Лебедзева (Маладзечанскі раён)

аграгарадок у Маладзечанскім раёне Мінскай вобласці Беларусі

Ле́бедзева[1] (трансліт.: Liebiedzieva, руск.: Лебедево) — аграгарадок у Маладзечанскім раёне Мінскай вобласці. Адміністрацыйны цэнтр Лебедзеўскага сельсавета.

Аграгарадок
Лебедзева
Краіна
Статус
Маладзечанскі раён
Вобласць
Раён
Сельсавет
Каардынаты
Першая згадка
25 красавіка 1387
Нацыянальны склад
беларусы, палякі
Канфесійны склад
праваслаўныя, каталікі
Часавы пояс
Тэлефонны код
+375 (0)1767
Паштовы індэкс
222 315
Аўтамабільны код
5
СААТА
6238820056
Лебедзева на карце Беларусі ±
Лебедзева (Маладзечанскі раён) (Беларусь)
Лебедзева (Маладзечанскі раён)
Лебедзева (Маладзечанскі раён) (Мінская вобласць)
Лебедзева (Маладзечанскі раён)

Побач з вёскай пачынаецца рака Нявежа.

Гісторыя правіць

Упершыню згадваецца 25 красавіка 1387 г. ў дароўнай грамаце Ягайлы на Тракайскае, Мінскае і Полацкае княствы свайму брату князю Скіргайле «пад нашею печатью завесистою». Сведкамі граматы былі «чесные люди» пан Храшчэнька Зяглоўскі і доктар Святаслаў. Сярод розных пералічаных месцаў названа «так жь село Лебедево, што и к Лебедеву тягло и тягнет, и то Лебедевская волостка, люди все и села, тая околица»[2]. Такім чынам Лебедзева ў 14 ст. было валасным цэнтрам, і належала адной асобе. Хутчэй за ўсё Лебедзева тым часам «цягнула» да Крэва.

Згодна з археалагічнымі даследаваннямі ў Лебедзеве існавала гарадзішча, якое адносіцца да 1 тыс. да н.э. Мясцовая назва — Царковішча. Знаходзілася 1,5 км на захад ад вёскі, 0,5 км злева ад дарогі ў вёску Маркава. Гарадзішча разбурана ў час будаўніцтва дарогі. Паводле краязнаўчых сачыненняў канца 19 ст.:

  М. Лебедзева, Лебедзеўскай вол., Вілейскага павета За 1,5 вярсты на захад ад мястэчка знаходзіцца сярод поля ўзвышэнне ў форме копнападобнай горкі, троху большай за 20 саж. у акружнасці, паверхня плоская. Перавозячы адтуль камяні для будаўніцтва царквы ў 1866 г., сяляне знайшлі камень з выдзеўбаным паглыбленнем усярэдзіне. Такія камяні звычайна ставілі на ўваходзе ў касцёл для вады. Месца гэта завуць Царковішча, ці старое месца. Паводле паданняў, тут была царква, якая знікла пад зямлю».  

У XV ст. Лебедзева належала князям Гальшанскім.

У 1476 годзе Гальшанскія пабудавалі касцёл Нараджэння Прасвятой Багародзіцы.

З 1519 па 1557 год Лебедзева — каралеўскае ўладанне, шляхецкае мястэчка.

Па звестках інвентару ад 7 чэрвеня 1535 года ў Лебедзеве былі млын, возера, дзе гадавалі рыбу. Возера было прадметам судовых спрэчак. Адзначана, што Лебедзева мела «Ловы звярыныя, птушыныя і рыбныя, гоны бабровыя і ўсякімі грунтамі зямельнымі, на якіх жыла шляхта з людзьмі путнымі, валаснымі з парабкамі, з чэляддзю нявольнай…»

У 1567 годзе Кароль Жыгімонт Аўгуст з мэтай падрыхтоўкі да падпісання уніі склікаў у Лебедзеве 30 тысяч вялікалітоўскай шляхты.

Магнаты Вялікага Княства Літоўскага прапаноўвалі гэтак званы «мяккі» варыянт Рэчы Паспалітай, які выключаў далучэнне да Польшчы і прадугледжваў захаванне асобнага Сейма.

На вусным шляхецкім рэферэндуме даецца згода на скліканне агульнага з палякамі Сейма, дзе і вырашаецца пытанне уніі.

Лебедзева — колішняе ўладанне князёў Радзівілаў, што пабудавалі тут мураваны кальвінскі збор, апякункай якога была П. К. Радзівіл, маркграфіня Брандэнбургская. З 1704 года збор не меў свайго настаяцеля, таму сюды прыязджаў пастар з Жупранаў для адпраўлення службы. У 1754 годзе збор быў прыпісаны да жупранскага. Падтрыманы матэрыяльна Радзівіламі збор праіснаваў да канца 18 ст., адзін з нямногіх у ВКЛ перажыў контррэфармацыю. Нават калі не стала пастара, мясцовая абшчына сама па сабе працягвала дзейнічаць.

Паводле інвентару 1579 г., у Лебедзеве былі вуліцы Вялікая, Віленская, Хажоўская, Вялікасадская. У канцы Віленскай прымыкала Старое сяло (з чатырма шнурамі), і Асанаўшчына. Пры рэчцы Нявежа ў Лебедзеве быў вялікі «двор» з 14 гаспадарчымі пабудовамі (піваварня з 14 бочкамі, саладоўня, стадола, аборы, гумно, хлявы і інш.). У Лебедзеўскім маёнтку налічвалася 29 «дымоў», а ў мястэчку 134 дымоў. Для параўнання ў суседняй вёсцы Мароські тады было 52 «дымы». Сярод залежных ад Лебедзеўскага двара адзначаны ў інвентары фальваркі і засценкі — Маліноўшчына, Тарашкова, Хвашчоўка, Кухмістрава, Іваноўшчына, Паташня, Уша, Слабодка, Даманава, Татаршчына, Зубкова, Азярышча, Лабачоўка, Высокаўшчына, Ярашова, Рудоўка, Марозкі (Мароські), Старая і Новая Боркаўшчына.

У 1588 годзе Альбрэхт Радзівіл прадаў Лебедзева Юзафу Галаўне.

У пачатку XVII ст. вырас гандаль. Ухіл быў зроблены на продаж алкагольных напояў. У Лебедзеве тым часам на 149 дамоў прыходзілася 48 корчмаў і заезных двароў. Дакументы захавалі імёны і прозвішча тагачасных жыхароў Лебедзева: Антон Мацулевіч, Сымон Глод, Рыгор Блін, Сымон Корсак, Лявон Харлап, Казімір Шчасны, Мацей Габрыновіч, Язэп Тамашэвіч, Лявон Жыр, Юрка Сулела. У 16 ст. на палях Лебедзеўскага маёнтка вырошчвалі: ячмень, авёс, грэчка, жыта, каноплі, лён, боб і інш. Апроч розных палявых работ (паншчыны), лебедзеўцы выходзілі на «гвалты»: будавалі масты, пракладалі грэблі і інш.

Згодна з археалагічнымі раскопкамі ў цэнтры Лебедзева была пракладзена каналізацыя.

У 1655 г. Лебедзева было знішчана расійскімі войскамі ў час вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай.

8 мая 1667 г. ў Лебедзеве адбыўся сялянскі бунт.

У 1708 г. у час Паўночнай вайны (1700—1721) праз Лебедзева праходзілі шведскія войскі.

У 1751 г. інвентары зафіксавалі ў Лебедзеве 125 сядзіб, прытым 60 іх уладальнікаў мелі па паўвалокі (валока — 21,3 га) і трохі больш зямлі, астатнія — значна меней.

Паводле інвентару 1762 г. Лебедзева належала кашталяну Тадэвушу Агінскаму. У Лебедзеве тады было 29 дымоў і 233 чалавекі. Бровар і саладоўня давалі гадавы прыбытак у 600 злотых. Была кузня з майстрамі-кавалямі. Побач пушча багатая зверам і іншай жыўнасцю. Так было да канца 18 ст., калі ўладальнік пушчы Якуб Саковіч не прадаў яе генералу Паўлу Равінскаму, які пачаў прамысловую высечку, што ў выніку прывяло да знікнення лесу.

Праз Лебедзева 4 снежня 1812 года праязджаў Напалеон на сустрэчу са сваім генералам Гогендорпам у Беніцу.

У Лебедзеве былі сфарміраваны атрады паўстанняў 1830—1831 і 1863—1864 гадоў.

Вядома, што ў першай палове 19 ст. ў Лебедзеве існаваў шпіталь пры касцёле.

У Лебедзеве працавалі вольнапрактыкуючыя лекары: Рамуальд Іванавіч Шміт, Бенціян Абрамавіч Задзінскі, Лейба Абрамавіч Блумберг, Дзмітрый Міхайлавіч Саковіч (у маёнтку Агароднікі), зубны лекар — Ісак Якаўлевіч Цукерман. Была аптэка Іцкі Цукермана.

З 1860 г. ў Лебедзеве працавала народнае пачатковае вучылішча. Быў у Лебедзеве свой тэатр.

У сярэдзіне XIX ст. Лебедзева налічвала каля 1100 жыхароў. Узгоркавыя мясціны не дазвалялі мець доўгіх вуліц, апроч Віленскай. У 1861 г. у Лебедзеве налічвалася 182 хаты. 3 29 чэрвеня па 9 ліпеня штогод збіраўся кірмаш. Наязджала да 2 тыс. купцоў з Вільні, Смаргоні, Крэва, Мінска, Маладзечна, Гарадка. Прадавалі сукно, керамічныя вырабы, кажухі, дзіцячыя цацкі, ласункі. Тут заключаліся гандлёвыя дагаворы.

Акрамя кірмашоў, кожны панядзелак у Лебедзеве праводзіліся так званыя «таргі».

З Лебедзевам звязаны стары шляхецкі род Цівінскіх. Іван Ігнатавіч Цівінскі арганізаваў таварыства філантропіі. Зянон Дамінікавіч Цівінскі ў 19 ст. вядомы акуліст.

У канцы XIX ст. у в. Лебедзева было каля 1290 жыхароў, 160 дагавораў, 2 царквы, школа, бровар, 2 заезныя дамы, 7 кірмашоў штогод.

У канцы XIX ст. — пачатку XX ст. мястэчка Лебедзева належала панам Свянтаржэцкім.

Лебедзева ў розныя часы належала Гарбоўскім, Давідовічам, Капытоўскім, Міцкевічам, Радзішэўскім.

У час першай сусветнай вайны ў верасні 1915 года Лебедзева было захоплена кайзераўскімі войскамі.

У Лебедзеве за польскім часам у 1937 годзе была створана Лебедзеўская харавая капэла.

На пачатак Другой сусветнай вайны, 1 верасня 1939 года, Лебедзева было ў складзе міжваеннай Польшчы, а ўжо 17 верасня ўвайшло ў склад БССР.

З 1941 па 1944 гг. Лебедзева знаходзілася пад фашысцкай акупацыяй. У час нямецкай акупацыі ў Лебедзеве існавала гета, было знішчана больш за 600 яўрэяў. 24 чэрвеня 1942 яны былі сагнаны пад відам вываду на працу ў хлеў, які знаходзіўся за 1 км ад Лебедзева ў бок вёскі Маркава і належаў А. В. Субачу, расстраляны і спалены разам з хлявом. На месцы трагедыі быў усталяваны памятны знак — помнік з савецкай сімволікай. 5 ліпеня 1944 г. Лебедзева вызвалена ад фашысцкіх захопнікаў часцямі 3-га Беларускага фронту.

Лебедзеўская харавая капэла правіць

Гісторыя правіць

У канцы XIX ст. — пачатку XX ст. у Лебедзеве быў створаны хор, што спяваў у мясцовай царкве, а таксама беларускія песні на святах і мерапрыемствах мястэчка. Вядомы песні з рэпертуару таго часу: «А хто там ідзе?», «А ў полі крынічанька», «Крапівушка», «Зялёны дубочак», «Ці свет ці світае».

У 1937 г. калектыў стаў звацца капэлай, і 1937 г. лічыцца датай стварэння аднаго з найстарэйшых творчых калектываў Мінскай вобласці.

У 1962 г. Лебедзеўскай харавой капэле надаецца ганаровае званне — народная. У рэпертуар уваходзяць песні згодна з існуючым ладам. Але галоўнае месца займаюць народныя песні, такія як «Купалінка», руская «Вараг», украінская «Барвінка», польская «Каралінка», чэшская «Камышынка».

Лебедзеўская народная харавая капэла ладзіла канцэрты як у Беларусі, так і за яе межамі — ў Вільне, Коўне, Маскве, Санкт-Пецярбургу. Калектыў мае шмат грамат, прызоў, прымаў удзел у розных фестывалях і конкурсах, неаднойчы прымалі ўдзел у радыё- і тэлеперадачах.

Кіраўнікі правіць

З 1937 г. — Іван Сцяпанавіч Корсак, кіраўнік царкоўнага хору. Затым Іосіф Сушко[3]. У 1963 г. кіраўніком прызначылі Аляксандра Рыгоравіча Пыжыка. Над капэлай доўгія гады шэфстваваў заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Рыгор Раманавіч Шырма. Цяпер (чэрвень 2011) капэлай кіруе Ілья Андрэевіч Канапелька.

Удзельнікі правіць

  • Андрэй Іосіфавіч Блін,
  • Лявонцій Антонавіч Шышко,
  • Лідзія Лявонцьеўна Шышко,
  • Ірына Лявонцьеўна Шышко,
  • Ніна Емельянаўна Пяцукевіч,
  • Галіна Дралуш,
  • Соф'я Сямёнаўна Дудко,
  • Ала Дудко,
  • Іван Дудко,
  • Марыя Данілаўна Доўгаполава,
  • Валянціна Ігнатаўна Габруковіч,
  • Вера Сцяпанаўна Харужык,
  • Аляксей Захаравіч Нехвядовіч,
  • Ганна Андрэеўна Ельяшэвіч,
  • Іосіф Сямёнавіч Свірыда,
  • Ніна Свірыда,
  • Міхаіл Максімавіч Зяновіч,
  • Алена Сямёнаўна Зяновіч,
  • Яўген Сямёнавіч Семашкевіч,
  • Вольга Паўлаўна Руткоўская,
  • Зоя Фёдараўна Дарожка,
  • Уладзімір Пятровіч Кісялевіч,
  • Тамара Міхайлаўна Варабей,
  • Вера Іосіфавна Габрыковіч,
  • Гаўрыла Яфімавіч Посах.

Вядомыя асобы правіць

  • У 1941 годзе з пачаткам нацысцкай акупацыі, каб пазбегнуць арышту, некаторы час у вёсцы Лебедзева жыў Барыс Кіт, дзе пазней настаўнічаў у мясцовай народнай школе.
  • Раман Семашкевіч нарадзіўся ў Лебедзеве ў 1900 годзе ў сям'і панскага садоўніка[4].
  • Генадзь Каханоўскі вучыўся ў Лебедзеўскай школе.
  • Веньямін Захаравіч Нехвядовіч (нарадзіўся ў Лебедзеве ў 1931) — загадчык хірургічным аддзяленнем 3-й Мінскай клінічнай бальніцы. Адпрацаваў урачом 62 з паловай гады. У 70-я гады атрымаў дазвол на выезд у ЗША, што на той час было немагчыма, у тым ліку на медыцынскую стажыроўку.
  • Іван Ігнатавіч Цівінскі
  • Зянон Дамінікавіч Цівінскі

Славутасці правіць

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU). Сустракаецца таксама варыянт Лебядзёва
  2. Грамата вялікага князя Ягайлы ад 28 красавіка 1387 года яго брату Скіргайлу; надрукаваная: Jakubowski J. Opis Księstwa Trockiego z 1387 r. // Przegląd Historyczny. 1907. T.V. Z.1. S. 44-46.
  3. Іосіф Сушко — заслужаны артыст з Маладзечна, які прайшоў праз ГУЛАГ Архівавана 4 сакавіка 2016. // «Рэгіянальная газета»
  4. Карціны студэнта з Лебедзева трапілі ў Траццякоўку Архівавана 4 сакавіка 2016. // «Рэгіянальная газета»

Спасылкі правіць