Віленская брацкая друкарня
Віленская брацкая друкарня, або Віленская Святадухаўская друкарня — колішняя друкарня, якая існавала пры Святадухаўскім манастыры ў Вільні ў XVI—XVIII стст. З'яўлялася выдавецкім прадпрыемствам праваслаўнай царквы Вялікага Княства Літоўскага[1].
Гісторыя
правіцьВыдавецкая дзейнасць дазволена прывілеямі Жыгімонта III Вазы ад 1589 і 1592 на друкаванне розных кніг «…па-грэцку, славянску, руску і польску», дукарню ўзначаліў Стафан Зізаній[2]. Выдавала тэксты Святога пісання, школьныя падручнікі, богаслужэбныя кнігі, палемічную літаратуру[1]. Першае вядомае выданне выйшла ў 1595 годзе. У 1595—1596 гг. выйшла каля 11 выданняў[2].
Пасля Берасцейскай уніі 1596 г. некалькі гадоў друкарня не дзейнічала. Магчыма, паміж 1597—1607 гг. тут быў выдадзены «Часоўнік» (зберагаецца ў Оксфардскай бібліятэцы), а каля 1600 г. выйшаў «Катэхізіс»[2]. Да 1610 года выдадзены творы Мялеція Сматрыцкага, Стафана і Лаўрэнція Зізаніяў[1].
Пасля друку брацтвам на польскай мове ў 1608—1610 гг. палемічных твораў М. Сматрыцкага (выйшлі як ананімныя) друкарня спецыяльным загадам ад 7 мая 1610 года Жыгімонта III з лагера пад Смаленскам друкарня закрыта, арыштаваны вядучыя дзеячы брацтва, у тым ліку рэктар брацкай школы Лявонцій Карповіч. Брацтва вымушана было ў 1611 годзе перанесці сваю выдавецкую дзейнасць за межы Вільні, арганізаваўшы друкарню ў мястэчку Еўе, якое знаходзілася пад шляхецкай юрысдыкцыяй, што ахоўвала брацтва ад уніяцкага ўмяшання. Дзейнасць Віленскай брацкай друкарні аднавілася ў 1615 годзе, хаця з 1618 г. да сярэдзіны XVII ст. (1652 г.) выданні выходзілі то ў Вільні, то ў Еўі[2][1].
Дзейнічала да 1749 года, калі пажар знішчыў манастыр Святога Духа[2][1].
Аздабленне
правіцьДля аздобы кніг шырока ўжываліся арнаментальная гравюра і застаўкі, канцоўкі, рамкі з расліннымі і геаметрычнымі матывамі, антрапаморфнымі сюжэтамі. Геральдычная гравюра прадстаўлена гербамі Астрожскіх, Валовічаў, Агінскіх і інш., змяшчалася звычайна на адвароце тытульных аркушаў. Літургічныя выданні мелі сюжэтныя ілюстрацыі з выявамі прарокаў, апосталаў, айцоў царквы. Гравюры евангельскай тэматыкі сустракаюцца ў Трэбніках, Евангеллях. У пачатку дзейнасці друкарні ўжываліся ініцыялы, адціснутыя з дошак Францыска Скарыны. У польскамоўных выданнях пераважаюць гатычныя ініцыялы, за выключэннем асобных літар з зааморфнымі выявамі (звяроў, птушак), выкананых у рэнесансавым стылі. Кніжныя ўпрыгожанні Віленскай брацкай друкарні зроблены ў тэхніцы ксілаграфіі[1].
Зноскі
- ↑ а б в г д е ЭнцВКЛ 2005.
- ↑ а б в г д Л. І. Доўнар. Гісторыя беларускай кнігі Архівавана 19 кастрычніка 2016.
Літаратура
правіць- Віленская брацкая друкарня // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — 688 с. — ISBN 985-11-0314-4 (т. 1), ISBN 985-11-0315-2.
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 4: Варанецкі — Гальфстрым / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1997. — Т. 4. — 480 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0090-0 (т. 4).