Дзяржынск (Лельчыцкі раён)

вёска ў Лельчыцкім раёне Гомельскай вобласці Беларусі

Дзяржы́нск[1] (трансліт.: Dziaržynsk, руск.: Дзержинск, да 4 лютага 1931 года Ра́дзілавічы, Радзіві́лавічы) — вёска ў Лельчыцкім раёне Гомельскай вобласці. Уваходзіць у склад Дзяржынскага сельсавета. Аўтадарогамі злучана з Лельчыцамі і Туравам.

Вёска
Дзяржынск
Краіна
Вобласць
Раён
Сельсавет
Каардынаты
Ранейшыя назвы
Радзівілавічы
Насельніцтва
  • 812 чал. (2009)
Часавы пояс
Тэлефонны код
+375 2356
Аўтамабільны код
3
СААТА
3228820021
Дзяржынск на карце Беларусі ±
Дзяржынск (Лельчыцкі раён) (Беларусь)
Дзяржынск (Лельчыцкі раён)
Дзяржынск (Лельчыцкі раён) (Гомельская вобласць)
Дзяржынск (Лельчыцкі раён)

Хроніка правіць

Першая пісьмовая згадка сяла датуецца 20 сакавіка 1520: Князь Канстанцін Астрожскі і яго жонка Таццяна «записали есмо к церкви соборной Успения пресвятые Богоматери, владычества Туровского, в замку нашом Турове будучей, …село Симоничи, село Радловичи, со всими пашнями и кгрунтами их, как в собе ся мають, с польми, и с бортною землею, и с повинностью дяколною, пеняжною и медовою, и со всею околичностью…»[2]

  • 1777: «Radzilowicze». Будаўніцтва уніяцкай царквы.
  • 1787, лютага 21: Вёска парафіі Гліненскай царквы. 30 хат.
  • 1799, студзеня 10: З тае прычыны, што ксёндз Дзюрдзя аслеп і не мог выконваць сваіх абавязкаў, генеральны візітатар, пінскі сурагат і апостальскі пісар ксёндз Базыль Грэчка далучае радзілавіцкіх жых. да бліжэйшай парафіі уніяцкай Глушкевіцкай царквы разам з мясцовай капліцай.
  • 1800, лютага 20: Радзілавіцкая капліца пад назвай Св. Тройцы, далучаная да Глушкевіцкай парафіяльнай царквы.
  • 1834: Сінод прымае рашэнне аб пабудове ў далучаным з уніі да праваслаўя сяле новай драўлянай царквы «без пышнасці».
  • 1838: Памешчык Раман Фарэйштэр. 32 дв., 290 жых. Мінская духоўная кансісторыя дае падрад на будаўніцтва праваслаўнай Уваскрэсенскай царквы (апрача іканастаса) за казён. кошт мінскаму яўрэю купцу Давыду Гецаву.[3]
  • 1842: Памешчык Іоан Парланд.
  • 1847, сакавіка 31: Сяло, фальв., маён. памешчыка Iосіфа Гельтмана (па купчай). 41 цяглая сялян. гас. і 6 гас. агароднікаў, імянны спіс 312 жых. (151 муж. і 161 жан.). У сялян 170 цяглых валоў, 124 каровы, 63 быкі, 89 цялят, 185 авечак, 139 галоў нерагатай жывёлы, 321 вулей з пчоламі і 525 пустых; 764 дзес. ворнай і 684 дзес. сенажатнай зямлі. Карчма, вадзяны млын з сукнавальняю, з-д рагатай жывёлы (120 кароў), 2 смалакурныя печы.
  • 1866: «Радзиловичи». 46 дв., 268 жых. (126 муж. і 142 жан.).
  • 1868, ліпеня 31: Радзівілавіцкае сел. т-ва Тонежскай вол. 43 дв. (39 сялян з палявымі ўчасткамі і 4 агароднікі), 115 рэвізскіх душ муж. полу. Імянны спіс 46 сялян-гаспадароў, якія выкуплялі больш за 1519 дзес. зямлі з правам лоўлі рыбы ў возеры Пердзічава. Выкупны акт.
  • 1870, студзеня 1: 114 душ сялян-уласнікаў.
  • 1871: Царкоўна-прыходская школа, у якой навучалася 10 хлопчыкаў.
  • 1875, ліпеня 27: Фальв. Радзілавічы маён. Букча купляе купецкі сын Iван Абухаў.
  • 1886: 53 дв., 298 жых.
  • 1897: Пры прасёлкавай дарозе ў Храпун. 76 дв., 522 жых. (291 муж. і 231 жан.). Прыходская царква, збожжазапасны магазін. Шавец.
  • 1898: Вадзяны млын Маскоўскага лесапрамысловага т-ва.
  • 1905: Будаўніцтва аднакласнай царкоўна-прыходскай змешанай школы.
  • 1909: 116 дв., 672 жых.
  • 1913, верасня 18: «Букча-Радзілавічы», маён. вялікага князя Аляксандра Міхайлавіча. Уваскрэсенская царква. Святар Ануфрый Кучынскі.
  • 1917: Царква Уваскрэсення Хрыстовага. 110,5 дв., 875 прыхаджан (442 муж. і 433 жан.). У аднакласнай змешанай царкоўна-прыходскай школе навучалася 45 хлопчыкаў і 2 дзяўчынкі.
  • 1920: Устанаўленне савецкай улады і падзел зямлі на 52 надзелы.
  • 1922: Адыход в. на савецкі бок пасля пол. акупацыі.
  • 1925: Школа Букчанскага с/с Тураўскага р-на на бел. мове: 50 вучняў (43 хлопчыкі і 7 дзяўчынак): 48 бел., 2 яўр.; 1 дзес. ворыва і 0,25 дзес. агарода.
  • 1926/27, зіма: Эпідэмія шкарлятыны.
  • 1928: 160 дв., 926 жых. (461 муж. і 465 жан.): 908 бел., 18 яўр. Школа на бел. мове, 36 вучняў, 4 групы. Сяляне мелі 28 коней, 402 валы, 643 каровы, 246 свіней.
  • 1930: Арганізацыя калгаса «На варце» на чале з 25-тысячнікам ленінградцам Гузавым. Адкрыццё дзіцячага сада-ясляў.
  • 1931, лютага 11: Радзілавічы пераймяноўваюцца ў в. Дзяржынск Тураўскага р-на.
  • 1932: Будаўніцтва новай сямігадовай школы.
  • 1943: Вёска спальваецца ням.-фашысцкімі карнікамі. Згарэла і Свята-Уваскрэсенская царква.
  • 1981, кастрычніка 5: 399 жых.
  • 1987: Будаўніцтва новай цаглянай 2-павярховай школы на 370 вучняў.
  • 1997: 420 дв., 1112 жых.
  • 1998: Ц. с/с і калгаса. СШ, Дом культуры, бібл., аддзяленне сувязі. Царква.
  • 1999, студзеня 1: 365 гас., 1100 жых., з іх 458 працуюць, 262 дзіцяці да 15 гадоў, 340 пенсіянераў. Паводле перапісу насельніцтва, 1076 жых. (503 муж. і 573 жан.).

Айконім правіць

«Аб часе ўзнікнення вёскі Радзілавічы ніхто з насельніцтва вёскі не ведае. Сярод сялян існуе легенда, што калісь тут было дзве вёскі: адна Радзілавічы, а другая — на другім баку балота, што знаходзіцца перад вёскаю, на месцы, якое цяпер завецца „Забалота“, або „Селішча“. Вёскі гэтыя не ладзілі паміж сабою. Асабліва ўзнікалі часта спрэчкі з-за жывёлы».[4] Згодна з аповедам старажылаў, у в. Радзілавічы жылі Лукашэвічы, Мішкевічы і Махновічы, а ў в. Забалоцце — Бабовічы, Цыбулічы, Краўчэні і Цяцерычы. Пад час падзелу веравызнанняў памешчык прыняў праваслаўную веру і жыхары в. Радзілавічы — таксама, а ў Забалоцці прынялі каталіцкую веру. Тады памешчык выселіў яе жыхароў, а вёска была знішчана. На тым месцы ёсць помнік — чырвоны каменны крыж.[5] Паходжанне айконіма Радзілавічы, верагодна, звязана з месцазнаходжаннем рады, радла старэйшых, за якім замацавалася назва паселішча. Паводле іншага меркавання, першымі пасяленцамі тут былі людзі з племя радзічаў, адкуль, відаць, і пайшла назва — Радзілавічы. Нельга выключаць і паходжанне назвы паселішча ад слоў радзіць ці нарадзіць. Дзяржынск — мемарыяльны айконім, які адлюстроўвае агульную тэндэнцыю, калі адбывалася замена старажытных назваў на новыя ў гонар дзеячаў Камуністычнай партыі і Савецкай дзяржавы. Пра паходжанне гэтай назвы А. Ф. Рогалеў піша:

«У 1931 годзе па ініцыятыве пагранічнікаў в. Радзілавічы сталі называць імем „рыцара рэвалюцыі“ Ф. Э. Дзяржынскага. Пры замене назвы кіраваліся той памылковай думкай, што нібы тапонім Радзілавічы ўзнік паводле імя князя Радзівіла (было б тады Радзівілавічы). Спецыяльна займаючыся высвятленнем пытання, мы прыйшлі да высновы, што гэта не так. У старых дакументах нам не ўдалося знайсці, каб Радзілавічы на рацэ Плаў былі звязаны неяк з прозвішчам Радзівілаў.

У старабеларускай пісьменнасці сустракаецца слова „радити“, і і ў мясцовай гаворцы палешукоў „радзіць“ — значыць раіць, клапаціцца. Недалёка ад Турава ёсць вёска Сямурадцы, паходжанне якой даследчыкі тлумачаць якраз тым, што, мусіць, раней там збіралася на раду сем чалавек. Нешта падобнае, магчыма, было звязана і з айконімам Радзілавічы. Добра было б захаваць для гісторыі гэтае мілагучнае старабеларускае слова. У многіх старых дакументах упамінаюцца Радзілавічы. З некаторага часу па 1520 год, мусіць, гэтая вёска належала вядомаму гетману ВКЛ К. I. Астрожскаму».

Славутасці правіць

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4 (DJVU).. Сустракаецца таксама варыянт Ра́дзілавічы, Радзіві́лавічы, мн.
  2. Грушевский А. Пинское Полесье XIV—XVI вв. С. 43-44. (Спасылка: Акты, относящиеся к истории Западной России, собранные и изданные Археографической комиссией (АЗР). Т. 2: 1506—1544. СПб., 1848. № 105; Археогр. сб. Т. 6, № 92.)
  3. НГАБ. Ф. 136. Воп. 1. А. з. 11187. А. 1-2 адв., 28-33, 36, 114 адв.-115; Ф. 446. Воп. 1. А. з. 196.
  4. Бараноўскі Яз. Санітарна-бытавы стан вёскі Радзілавічы. С. 48-64.
  5. Лукашэвіч П. С. З гісторыі вёскі Дзяржынск // Светлае жыццё. 1992, 13 сак.

Літаратура правіць

  • Хроніка Убарцкага Палесся / Аўтар-укладальнік А. І. Атнагулаў; Навук.рэд. В. Л. Насевіч. — Мн.: Тэхналогія, 2001. 496 с.: іл. ISBN 985-459-051-2

Спасылкі правіць