Баруны (Ашмянскі раён)

аграгарадок у Ашмянскім раёне Гродзенскай вобласці Беларусі
(Пасля перасылкі з Вёска Баруны, Ашмянскі раён)

Бару́ны[1] (трансліт.: Baruny, руск.: Боруны) — аграгарадок у Ашмянскім раёне Гродзенскай вобласці, на рацэ Жылянка. Адміністрацыйны цэнтр Барунскага сельсавета. Насельніцтва 525 чал. (2001).

Аграгарадок
Баруны
Краіна
Вобласць
Раён
Сельсавет
Каардынаты
Вышыня цэнтра
292 ± 1 м
Насельніцтва
  • 434 чал. (2019)
Часавы пояс
Тэлефонны код
+375 1593
Аўтамабільны код
4
СААТА
4249804021
Баруны на карце Беларусі ±
Баруны (Ашмянскі раён) (Беларусь)
Баруны (Ашмянскі раён)
Баруны (Ашмянскі раён) (Гродзенская вобласць)
Баруны (Ашмянскі раён)

Баруны вядома цудоўным абразам Маці Божай і базыльянскім манастыром, у якім цягам XVIII—XIX стагоддзяў дзейнічала адна з найлепшых школаў на Літве[2].

Геаграфія правіць

Размяшчаюцца за 22 км на паўднёвы ўсход ад горада Ашмяны, за 42 км ад чыгуначнай станцыі Багданаў на лініі Маладзечна — Ліда.

За 2 км на паўднёвы ўсход ад паселішча знаходзіцца Барунскае радовішча пясчана-жвіровага матэрыялу. Паклад з праслоямі жвірыстых пяскоў у выглядзе дзвюх лінз субмерыдыянальнай працягласці звязаны з марэннымі адкладамі сожскага зледзянення.

Назва правіць

Назва Барунаў — балцка-літоўскага паходжання, ад антрапоніма (імя) тыпу Barūnas. Прысутная тут аснова Bar- магла выступаць і ў двухасноўных імёнах тыпу Бартаўт, Барвід і інш., а магла і пашырацца з дапамогай іншых суфіксаў — як у імёнах тыпу Bareikis ці Barulis: вакол Ашмянаў не толькі Баруны, але і Барэйкаўшчына і Барулішкі.

Гісторыя правіць

У 1613 годзе мітрапаліт Язэп Руцкі спрыяў адкрыццю шэрагу ўстаноў адукацыі, у тым ліку пачатковай школы для манахаў і святароў у Барунах, мястэчку Ашмянскага павета Віленскага ваяводства. У 1778—1793 гадах тут вялося ўзвядзенне мураванага манастырскага корпуса, па сканчэнні якога школа пераўтварылася ў 6-класную. У розны час у ёй навучаліся пісьменнікі А. Адынец, Ю. Корсак, I. Ходзька; сярод настаўнікаў школы былі базыльяны Ф. Бялдоўскі, М. Лебель, Б. Ляўковіч, Г. Лебель, Б. Гамалінскі, С. Катовіч, С. Ушацкі.

«Майдэборскія правы» Баруны атрымалі 5 лістапада 1705 года[3]. У прывілеі падкрэслена, што судовыя ўстановы дзейнічаюць у месце па тых жа прынцыпах і нормах, што і мястэчку Жыровіцкім: мяшчане, незадаволеныя рашэннем «майдэборскага» суда, мусілі звяртацца з апеляцыяй да «велебнага» старшага Барунскага ўніяцкага манастыра, а ад яго да вышэйшай інстанцыі — архімандрыта. Мяшчанам таксама было дазволена праводзіць у месце штотыднёвыя таргі па пятніцах і нядзелях, акрамя таго нададзена дзве ярмаркі — у «дзень пакрава Панны Марыі» і «на зялёныя святкі»[4]. Магчыма, тут складзены беларускія святочныя вершы 1750-х гадоў.

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Баруны апынуліся ў складзе Расійскай імперыі, у Куцавіцкай воласці Ашмянскага павета Віленскай губерні. Па здушэнні вызваленчага паўстання (1830—1831) расійскія ўлады ліквідавалі школу, пазней гвалтоўна перарабілі грэка-каталіцкую царкву на праваслаўную. Станам на 1855 год тут было 17 двароў. У кастрычніку 1884 года ў мястэчку пачала дзейнічаць царкоўнапрыходская школа (28 вучняў, настаўнік В. Завадскі, выпускнік Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі). У канцы XIX стагоддзя Баруны былі ўласнасцю ведамства духавенства Маскоўскага патрыярхату. У Першую сусветную вайну мястэчка пэўны час займалі нямецкія войскі.

Згодна з Рыжскім мірным дагаворам (1921) Баруны апынуліся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, у Ашмянскім павеце Віленскага ваяводства. У пачатку 1920-х гадоў у мястэчку дзейнічала беларуская настаўніцкая семінарыя, дырэктарам якой быў С. Рак-Міхайлоўскі. Жыхары Барунаў і вакольных вёсак бралі актыўны ўдзел у беларускім нацыянальна-вызваленчым руху. Адзін з яго кіраўнікоў — пасол сойма В. Станулевіч. Улетку 1928 года і ў снежні 1929 года тут адбыліся мітынгі, на апошнім сябры Беларускага сялянска-работніцкага пасольскага клуба «Змаганне» Я. Гаўрылік і Ф. Валынец распаўсюджвалі ўлёткі.

У 1939 годзе Баруны ўвайшлі ў БССР, дзе сталі цэнтрам сельсавета Ашмянскага раёна. Статус паселішча панізілі да вёскі. З 2 снежня 1961 года ў складзе Гальшанскага сельсавета, пасля — у складзе Куцавіцкага сельсавета. З 17 студзеня 1969 года цэнтр адноўленага Барунскага сельсавет[5].

Станам на 1991 год тут было 168 двароў.

Насельніцтва правіць

  • XIX стагоддзе: 1855 год — каля 120 чал.; 1880 год — 165 чал.
  • XX стагоддзе: 1905 год — 229 чал.; 1925 год — каля 260 чал.; 1991 год — 516 чал.[6]
  • XXI стагоддзе: 2001 год — 525 чал.; 2019 год — 434 чал.

Інфраструктура правіць

У Барунах працуюць сярэдняя школа, бібліятэка, дом культуры.

Эканоміка правіць

Эксперыментальная база і гравійна-сартавальны завод «Баруны».

Славутасці правіць

Галерэя правіць

Крыніцы правіць

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гродзенская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2004. — 469 с. ISBN 985-458-098-9 (DJVU).
  2. Канстанцін Антановіч. У Барунах па каралеўскім прывілеі // «Культура» № 18 (938), 1—7 мая 2010.
  3. Доўнар А. Магдэбургскае права // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — С. 242. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.
  4. Цітоў А. Геральдыка беларускіх местаў (XVI — пачатак XX ст.). — Мн.: Полымя, 1998. — 287 с. — ISBN 985-07-0131-5.
  5. Рашэнне выканкома Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных ад 17 студзеня 1969 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1969, № 9 (1239).
  6. ЭГБ 1993.

Літаратура правіць

Спасылкі правіць