Віленскае княства
Віленскае княства — меркаваны феадальны ўдзел Полацкай зямлі, пазней ВКЛ.[1]
Паводле позняга Васкрасенскага летапісу, у 1130-х гадах або пазней вільняне пазвалі з Візантыі сыноў высланага туды ў 1129 годзе разам з іншымі Расціслава — Давіла і Маўкольда, і старэйшы з братоў стаў княжыць у Вільні. Паводле гэтага ж летапісу, Давіл і Маўкольд былі пачынальнікамі дынастыі вялікіх князёў літоўскіх, але гістарычнасць гэтых асоб і падобная генеалогія адмаўляецца гісторыкамі, у т.л. з-за храналагічнай неадпаведнасці. Такую версію падзей лічаць створанай у Маскве пры Іване IV для пэўных палітычных мэт.
У канцы XIX ст. Адам Кіркор пісаў, што ў 1070 годзе ў Вільні княжыў нейкі Расціслаў Рагвалодавіч, аднак крыніц свайго сцверджання не даваў[2]. На гэтай аснове М. Ермаловіч у свой час выказаў думку пра існаванне не пазней чым з 2-й пал. ХІ ст. Віленскага княства, удзела Полацкай зямлі[3][4]. Гэтае ж меркаванне выказана ў артыкуле М. Ермаловіча пра Віленскае княства ў «Энцыклапедыі гісторыі Беларусі» у 6-ці тамах[1]. Ермаловіч лічыў, што большую частку насельніцтва княства складалі крывічы, якія калісьці і заснавалі Вільню, першапачаткова званую Крывым горадам, а астатняе насельніцтва было балтамі[1].
Ермаловіч лічыў, што меркаванае ім Віленскае княства пасля заваявання Войшалкам у 1264 годзе Нальшчанаў і Дзяволтвы, увайшло ў склад ВКЛ, заняло там цэнтральнае становішча і не пазней за 1323 год яго сталіца — Вільня, стала сталіцай усёй дзяржавы. На думку Ермаловіча ў 1340-я гады ў склад Віленскага княства ўваходзілі Ашмяны, Браслаў, Вількамір, а з канца XIV ст. — Крэўская і Лідская воласці, а ў 1413 годзе паводле Гарадзельскага прывілея тэрыторыя княства ўвайшла ў склад Віленскага ваяводства.[1]
Зноскі
ЛітаратураПравіць
- Ермаловіч М. І. Віленскае княства // ЭГБ у 6 т. Т. 2. — Мн.: БелЭн, 1994. — С. 273.