Віленская рысавальная школа
Віленская рысавальная школа — мастацкая школа, якая дзейнічала ў Вільні з 1866 па 1915 год[1].

Гісторыя школы
правіцьПершым у горадзе выказаў намер стварыць школу малявання настаўнік Віленскай прагімназіі Іван Пятроў. Ён прадставіў праект школы кіраўніку Віленскай навучальнай акругі Івану Карнілаву, які прадаставіў памяшканне для школы. Нягледзячы на тое, што на стварэнне школы былі выдзелены сродкі, яе па нейкіх прычынах не адкрылі[2].
У 1866 годзе Карнілаў звярнуўся ў Пецярбургскую Акадэмію мастацтваў з просьбай выбраць мастака для стварэння ў Вільні школы малявання. Рэктар Пецярбургскай акадэміі Аляксандр Разанаў парэкамендаваў мастака Івана Трутнева , выпускніка Акадэміі мастацтваў. У той час ён выкладаў у гімназіі ў Віцебску. Трутнеў пагадзіўся супрацоўнічаць і прыехаў у Вільню. Ён распрацаваў вучэбную праграму, якую потым неаднаразова ўдасканальваў[2][3][4].
Праект Івана Трутнева ўключаў два аддзяленні: рамесна-рысавальнае і жывапіснае. Новаствораная ўстанова атрымала назву «Віленская школа рамёстваў і класы жывапісу». Навучанне ў школе было бясплатным. На вучобу прымаліся дзеці з 12 гадоў, незалежна ад іх сацыяльнага становішча. У школе маглі вучыцца дзеці як дваран, так і сялян[2].
Школа адкрылася 6 снежня 1866 года ў памяшканні Віленскай гімназіі (уваход з вуліцы Замкавай), у будынку тады ўжо закрытага Віленскага ўніверсітэта[2].
Праграма школы прадугледжвала азнаямленне з рысункам і чарчэннем, маляванне геаметрычных фігур з натуры, маляванне арнаментаў і кветак, людзей і жывёл, сельскагаспадарчых прылад, машын, экіпажаў, прадметаў побыту, чарчэнне планаў будынкаў, фасадаў і канструкцый, сціслыя ўводзіны ў архітэктуру і тэорыю перспектывы, знаёмства з матэрыяламі і інш.[5] Хлопчыкі і дзяўчынкі навучаліся асобна. Значную частку абсталявання, неабходнага для вучэбнага працэсу, набыў сам Іван Трутнеў. У рысавальнай школе вучыліся палякі, яўрэі, рускія, вучні прыязджалі з Беларусі, Польшчы і Украіны[2][4].
У першы вучэбны год на рамесна-рысавальным аддзяленні Віленскай рысавальнай школы вучылася каля 60 вучняў, у класе жывапісу — каля 50 вучняў. У школе вучыліся 22 дзяўчынкі. Усяго ў Віленскай рысавальнай школе за час яе існавання навучалася каля 1500 чалавек, з якіх 118 скончылі ўвесь курс і атрымалі атэстаты. Больш за паўсотні выпускнікоў школы паступілі ў Імператарскую Акадэмію мастацтваў у Пецярбургу. Першапачаткова курс навучання доўжыўся тры гады. З цягам часу за школай замацавалася назва «Віленская рысавальная школа»[2].
Каб вырашыць праблему з памяшканнем, школу на нейкі час перавялі ў будынак Віленскага настаўніцкага інстытута. У 1882 г. школа рамантавалася. У 1890 г. школа пераехала ў памяшканне 2-й Віленскай гімназіі, але праз год вярнулася ў стары будынак універсітэта[2].
У 1885 г. Трутнеў звярнуўся ў Імператарскую Акадэмію мастацтваў у Пецярбургу з просьбай аб метадычных дапаможніках, а таксама адзначыў, што школе не хапае памяшканняў з-за павелічэння колькасці навучэнцаў. Да 1896 г. школа працавала на сродкі Міністэрства народнай асветы Расійскай імперыі[2].
У XX ст. у Заходняй Еўропе Віленская рысавальная школа набыла вядомасць дзякуючы яе выпускнікам — мастакам яўрэйскага паходжання, якія працавалі ў Парыжы, у тым ліку Хаіму Суціну, Пінхасу Крэменю, Эмануілу Манэ-Кацу і іншым, якія стварылі так званую Парыжскую школу[4]. У 1904 г. Віленская рысавальная школа была прызнана лепшай мастацкай школай Расійскай імперыі.
З пачаткам Першай сусветнай вайны ў 1914 г. колькасць вучняў значна зменшылася, сродкі на школу не выдзяляліся, і ў маі 1915 г. навучанне было спынена[5].
Структура школы і выкладчыкі
правіцьУ школе дзейнічалі два аддзяленні: рамесна-рысавальнае і класы жывапісу. Навучацца маглі ўсе жадаючыя, старэйшыя за 12 гадоў. У 1893 г. рамеснае аддзяленне было ператворана ў бясплатныя класы тэхнічнага рысунку і чарчэння, якія фінансаваў мецэнат Юзаф Монтвіл[2].
У 1874 г. Іван Трутнеў запрасіў выкладаць у Віленскай рысавальнай школе акадэміка Віктара Разанава, у 1876 г. — Паўла Ромера[2].
У канцы XIX ст. у бясплатных класах па тэхнічным рысунку і чарчэнні выкладаў былы вучань Івана Трутнева Юзаф Балзукевіч, які скончыў Пецярбургскую Акадэмію мастацтваў. Жывапіс выкладаў Станіслаў Яроцкі. Выкладалі і выпускнікі самой рысавальнай школы. Яркі след у гісторыі Віленскай рысавальнай школы пакінуў выкладчык рысунку, жывапісу і гісторыі мастацтваў Іван Рыбакоў[5][6].
У 1912 г., пасля смерці кіраўніка Віленскай рысавальнай школы Івана Трутнева, школу ўзначаліў Іван Рыбакоў, але ён прапрацаваў толькі месяц і быў адхілены ад пасады як няздатны да кіраўніцтва. Новым кіраўніком школы быў прызначаны Сяргей Южанін, які ў хуткім часе запрасіў сабе ў памочнікі Мікалая Сяргеева-Корабава, выпускніка Пецярбургскай Акадэміі мастацтваў. Па яго прыездзе школа была абноўлена і зноў стала папулярнай[5][6].
Выхаванцы
правіцьВіленскую рысавальную школу скончылі акварэліст і фатограф Станіслаў Флеры, скульптар Баляслаў Балзукевіч, жывапісец і архітэктар Юзаф Камароўскі. У Віленскай рысавальнай школе вучыліся Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч, Юзаф Балзукевіч, Луцыя Балзукевіч, Адам Мендзыблоцкі, Баляслаў Буйко, Вітаўтас Кайрукшціс, Леў Антакольскі, Юозас Зікарас, Жак Ліпшыц, Хаім Суцін і іншыя[5][6].
Крыніцы
правіць- ↑ Sudarytojas Pranas Gudynas. Lietuvos tapyba. Vilnius: Vaga, 1976. (літ.)
- ↑ а б в г д е ё ж з і Jolanta Širkaitė. Vilniaus piešimo mokykla 1866–1915. Vilnius: Lietuvos kultūros tyrimų institutas, 2018. ISBN 978-609-8231-07-6. (літ.)
- ↑ Paroda „Académie de Vilna – Vilniaus piešimo mokykla (1866–1915)“, 2017. (літ.)
- ↑ а б в Laima Laučkaitė. Vilniaus piešimo mokyklos enciklopedija (NŽ-A nr. 4), 2019. “Naujasis židinys”, “Aidai”. (літ.)
- ↑ а б в г д Sudarytoja Jolanta Širkaitė. Academie de Vilna. Parodos katalogas. Vilnius, 2017. ISBN 978-9955-8689-34. (літ.)
- ↑ а б в Vilniaus paveikslų galerijos nuolatinė ekspozicija XVI–XIX salės (літ.) Архівавана 25 лютага 2020 года.