Віле́йская турма́ — колішняя турма ў Вілейцы.

Колішняя турма
Вілейская турма
Будынак былой вілейскай турмы
Будынак былой вілейскай турмы
54°29′25″ пн. ш. 26°54′29″ у. д.HGЯO
Краіна Сцяг Беларусі Беларусь, Мінская вобласць
Горад Вілейка
Будаўнік Хаім Англін, Юзэфа Шкульцецкая
Заснавальнік Мікалай I
Дата заснавання пасля 1846
Будаўніцтва 18541856 гады
Дата скасавання 1964
Статус Помнік архітэктуры
Стан не дзейная
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Архітэктура правіць

Двухпавярховы прамавугольны ў плане будынак з цокальным паверхам, накрыты двухсхільным вальмавым дахам. Сіметрычная кампазіцыя фасадаў парушана больш позняй прыбудовай. Прамавугольныя аконныя праёмы без ліштваў. Над цэнтральным уваходам — вялікае лучковае акно ў абрамленні двухслаёвай аркі. Фасады па вуглах дэкарыраваны руставанымі лапаткамі. Цокальны паверх аддзелены карнізам. Планіроўка калідорная, з двухбаковым размяшчэннем маленькіх, у асноўным на адно акно, памяшканняў. Сцены тоўстыя, раскрапаваны лапаткамі. Будынак — помнік грамадзянскай архітэктуры з элементамі класіцызму.

Гісторыя правіць

30 ліпеня 1846 года імператарам Мікалаем I быў зацверджаны «Нармальны праект турэмнага замка ў павятовых гарадах на 100 арыштантаў». Міністэрства ўнутраных спраў загадала Віленскаму генерал-губернатару ў першую чаргу замест зусім старых драўляных узвесці новыя мураваныя астрогі ў Дзісне і Вілейцы. Тлумачылася гэта тым, што існуючая ў Вілейцы турма была цалкам спарахнелая і цесная, нязручная ў размяшчэнні арыштантаў і ўжо не паддавалася рамонту. Вілейскія ўлады разабралі яе і рэшткі прадалі на дровы за 518 рублёў. Хутка быў зроблены праект новай турмы ці, як значылася ў гістарычных дакументах, — «Турэмнага замка» і складзены каштарыс на 49610 рублёў срэбрам.

 
Выгляд турмы на мяжы XIX-XX стст.

Гэта быў першы каменны будынак у Вілейцы. «Турэмным замкам» яго называлі яшчэ і таму, што вакол была ўзведзена мураваная сцяна вышынёй 5-6 метраў[1][2].

Пачынаў будоўлю астрога віленскі купец 1-й гільдыі Хаім Англін, а пасля яго смерці заканчвала работы павераная калежская дарадчыца Юзэфа Шкульцецкая. Пазней суму, патрэбную на будаўніцтва вілейскай турмы зменшылі да 45232 рублёў. З-за недахопу грашовых сродкаў будаўніцтва камяніцы на Нароцкай вуліцы (зараз — вуліца 1 Мая), паміж горадам і прыватнымі гарадскімі могілкамі, пачалося толькі 16 красавіка 1854 года і доўжылася на працягу трох гадоў. Але, поўнасцю будаўнічы каштарыс быў зачынены толькі 30 лістапада 1863 года, у сувязі з капаннем новага і засыпкай старога калодзежа на тэрыторыі турмы.

Перш, чым засяліць арыштантаў новы будынак асвяцілі 15 (27) студзеня 1857 года. У той жа год, напачатку чэрвеня, праз Вілейку па рацэ Віліі праплывала навуковая экспедыцыя графа Канстанціна Тышкевіча. Будынак турмы не застаўся незаўважаным:

  Пасля гандлёвых — людных і шумных прыстаняў, пачынаецца іншая Вілія: самотная, панурая, з нізкімі пустэльнымі берагамі. Нечакана паўзверх берагавой лініі, на ўзгорку з'яўляецца нейкі белы аб'ект, які з гэтага моманту ўжо не знікае з нашых вачэй, нават калі мы змяняем кірунак. І чым бліжэй мы падплывалі, тым ясней бачым, што белая кропка — гэта новая пабудаваная вілейская турма, адзіная каменная пабудова ў гэтым горадзе»[3].  

Вілейская гарадская турма Міністэрства юстыцыі[4] правіць

У выніку пабудовы новага турэмнага комплексу змянілася ўся сістэма ўтрымання зняволеных у Вілейцы. Іх больш не ўтрымлівалі ўсіх разам, а падзялілі на тры катэгорыі — у адпаведнасці з цяжкасцю здзейсненых злачынстваў. Таксама зняволеных падзялялі па полу і ўзросце. Была і так званая «прывілеяваная» катэгорыя зняволеных, да якой адносіліся арыштаваныя з высакародных слаёў насельніцтва. Сродкі на ўтрыманне турмы браліся з розных крыніц. 2 лютага 1848 года ў Віленскай губерні быў устаноўлены асобы земскі збор на 12 гадоў на абсталяванне будынкаў для дзяржаўных устаноў і турмаў. Таксама, акрамя выдзялення грошай з казны, зняволеных адпраўлялі на працы, у тым ліку і здавалі ў наём прыватным асобам.

На першым паверсе турэмнага будынка месціліся 6 адзіночных камер, 8 камер для зняволеных па судоваму прыгавору нязначных злачынцаў з дваран і простых людзей, перасыльных арыштантаў, а таксама лазарэт і рэтырады (умацаванае месца на час ваенных дзеянняў, а ў мірны час частка памяшкання выкарыстоўвалася для прыбіральні). На другім паверсе былі камеры, падобныя на камеры першага паверха для арыштантаў-жанчын, лазарэт, аптэка і зноў рэтырады. Пры турэмным замку быў і святар, які займаўся асветай кантынгенту па Закону Божаму. На турэмнай тэрыторыі размяшчаліся кватэра наглядчыка, лазня, лядоўня, адзінокія двары. У падвале астрога знаходзіліся пральня, гаўптвахта, кватэра вартаўнікоў, кладоўкі, ванна, кухня, пякарня, пакой для прыёму арыштантаў. У 1896 годзе тут была арганізавана бібліятэка з літаратурай «духоўна-маральнага зместу», для якой з моманту заснавання закупілі 471 кнігу. Звычайная камера была невялікая: сем крокаў у даўжыню і тры ў шырыню. Жалезны ложак прыкаваны да сцяны, на ім — саламяны матрац, падушка, дзве прасціны з коўдрай.

У сярэдзіне XIX стагоддзя вілейская турма была паўпустая. Толькі ў гады нацыянальна-вызваленчага паўстання пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага 1863—1864 гадоў турма даволі хутка папаўнялася. Затым актыўна яна пачала папаўняцца ў гады рэвалюцыі 1905—1907 гадоў, калі сюды дастаўляліся арыштанты (удзельнікі Даўгінаўскага бунту, агітатары, распаўсюджвальнікі забароненай літаратуры, пракламацый з Куранца, Іллі, Смаргоні і іншых месцаў). Тут адбывалі пакаранне і сем матросаў з мяцежнага браняносца «Пацёмкін». Прозвішчы двух з іх вядомыя — Іваноў і Голікаў; нашчадкі апошняга і цяпер жывуць на Вілейшчыне. Перад Кастрычніцкай рэвалюцыяй яна выкарыстоўвалася як месца ўтрымання палітычных праціўнікаў царскага рэжыму. Адным з найвядомейшых вязняў таго часу быў заснавальнік савецкай дзяржбяспекі Фелікс Дзяржынскі[5]. Не пуставала вілейская турма і ў гады грамадзянскай вайны, часовых нямецкай і польскай акупацый Вілейскага краю ў 1918—1920 гадах.

Вілейская павятовая турма Міністэрства ўнутраных спраў Польскай Рэспублікі[6] правіць

 
Вілейская турма 1918—1928 гг.

Новы ўздым нацыянальна-вызваленчай барацьбы адбыўся на Вілейшчыне ў гады, калі наша тэрыторыя адышла да Польскай дзяржавы, пачынаючы з 1921 па 1939 гады. Тут адбывалі пакаранне перш за ўсё члены сацыялістычных і сацыял-дэмакратычных партый і аб’яднанняў, удзельнікі Нарачанскага выступлення рыбакоў.

 
Вілейская турма ў 1930-х гг.

У той час турэмны замак быў часткова адрамантаваны і па краях яго былі надбудаваны вежы, якія выкарыстоўваліся для назіральнікаў.

У 1930-я гады некаторыя турэмныя камеры, у тым ліку № 16, 17 і 18, былі адведзены для палітзняволеных. З успамінаў вязняў Вілейскай турмы таго часу, умовы ўтрымання іх за кратамі спачатку былі больш-менш цярпімымі. Так А.Садоўскі расказваў пра 1934 год і В.Таўлая:

  Пры зняволенні дні цягнуліся вельмі марудна, і, каб не марнаваць дарма часу ў турме, вырашана было вучыцца. Таўлай займаўся з намі па палітэканоміі, гісторыі Камуністычнай партыі СССР, літаратуры. Мы мелі права трымаць у камерах пісьмовыя прылады. Усе свае веды з гімназіі і падпольнага жыцця ён аддаваў таварышам па барацьбе.

У Вілейскай турме ён пачаў пісаць сваю паэму “Мы аптымісты”. Малапісьменных таварышаў ён вучыў граматыцы, арфаграфіі, гісторыі, геаграфіі і іншым навукам. Калі хто-небудзь з таварышаў хварэў, то ён загадваў падтрымліваць яго лепшымі харчамі. За невыкананне загаду адміністрацыі мяне кінулі зімой у карцэр. Дзякуючы Таўлаю мяне выпусцілі праз чатыры гадзіны. Ён прад’явіў адміністрацыі ўльтыматум: «Калі не выпусціце таварыша з карцэра за 4 гадзіны, то ўсе вязні закладаюць галадоўку ў знак пратэсту.» Шырокай душы быў падпольшчык-паэт[7].

 
 
Ахова вілейскай турмы 1918—1928 гг.

Па ўспамінах тых жа сведкаў, у турмах прымяняліся і меры фізічнага пакарання, каб здабыць патрэбныя звесткі ад арыштантаў. Ганна Новік пісала пазней:

  Мы маўчалі, хаця нас білі бізунамі, засоўвалі пад пазногці іголкі, зашчэмлівалі пальцы рук у дзверы, з дапамогай спецыяльных прыстасаванняў улівалі праз нос ваду ці газу. Не вытрымаў катаванняў мой таварыш па падполлю Платон Шляпа, яму адбілі лёгкія. Юнак памёр.  

Пасля пэўнага тэрміну адсідкі вязняў Вілейскай турмы перапраўлялі ў іншыя камяніцы, у тым ліку і сумна вядомыя віленскія «Лукішкі».

Вілейская турма № 26 правіць

17 верасня 1939 года прынесла збаўленне адным вязням вілейскай турмы, але з’явіліся новыя катэгорыі зняволеных — «ворагі народа», «контррэвалюцыянеры» і з іншымі сфабрыкаванымі фармулёўкамі. Адразу пасля прыходу Чырвонай Арміі распачаўся пераслед былой палітычнай і сацыяльнай, у першую чаргу — польскай эліты[8] . У гэты час у турму паступалі сотні людзей, якіх потым адпраўлялі ў глыбіню Савецкага Саюзу. У сувязі з перадачай Вільні Літве, калі многіх зняволеных з Лукішкаў пераводзілі ў іншыя савецкія турмы, частка іх апынулася і ў Вілейцы, цэнтральнай вязніцы новастворанай Вілейскай вобласці. Турма атрымала «№ 26»[9], ліміт яе значна павялічыўся і складаў 350 чалавек (хоць будавалася яна з разлікам на 100 арыштаваных). Аднак на самой справе колькасць арыштантаў даходзіла да тысячы, а ў чэрвені 1941 года лік даходзіў нават да 2000 вязняў[1][2]. Напрыклад у камеры № 25 памерамі 6х7х3,5 метра спачатку месцілася 60-70 вязняў, на працягу наступных 9 месяцаў лічба вырасла да 80-90, а з чэрвеня 1941 года перабольшвала 100 і даходзіла да 114 арыштантаў. Былі камеры, дзе на 1м² прыходзілася 4 зняволеных. Спаць даводзілася на адным баку, моцна сціснуўшыся, паклаўшы ногі адзін на аднаго, ці наогул толькі седзячы. Адсутнасць належных санітарных умоў прывяло да выбуху сыпнога тыфу ў лютым 1940 года[2].

  1940 года 28—31 мая здзейснілі праверку Вілейскай турмы пры в.а.пракурора Вілейскай вобласці па спец. справам Талмачова, пракурора гор.Вілейкі Турэцкага, начальніка Вілейскай турмы Колесава.

Пры выкананні праверкі выяўлена наступнае: У наяўнасці ўсіх зняволеных аказалася 910 чалавек, з іх следчых за аблуправай НКУС 859 чалавек, асуджаных 31 чалавек, за судом 8 чал., за міліцыяй 4 чалавекі, за пракуратурай 8 чалавек. З парушэннем арт. арт. КПК утрымліваецца 397 чалавек — няма падаўжэння тэрміну расследавання. На 266 чалавек скончана спраў, але не пералічана следствам, паводле слоў арыштаваных, 222 чалавекі, не скончана спраў і ўтрымваецца звыш двух месяцаў 160 чалавек. Пры праверцы выяўлена... У камерах цесна, паветра не хапае, мае месца вашывасць, па заяве арыштаваных, у лазні мыюцца рэдка — адзін раз на месяц, часам і радзей, адміністрацыя турмы не дае паперы для заяў арыштаваным і не прымае скаргаў, ёсць скаргі на дрэннае сілкаванне[10].

 

З дзённіка Юзэфа Кішкурны, жыхара Пастаў, арыштаванага ў верасні 1940 года:

  10.10.1940 г.

Канваіры загадалі нам выйсці з вагона, пасля чаго строем адвялі да брамы турмы, але там не аказалася свабодных месцаў. Прыйшлося чакаць каля варот да поўначы. (...) Мяне запіхваюць у камеру №12 ужо пад раніцу. Там, у дадзены момант, знаходзяцца 48 няшчасных. Цесната жудасная. (...) Потым пачынаецца звычайнае турэмнае жыццё: прыбіральня, хлеб, гарбата, вячэра ... Ежа тут вельмі дрэнная, неякасная, але мне пакуль есці зусім не хочацца. (...) А зняволеныя ўсё прыбываюць у турму і прыбываюць. Іх колькасць у нашай камеры таксама расце і даходзіць да 73 чалавек. Памеры камеры ўсяго 7х5,35м.

23.11.1940 г. Вілейка

У суботу раніцай, пасля гарбаты, мяне зноў выклікалі. (...). Допыт пачаўся гэтак жа, гэта значыць з лаянкі і збіцця. «Давай, рассказывай!», І ўдары, ўдары, ўдары. І так да вечара. Розніца складалася толькі ў тым, што прыйшоў пракурор. Ён спытаў, ці пісаў я скаргу і за што быў узнагароджаны Крыжам Заслугі  (польск.)? Калі я адказаў яму, што крыж атрымаў за працу ў Пастаўскай гміне, то абодва яны, пракурор са следчым НКУС, накінуліся на мяне як львы. Да іх далучыўся яшчэ адзін следчы. Ўтрох яны білі мяне рукамі і нагамі. Пры гэтым следчы крычаў: «я знаю, крест тебе дали за участие в войне и за убийства большевиков!» (...).[11]

 
 
Вілейская турма, 1941 г. (меркавана на пачатку вайны)

Вялікай трагедыяй для вязняў турмы стаў напад фашысцкай Германіі на СССР 22 чэрвеня 1941 года. Загадамі, дырэктывамі і тэлеграмамі была распачата эвакуацыя зняволеных с заходніх абласцей СССР[12]. У ноч на 23 чэрвеня было атрымана распараджэнне аб эвакуацыі і вілейскай турмы. Для перамяшчэння ў Разанскую турму № 1 было падрыхтавана 1023 чалавекі. 24 чэрвеня 1941 года наркам НКУС СССР Лаўрэнцій Берыя выдае сакрэтны загад, каб зняволеных, якіх вывелі з турмаў, выкарыстоўваць на абарончых працах, або адразу расстрэльваць[13][14][15][16]. У ноч на 25 чэрвеня 1941 года вартаўнікі пачалі аддзяляць іх. Праз 11 кіламетраў той «дарогі смерці» адбыўся першы расстрэл вязняў на этапе. Каля вёсак Чыжэвічы і Касута першая група колькасцю ад 50 да 60 чалавек была адведзена ў лес і там забіта. Іх целы засталіся непахаванымі. За забойствам назіралі мясцовыя жыхары, якія пахавалі забітых на могілках навакольных вёсак пасля адыходу савецкіх войск[5].

Сведка тых падзей Ф.Сяліцкі успамінаў:

  24 чэрвеня былі чутны недалёкія выстралы. Гэта расстрэльвалі вязняў, што не падлягалі эвакуацыі. Калона па 5 чалавек выйшла з турмы і рушыла ў 120 кіламетровы шлях на Барысаў. ... Саслабелых і арыштантаў на мыліцах саджалі на калёсы. Тыя, хто дайшоў да Барысава на чацвёртыя суткі этапа, былі пасаджаны ў чакаўшыя іх 35 вагонаў[7].  

Па некаторых дадзеных, знішчэнне вязняў адбывалася і на іншых участках этапа, у тым ліку і на шляху да Плешчаніц[11]. Эшалон з імі 5 ліпеня прыбыў у Разань[17]. Усяго ў мясцовую турму па дакументам НКУС былі перададзены 871 чалавек. Такім чынам, за 12 сутак дарогі ад Вілейкі да Разані, звязанай таксама з пастаяннымі налётамі і бамбардзіроўкамі варожай авіяцыі, страцілі 142 зняволеных (хоць некаторымі гісторыкамі прыводзіцца лічба стратаў да 800 чалавек)[7].

Як выказваліся відавочцы трагедыі тых дзён, адразу пасля таго, як прадстаўнікі савецкай улады пакінулі горад, шмат людзей наведала ўстанову, якую старалася раней абмінаць. Са сведчанняў Васіля Місюля, дадзенаму ў 1954 годзе амерыканскаму кангрэсу:

  Калі ўсе ўпэўніліся, што наехаўшыя з Савецкай Расіі бальшавікі ўцяклі, a ix мясцовыя памочнікі пахаваліся, то шмат народу захацела адведаць турму, з якой ўначы выгналі ўсіх арыштаваных невядома куды. У турме нашым вачам паказаліся абставіны, у якіх бальшавікі трымалі людзей і якіх нельга забыцца да смерці. На ніжэйшым паверсе камеры былі высока забалочаныя нечыстотамі, урынай, бруднай саломай. Вышэйшыя камеры былі пазаліваныя нечыстотамі з парашак. Смурод у будынку быў не да вытрымання.

На турэмным панадворку была пабудаваная невялікая зямлянка, з якой ішоў акрываўлены след па зямлі ад нечага цяжкага валочанага ў бок свежа закопанай траншэі тут-жа на гародзе. У зямлянцы мы пабачылі моцна апырсканую кроўю сцяжу, на якой было шмат дзюрак ад куль. На падлозе з пяском быў аграмадны грыб згусцелай крыві. Тут стралялі людзей, якіх пасля цягнулі па зямлі ў траншэю.

На другі дзень створаная гарадская ўправа, пад кіраўніцтвам Л. Сапешкі, прыступіла да раскопак на турэмным панадворку. Я бачыў як адкапалі адну самую свежую траншэю. Тут былі застрэленыя куляй у патыліцу людзі, са звязанымі назад калючым дротам рукамі, укладзеныя адзін каля другога і прысыпаныя не тоўстым слоям зямлі. Пласты людзей ляжалі адзін над другім, раздзеленыя не тоўстымі слаямі зямлі. Пры мне адкапалі тры пласты яшчэ свежых трупаў. Шмат хто з людзей мог распазнаць сваіх родных, ці знаёмых па твары, a ў ніжэйшых пластах — па вопратцы. Далейшых раскопак я не бачыў, бо на панадворку турмы немагчыма было стаяць дзеля цяжкага паху ад адчыненых магіл. Пры мне было выдабыта больш за сотню трупаў. Распазнаных забралі родныя з бліжэйшых вёсак і пахавалі на сваіх могілках. Рэшту ахвяраў перавезлі на гарадскі могільнік і пахавалі па хрысціянскаму абраду[18][19].

 

Далей свае крывавыя і значна больш маштабныя і вытанчаныя справы працягвалі фашысты. У гады акупацыі толькі ў горадзе і ваколіцах Вілейкі яны знішчылі звыш 7 тысяч ваеннапалонных, партызанаў, падпольшчыкаў і мірных жыхароў, большасць з якіх была расстраляна каля сцен «турэмнага замка» і ў ваколіцах горада. Сам будынак турмы немцамі не выкарыстоўваўся, бо ён быў пашкоджаны напачатку вайны. Для сваіх рэпрэсіўных мэт гітлераўцы выкарыстоўвалі новую драўляную турму СД, якая знаходзілася побач. Але расстрэлы карнікі праводзілі на тэрыторыі старой турмы каля яе паўночнай сцяны, а трупы скідвалі ў раней падрыхтаваныя ямы.

 
Будынак у 2015 годзе

Пасля баёў па вызваленні Вілейкі турма была сур’ёзна пашкоджана. Пасля яе аднаўлення зніклі бакавыя вежы, каменная сцяна, што акружала турэмны будынак. Праз некаторы час турма зноў стала дзейнічаць па сваім прамым назначэнні і хутка напоўнілася арыштантамі — былымі паліцэйскімі, крымінальнымі элементамі, здраднікамі і простымі людзьмі, якія вымушаны былі працаваць у розных акупацыйных установах, за што былі аднесены да нямецкіх пасобнікаў і ворагаў Савецкай улады. Адметна, што жыллё для службоўцаў турмы пабудавалі ў 1940-х гадах на надгробках з яўрэйскіх могілак[20][21].

 

На 1946 год, у адпаведнасці з цыркулярам МУС СССР ад 19 ліпеня, ліміт напаўнення для Вілейскай турмы быў усталяваны не больш за 100 чалавек зняволеных. У сярэдзіне 1950-х гадоў у вілейскай турме адбылося надзвычайнае здарэнне — група злачынцаў, асуджаных на працяглыя тэрміны пакарання, уцякла, пракапаўшы патаемны лаз за турэмную сцяну. Аднак варта своечасова адрэагавала, і ўсе збеглыя зноў апынуліся за кратамі[1], ці па іншай версіі злавілі чатырох з сямі[9].

Сваё прызначэнне будынак турмы выконваў больш за стагоддзе. І толькі ў 1964 годзе турма спыніла сваю дзейнасць. Праз два гады падчас земляных работ будаўнікі знайшлі чалавечыя парэшткі, якія былі прызнаны парэшткамі ахвяр нямецкіх акупантаў і перапахаваны ў брацкай магіле. У 1994 годзе падчас будаўнічых работ на тэрыторыі турмы зноў былі эксгумаваны парэшткі некалькіх сотняў чалавек. Спроба ідэнтыфікаваць парэшткі забітых не прынесла вынікаў. З гэтай прычыны ўсе знойдзеныя парэшткі былі пахаваны ў брацкай магіле на гарадскіх могілках.

Пасля перабудовы ў 1970 годзе ў будынку былой турмы стаў дзейнічаць анкалагічны дыспансер[1][22]. Апошні пакінуў будынак у ліпені 2018 года[23][24].

Ушанаванне памяці правіць

 
Помнік ахвярам вілейскай турмы
  • 2 лістапада] 1991 года, ў дзень памяці продкаў, былі ўрачыста асвячоныя «Крыжы ахвярам Вілейскай турмы» каля вёскі Касута на месцы расстрэлу вязняў пры эвакуацыі ў чэрвені 1941 года[5].
  • У 1995 годзе на гарадскіх могілках «Лясныя», на месцы перапахавання эксгумаваных парэшткаў, усталяваны і асвячоны на Радаўніцу, 16 красавіка 1996 года, «Помнік ахвярам вілейскай турмы»[25]. На ім высечаныя словы:
  «Ратуй нас, Хрысце, лёсу пакутнікаў замучаных і расстраляных у турме Вілейскай за час існавання яе. Дабраслаў, Божа, душы палеглых айцоў, братоў і сясцёр нашых, імён якіх пакуль не ведаем»  

.

Вядомыя зняволеныя правіць

У часы Расійскай імперыі правіць

За польскім часам правіць

За савецкім часам правіць

У гады фашысцкай акупацыі правіць

Гл. таксама правіць

Заўвагі правіць

  1. а б в г 160 год вілейскаму «Турэмнаму замку». Гэта першы каменны будынак у Вілейцы // Портал «Все СМИ» з газеты Шлях перамогі
  2. а б в Genealogia kresowa — Więzienie w Wilejce(недаступная спасылка) (польск.) // Genealodzy.PL Genealogia
  3. 160 лет назад в Вилейке была освящена первая каменная постройка (руск.) // Звязда
  4. «Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі ў г. Гродна» (руск.)
  5. а б в Анна Камінскі «Месцы памяці ахвяраў камунізму ў Беларусі» Архівавана 18 чэрвеня 2018. стар.230-233
  6. «Занальны дзяржаўны архіў у г. Маладзечна» (руск.)
  7. а б в Анатоль Рогач «Тайны муроў Вілейскай турмы»(недаступная спасылка) // Рэгіянальная газета
  8. Как белорусского патриота Антона Неканда-Трепку арестовали и уничтожили… По ошибке НКВД (документы) Архівавана 30 верасня 2021. // Белорусский Документационный Центр
  9. а б Из фотоистории Вилейской тюрьмы 1950/1960 — х гг. Архівавана 24 снежня 2018. (руск.) // bramaby
  10. В. И. Адамушко, Н. В. Иванова “Помилуйте...” Документы по репрессиям 1939—1941 в Вилейской области Главное архивное управление при Совете Министров Республики Беларусь Молодечно: Типография “Победа”, 1992. — 99 с.— 2000 экз.
  11. а б Июнь 1941. «Эвакуация» Вилейской тюрьмы (руск.) // Поставы и окрестности
  12. Игнатов В. Д. «ЗАЧИСТКА» ТЮРЕМ В НАЧАЛЬНЫЙ ПЕРИОД ВОЙНЫ (руск.) // ВикиЧтение
  13. Біскуп Алег Буткевіч памаліўся за ахвяраў Беразвецкай трагедыі // Catholic.By
  14. Анна Камінскі «Месцы памяці ахвяраў камунізму ў Беларусі» Архівавана 18 чэрвеня 2018. стар.17
  15. Эвакуация… на тот свет Архівавана 1 студзеня 2019. (руск.) // Інстытут беларускай гісторыі і культуры
  16. Jan T. Gross. Revolution from Abroad: The Soviet Conquest of Poland’s Western Ukraine and Western Belorussia. Princeton: Princeton University Press. 1988. Pp. xxii, 334 (page 348) (англ.)
  17. From Wilejka To Riazan, by Corporal Jozef Rodziewicz The Sarmatian Review April 1998 Volume XVIII, Number 2 (англ.)
  18. За Дзяржаўную Незалежнасць Беларусі. — Лондан: Выданне Беларускай Цэнтральнай Рады, 1960. — С. 80-81. — 198 с.
  19. Вынятак са сьведчаньня Васіля Місюля, прадстаўленага ў 1954 г. адумысловаму камітэту Амэрыканскага Кангрэсу, пад старшынствам Ч. Керстэна, дасьледуючаму камуністычную агрэсыю Архівавана 6 жніўня 2016. // Сайт pawet.net
  20. MACEWY W FUNDAMENTACH DOMU W WILEJCE PRZY UL. 1 MAJA 54 (польск.) // Muzeum Historii Żydów Polskich POLIN
  21. Надгробныя пліты вернуты на сваё месца Архівавана 26 ліпеня 2016. // VIALEJKA.INFO
  22. Вместо реконструкции — реорганизация: центр скрининга рака в Вилейке заработает к концу 2018 года Архівавана 18 красавіка 2018. (руск.) // Млын.by
  23. «Аппарат у вас еще времен СССР, надо списывать». Что ждет онкодиспансер, работающий в бывшей тюрьме Архівавана 9 лютага 2018. (руск.) // TUT.by
  24. Благодаря активной позиции местных жителей в Вилейке заработает центр скрининга рака Архівавана 24 снежня 2018. (руск.) // Сталічнае тэлебачанне
  25. Памятник замученным и расстрелянным в Вилейской тюрьме (руск.) // «Памятники и памятные знаки жертвам политических репрессий на территории бывшего СССР»
  26. Концлагерь в Березе-Картузской — продукт польского «государственного несварения» Архівавана 23 сакавіка 2019. (руск.) // "Белорусские новости
  27. Выстава пра Курапаты ўжо ў Вілейцы // ГРАМАДСТВА 07-11-2017 (сайт газеты «Новы час»). Independant Israeli site / Незалежны ізраільскі сайт
  28. Адметная Вілейка Архівавана 17 жніўня 2019. // Racyja.com
  29. Муха-Мухноўскі Георгі Маркавіч (1905) // Адкрыты ліст

Літаратура правіць

Спасылкі правіць

 
Помнік гісторыі