сучаснай вёскі. У XV — пачатку XVI ст. цэнтр Аболецкага намесніцтва (павета) Віцебскай зямлі (ваяводства). У павет уваходзіла большая частка сучаснай тэрыторыі Сенненскага, у т.л. Сянно, і поўначы Талачынскага раёнаў.

У другой палове XV ст. Абольцы былі падараваны сынам выехаўшага з Масквы князя I. Шамячыча (Сямёну, потым Васілю). Пасля вяртання В. Шамячыча ў Маскву (каля 1500) намеснікамі ў Абольцах сталі Юрый Глябовіч, потым князь Ф. І. Заслаўскі (1504), пан Міця Іванавіч (1510), князь В. С. Друцкі-Сакалінскі. Пазней Абольцы былі падараваны Жыгімонтам Старым яго жонцы Боне. Яе намеснікамі былі Кірдзей Грычанавіч (1530—1532) і М. В. Клачко (1533—1543). Супраць Кірдзея, які спрабаваў ускласці на аболецкіх сялян новыя павіннасці, адбылося выступленне, і сяляне адстаялі свае правы.

Да сярэдзіны XVI ст. маёнтак Абольцы з узніклым каля яго мястэчкам страціў былое значэнне. У 1543 каралева Бона абмяняла Абольцы (разам з суседнімі Смалянамі) на замак Ковель, што належаў князю В. М. Сангушку. З гэтага часу Абольцы надоўга ўвайшлі ў Смалянскі маёнтак Сангушак. Пасля адміністрацыйнай рэформы Вялікага Княства Літоўскага (1565—1566) уключаны ў Аршанскі павет. Паводле інвентара Смалянаў (1594), фальварак Абольцы налічваў 20 службаў сялян (пра мястэчка звесткі не выяўлены). У 1809 годзе адноўлены касцёл (не захаваўся, як і замчышча).

На 1885 год у Абольцах налічвалася 60 дамоў, 265 жыхароў, у т. л. 52 праваслаўныя, 3 католікі, 200 іудзеяў. У пачатку XX ст. паселішча складалася з мястэчка (91 дом, 463 жыхары), вёскі (26 дамоў, 166 жыхароў) і фальварка, які належаў памешчыцы I. Заржэцкай. Існавалі каталіцкі касцёл, праваслаўная царква. Жыхары Абольцаў удзельнічалі ў рэвалюцыі 1905—1907 гадоў, грамадзянскай вайне. З 20 жніўня 1924 года вёска Абольцы — цэнтр сельсавета Коханаўскага, з 8 ліпеня 1931 г. — Талачынскага, з 9 жніўня 1946 г. — Коханаўскага, з 17 снежня 1956 г. — Талачынскага раёнаў. У 2-й сусветнай вайне ў 1941—1944 гг. вёска акупіравана нямецкімі войскамі.

На 1969 год — 80 двароў, 225 жыхароў. Сярэдняя школа, Дом культуры, бібліятэка, аддзяленне сувязі, бальніца, 2 магазіны (1992).

У 1981 годзе археолаг В. М. Ляўко ўстанавіла месцазнаходжанне мястэчка Абольцы XVII ст. — усходняя частка сучаснай вёскі, якая мае характэрную планіроўку з плошчай у цэнтры. Выяўлены невялікі культурны пласт (0,5—0,6 м) са слядамі пажару. Знойдзена кераміка XIV—XVI стст.

Памятныя мясціны правіць

  • Мысавае гарадзішча І тыс. н.э. у в. Клябань (Старыя Абольцы).
  • Памятны камень і старыя каталіцкія надмагіллі на месцы Аболецкага касцёла ў в. Абольцы.
  • Брацкая магіла савецкіх воінаў і партызан, якія загінулі ў 2-й сусветнай вайне.

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Віцебская вобласць: нарматыўны даведнік / У. М. Генкін, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2009. — 668 с. ISBN 978-985-458-192-7 (DJVU).
  2. В. Н. Топоров. Лингвистический анализ гидронимов Верхнего Поднепровья. — М., 1962. — С. 175.
  3. Ю. Гурская, В. Вайткявичюс. Балтийское наследие в Восточной Беларуси: новые исторические и лингвистические данные об Обольцах // Acta Baltico-Slavica. — 2008. — Т. 32. — С. 11.
  4. М.Н, Тихомиров. «Список русских городов дальних и ближних» // Исторические записки. — 1952. — Т. 40. — С. 214—259.
  5. Ежы Ахманскі. Літоўская этнічная мяжа на ўсходзе ад племянной эпохі да XVI стагодзьдзя // Arche. — 2016. — № 2. — С. 70-79.
  6. Ю. Гурская, В. Вайткявичюс. Балтийское наследие в Восточной Беларуси: новые исторические и лингвистические данные об Обольцах // Acta Baltico-Slavica. — 2008. — Т. 32. — С. 12.

Літаратура правіць

  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 1: А — Аршын / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 1. — 552 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0036-6 (т. 1).
  • Wolff J. Kniaziowie litewsko-ruscy od kónca czternastego wieku. — Warszawa: Gebethner i Wolff, 1895. — XXV, 698 s.
  • Любавский М. К. Областное деление и местное ўправление Литовско-Русского государства ко времени издания Первого Литовского Статута: Исторические очерки. — М., 1892.
  • Социально-политическая борьба народных масс Белоруссии: Сборник документов и материалов: В 3 томах. Том 1 / Главный архив управления при СМ БССР и другие; Составители: Копысский З. Ю. и другие; Редколлегия: Мелешко В. И. (ответственный редактор) и другие. — Мн.: Наука и техника, 1988. — 303 с.

Спасылкі правіць