Небытаў

вёска ў Хойніцкім раёне Гомельскай вобласці Беларусі
(Пасля перасылкі з Вёска Небытаў)

Не́бытаў[1] (трансліт.: Niebytaŭ, руск.: Небытов) — вёска ў Хойніцкім раёне Гомельскай вобласці. Уваходзіць у склад Судкоўскага сельсавета.

Вёска
Небытаў
Краіна
Вобласць
Раён
Сельсавет
Каардынаты
Першая згадка
Насельніцтва
  • 110 чал. (2021)
Часавы пояс
Тэлефонны код
+375 2346
Паштовыя індэксы
247625
Аўтамабільны код
3
Небытаў на карце Беларусі ±
Небытаў (Беларусь)
Небытаў
Небытаў (Гомельская вобласць)
Небытаў

Гісторыя правіць

Вялікае Княства Літоўскае правіць

Найранейшую пакуль пісьмовую згадку пра вёску Небытаў Мазырскага павета Менскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага сустракаем у судовым дэкрэце ад 9 мая 1618 года аб выданні збеглых адтуль, а таксама з Юравічаў, Козіх Лозаў (Лужаў) у Хойнікі альбо Новы Харленж да суджэнцаў Мікалая і Гальшкі Харлінскіх падданых маці і сына Гальшкі з Гулевічаў і Міхала Лозкаў[2].

У XVII—XVIII стагоддзях вёска належала да Загальскага староства. Паводле рэвізіі 1716 года wieś Niebytow налічвала пяць дымоў: гаспадары Амяльян Верабей, Назар Скорчанка, Марозенка Прышчэп, Лук’ян Астапенка, Павел Лук’яненка плацілі старосце князю Дамініку Яну Шуйскаму 13 злотых чыншу і даніны мядовай 7 з паловай бельцаў[3].

Расійская імперыя правіць

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Небытаў апынуўся ў межах Рэчыцкай акругі Чарнігаўскага намесніцтва (губерні), з 1796 года ў складзе ўпарадкаванага Рэчыцкага павета Маларасійскай, а з 29 жніўня 1797 года Мінскай губерні Расійскай імперыі[4]. На 1795 год вёска разам з цэлым Загальскім староствам належала «малолетнему Станиславу Бужинскому по жизни его», але была ў арэндзе ў суддзі Вінцэнція Жука[5]. Тады ў ёй налічвалася 24 двары, 72 жыхары мужчынскага і 62 жаночага полу[6]. У 1834 годзе 18 двароў, 90 жыхароў. У 1850 годзе ў Небытаве 21 двор, 124 жыхары, уласнасць казны. У «Списках населённых мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело] : 1857 г.» засведчана, што 127 жыхароў абодвух полаў з вёскі Небытаў былі прыхаджанамі хойніцкай Свята-Пакроўскай царквы, 9 небытоўцаў-мужчын і 7 жанчын з’яўляліся парафіянамі Астраглядаўскага касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі[7].

У парэформенны перыяд Небытаў належаў да Хойніцкай воласці. На пачатак 1870 года тут 47 мужчынскіх душ былых дзяржаўных сялян, прыпісаных да Небытаўскага сельскага таварыства, 9 аднадворцаў, прыпісаных да Хойніцкай воласці[8]. З 1871 года ва шрочышчы Супар каля вёскі дзейнічала смалакурная фабрыка, на якой ў 1875 годзе працавала 136 рабочых і было выпрацавана 5,6 тыс. вёдраў смалы, 1,2 тыс. пудоў драўнянага вугалю[9]. Згодна са звесткамі на 1876 і 1879 гады, Небытаў заставаўся ў прыходзе Хойніцкай царквы[10]. Паводле перапісу 1897 года 57 двароў, 284 жыхары, капліца, хлебазапасны магазін, у Хойніцкай воласці. У 1909 годзе ў вёсцы налічваўся 61 двор, 402 жыхары, побач у аднайменным урочышчы 1 двор з 5 жыхарамі[11], смалакурня.

Найноўшы час правіць

9 лютага 1918 года, яшчэ да падпісання Брэсцкага мірнага дагавора з бальшавіцкай Расіяй (3 сакавіка), Германія перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Небытаў у складзе Хойніцкай воласці, аднак, апынуўся ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губерні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 мая тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы»[12].

1 студзеня 1919 згодна з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі Хойніцкая воласць увайшла ў склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, аднак 16 студзеня разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі была далучаная да РСФСР. Згодна з дакументам «Сведения о количестве учащихся школ Хойникской волости Речицкого уезда», на 15 красавіка 1921 года ў Небытаве працавала пачатковая школа з 28 вучнямі[13].

З 8 снежня 1926 да 16 ліпеня 1954 года і з 16 красавіка 1959 да 30 чэрвеня 1966 года вёска была цэнтрам Небытаўскага сельсавета Хойніцкага раёна Рэчыцкай, з 9 чэрвеня 1927 года Гомельскай акругі, З 20 лютага 1938 года Палескай вобласці з цэнтрам у Мазыры, з 8 студзеня 1954 года — Гомельскай вобласці. На 1930 год 102 двары, 661 жыхар. У 1931 годзе арганізаваны калгас «Чырвоная змена», працавала кузня. 62 вяскоўцы загінулі на франтах Вялікай Айчыннай вайны.

Паводле перапісу 1959 года ў Небытаве 763 жыхары, у складзе саўгаса «Хойніцкі» з цэнтрам у Казялужжы, працавалі аддзяленне сувязі, клуб, бібліятэка, фельчарска-акушэрскі пункт. У 1954/55 навучальным годзе дзейнічала сямігадовая школа[14].

Да 1 снежня 2009 года вёска ўваходзіла ў склад Казялужскага сельсавета[15].

Насельніцтва правіць

  • 2021 год — 62 двары, 110 жыхароў[16]

Вядомыя ўраджэнцы і жыхары правіць

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4 (DJVU).. Сустракаецца таксама варыянт Не́бутаў
  2. Źródła dziejowe. T. XXI: Polska XVI wieku pod względem geograficzno-statystycznym; T. X: Ziemie ruskie. Ukraina (Kijów — Bracław). / A. Jabłonowski. — Warszawa, 1894. S. 234
  3. НГАБ у Мінску. Ф. 320. Воп. 1. Спр. 1. А. 144
  4. Насевіч В., Скрыпчанка Т. Рэчыцкі павет // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 2001. — С. 181—182. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0214-8.
  5. Петреченко І. Є. «Камеральное описание… Речицкой округи» 1796 р.: інформаційний потенціал пам’ятки // Днепровский паром. Природное единство и историко-культурноевзаимодействие белорусско-украинского пограничья / Материалы международной конференции (26-27 апреля 2018 г., г. Гомель). — Минск: Четыре четверти, 2018. — С. 72.
  6. НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 59. А. 526—530
  7. Расійскі дзяржаўны гістарычны архіў. Ф. 1290. Воп. 4. Спр. 79. А. 382, 666
  8. Список волостей, обществ и селений Минской губернии на 01. 01. 1870 г. — Минск, 1870. Л. 71
  9. Супарская смалакурная фабрыка // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 271. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).
  10. Минские епархиальные ведомости. — Минск, 1876. № 10. — С. 458; Описание церквей и приходов Минской епархии. VIII. Речицкий уезд. — Минск, 1879. С. 140
  11. Список населённых мест Минской губернии. / Сост. В. С. Ярмолович. — Минск, 1909. — С. 131.
  12. Ціхаміраў А. В. Станаўленне і развіццё беларуска-украінскіх адносін у 1918—1920 гг. // Веснік БДУ. Сер. 3. 2005. № 3. С. 28 — 32; Грицкевич А. П. Борьба за Украину, 1917—1921 / А. П. Грицкевич; под науч. ред. А. Е. Тараса. — Минск: Современная школа, 2011. С. 92 — 93; Ільїн, О. Західне Полісся в Українській Державі гетьмана Скоропадського (Історія в документах) / О. Ільїн // Над Бугом і Нарвою : український часопис Підляшшя. — 2014. № 3. С. 42; Замойский А. С. Брагин и местечки юго-восточной Беларуси в условиях перехода от войны к миру. 1918—1922. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья: сборник научных статей / редкол. А. Д. Лебедев (отв. ред.) [и др.]. — Минск: Четыре четверти, 2018. С. 85
  13. Дзяржаўны архіў Гомельскай вобласці. Ф. 68. Воп. 1. Спр. 16. А. 19
  14. Занальны дзяржаўны архіў у г. Рэчыцы . Ф. 3. Воп. 1. Спр. 2. А. 2
  15. «Об изменении административно-территориального устройства Хойникского района Гомельской области». Решение Гомельского областного Совета депутатов от 1 декабря 2009 г. № 290 (руск.)
  16. Інфармацыя аб насельніцтве Судкоўскага сельсавета на 01.01.2021 г. Архівавана 20 кастрычніка 2021.

Літаратура правіць

Спасылкі правіць