Віленскае біскупства

Віленскае біскупства — царкоўна адміністрацыйная адзінка рымска-каталіцкай царквы ў Вялікім Княстве Літоўскім. Утворана паводле прывілея вялікага князя літоўскага Ягайлы ад 17 лютага 1387 г., зацверджана Папам Рымскім Урбанам VI у 1388 г.

Фрэска з выявай Андрэя, першага віленскага біскупа.

Падпарадкоўвалася Папству, з 1418 г. гнезненскаму архібіскупу. На чале стаяў біскуп, якому падпарадкоўваліся амаль усе парафіі на Беларусі і Літве (апроч парафій Берасцейскага ваяводства). Першы біскуп — Андрэй.

Віленскі капітул (калегія духоўных асоб пры біскупе) створаны ў 2-й палове 1388 г. пазнаньскім біскупам Дабрагостам паводле булы Папы Рымскага Урбана VI са згоды Ягайлы. У яго першапачаткова ўваходзілі пробашч, дэкан, 10 канонікаў, з 1397 г. — кусташ, з 1345 г. — арцыдзяк, з 1522 г. — прэлат-кантар. Для вырашэння важных падзей духоўнага жыцця біскуп склікаў сіноды духавенства. Першы сінод адбыўся ў канцы 1520 г. або пачатку 1521 г.

Штодзённымі справамі біскупа займаўся двор (курыя), які падзяляўся на канцылярыю, духоўны суд і прыватны двор біскупа (маршалак, падскарбі, кухмістр, ключнік і іншыя прыдворныя). За 1387—1430 гг. на аснове фундушаў было створана 27 парафіяльных касцёлаў, за 1431—1500 гг. — 99 касцёлаў, у 1-й палове XVI ст. — 129 касцёлаў. У сярэдзіне XVI ст. у 17 паветах ВКЛ дзейнічала 259 парафій (касцёлаў), у 1790 г. — 277 касцёлаў. Парафіі былі аб’яднаны ў дэканаты. У XVIII ст. на Беларусі існавалі Аршанскі, Ашмянскі, Бабруйскі, Браслаўскі, Ваўкавыскі, Віцебскі, Вішнеўскі, Гродзенскі, Лідскі, Менскі, Наваградскі, Радашковіцкі, Ражанскі, Свірскі, Слонімскі і Полацкі дэканаты. У сярэдзіне XVI ст. ва ўладаннях Віленскага біскупства каля 2/3 вясковага насельніцтва складалі цяглыя сяляне[1].

У 1387 г. вялікі князь літоўскі наддаў Віленскаму біскупству воласць Таўрогіне на паўднёвым-усходзе сучаснай Літвы, Бакшты на поўначы Меншчыны, Дуброўна каля Ліды і некалькі вёсак. Пазней біскупства атрымала Стрэшын на Дняпры, Корань, Ганявічы і Ваўчу, воласць Убарць (цяпер Лельчыцы) на Мазыршчыне, Параф’янава каля Докшыц і іншыя маёнткі. У сярэдзіне XVI ст. уладанні біскупства ўключалі каля 300 вёсак. Яны падзяліліся на сталовыя біскупскія (прыбытак ішоў на патрэбы біскупа і яго памочнікаў), сталовыя капітульныя (на ўтрыманне капітула) і прэстыманіяльныя (на патрэбы асобных канонікаў капітула). Найбольш значнымі біскупскімі маёнткамі былі Убарць і Ігумен, сталовымі капітульнымі Горваль і Стрэшын, прэстыманіяльнымі — Бакшты, Корань, Ванявічы, Ваўча (цэнтр маёнтку на пачатку XVII ст. перамясціўся з Ваўчы ў Бягомль) і інш.

Гл. таксама правіць

Зноскі

  1. Ochmański, J. Powstanie i rozwój latyfundium biskupstwa wileńskiego 1387—1550: ze studiów nad rozwojem wielkiej własności na Litwie i Białorusi w średniowieczu / Jerzy Ochmański. — Poznań: Uniwersytet im. Adama Mickiewicza, 1963. — 223, [1] s.: mapy. — S. 132. — (Prace Wydziału Filozoficzno-Historycznego. Seria: Historia; № 13).

Літаратура правіць