Бабчын

былая вёска ў Хойніцкім раёне Гомельскай вобласці Беларусі
(Пасля перасылкі з Вёска Бабчын)

Ба́бчын[1] (трансліт.: Babčyn, руск.: Бабчин) — былая вёска ў Хойніцкім раёне Гомельскай вобласці. Уваходзіла ў склад Стралічаўскага сельсавета.

Вёска
Бабчын
Village Babchin.jpg
Краіна
Вобласць
Раён
Сельсавет
Каардынаты
Першае згадванне
Насельніцтва
вёска адселеная чалавек
СААТА
3254848006
Бабчын на карце Беларусі ±
Бабчын (Беларусь)
Бабчын
Бабчын (Гомельская вобласць)
Бабчын

ГеаграфіяПравіць

За 12 км на поўдзень ад раённага цэнтра Хойнікі і чыгуначнай станцыі ў гэтым горадзе, размешчанай на галіне Васілевічы — Хойнікі, адыходнай ад лініі Брэст — Гомель, за 122 км ад Гомеля.

Знаходзіцца на тэрыторыі Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка (ПДРЭЗ).

Транспартная сістэмаПравіць

Транспартная сувязь па прасёлкавай, а затым па аўтадарозе Хойнікі — Брагін. Жылых хат няма (2004 год). Планіроўка складаецца з крывалінейнай вуліцы, арыентаванай з паўднёвага захаду на паўночны ўсход, да яе прымыкае кароткая вуліца з мерыдыянальнай накіраванасцю і на поўначы прымыкае злёгку выгнутая вуліца. На захадзе невялікія адасобленыя ўчасткі забудовы. Забудова двухбаковая, хаты драўляныя, сядзібнага тыпу.

Водная сістэмаПравіць

На поўдні і захадзе меліярацыйныя каналы, звязаныя з Паганянскім каналам.

Экалогія і прыродаПравіць

Непадалёку ад вёскі ёсць паклады торфу.

У сувязі з радыяцыйным забруджаннем пасля Чарнобыльскай катастрофы жыхары (194 сям’і) пераселеныя ў месцы не забруджаныя радыяцыяй.

ГісторыяПравіць

Каралеўства ПольскаеПравіць

Найбольш раннюю пакуль згадку пра «Село Бабчин з людми заседелыми и незаседелыми, з даню грошовою и медовою, з дубровами, лесы, чертежами, полми и сеножатми и ловы зверинными» сустракаем у лісце ад 15 сакавіка 1574 года князя Аляксандра Аляксандравіча Вішнявецкага брату князю Міхаілу Аляксандравічу Вішнявецкаму аб раздзеле бацькавага маёнтка Брагін Кіеўскага павета Каралеўства Польскага. Уладальнікам яго стаў князь Міхаіл[2]. У датаваным 13 сакавіка 1581 года дакуменце паведамляецца, што пан земскі пісар кіеўскі Дзмітрый Ялец надзелены паўнамоцтвамі ў справе размежавання добраў пана падкаморага кіеўскага Шчаснага Харлінскага з уладаннямі князя Міхаіла Вішнявецкага, кашталяна брацлаўскага, «miasta Brahinia, sioła Chłuchowic [Hłuchowicz], Hubarowa [Hubarowicz] y Babczyna»[3]. 18 мая 1595 года Бабчын згаданы ў акце трыбунальскім у сувязі з пагадненнем аб скасаванні ўзаемных прэтэнзій паміж уладальнікамі часткі брагінскага маёнтка князямі Міхаілам і Юрыем Міхайлавічамі Вішнявецкімі і ўладальнікам астраглядаўскіх добраў панам Шчасным Харлінскім[4].

У 1628 годзе князь Канстанцін Вішнявецкі, апякун дзяцей нябожчыка князя Міхаіла, з трох дымоў у Бабчыне плаціў 9 злотых[5]. Сярод казакоў, захопленых у палон пасля бітвы пад Загаллем, у датаваным 29 чэрвеня 1649 года дакуменце названы Фурс з Бабчына, падданы князя Іераміі Міхала Вішнявецкага[6]. У 1683 годзе пан Канецпольскі мусіў плаціць падатак з 17 дымоў вёскі Бабчын[7]. 14 верасня 1686 года ляснічы Лаўрын з Бабчына пад прысягай паведаміў у Оўруцкім гродскім судзе, што як з-за казакоў, так і з-за войска Вялікага Княства Літоўскага, з вёскі адышлі 17 дымоў (×6 — каля 102 жыхароў)[8]. У справе таго ж суда ад 28 чэрвеня 1687 года Бабчын названы сярод паселішчаў часткі Брагінскага маёнтка ваяводзіча бэлзскага, каралеўскага палкоўніка Яна Канецпольскага, зруйнаваных працяглым (ад лістапада 1686 года) пастоем казакоў палкоўніка Войска Запарожскага Паўла Апостала Шчуроўскага. Тут было 26 дымоў (прыкладна 156 жыхароў), а размясціліся на пастой 30 казакоў ажно з паўсотняй коней. Казакі сотні Русановічавай «na gruntach babczyńskich» забілі і абрабавалі брагінскага купца Гірша з Турава, які вяртаўся з кірмашу, а здабычу адвезлі да палкоўніка. Адным з сведкаў у справе выступіў бабчынскі войт Гаўрыла Гацучэнка[9].

У акце ад 22 верасня 1715 года сказана, што губарэвіцкія сяляне пана маршалка мазырскага Антонія Аскеркі, узброеныя косамі, сякерамі і стрэльбамі, папалілі стагі сена, прыналежныя падданым пана войскага мельніцкага Аляксандра Антонія Бандынелі, жыхарам вёсак Бабчын, Рудакоў і хутара Чахі. У выніку, убогія сяляне Аляксандра Бандынелі, якія з-за недахопа сена не мелі чым карміць скаціну зімой, вымушаныя былі ад яе пазбавіцца[10]. У «Тарыфе падымнага падатку Оўруцкага павета 1734 года» Бабчын — у палове брагінскіх добраў, якую дагэтуль шмат гадоў трымаў у заставе ад паноў Канецпольскіх дорпацкі падкаморы А. Бандынэлі[11]. Паводле «Апісання цэрваў горада Рэчыцы і Рэчыцкага павета, падпарадкаваных Чарнігаўскай духоўнай кансісторыі» 1796 года, у Бабчыне ў 1736 годзе ўзведзены драўляны будынак Крыжаўздзвіжанскай царквы. Маецца таксама запіс пра фундуш 1741 года князя Вішнявецкага[12][Заўвагі 1]. Тым фундатарам, відавочна, выступіў князь Міхал Сервацы, які з 1733 года пачаў пісацца «графам на Брагіне»[13]. У 1754 годзе з 27 двароў (каля 162 жыхароў) сяла Бабчын Брагінскага маёнтка выплачвалася «do grodu» (Оўруцкага замка) 4 злотыя, 5 з паловай грошаў, «na milicję» (на вайсковыя патрэбы павета і ваяводства) 16 злотых і 22 грошаў[14]. У тым жа годзе маёнтак быў куплены ў княгіні Эльжбеты Вішнявецкай Міхалавай Замойскай панам Францішкам Антоніем Ракіцкім.

Паводле яўрэйскіх перапісаў 1765, 1778 і 1784 гадоў, на хутары Бабчын жылі адпаведна 6, 4 і 2 чалавекі (głowy), якія належалі да Брагінскага кагала[15]. Магчыма, Каліеўшчына 1768 года выклікала няўхільнае змяншэнне тут колькасці насельнікаў-яўрэяў.

Расійская імперыяПравіць

Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Бабчын — у межах Чарнігаўскага намесніцтва, з 1796 года ў складзе адноўленага Рэчыцкага павета Чарнігаўскай, потым Маларасійскай, а з 29 жніўня 1797 года Мінскай губерні Расійскай імперыі[16]. У 1795 годзе сяло Бабчын, часткова быўшае ў заставе ў пана Прыбары, разам з хутарамі Чахі, Рудыя і сялом Губарэвічы належала пану падстарасце рэчыцкаму Ігнацыю Аскерку[17], які годам раней страціў жонку пані Ізабелу[18], дачку папярэдняга ўладальніка добраў Міхала Адама Ракіцкага. У шляхецкай рэвізіі 1811 года застаўным яшчэ ад графа Ракіцкага ўладальнікам фальварка Бабчын і сяла з 120 (на 1795 год) душамі сялян мужчынскага полу названы былы рэчыцкі гродскі суддзя Пётр Прыбара[19]. З 1816 года, паводле А. Ельскага, згодна з сямейным пагадненнем уладальніцай фальваркаў Бабчын і Мокіш стала Людвіка, дачка Ігнацыя, Аскерка[20]. У 1834 годзе гаспадыняй Рудакоўскага маёнтка разам з Бабчынам і інш. была ўдава брата Людвікі Уладзіслава пані Ядзвіга з Гечэвічаў Аскерчына, якую настаяцель Бабчынскай Крыжаўздзвіжанскай прыходскай царквы а. І. Нямшэвіч у метрычных запісах хросту дзяцей яе сялян чамусьці называў Еўдакіяй[21]. Тады ў сяле было 53 двары. 1 (13) лістапада 1844 года складзены інвентар, паводле якога рудакоўскі маёнтак з фальваркамі Бабчын і Мокіш быў ўласнасцю непаўналетніх Генрыка Юстына, Аляксандра Юстыніяна і Зофіі Марцэлы Аскеркаў, але знаходзіўся ў арэндзе ў Міхаіла Ігнатавіча Быкава. Прозвішчы жыхароў Бабчына — Кірко (шмат), Курыленкі, Дашукі, Мятліцкі, Зелянкоўскія, Шарэпа, Курапей, Скуранок, Бакуненка, Марціненка, Зенчанка, Кавалёнак, Краўчанок, Станеўскі[22]. У 1850 г. 315 жыхароў. Да сваёй смерці ў 1866 годзе маёнткам валодаў Генрык Аскерка, а пасля яго дочкі Марыя і Алена. У 1885 годзе 56 двароў, 357 жыхароў, дзейнічала вінакурня, млын. На 1889 год маёнтак Рудакоў з фальваркамі Бабчын і Мокіш (усяго 7162 дзесяціны зямлі) належаў пані Алене (Аскерчанцы) Ваньковіч[23]. У Бабчыне на той час існавала двухкласная царкоўна-прыходская школа, узровень навучання ў якой атрымаў высокую адзнаку інспектара з Менску протаіерэя Паўла Афонскага. Заслуга ў тым айца Міхаіла Драздоўскага, пана Станіслава Ваньковіча і настаўнікаў[24]. Паводле перапісу 1897 года 92 двары, 523 жыхары, царква, капліца, школа, крама, вятрак. Фальварак (2 двары і 51 жыхар). У Мікуліцкай воласці Рэчыцкага павета Мінскай губерні. У 1905 годзе створаны сялянскі саюз. На 1909 год у сяле Бабчын 120 двароў, 713 жыхароў, у фальварку 1 двор, 7 жыхароў[25]. У 1911 годзе ўладальніца маёнтка А. Ваньковіч[26].

 
Будынак другакласнай настаўніцкай школы ў Бабчыне. 1905 г. Фота Т. Р. Дзярабінай (ПДРЭЗ).

Найноўшы часПравіць

9 лютага 1918 года, яшчэ да падпісання Брэсцкага мірнага дагавора з бальшавіцкай Расіяй (3 сакавіка), Германія перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Бабчын у складзе Мікуліцкай воласці Рэчыцкага павета, аднак, апынуўся ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губерні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 мая тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы»[27].

 
Аўген Калубовіч за два месяцы перад арыштам 1930 г. Хойнікі.

1 студзеня 1919 згодна з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі Рэчыцкі павет увайшоў у склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, але 16 студзеня разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі быў далучаны да РСФСР.

З 8 снежня 1926 года — у складзе БССР; да 16 ліпеня 1954 года цэнтр Бабчынскага сельсавета Хойніцкага раёна Рэчыцкай акругі, з 9 чэрвеня 1927 года па 26 ліпеня 1930 года — Гомельскай акругі, з 20 лютага 1938 года — Палескай вобласці з цэнтрам у Мазыры, з 8 лютага 1954 года — Гомельскай вобласці.

У канцы 1920-х – пачатку 1930-х гг. існавала антыбальшавіцкая моладзевая "Беларуская Арганізацыя Альтруістаў", лідарам якой быў студэнт Бабчынскага педагагічнага тэхнікума[Заўвагі 2] Аўген Калубовіч. Арыштаваны 30 мая 1930 г. і высланы ў Котлас. У тым жа 1930 годзе ў вёсцы арганізаваны калгасы «Камінтэрн» і «Кастрычнік». Працавалі 2 ветракі, 4 кузні.

Падчас Вялікай Айчыннай вайны 17 мая 1943 года нямецкія акупанты расстралялі 21 мясцовага жыхара. На фронце і ў партызанскай барацьбе загінулі 294 жыхары вёскі і вёсак, што ўваходзілі ў калгас «Кастрычнік». У памяць пра загінулых у 1970 годзе ў цэнтры вёскі, у скверы, усталяваная культурная кампазіцыя.

Паводле перапісу 1959 года ў вёсцы 923 жыхары, цэнтр калгаса «Кастрычнік». Дзейнічалі лясніцтва, сярэдняя школа, Дом культуры, бібліятэка, фэльчарска-акушэрскі пункт, аддзяленне сувязі, крама.

20 верасня 2011 года вёска ліквідавана рашэннем Хойніцкага раённага Савета дэпутатаў[28].

НасельніцтваПравіць

  • 1834 год — 53 двары.
  • 1850 год — 315 жыхароў.
  • 1885 год — 56 двароў, 357 жыхароў.
  • 1897 год — 92 двары, 523 жыхары (паводле перапісу).
  • 1908 год — 120 двароў, 713 жыхароў.
  • 1959 год — 839 жыхароў (паводле перапісу).
  • 2004 год — жыхароў няма.

Вядомыя асобыПравіць

ЗаўвагіПравіць

  1. С. В. Марцэлеў у энцыклапедыі «Гарады і вёскі Беларусі» (2005) адвольна сцвярджаў нібы Бабчынская царква паўстала «паблізу месца, дзе раней размяшчаўся замак уладальніка мястэчка [?] Вішнявецкага». Той самы аўтар, ізноў жа з уласнай ініцыятывы, у «Зборы помнікаў гісторыі і культуры Беларусі» (1985) змясціў замак князёў Вішнявецкіх у Гарадзішчы Брагінскага раёна (сучасны пасёлак Тэльман). Але вядома, што людзі гэтага роду мелі замак у рэгіёне толькі ў самым Брагіне.
  2. Месціўся ў будынку колішняй настаўніцкай другакласнай школы (на здымку), а да пераўтварэння ў тэхнікум, — дзевяцігадовай школы з педагагічным ухілам (гл.: Аўген Калубовіч. На крыжовай дарозе. Успаміны. – Клыўлэнд, 1986. С. 8).

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4 (DJVU).
  2. Спиридонов М. Ф. Акт о разделе имения Брягин. 1574 г. // Беларускі археаграфічны штогоднік (БАШ). Вып. 1. – Мінск, 2000. С. 186, 189 http://www.belniidad.by/sites/default/files/bash/bash01_2000.pdf
  3. Руська (Волинська) метрика [Текст] : регести документів Коронної канцелярії для укр. земель (Волинське, Київське, Брацлавське, Чернігівське воєводства) 1569-1673 / Держ. ком. арх. України, Центр. держ. істор. арх. України, м. Київ, Ін-т укр. археографії та джерелознавства ім. М. С. Грушевського НАН України, Генер. дирекція держ. арх., Голов. арх. давніх актів ; ред. і упоряд Г. Боряк [та ін.] ; передм. П. К. Грімстед. — Київ, 2002. С. 301—302
  4. Źródła dziejowe. T. XXІ: Polska XVI wieku pod względem geograficzno-statystycznym; T. X: Ziemie ruskie. Ukraina (Kijów — Bracław). / A. Jabłonowski. — Warszawa, 1894. S. 14
  5. Архив Юго-Западной России (Архив ЮЗР). Ч. 7. Т. 1. Акты о заселении Юго-Западной России. — Киев, 1886. С. 393
  6. Джерела з історії Національно-визвольної війни українського народу 1648—1658 рр. Т. 1 (1648—1649). — Київ, 2012. С. 264, 266
  7. Архив ЮЗР. Ч. 7. Т. 1. С. 489
  8. Архив ЮЗР. Ч. 7. Т. 1. С. 550—551
  9. АрхивЮЗР. Ч. 3. Т. 2. Акты о казаках (1679—1716). — Киев, 1868. С. 148, 150—151, 157
  10. Архив ЮЗР. Ч. 1. Т. 4. Акты об унии и состоянии православной церкви с половины XVII века (1648—1798). — Киев, 1871. С. 379
  11. Тарифи подимного податку, сеймикові лауди і люстрації Київського воєводства першої половини XVIII століття. /Вид. друге, доп. Укл. Конрад Жеменецький. — Біла Церква, 2015. С. 283—285
  12. НГАБ у Мінску. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 573. А. 32 — 32адв., 105
  13. Акты, издаваемые Виленской археографической комиссией. — Вильна, 1870. Т. IV. Акты Бресцкого гродского суда. С. 485
  14. Тариф подимного податку Київського воєводства 1754 року. /Опрацював Конрад Жеменецький. — Біла Церква, 2015. С. 190
  15. Архив ЮЗР. Ч. 5. Т. 2. Переписи еврейского населения в юго-западном крае в 1765—1791 гг. — Киев, 1890. С. 302, 391, 710
  16. Насевіч В., Скрыпчанка Т. Рэчыцкі павет / В. Насевіч, Т. Скрыпчанка // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. – Т. 6. Кн. 1. – Мінск: БелЭн, 2001. C. 181–182
  17. Петреченко І. Є. «Камеральное описание… Речицкой округи» 1796 р.: інформаційний потенціал пам’ятки // Днепровский паром. Природное единство и историко-культурное взаимодействие белорусско-украинского пограничья / Материалы международной конференции (26-27 апреля 2018 г., г. Гомель). — Минск, 2018. С. 71
  18. НГАБ. Ф. 937. Воп. 1. Спр. 60. А. 97
  19. НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 263. А. 195
  20. Słownik geograficzny Krółewstwa Polskiego і innych krajów słowiańskich. — Warszawa, 1888. T. 9. S. 901
  21. НГАБ. Ф. 136. Воп. 13. Спр. 536. А. 68
  22. НГАБ. Ф. 142. Воп. 1. Спр. 1465. Пра род Аскеркаў гербу Мурдэліо гл.: Гербоўнік беларускай шляхты. — Мінск, 2002. Т. 1. С. 328—334
  23. Список зелевладельцев Минской губернии. 1889 г. — Минск, 1889. С. 364
  24. Минские епархиальные ведомости. — Минск, 1888. № 10. С. 281, 283—284, 289; 1891. № 2. С. 62 — 82
  25. Список населённых мест Минской губернии. / Сост. В. С. Ярмолович. — Минск, 1909. С. 5
  26. Список землевладельцев Минской губернии. 1911 г. — Б. м. С. 4
  27. Ціхаміраў А. В. Станаўленне і развіццё беларуска-украінскіх адносін у 1918 – 1920 гг. // Веснік БДУ. Сер. 3. 2005. № 3. С. 28 – 32; Грицкевич А. П. Борьба за Украину, 1917—1921 / А. П. Грицкевич; под науч. ред. А. Е. Тараса. — Минск: Современная школа, 2011. С. 92 — 93; Ільїн, О. Західне Полісся в Українській Державі гетьмана Скоропадського (Історія в документах) / О. Ільїн // Над Бугом і Нарвою : український часопис Підляшшя. — 2014. № 3. С. 42; Замойский А. С. Брагин и местечки юго-восточной Беларуси в условиях перехода от войны к миру. 1918—1922. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья: сборник научных статей / редкол. А. Д. Лебедев. — Минск, 2018. С. 85
  28. «Об упразднении сельских населенных пунктов Хойникского района». Решение Хойникского районного Совета депутатов от 20 сентября 2011 г. № 68 (руск.) 
  29. Біяграфія Міколы Мятліцкага. Вершы.ru. Праверана 19 красавіка 2011.

ЛітаратураПравіць

  • Бельскі С. В. З гісторыі ўладароў і маёнткаў Брагіншчыны XVI—XVIII стст. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья: сборник научных статей / редкол. А. Д. Лебедев (отв. ред.) [и др.]. — Минск: Четыре четверти, 2018. С. 6, 23 — 27, 29 — 31
  • Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 2, кн. 2. Гомельская вобласць / С. В. Марцэлеў; Рэдкалегія: Г. П. Пашкоў (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.: БелЭн, 2005. — 520 с.: іл. ISBN 985-11-0330-6.
  • Аўген Калубовіч. На крыжовай дарозе. Успаміны. – Клыўлэнд, 1986

СпасылкіПравіць