Беніца

вёска ў Маладзечанскім раёне Мінскай вобласці Беларусі
(Пасля перасылкі з Вёска Беніца)

Бе́ніца[1] (трансліт.: Bienica, руск.: Беница) — вёска ў Маладзечанскім раёне Мінскай вобласці, на рацэ Бенічанка. Уваходзіць у склад Лебедзеўскага сельсавета. Насельніцтва 279 чал. (1990). Знаходзіцца за 21 км ад Маладзечна, за 16 км ад чыгуначнай станцыі Пруды; на скрыжаванні дарог на Маладзечна, Крэва, Смаргонь, Заскавічы.

Вёска
Беніца
Траецкі касцёл
Траецкі касцёл
Краіна
Вобласць
Раён
Сельсавет
Каардынаты
Насельніцтва
  • 279 чал. (1990)
Часавы пояс
Тэлефонны код
+375 1773
Паштовыя індэксы
222313
Аўтамабільны код
5
Беніца на карце Беларусі ±
Беніца (Беларусь)
Беніца
Беніца (Мінская вобласць)
Беніца

Гісторыя правіць

 
Троіцкі касцёл з брамай
 
Касцёл Найсвяцейшай Тройцы
 
Царква Пакрова Прасвятой Багародзіцы і Касцёл Найсвяцейшай Тройцы

Першы пісьмовы ўспамін пра Беніцу як сяло Маркаўскай воласці Віленскага ваяводства датуецца 1507 годам. У 1554 годзе мясцовасць знаходзілася ва ўладанні роду Астравухаў, у 1576 годзе перайшла да С. Валовіча. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай (1565—1566) сяло і аднайменны маёнтак увайшлі ў склад Ашмянскага павета.

З 1634 года Беніца знаходзілася ва ўладанні роду Коцелаў (Катлоў). Пры двары ўласнікаў маёнтка жыў і працаваў філосаф П. Мотвіл, існавалі бібліятэка, архіў, мастацкая галерэя, парк, сад, сажалкі з каналамі. У 1701 годзе Міхал Казімір Коцел, які быў віцебскім кашталянам збудаваў у мястэчку касцёл і кляштар бернардзінцаў. Як сведчыць легенда, у 1700 годзе пан Коцел са сваёй сям’ёй ехаў з Беніцы ў Ашмяны. І так здарылася, што коні панеслі панскую брычку, у якой была толькі маленькая дачка Коцелаў. Калёсы маглі перавярнуцца, і дачка загінула б. Шляхціц паспеў толькі ўкленчыць і папрасіць дапамогі ў Маці Божай. І тут коні, якія беглі, як звар’яцелыя, імгненна спыніліся. Дзякуючы за цуд, пан Коцел даў клятву пабудаваць на гэтым месцы касцёл, і праз год стрымаў сваё слова[2].

Касцёл Святой Троіцы, пабудаваны ў барочным стылі, перадалі манахам-бернардзінцам. Манахі зладзілі побач з касцёлам двухпавярховы манастыр, пры якім працавала школа. Пасля пабудовы касцёла Беніца стала асноўнай рэзідэнцыяй Коцелаў, яны пабудавалі тут сядзібны палац, аранжарэю, заснавалі сад, парк з сістэмай сажалак і каналаў. Архітэктар Спампані, які будаваў палац, быў спецыяльна запрошаны Коцеламі з Італіі.

Міхал Казімір Коцел прызнаваў, што «бейніцкія даўгі» не малыя і ён іх пакрывае за кошт далучаных фальваркаў Сівіцы, Рэдзек, Нялідак, Заскавіч і інш. У вёсцы знаходзілаіся таксама помнік архітэктуры — лямус, пабудаваны ў стылі ракако (архітэктар Дж. Сака), з «падценем» на фасадзе, сядзібны дом. У Беніцах пры двары Коцелаў жыў і працаваў філосаф П. Мотвіл, былі бібліятэка, архіў, мастацкая галерэя, парк, сад, сажалкі з каналамі.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Беніца апынулася ў складзе Расійскай імперыі, дзе зрабілася цэнтрам воласці Ашмянскага павета. У Вайну 1812 года тут спыняўся Напалеон, уцякаючы з Масквы. Залу ў палацы, дзе ён жыў, пераўтварылі ў мемарыяльную. Апроч таго, у розныя часы ў мястэчку спыняліся М. К. Агінскі, Т. Зан, Ян Ходзька, С. Манюшка, В. Дмахоўскі, Н. Орда, А. Концкі, Г. Пузына, Уладзіслаў Сыракомля, У. Дмахоўскі, Ф. Багушэвіч.

У 1813 годзе ад бяздзетнага М. Коцела Беніца перайшла да яго пляменніцы, якая была замужам за Казімірам Швыкоўскім. З гэтага ж года пачала дзейнічаць школа. Па задушэнні вызваленчага паўстання (1830—1831) расійскія ўлады зачынілі кляштар бернардзінцаў, а касцёл у 1854 годзе гвалтоўна перарабілі ў царкву. У 1864 годзе побач з касцёлам была пабудавана Свята‑Пакроўская царква. Царква была пабудавана ў «псеўдарускім» архітэктурным стылі, іх яшчэ называюць «мураўёўкамі» ў гонар Мураўёва‑вешальніка. З 1862 года пачало працаваць народнае вучылішча. У 1886 годзе ў мястэчку збудавалі яшчэ адну царкву.

У Першую сусветную вайну Беніца знаходзілася ў прыфрантавой зоне. У верасні 1915 года Беніца апынулася пад кайзераўскай уладай. Згодна з Брэсцкім мірам ад 3 сакавіка 1918 года Беніца ўвайшла ў склад Германскай імперыі. Нямецкая ўлада займалася ў асноўным ваеннымі пытаннямі, у той час як прамысловасць, гандаль, асвета, адукацыя, культурнае жыццё і грамадзянская апека былі аддадзены пад кантроль Народнага сакратарыята Беларускай Народнай Рэспублікі[3], абвешчанай 25 сакавіка 1918 года, дзякуючы гэтаму ў Беніцы з’явілася беларуская школа з беларускай мовай навучання.

У снежні 1919 года з адступленнем нямецкіх войск Беніца была занята Чырвонай арміяй, але на землі Беларусі прэтэндавала таксама і адроджаная Польшча, у пачатку ліпеня 1919 года польскія войскі захапілі Беніцу. У ліпені 1920 года, падчас савецка-польскай вайны, бальшавіцкія войскі перайшлі ў наступленне. Польская дзяржава, знясіленая двума гадамі баявых дзеянняў і экспансіі на Усходзе, вырашыла прасіць дапамогі ў Антанты. Прэм’ер-міністр Уладзіслаў Грабскі выехаў дзеля гэтага ў Спа (Бельгія) на канферэнцыю еўрапейскіх дзяржаў. Краіны Антанты паставілі перад польскім прэм’ерам умову: ваенная і грашовая дапамога Польшчы будзе, калі Варшава адмовіцца ад палітычных прэтэнзій на Вільню і Віленскі край. 10 ліпеня 1920 года дагавор паміж польскай дзяржавай і краінамі Антанты быў падпісаны.

Праз два дні, 12 ліпеня, урад Савецкай Расіі, прызнаўшы незалежнасць Літвы, перадаў ёй у абмен на нейтралітэт у савецка-польскім канфлікце Віленскі край з Вільняй, а таксама Гродна, Ліду, Смаргонь, Ашмяны, Нарач, Браслаўскія азёры і Беніцу. 14 ліпеня Чырвоная Армія займае Вільню, а ў верасні перадае яе літоўцам. У ходзе контрнаступленняў у жніўні—верасні 1920 года, пасля бітвы на Вісле, польскія войскі адваявалі 12 беларускіх паветаў у Савецкай Беларусі, а таксама Гродна, Ліду, Свянцяны ў Літвы. Віленскі край з Беніцай заставаўся ў складзе Літвы, хоць этнічныя літоўцы складалі тут па розных падліках ад 5 % да 18 % (у самой Беніцы іх амаль не было). Грубае заваяванне краю польскімі войскамі выклікала б востры пратэст з боку Еўропы і Лігі Нацый, таму захоп Вільні і Віленскага краю павінен быў выглядаць як звычайны «бунт». Роля «бунтаўшчыкоў» адводзілася Літоўска-беларускай дывізіі пад камандаваннем Люцыяна Жалігоўскага. Дывізія Жалігоўскага складалася на 90 % з салдат-ураджэнцаў Беларусі, а значная частка іх, у сваю чаргу, паходзіла з Віленскага краю, у тым ліку і з Беніцы. У пачатку кастрычніка 1920 года войскі Жалігоўскага вызвалілі Беніцу. Згодна з дэкрэтам № 1 ад 12 кастрычніка 1920 года галоўнакамандуючага войскамі генерала Л. Жалігоўскага Беніца апынулася ў складзе новай беларуска-польскай дзяржавы Сярэдняя Літва.

Жалігоўскі ў закліку 9 кастрычніка 1920 года абвяшчаў, што яго мэта — скліканне ў Вільні прадстаўнікоў краю для выказвання праўдзівай волі насельніцтва. Аднак першапачаткова прызначаныя на 9 студзеня 1921 года выбары былі адкладзены. 28 кастрычніка 1921 года была прызначана новая дата выбараў у Часовы Сойм Сярэдняй Літвы — 8 студзеня 1922 года. Да ўдзелу дапускаліся сталыя жыхары Сярэдняй Літвы і выхадцы яе тэрыторыі. Сярод 12 выбарчых акруг 3 знаходзіліся на тэрыторыі Польшчы (Ліда, Васілішкі, Браслаў) і 2 на тэрыторыі Літвы (Шырвінты, Высокі Двор).

Афіцыйны Каўнас выступіў катэгарычна супраць народнага волевыяўлення, Літву падтрымала Савецкая Расія. Большасць літоўцаў па закліку лідараў літоўскага насельніцтва Сярэдняй Літвы выбары байкатавала. Да байкоту далучылася частка беларусаў і яўрэяў. У выбарах удзельнічала ўсяго 64,4 % выбаршчыкаў (249 325 чалавек). З літоўцаў, якія мелі права голасу, прагаласавала 8,2 %, з яўрэяў — 15,3 %, з беларусаў — 41 %. У віленскім сойме 77 мандатаў атрымалі палітычныя аб’яднанні, якія выступалі за поўную інкарпарацыю Сярэдняй Літвы ў склад Польшчы, 22 — прыхільнікі аўтаноміі ў рамках польскай дзяржавы, 4 — прыхільнікі федэрацыі з Польшчай (Дэмакратычная партыя) і толькі 3 — прыхільнікі саюза з літоўскай дзяржавай (Народны саюз Адраджэння).

Пасяджэнні сойма пачаліся 1 лютага 1922 года. На пасяджэнні 20 лютага (24 лютага?[4]) 1922 года сойм 96 галасамі пры 6, якія ўстрымаліся (у некаторых выданнях лічбы адпаведна 101 і 3), прыняў рэзалюцыю аб безумоўным уключэнні Сярэдняй Літвы ў склад Польшчы.

Са студзеня 1921 г. антыпольскія сілы вялі падрыхтоўку да ўзброенага паўстання, якое мела на мэце перашкодзіць далучэнню Віленшчыны да Польшчы, аднак польская дэфензіва раскрыла падполле.

22 сакавіка 1922 года ўстаноўчы сойм у Варшаве прыняў Акт далучэння Віленскага краю з Польскай Рэспублікай. 24 сакавіка 1922 года віленскі Сойм быў распушчаны (частка яго дэпутатаў была кааптавана ў Сойм Польскай Рэспублікі). 6 красавіка варшаўскім Соймам быў прыняты закон аб усталяванні дзяржаўнай улады на Віленшчыне. 18 красавіка 1922 года ў Вільні пры ўдзеле кіраўніка дзяржавы Юзафа Пілсудскага, прэм’ер-міністра Антонія Панікоўскага, прымаса Польшчы Эдмунда Дальбора, генерала Люцыяна Жалігоўскага адбылося ўрачыстае падпісанне акта аб усталяванні ўлады ўрада Польшчы.

Пасля зацвярджэння ў сакавіку 1923 года Лігай Нацый усходняй мяжы Польшчы Віленскі край стаў адной з яе частак.

У 1922 годзе Беніца ўвайшла ў склад Польшчы, дзе зрабілася цэнтрам гміны Ашмянскага павета Віленскага ваяводства. 1 красавіка 1927 года ўступіла ў сілу распараджэнне Рады Міністраў аб утварэнні Маладзечанскага павета з цэнтрам у Маладзечне[5]. У склад Маладзечанскага павета з Ашмянскага павета была перададзена і Беніцкая гміна. Падчас знаходжання ў складзе Польшчы ў Беніцы была наладжана вытворчасць, існавала свая піваварня і скураны завод.

У 1939 годзе Беніца ўвайшла ў БССР, дзе ў 1940 годзе зрабілася цэнтрам Беніцкага сельсавета (існаваў да 1959 года). У 1948 годзе савецкія ўлады закрылі касцёл і царкву і ператварылі іх у склады, сямейны склеп Коцелаў і Швыкоўскіх быў разрабаваны, падчас чаго косці былых гаспадароў проста звалілі ў кучу, труны паразбівалі, а надмагільныя пліты павыкідалі на вуліцу[2], а ў 1987 годзе — знішчылі муры палаца Коцелаў. Станам на 1990 год у вёсцы было 123 двары.

Насельніцтва правіць

  • XIX стагоддзе: 1880 год — 172 чал.[6]
  • XX стагоддзе: 1990 год — 279 чал.[7]

Інфраструктура правіць

У Беніцы працуюць базавая школа, бальніца, бібліятэка, пошта.

Славутасці правіць

Страчаная спадчына правіць

Вядомыя асобы правіць

Крыніцы правіць

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU). Сустракаецца таксама варыянт Бе́йніца
  2. а б Беніца. Пустка [1].
  3. Юрый Туронак. Нежаданая рэспубліка
  4. Алег Гардзіенка. Кароткая гісторыя яшчэ адной Літвы. «Наша Ніва» (9 мая 2009).
  5. Dziennik Ustaw. — 1925. — № 67., zm. Dziennik Ustaw. — 1926. — № 26., zm. Dziennik Ustaw. — 1927. — № 8.
  6. SgKP 1880, s. 218.
  7. ЭГБ 1994, с. 14.

Літаратура правіць

  • Jankowski, J. Powiat oszmiański: materjały do dziejów ziemi i ludzi. Cz. 1 / zebr. i wyd. Czesław Jankowski. — Petersburg—Kraków: nakładem wydawcy: księgarnia K. Grendyszyńskiego — G. Gebethner i Spółka, 1896. — VIII, 391 s., [10] k. tabl.: il. — S. 301—330.
  • Каханоўскі, Г. А. Беніца / Г. А. Каханоўскі // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1994. — С. 14. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-142-0.
  • Каханоўскі, Г. А. Повязь часоў. — Мінск: Полымя, 1985. — 111 с.
  • Ліс, А. Станіслаў Шыманоўскі // Дзень паэзіі — 76: Зборнік / Рэдкал.: П. Макаль (гал. рэд.) і інш. — Мінск: Мастацкая літаратура, 1976. — 207 с., 4 л. іл.: іл.
  • Bienica // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom I: Aa — Dereneczna (польск.). — Warszawa, 1880. — S. 218.

Спасылкі правіць