Адкрыць галоўнае меню

Рудакоў

вёска ў Хойніцкім раёне Гомельскай вобласці Беларусі
(Пасля перасылкі з Вёска Рудакоў, Стралічаўскі сельсавет)
Вёска
Рудакоў
Краіна
Вобласць
Раён
Сельсавет
Каардынаты
Першае згадванне
1574 г.
Насельніцтва
Канфесійны склад
праваслаўныя, католікі
Часавы пояс
Тэлефонны код
+375 2346
Аўтамабільны код
3
Рудакоў на карце Беларусі ±
Рудакоў (Беларусь)
Рудакоў
Рудакоў (Гомельская вобласць)
Рудакоў

Рудако́ў[1] (трансліт.: Rudakoŭ, руск.: Рудаков) — вёска ў Хойніцкім раёне Гомельскай вобласці Беларусі. Уваходзіць у склад Стралічаўскага сельсавета.

Вёска знаходзіцца ў 12 км на паўднёвы ўсход ад раённага цэнтра і чыгуначнай станцыі Хойнікі (на галіне ВасілевічыХойнікі ад лініі ГомельКалінкавічы), у 115 км ад Гомеля.

Каля вёскі знаходзіцца радовішча жалязняку.

ГісторыяПравіць

Вёска Рудакоў вядома як аднаіменны востраў з 1574 г., які належаў да часткі Брагінскага маёнтку князя Міхаіла Вішнявецкага. У часы Рэчы Паспалітай належала да Оўруцкага павету, Кіеўскага ваяводства, Польскага Каралеўства, уласнікамі яго былі тыя, хто валодаў Брагінскім ключом (Вішнявецкім, Канецпольскім і Ракіцкім). Пасля другога падзела Рэчы Паспалітай у 1793 г. вёска ўвайшла ў склад Расійскай Імперыі — спачатку ў склад Чарнігаўскай губерні, а пасля Маларасійскай губерні да 1797 г. У 1797 г. тэрыторыя вакол мястэчак Брагін і Хойнікі (у тым ліку вёска Рудакоў) была пераведзена расійскімі ўладамі ў склад Рэчыцкага павета Мінскай губерні. У вёсцы тады мелася драўляная шляхецкая сядзіба[2].

Апошнімі ўласнікамі Брагінскага ключа былі Ракіцкія, ад якіх вёска ў пачатку XIX ст. у якасці пасагу (разам з фальваркамі Чэхі, Рудыя, Варацец, Мокіш і Бабчын) перайшла да Ігната Аскеркі (які пабраўся шлюбам з Ізабэлай Ракіцкай) і належала з 1816 г. яго сыну Уладзіславу Аскерку[3], а пасля ўнуку — Генрыху Аскерку (1827—1866)[4].

Дзесь у сярэдзіне XIX ст. Аскеркі пабудавалі ў Рудакове замест драўлянага мураваны сядзібны палац, знешні выгляд якога вядомы толькі з малюнка Ігната Урублеўскага, зробленага ў 1891 г.[5]

Генрых Аскерка быў братам Аляксандра Аскеркі (1830—1911), аднаго з кіраўнікоў Студзеньскага паўстання (1863—1864) у літоўска-беларускіх губернях, і планавалася, што Генрых Аскерка стане паўстанцкім начальнікам Рэчыцкага павета Мінскай губерні[6]. У час паўстання Генрых Аскерка (гэтак жа як і брат Аляксандр Аскерка) быў арыштаваны, але яму ўдалося пазбегнуць прысуду і пакарання, а таксама канфіскацыі маёнтка расійскімі ўладамі[7].

Пасля 1866 г. Рудакоў перайшоў ва ўласнасць дачок Генрыха — Марыі і Гелены Аскеркаў[8]. Вядома, што ў 1874 г. у рудакоўскім маёнтку Марыі і Гелены Аскеркаў мелася 7416 дзесяцін зямлі і 2 млыны[9].

Дачка Генрыха — Гелена Генрыхаўна Аскерка (1866—1947) — у 1884 г. пабралася шлюбам са Станіславам Аляксандравічам Ваньковічам (1860—1937) і прынесла ў пасаг свой маёнтак Рудакоў, які стаў адной з любімых сядзіб Ваньковічаў. Польскі геаграфічны слоўнік (1888 г.) адзначаў, што ў рудакоўскім маёнтку глебы ўрадлівыя, дваранскі маёнтак заможны, у палацы маецца прыватны родавы архіў і некалькі рукапісаў мемуараў мясцовых дваран, а мясцовае сялянства таксама заможнае[10]. Паводле перапісу 1897 г. у вёсцы мелася школа пісьменнасці, а ў гаспадарцы Ваньковічаў — бровар.

 
Нявеста Аляксандра Эдвардаўна Горват (1895—1943), бацька нявесты Эдвард Артуравіч Горват (1866—1935) і жаніх Станіслаў Станіслававіч Ваньковіч (1885—1943) у 1909 г. падчас вяселля ў вёсцы Рудакоў

У 1909 г. у маёнтку Рудакоў адбылося гучнае ва ўсім літоўска-беларускім краі вяселле Станіслава Станіслававіча Ваньковіча (1885—1943) і Аляксандры Эдвардаўны Горват (1895—1943), на якое з'ехаліся многія вядомыя дваранскія сем'і[11]. На вяселлі ў якасці ганаровых гасцей прысутнічалі старшыня Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі Эдвард Адамавіч Вайніловіч (як блізкі сваяк Ваньковічаў) і Раман Аляксандравіч Скірмунт (як блізкі сябар Вайніловічаў і Ваньковічаў)[12]. Бацька маладога — Станіслаў Аляксандравіч Ваньковіч (1860—1937) — быў віцэ-старшынёй Віленскага таварыства сельскай гаспадаркі, а таксама членам-заснавальнікам Краёвай партыі Літвы і Беларусі, калі быў у 1907 г. выбраны дэпутатам III Дзяржаўнай Думы Расійскай Імперыі ад Віленскай губерні. На вяселлі былі, акрамя Горватаў, Аскеркаў і Ваньковічаў, прадстаўнікі сваяцкіх родаў — Кеневічаў, Гечэвічаў, Мінейкаў, Раствароўскіх. У якасці пасагу Аляксандра Горват прынесла свайму мужу Станіславу Ваньковічу значны маёнтак Нароўля[13].

Дзесь у 1910 г. Станіслаў Ваньковіч замест старога мураванага палаца (які палічыў за занадта цесны) пабудаваў з чырвонай цэглы ў стылі неабарока новы мураваны палац у Рудакове, архітэктарам якога стаў вядомы Тадэвуш Раствароўскі (1860—1928), які быў у сваяцкіх стасунках з Аскеркамі і сяброўскіх стасунках з суседзямі Аскеркаў па павету — нараўлянскімі панамі Горватамі[14]. Ваньковіч таксама запланаваў стварыць каля новага палаца і шыкоўны пейзажны парк, але адклаў намер на пазнейшыя гады і карыстаўся маляўнічым садам, які быў створаны пры папярэднім палацы і разам з прыпалацавым гародам займаў плошчу ў 4 га[15]. За часы Ваньковічаў Рудакоў прадстаўляў сабой значны і заможны дваранскі маёнтак, гаспадарка якога была на вельмі высокім узроўні; дзейнічалі невялікія гарэлачны завод і паравы малаказавод, лесапілка[16]. Узорна вялося і лесаводства ў маёнтку. Ваньковіч трымаў пры маёнтку шпіталь, школкі для сялян і своеасаблівы інтэрнат для сялянскіх дзяцей, якія не мелі апекі сваіх бацькоў. Службоўцы маёнтка мелі свае чытальні і пакоі[17].

У 1911 г. у рудакоўскім маёнтку Ваньковічаў (запісаны як уласнасць Гелены Генрыхаўны Ваньковіч (1866—1947)) мелася 7075 дзесяцін зямлі[18].

У савецкі час маёнтак Рудакоў быў нацыяналізаваны, а вёска Рудакоў у 1919 г. увайшла ў склад РСФСР, а з 1924 г. — у склад БССР. З 8 снежня 1926 да 1986 г. вёска Рудакоў з'яўлялася цэнтрам Рудакоўскага сельсавета Хойніцкага раёна, які ўваходзіў у склад Рэчыцкай акругі, а з 9 чэрвеня 1927 г. да 26 ліпеня 1930 г. — Гомельскай акругі; з 20 лютага 1938 г. Палескай вобласці; з 8 студзеня 1954 г. — Гомельскай вобласці.

У 2-й палове 1920-х гг. у вёсцы створаны саўгас «Рудакоў», які ў 1929 г. быў рэарганізаваны ў калгас; працавалі 2 ветраныя млыны, маслазавод (з 1928 г.), стальмашня, 2 кузні. У 1930 г. працавалі пачатковая школа, аддзяленне спажывецкай кааперацыі. У 1930-х гг. пачала працаваць Рудакоўская машынна-трактарная станцыя, якая абслугоўвала амаль палову калгасаў раёна.

Падчас Другой сусветнай вайны акупантамі было забіта 10 жыхароў вёскі, 109 жыхароў вёскі загінулі на фронце.

У 1959 г. паводле перапісу вёска адносілася да саўгаса «Стралічава», цэнтрам якога была вёска Стралічава. У Рудакове ў той час дзейнічала сельскае прафесійна-тэхнічнае вучылішча механізацыі меліярацыйных работ, 8-гадовая школа, якая носіць імя аднаго з арганізатараў партызанскага руху (1941—1944) на Беларусі ў гады Другой сусветнай вайны Н.М. Андросава, клуб, бібліятэка, фельчарска-акушэрскі пункт, аддзяленне сувязі, швейная і сапожная майстэрні, сталовая, 3 крамы.

НасельніцтваПравіць

  • 1834 г. — 46 сялянскіх двароў.
  • 1850 г. — 235 жыхароў.
  • 1897 г. — 381 жыхар, 66 двароў; у фальварку 6 двароў, 135 жыхароў (паводле перапісу).
  • 1908 г. — 484 жыхары, 87 двароў.
  • 1930 г. — 412 жыхароў, 76 двароў.
  • 1959 г. — 936 жыхароў (паводле перапісу).
  • 2004 г. — 103 жыхары, 33 гаспадаркі.

Забудова і транспартная сеткаПравіць

Забудова вёскі — двухбаковая, драўляная, сядзібнага тыпу. Планіроўка складаецца з 2-х крывалінейных, амаль паралельных паміж сабой вуліц, арыентаваных з паўдневага ўсходу на паўночны захад.

Транспартныя камунікацыі з вёскі да наваколля ажыццяўляюцца па прасёлкавай, а пасля — аўтамабільнай дарозе Хойнікі—Брагін.

СлавутасціПравіць

У Рудакове захаваліся фрагменты ансамбля былой дваранскай сядзібы Ваньковічаў (1910 г.): сядзібны дом, стайня, фрагменты парку.

У вёсцы ўстаноўлены помнік на брацкай магіле савецкіх партызан.

Вядомыя ўраджэнцыПравіць

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4 (DJVU).
  2. Aftanazy, R. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej. — 1991. — Cz. 2. — T. 11. — С. 306.
  3. Акрамя Рудакова Уладзіслаў Аскерка атрымаў фальваркі Чэхі, Рудыя і Варацец. Гл.: Rudaków
  4. Aftanazy, R. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej. — 1991. — Cz. 2. — T. 11. — С. 306.
  5. Aftanazy, R. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej. — 1991. — Cz. 2. — T. 11. — С. 306.
  6. Aftanazy, R. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej. — 1991. — Cz. 2. — T. 11. — С. 306.
  7. Aftanazy, R. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej. — 1991. — Cz. 2. — T. 11. — С. 306.
  8. Rudaków
  9. Дрозд, Д.М. Землевладельцы Минской губернии, 1861—1900: справочник... С. 391.
  10. Rudaków
  11. Ваньковичи... С. 144.
  12. Ваньковичи... С. 144.
  13. Ваньковичи... С. 140—148.
  14. Aftanazy, R. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej. — 1991. — Cz. 2. — T. 11. — С. 306.
  15. Aftanazy, R. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej. — 1991. — Cz. 2. — T. 11. — С. 308.
  16. Aftanazy, R. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej. — 1991. — Cz. 2. — T. 11. — С. 308.
  17. Aftanazy, R. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej. — 1991. — Cz. 2. — T. 11. — С. 308.
  18. Дрозд, Д.М. Землевладельцы Минской губернии, 1861—1900: справочник... С. 77.

ЛітаратураПравіць

  • Ваньковичи / Департамент по архивам и делопроизводству Министерства юстиции Республики Беларусь [и др.] ; сост.: Н.А. Голубева, Н.М. Усова, Л.В. Языкович ; под научной редакцией В.И. Прокопцова. — Минск : БелЭн, 2012. — 442 с.
  • Виноградов, Д. Хойникщина: Легенды, события, люди / Д. Виноградов. — Минск : Літаратура і мастацтва, 2010. — 139 с.
  • Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя / С.В. Марцэлеў ; Рэдкал. : Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш. — Мінск : БелЭн, 2005. — Т.2, кн.2. Гомельская вобласць. — 520 с.
  • Дрозд, Д.М. Землевладельцы Минской губернии, 1861—1900 : справочник / Д.М. Дрозд. — Минск : Медисонт, 2010. — 672 с.
  • Дрозд, Д.М. Землевладельцы Минской губернии, 1900—1917 / Дмитрий Дрозд. — Минск : Медисонт, 2013. — 694 с.
  • Памяць : Гісторыка-дакументальная хроніка Хойніцкага раёна / Беларуская Энцыклапедыя ; Рэдкал.: М.А. Ткачоў (гал.рэд.) і інш.. — Мінск : БелЭн, 1993. — 383 с.
  • Aftanazy, R. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej : w 11 t. / R. Aftanazy. – Wrocław–Warszawa–Kraków : Zaklad im. Ossolinskich Wyd-wo, 1997. — Cz. 2. — T. 11. Województwo kijowskie oraz uzupełnienia do tomów 1-10. — 787 s.
  • Rostworowski, А. Ziemia, której już nie zobaczysz. Wspomnienia Kresowe / А. Rostworowski. — Warszawa : Czytelnik, 2001. — 504 s.
  • Rudaków // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. — Warszawa, 1888. — Tom IX. — S. 901.

СпасылкіПравіць