Тульгавічы

(Пасля перасылкі з Вёска Тульгавічы)

Ту́льгавічы[1] (трансліт.: Tuĺhavičy, руск.: Тульговичи) — вёска ў Хойніцкім раёне Гомельскай вобласці. Уваходзіць у склад Судкоўскага сельсавета.

Вёска
Тульгавічы
Краіна
Вобласць
Раён
Сельсавет
Каардынаты
Першая згадка
1506 год
Ранейшыя назвы
Тулегавічы
Насельніцтва
2 чалавекі (2013)
Часавы пояс
Тэлефонны код
+375 2346
Паштовыя індэксы
247620
Аўтамабільны код
3
Тульгавічы на карце Беларусі ±
Тульгавічы (Беларусь)
Тульгавічы
Тульгавічы (Гомельская вобласць)
Тульгавічы

Гісторыя правіць

Вялікае Княства Літоўскае правіць

Ці не ўпершыню паселішча згадана ў прывілеі караля Аляксандра князю Васілю Мунчы на «село Тулеговичи в Мозырскомъ повете», датаваным 24 мая 1506 года[2]. На той час гэта была тэрыторыя Кіеўскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. Даволі хутка, 26 мая 1508 года маёнтак князя Мунчы, які выступіў супраць караля Жыгімонта Старога ў мяцежы князя Міхала Глінскага, быў аддадзены пану Васілю Пятровічу[3], а з ліста-пацвярджэння ад 22 снежня 1510 года даведваемся, што гэта былі менавіта Тульгавічы: «Билъ нам чоломъ дьякъ нашъ Васко Петровичъ и въказывалъ перед нами листы, данину нашу, што есмо дали ему люди в Мозырскомъ повете на имя Тулеговичы, што держалъ зрадца нашъ Мунча…»[4]. З апісання Мазырскага замка 1552 года вынікае, што ўжо з 1512 года Тульгавічамі ў Загальскай нядзелі[A] Мазырскай воласці валодалі наваградскія зямяне Заройскія. Іх жыхары ад 1532 года перасталі выконваць павіннасці на карысць замка. Напярэдадні складання дакумента Заройскія прадалі сяло з пятнаццаццю сялянамі-гаспадарамі пану Герасіму Калантаю[5]. У 1567 годзе пан Стафан Рыгоравіч Лавейка з маёнткаў сваіх, сярод якіх і Тульгавічы, ставіў у войска Вялікага Княства Літоўскага 3 узброеных вершнікаў і 2 драбаў з ручніцамі[6].

Пасля падпісання Люблінскай уніі, з сярэдзіны 1569 года, Тульгавічы ў складзе Мазырскага павета былі далучаны да Менскага ваяводства. Шляхцічы Лавейкі трымалі «sioło i dwór Tulhowicze» яшчэ і ў 1622 годзе, калі каронныя і вялікакняскія камісары ў чарговы раз спрабавалі размежаваць Кіеўскае ваяводства Кароны з Мазырскім паветам Вялікага Княства Літоўскага[7]. 25 чэрвеня 1643 года шляхціч Мікалай Абуховіч запісаў сваёй жонцы пані Зофіі, народжанай Глухоўскай, сяло Тульгавічы ў Мазырскім павеце[8].

У судовых актах, датаваных 22 днём лютага — 20 жніўня 1686 года і 20 снежня 1688 года маюцца звесткі пра тое, як пан Дамінік Абуховіч наслаў сваіх людзей і казакоў на вёскі Стралічаў, Руднае і Навасёлкі пана пісара берасцейскага Канстанціна Шуйскага; яны ж сялян тамтэйшых збілі, скалечылі, а быдла рознае да яго маёнтку Тульгавічы забралі. За рабункі і гвалт адказчык пан Д. Абуховіч мусіў заплаціць пацярпеламу пану К. Шуйскаму 18 900 польскіх злотых, але гэтага не зрабіў. Таму za Dekretem Kommissarskim Wileńskim асуджаны на вечную баніцыю, што актыкавана было ў Мазырскім гродскім судзе[9]. Вось пасля гэтага Тульгавічы і дасталіся юравіцкім езуітам, і менавіта таму прэтэнзіі паноў Абуховічаў апошнім удавалася надалей паспяхова апратэстоўваць у судах, пра што пісаў ксёндз Станіслаў Залэнскі[10]. Магчыма, ўсё ж айцы-езуіты і да касацыі іх закону ў 1773 годзе неяк дзялілі Тульгавічы з панамі-шляхтай альбо застаўлялі іх апошнім. Ёсць сведчанне пра тое, што ардынаваны яшчэ ў 1765 годзе пінска-тураўскім епіскапам Ю. Булгакам на пароха ўніяцкай царквы ў Тульгавічах Мазырскага павета святар Мацей Юхневіч на працягу 13 гадоў (1778) не быў зацверджаны ўладальнікам сяла панам Адамам Стоцкім. У Тульгавічах налічвалася 30 досыць бедных дымоў (×6 — каля 180 жыхароў). Беднай плябанія заставалася і праз 9 гадоў (1787), калі парохам быў сын нябожчыка а. Данііл Юхневіч[11]. У вопісе Свята-Георгіеўскай царквы 1796 года сказана, што драўляны будынак яе ўзведзены ў 1749 годзе тутэйшай грамадой[12].

Побач з сялом існавала паселішча Тульгавіцкая Рудня, жыхары якой займаліся апрацоўкай жалеза. Больш раннія згадкі пра яе сустракаюцца пачынаючы з 1789 года ў хросных і шлюбных метрычных запісах Юравіцкага парафіяльнага касцёла. Уніяцкім парохам у Тульгавічах заставаўся айцец Даніэль Яхневіч (Юхневіч), але ў Рудні абрады часцей выконвалі юравіцкія ксяндзы-дамініканы[13].

У складзе Расійскай імперыі правіць

Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Тульгавічы — у межах Рэчыцкай акругі Чарнігаўскага намесніцтва (губерні), з 1796 года ў складзе ўпарадкаванага Рэчыцкага павета Маларасійскай, а з 29 жніўня 1797 года Мінскай губерні Расійскай імперыі[14]. У 1795 годзе ў Тульгавічах 58 двароў, 380 жыхароў. Тады сяло з жалезным заводам належала мазырскаму войту Адаму Стоцкаму[15]. Паводле рэвізіі 1811 года, Свята-Георгіеўская прыходская царква была павернутая да расійскага праваслаўя ў 1795 годзе, а настаяцелем яе — усё той жа а. Данііл, сын Мацвея, Яхневіч[16]. У 1845 годзе складзены інвентар маёнтка Тульгавічы паноў Солтанаў[17]. У «Списках населённых мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело] : 1857 г.» засведчана, што 294 жыхары сяла Тульгавічы абодвух полаў былі прыхаджанамі Георгіеўскай царквы, 81 жыхар двара Тульгавічы (імаверна, разам з Рудняй Тульгавіцкай) з'яўляліся парафіянамі Юравіцкага касцёла Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі[18].

 
Тульгавічы на карце Ф. Ф. Шуберта. Сярэдзіна XIX ст.

У паслярэформенны перыяд сяло адміністрацыйна належала да Юравіцкай воласці Рэчыцкага павета Мінскай губерні. На 1864 год згаданая прыходская, 6 класа, драўляная Св. Георгіеўская царква ў Тульгавічах і прыпісная драўляная Свята-Троіцкая царква ў Кажушках. Колькасць вернікаў — 328 душ мужчынскага і 386 жаночага полу[19]. Частка жыхароў Тульгавічаў (пераважна з Рудні Тульгавіцкай) трымалася рыма-каталіцызму. У тым жа 1864 г. яны (Шацілы, Лісоўскія, Гулевічы, Дудоўскія, Валасюкі, Краснабароды) разам з іншымі вернікамі звярнуліся да Яго Эксцэленцыі мітрапаліта Станеўскага са скаргай на знішчэнне парафіі і руйнаванне касцёла Найсвяцейшай Панны Марыі ў Юравічах[20]. У 1869 годзе стары лядашчы будынак царквы быў зачынены. У 1875 годзе пачалося ўзвядзенне новага, але ўвесну 1876 года ён быў знішчаны вялікім пажарам, які стаў бедствам для ўсяго сяла. Таму ў даведніку 1879 года сказана, што ролю прыходскай пэўны час выконвала кажушкаўская прыпісная Свята-Троіцкая царква[21]. У пачатку 1870 года ў Тульгавічах 162 мужчынскія душы сялян-уласнікаў, прыпісаных да тутэйшага сельскага таварыства, 2-е аднадворцаў, прыпісаных да Юравіцкай воласці[22]. На 1876 год у маёнтку Тульгавічы налічвалася 1468 дзесяцін зямлі. У 1882 годзе асвечаны новы будынак Свята-Георгіеўскай прыходскай царквы ў Тульгавічах[23]. На 1886 год у сяле 63 двары, 329 жыхароў[24]. Паводле спіса землеўладальнікаў Мінскай губерні на 1889 года панскія добра належалі Адольфу і Мікалаю, сынам Максіміліяна (адпаведна 610 і 600 дзесяцін), Атону, сыну Аляксандра (629 дзесяцін), Яўгеніі, дачцэ Юзафа (624 дзесяціны) Солтанам[25]. У 1897 годзе ў вёсцы 87 двароў, 630 жыхароў, царкоўна-прыходская школа, хлебазапасны магазін, вятрак і конны млын, карчма. У суседняй вёсцы Тульгавіцкая Рудня было 26 двароў з 87 жыхарамі. Падчас пажару 8 мая 1899 года ў Тульгавічах згарэў 51 двор. На 1909 год у Тульгавічах налічвалася 123 двары з 833 жыхарамі. Тут месціліся фальваркі Канавалава (1 двор, 20 жыхароў) і Макушнікава (1 двор, 16 жыхароў), Солтана (1 двор, 15 жыхароў)[26]. У 1911 годзе маёнтак Тульгавічы дзялілі між сабой Мечыслаў, Іардан, Канстанцін, сыны Мікалая, Перасвет-Солтаны (ува ўсіх па 454 дзесяціны), ды іх брат Браніслаў, доля якога складала 218 дзесяцін. Па 24 дзесяціны зямлі мелі ў Тульгавічах нашчадкі колішніх руднікаў, браты Іосіф і Уладзімір, сыны Казіміра, Краснабароды. Тамсама валодалі зямлёй Радзівон Васільевіч Канавалаў (906 дзесяцін), Георгій Міхайлавіч Макушнікаў (906 дзесяцін), Мікалай Аляксандравіч Максімоўскі (638 дзесяцін) і Марыя Іванаўна Максімоўская (639 дзесяцін); у гэты раз маёнткі ўсіх чатырох запісаныя пад назвай Новы Двор Юравіцкай воласці[27] (яшчэ Новы Двор, але больш за сотню гадоў існаваў у Алексічах).

Найноўшы час правіць

 
Дом абшарніка-мешчаніна Фёдара Радзівонавіча Канавалава ў Тульгавічах. Каля 1917 г.

9 лютага 1918 года, яшчэ да падпісання Брэсцкага міру з бальшавіцкай Расіяй (3 сакавіка), Германія перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Тульгавічы ў складзе Юравіцкай воласці Рэчыцкага павета, аднак, апынуліся ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губерні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 мая тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы»[28].

1 студзеня 1919, згодна з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі, Рэчыцкі павет увайшоў у склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, але 16 студзеня разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі быў далучаны да РСФСР.

З 8 снежня 1926 года (да аварыі на Чарнобыльскай АЭС у 1986 годзе) — цэнтр Тульгавіцкага сельсавета Юравіцкага, з 8 ліпеня 1931 года Хойніцкага раёна, з 20 лютага 1938 года Палескай, з 8 студзеня 1954 года Гомельскай вобласці.

У 1930 годзе арганізаваны калгасы «Чырванамайск» і «Чырвоны Кастрычнік», у вёсцы працавалі кузня, паравы млын, стальмашня.

У чэрвені 1943 годзе партызаны знішчылі нямецкі гарнізон, які месціўся ў вёсцы. Карнікі зруйнавалі частку вёскі і забілі 22 чалавекі. На фронце загінулі 186 жыхароў. Вёска вызвалена 25 лістапада 1943 года.

Паводле перапісу 1959 года ў вёсцы налічвалася 1134 жыхары, тут месцілася цэнтральная сядзіба калгаса імя А. А. Жданава, у складзе якога былі вёскі Буда, Ламачы, Ломыш. Існавалі камбінат бытавога абслугоўвання, лясніцтва, сярэдняя школа, клуб, бібліятэка, ветэрынарны участак, аддзяленне сувязі, участковая бальніца, тры крамы.

Заўвагі правіць

  1. Нядзелі альбо чэргі (у складзе кожнай некалькі паселішчаў), на якія падзялялася Мазырская воласць, як даводзілася несці замкавую службу, выконваць работы на карысць замка. Па нядзелях размяркоўваліся і плацёжныя павіннасці (Клепатский П. Г. Очерки по истории Киевской земли / П. Г. Клепатский — Т. 1: Литовский период. — Одесса, 1912. С. 185, 189—190)

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4 (DJVU).
  2. Акты Литовской метрики. Собр. Ф. И. Леонтовичем. Т. 1. Вып. 2. — Варшава, 1897. № 747; Акты Литовско-Русского государства. Вып 1. Т. 2. (1390—1529). / Сост. М. Довнар-Запольский. — Москва, 1897. С. 119—120
  3. Литовская Метрика. Книга записей 8. (1499—1514). / Подгот. А. Балюлис. — Вильнюс, 1995. С. 259
  4. Литовская Метрика. Книга записей 8. — С. 392—393
  5. Архив Юго-Западной России. — Ч. 7. — Т. 1: Акты о заселении Юго-Западной России. — Киев, 1886. С. 644
  6. Русская историческая библиотека. — Т. XXXIII: Литовская метрика. Отд. 1. Ч. 3: Книги публичных дел. Переписи войска Литовского. — Петроград, 1915. Стб. 1235
  7. Źródła dziejowe. T. XX. Polska XVI wieku pod względem geograficzno-statystycznym. T. IX. Ziemie ruskie. Ukraina (Kijów — Bracław). Dział I-szy. Opisane przez Aleksandra Jabłonowskiego. — Warszawa, 1894. S. 96
  8. Опись актовой книги Киевского центрального архива № 30. Сост. А. Т. Белоусов. – Киев, 1907. С. 13
  9. Archiwum Główny Akt Dawnych w Warszawie. Archiwum Prozorów i Jelskich. Sygn. 1. S. 43, 44
  10. Załęski S. Jezuici w Polsce. Kraków, 1905. T. 4. Cz. 4: Kolegia i domy założone za królów Jana Kazimierza, Michała, Jana III, obydwóch Sasów i Stanisława Augusta. 1648—1773. S. 1550
  11. Лісейчыкаў Д. В. Штодзённае жыццё ўніяцкага парафіяльнага святара беларуска-літоўскіх зямель 1720–1839 гг. / Д. В. Лісейчыкаў. – Мінск: Медысонт, 2011. С. 67 – 68
  12. НГАБ у Мінску. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 573. А. 44
  13. НГАБ. Ф. 937. Воп. 4. Спр. 60. А. 37, 39адв., 41, 45–46адв., 47адв., 66адв.
  14. Насевіч, В., Скрыпчанка, Т. Рэчыцкі павет / В. Насевіч, Т. Скрыпчанка // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. – Т. 6. Кн. 1. – Мінск: БелЭн, 2001. C. 181–182
  15. Петреченко І. Є. «Камеральное описание… Речицкой округи» 1796 р.: інформаційний потенціал пам’ятки // Днепровский паром. Природное единство и историко-культурное взаимодействие белорусско-украинского пограничья / Материалы международной конференции (26-27 апреля 2018 г., г. Гомель). — Минск, 2018. С. 71, 74
  16. НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 263. А. 338
  17. НГАБ. Ф. 142. Воп.1. Спр. 1473. А. 1 — 41
  18. Расійскі дзяржаўны гістарычны архіў. Ф. 1290. Воп. 4. Спр. 79. А. 379, 694
  19. Историко-статистическое описание Минской епархии, составленное ректором Минской духовной семинарии архимандритом Николаем. — Санкт-Петербург, 1864. С. 305
  20. НГАБ. Ф. 1781. Воп. 32. Спр. 112. А. 2 — 3адв.
  21. Описание церквей и приходов Минской епархии. VIII. Речицкий уезд. — Минск, 1879. С. 134—136
  22. Список волостей, обществ и селений Минской губернии на 01. 01. 1870 г. — Минск, 1870. Л. 68об.
  23. Минские епархиальные ведомости. – Минск, 1882. № 17. С. 448–451
  24. Волости и важнейшие селения Европейской России. — С.-Петербург, 1886. Вып. 5. С. 113
  25. Список замлевладельцев Минской губернии. 1889 г. — Минск, 1889. С. 375—376
  26. Список населённых мест Минской губернии. / Сост. В. С. Ярмолович. — Минск, 1909. С. 202
  27. Список замлевладельцев Минской губернии. 1911. — Б. м. С. 2, 5, 45
  28. Ціхаміраў А. В. Станаўленне і развіццё беларуска-украінскіх адносін у 1918 – 1920 гг. // Веснік БДУ. Сер. 3. 2005. № 3. С. 28 – 32; Грицкевич А. П. Борьба за Украину, 1917—1921 / А. П. Грицкевич; под науч. ред. А. Е. Тараса. — Минск: Современная школа, 2011. С. 92 — 93; Ільїн, О. Західне Полісся в Українській Державі гетьмана Скоропадського (Історія в документах) / О. Ільїн // Над Бугом і Нарвою : український часопис Підляшшя. — 2014. № 3. С. 42; Замойский А. С. Брагин и местечки юго-восточной Беларуси в условиях перехода от войны к миру. 1918—1922. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья: сборник научных статей / редкол. А. Д. Лебедев (отв. ред.) [и др.]. — Минск: Четыре четверти, 2018. С. 85

Літаратура правіць

Спасылкі правіць