Дрысвяты (аграгарадок)

аграгарадок у Браслаўскім раёне Віцебскай вобласці Беларусі
(Пасля перасылкі з Вёска Дрысвяты)

Дрысвяты — аграгарадок у складзе Відзаўскага сельсавета Браслаўскага раёна Віцебскай вобласці, на паўднёва-ўсходнім беразе возера Дрысвяты (Друкшай). За 32 км на паўднёвы захад ад Браслава.

Аграгарадок
Дрысвяты
Краіна
Вобласць
Раён
Сельсавет
Каардынаты
Вышыня цэнтра
151 м
Насельніцтва
  • 280 чал. (2009)
Часавы пояс
Тэлефонны код
2153
Паштовы індэкс
211984
Аўтамабільны код
2
Дрысвяты на карце Беларусі ±
Дрысвяты (аграгарадок) (Беларусь)
Дрысвяты (аграгарадок)
Дрысвяты (аграгарадок) (Віцебская вобласць)
Дрысвяты (аграгарадок)

Гісторыя правіць

 
Пакланенне вешчуноў. 16 — 17 ст. Дошка, яечная тэмпера

Паводле археалагічных даследаванняў, паселішча ўзнікла на цяперашнем востраве Замак (пл. 0,26 км²), дзе захаваліся гарадзішча, селішча і культурны пласт сярэднявечнага горада. Першапачаткова гарадзішча днепра-дзвінскай культуры. У 11—13 ст. Дрысвяты верагодна з'яўляліся ўмацаваным пунктам на паўночна-заходняй мяжы Полацкай зямлі, невялікім горадам пры крэпасці. Матэрыялы раскопак сведчаць аб даволі высокім узроўні рамеснай вытворчасці, гандлёвых сувязях, знойдзена праселка з кірылічным надпісам.

Назва вёскі паходзіць ад назвы возера. Верагодна, што назва ўтварылася шляхам трансфармацыі літоўскіх слоў driektis — выцягнутае, расцягнутае, ці drutas — вялікі, шырокі. К. Буга не выключаў, што тапонім паходзіць ад славянскага дрыва — крывавы. Некаторыя даследчыкі чаргаванне гукаў «д» і «р» звязваюць з фіна-угорскімі асновамі і перакладаюць як «возера», «вада». У 19 ст., у час русіфікацыі краю, узнікла версія, што назва возера і адпаведна вёскі паходзіць ад слоў тры святыя, нават было створана паданне, што вял. княгіня Алена Іванаўна пабудавала на востраве храм у імя трох свяціцеляў: св. Васіля Вялікага, Рыгора Багаслова і Іаана Златавуста, некаторыя тагачасныя выданні пачалі пісаць назву ў форме Трысвяты. У крыніцах паселішча згадваецца пад назвамі Дрысвет, Дрысват, Дрысвата, Ісдрысвата, Дрысвяты.

Упершыню згадвацца ў пач. 15 ст. (1402, 1413) у ВКЛ. На гарадзішчы тады існаваў Дрысвяцкі замак, побач размяшчалася паселішча. Паводле некаторых меркаванняў, у Дрысвятах, дзе існаваў вялікакняскі двор, спыняўся фландрскі падарожнік і дыпламат Жыльбер дэ Лануа. У 1517 годзе праз Дрысвяты з пасольствам у Маскву праязджаў дыпламат і падарожнік С. Герберштэйн. 3 16 ст. Дрысвяты згадваюцца як «место», т.б. горад. У фундацыйным акце Жыгімонта Старога ад 6.2.1514 загадвалася: «воеводе… Виленскому пану Миколаю Радивилу державцы Дрысвяцкому, абы збудовал церков Матки Божое набожества светого рымского костёла в месте… Дрысвяцком». З Дрысвяцкага касцёла паходзіць вядомы абраз «Пакланенне вешчуноў» (пач. 16 ст.). У 15—16 ст. Дрысвяці замак меў даволі важнае ваеннае значэнне і часта цярпеў ад ваенных дзеянняў. Дрысвяты і наваколле мелі статус асобнай тэрытарыяльнай адзінкі — замкавай воласці, якая непасрэдна падпарадкоўвалася ваяводзе віленскаму. На поўнач і ўсход ад мястэчка размяшчаліся гаспадаркі баяр, якія атрымалі зямельныя надзелы яшчэ ў часы Вітаўта за абавязак несці ваенную службу. Многія з баярскіх гаспадарак далі пачатак сучасным вёскам у наваколлі Дрысвятаў (Станкавічы, Пашавічы, Бейнары, Анісімавічы і інш.). Пасля адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформы 1565—1566 гадоў Дрысвяты ўвайшлі ў склад Браслаўскага павета.

 
Шведскі план астраўной часткі Дрысвят (сяр. 17 ст.)

Востраў Замак злучаўся з берагам возера двума мастамі, якія згадваюцца ў шэрагу гістарычных крыніц. У 1622 мястэчка на востраве згарэла і было адноўлена на беразе. Пэўны час будаваліся дамы і на востраве. У 1655—1656 гг. падчас Патопу мястэчка было занята шведскім аддзелам капітана Юхана фон Уленброка, а на ўмовах падпісанага ў Браславе Акта падданства Швецыі нават лічылася часткай Шведскай кароны. У 1682 дзяржаўца Дрысвят вялікі гетман літоўскі К. Я. Сапега загадаў перанесці ўсе будынкі мяшчан на востраве «да плацаў сваіх» у мястэчку. Інвентар 1722 яшчэ згадвае на востраве «двор стары і збудаванняў гаспадарчых 18 з садам нямалым, астраколам абнесены», пададзена апісанне рэшткаў замка. У мястэчку названа плошча Рынак, які быў з трох бакоў забудаваны, вуліцы Крывая, Залужа, вуліцы ад плябаніі і ад пл. Рынак да моста. У мястэчку меліся 52 дамы, 25 корчмаў (11 піўных і 14 гарэлачных), касцёл, плябанія, царква. Дрысвятам належала 40 валок зямлі, 42 агародных пляца. Налічвалася 350—400 жыхароў, якія займаліся ў асноўным сельскай гаспадаркай, рыбалоўствам, гандлем. Мелася ўсяго тры рамеснікі — кравец, мяснік і півавар. У 1762 у мястэчку 39 дымоў. Па дакументах 17—18 ст. вядомы Дрысвяцкі ключ як частка Віленскай эканоміі. У 18 ст. гэта вялізная тэрыторыя ад возера Дзісна на поўдні да азёраў Струста і Снуды на поўначы. Меліся 135 вёсак, 667 дымоў, 16 тыс. дзесяцін зямлі.

Да канца 18 ст. Дрысвяты былі дзяржаўным уладаннем і аддаваліся ў часовае трыманне ваяводам віленскім. Дзяржаўцамі гэтых уладанняў былі пераважна прадстаўнікі роду Радзівілаў. Сярод іх крыніцы згадваюць Мікалая (1470—1522), Крыштафа (1547—1603), Караля («Пане Каханку»; 1734—1790). У канцы 17 ст. дзяржаўцам быў вялікі гетман літоўскі і ваявода віленскі К. Я. Сапега. Адміністрацыйна-судовае кіраванне ў Дрысвятах ад імя дзяржаўцы ажыццяўляў намеснік. У 1780 Дрысвяцкі ключ перайшоў у прыватную ўласнасць Радзівілаў (у якасці кампенсацыі за 2 млн злотых, якія дзяржаўны скабр быў вінен магнатам). Ад Радзівілаў Дрысвяты ў 1790 набывае вядомы дзяржаўны дзеяч, кампазітар М. К. Агінскі. У 1794 ён прадае маёнтак і ў гэтым жа годзе ўносіць у фонд паўстання Т. Касцюшкі 118 тыс. злотых. У жніўні 1794 паўстанцкі атрад пад камандаваннем М. Агінскага дзейнічае непадалёку ад Дрысвятаў. Пры падаўленні паўстання мястэчка было разрабавана і спалена. Паводле люстрацыі 1794 тут налічвалася 45 дымоў. У канцы 18 ст. існавала парафіяльная школа (1781 — 15 вучняў, 1782 — 19). У 19 ст. Дрысвяты — цэнтр воласці Браслаўскага павета Віленскай губерніі, з 1843 Новааляксандраўскага павета Ковенскай губерніі. Дрысвяцкі ключ распаўся на шэраг дробных маёнткаў. У 1794—1865 Дрысвятамі валодалі Лапацінскія. За ўдзел у паўстанні 1863—1864 гадоў Г. Лапацінская была выслана ў Тамбоўскую губернію, а яе маёмасць распрададзена. 3 1865 уладальнікам Дрысвятаў стаў рыжскі губернатар А. Эцінген, у пачатку 20 ст. маёнткам валодалі бароны Гільдэнбанды. У канцы 19 ст. у мястэчку 205 жыхароў.

 
Дрысвяцкі Петра-Паўлаўскі касцёл (1929, арх. Л. Вітан-Дубейкаўскі)

У 1-ю сусветную вайну восенню 1915 паселішча акупіравана на кароткі тэрмін немцамі, вызвалена расійскімі войскамі і з'яўлялася прыфрантавым мястэчкам. У час баявых дзеянняў амаль цалкам разбурана. У 1918—1919 дзейнічаў валасны ваенна-рэвалюцыйны камітэт. У ліпені 1920 Дрысвяты былі заняты часцямі Чырвонай Арміі пад камандаваннем Г. Гая. У 1920—1930-я Дрысвяты — цэнтр гміны Браслаўскага павета, 74 дамы, 375 жыхароў (1931).

Перад вайной у вёсцы жыло 970 чалавек у 108 дварах[1].

У ліпені 1944 года гітлераўцамі было спалена 30 дамоў, забіта 15 чалавек[1].

У гады Вялікай Айчыннай вайны ў наваколлі дзейнічала Дрысвяцкая брыгада Арміі Краёвай. Вызвалены 10.7.1944 г. 517-м стралковым палком 166 сд 1-га Прыбалтыйскага фронту.

У 1952—1953 па ініцыятыве суседніх калгасаў Беларусі, Літвы і Латвіі ў Дрысвятах пабудавана ГЭС «Дружба народаў». Урачысты пуск станцыі адбыўся 19.7.1953. У 1971 годзе 99 гаспадарак, 275 жыхароў. У 1995—142 двары, 376 жыхароў. Цэнтр сельсавета. Цэнтр саўгаса «Авангард».

У 2004 годзе Дрысвяцкі сельсавет скасаваны, Дрысвяты ўвайшлі ў склад Відзаўскага сельсавета[2].

Культура правіць

Маюцца сярэдняя школа, клуб, бібліятэка, фельчарска-акушэрскі пункт, аддзяленне сувязі, 2 крамы.

Шмат паданняў звязаны з востравам Замак. Па водле аднаго з іх, замак і мястэчка былі знішчаны ў час вайны са шведамі. Перад гэтым усё самае каштоўнае схавалі ў падзямеллі пад замкам. 3 таго часу нікому не ўдавалася пабываць там.

Выдатныя мясціны правіць

 
Касцёл Святых Пятра і Паўла
 
Петра-Паўлаўская царква

Зноскі

Літаратура правіць

  • Wojtkowiak Z. Dryświaty — rubież litewska w średniowieczu // Lituano-Slavica Posnaniensia. Studia historica. T. 1. — Poznań, 1985.
  • Дрысвяты // Памяць : Браслаўскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал. К. В. Велічковіч і інш. — Мн., 1998. — С. 676—678.
  • Катлярчук А. Швэды ў гісторыі й культуры беларусаў. — Вільня, 2007. — С. 78-79.
  • Кузняцоў С. На скрыжыванні трох граніц / С. Кузняцоў // Звязда. — 2005. — 27.9., 28.9.
  • Шпакоўская Г. Дрысвяты // Народнае слова. — 2006. — 16.9.
  • Шыдлоўскі К. Дрысвяты // Браслаўская звязда. — 1992. — 22.1., 29.1., 1.2., 5.2., 19.2., 22.2., 26.2.

Спасылкі правіць